Графіка Беларусі ХVІІІ стагоддзя
У гэты перыяд мастацтва гравюры (друкаваны адбітак на паперы з пласціны (дошкі), на якой нанесены малюнак) на метале дапоўнілася новымі тэхнікамі – акватынтай (тэхнічная разнавіднасць гравюры, заснаваная на пратраўліванні кіслатой металічнай дошкі праз прыліплы да яе каніфольны пыл, што надае адбітку эфект, блізкі да тонавага малюнка) і афортам (від гравюры на метале, у якой паглыбленыя элементы друкарскай формы ствараюцца шляхам траўлення металу кіслотамі), якія ў параўнанні з традыцыйным медзярытам (гравюра на медзі) валодалі большымі пластычнымі сродкамі і мастацкімі прыёмамі. Акрамя таго значна паскорылася развіццё станковых форм графікі: гістарычныя і алегарычныя кампазіцыі, генеалагічныя дрэвы, абразы, карты, гербы, партрэты, віды гарадоў. Кніжная гравюра развівалася дзякуючы дзейнасці шматлікіх друкарняў, з якіх найбольш значнымі былі друкарні Супрасльскага манастыра, Магілёўскага Богаяўленскага брацтва і Віленскай акадэміі. Сярод мастакоў, якія дабіліся ў тэхніцы металаграфікі значных поспехаў вылучаецца імя М. Вашчанкі. Партрэтнае мастацтва найбольш ярка прадстаўлена ў Нясвіжскім альбоме партрэтаў роду князёў Радзівілаў. Супрасльскія выданні - Супрасльская друкарня існавала з пачатку 1690-х гг. да 1803 г. пры Супрасльскім Дабравечшанскім манастыры (цяпер у Польшчы). Размяшчалася ў мураваным будынку манастыра, заснаванага ў 1498 г. беларускім магнатам Аляксандрам Хадкевічам. Выпусціла больш за 100 кірылічных выданняў, у тым ліку буквары славянскай мовы, “Собрание припадков краткое и духовным особам потребное”(1722) на старабеларускай мове, першы славяна-польскі друкаваны “Лексікон”(1722), першы кірылічны помнік нотадрукавання (1697). На польскай мове выдадзены “Кароткі збор польскай гісторыі і геаграфіі”, “Трактат пра пчол”, “Асновы земляробства”, “Прыгоды Гулівера” Дж. Свіфта. Друкарня была добра абсталявана: асноўнае абсталяванне – прас і кірылічны шрыфт – атрымалі з віленскага манастыра, выкарыстоўвалі розныя шрыфты, мастацкія ўпрыгожванні, наборны арнамент, фігурныя дрэварыты і гравюры на медзі. У 1778 г. у Супраслі быў створаны адзін з шэдэўраў кніжнай графікі – ксілаграфічны тытул да “Актоіха”, падпісаны манаграмай. Трэба адзначыць, што большасць супрасльскіх графікаў засталася невядомай. У Супраслі працаваў іераманах Антанін Грушэцкі, прафесар жывапісных майстэрняў у Кракаўскай акадэміі. Магчыма, што ён прымаў удзел у стварэнні некаторых гравюр. У сярэдзіне XVIII ст. з Супрасльскай друкарняй супрацоўнічаў гравёр Павел Комар. Вядомы тры яго працы: дзве выявы “Маці Боскай” і “Распяцце”. Друкарня уніяцкага Дабравешчанскага манастыра была другой на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (пасля Магілёўскай брацкай друкарні), куды звярнуліся стараверы наконт друкавання кніг. У яе дзейнасці выдзяляюць два этапы. Першы з іх датуецца пачаткам 70-80-х гг. XVIII ст. і звязаны з імем купца М.Г. Салаўёва. За гэты час было надрукавана ўсяго некалькі кніг, але ўжо да выхаду першай кнігі ў распараджэнні друкароў мелася спецыяльна падрыхтаваная для стараверскіх выданняў арнаментыка, імітуючая маскоўскую даніканаўскую. Менавіта тады атрымалі пашырэнне буйныя кветкавыя застаўкі і канцоўкі ў стыле барока. Ілюстрацыі сустракаліся рэдка і, як правіла, змяшчаліся на фронтыспісах. Для афармлення супрасльскіх выданняў прымяняліся металагравюра і дрэварыт у адрозненні ад кніг іншых друкарняў, дзе дамінавала ксілаграфія. Пазней узор гэтай арнаментыкі быў вывезены М.Г. Салаўёвым у Варшаву. У сувязі з агульным заняпадам кнігадрукавання стараверскія кнігі выходзілі толькі ва уніяцкіх друкарнях, у тым ліку і ў Супраслі. Друкарскай справай займаліся базыльяне – прадстаўнікі аднаго з грэка-уніяцкіх ордэнаў св. Васіля Вялікага. Яны прымалі заказы старавераў, якія не толькі добра аплачвалі працу, але і бралі на сябе ўсе клопаты, звязаныя з распаўсюджаннем выданняў. Такія цесныя ўзаемаадносіны паміж супрасльскімі базыльянамі і стараверамі былі характэрны для другога этапа друкавання кніг у Супраслі. Гэты этап прыпадае на сярэдзіну 80-х – пачатак 90-х гг. XVIII ст. і супадае з часам, калі прэфектам манастырскай друкарні быў Мялецій Ассухоўскі. Ён надаў дзейнасці друкарні ярка выражаны камерцыйны характар. У гэтыя гады ў Супраслі друкуецца вялікая колькасць свецкай літаратуры, у тым ліку і літаратуры найноўшай, прыналежнай да эпохі Асветы. Усяго на пачатак 90-х гг. XVIII ст. у Супраслі было надрукавана каля 50 стараверскіх выданняў. Сярод іх і выданні ўласна стараверскіх сачыненняў, якія, як правіла, не выдаваліся ў другіх друкарнях. Важнай асаблівасцю супрасльскіх стараверскіх кніг было і тое, што ў іх побач са спецыяльнай, імітуючай даніканаўскую, можна знайсці і арнаментыку, якая прымянялася супрасльскімі друкарамі пры выданні кніг уніяцкіх і свецкіх, на польскай і лацінскай мовах. Магілёўская школа - Максім Ярмалініч Вашчанка (2-я палова XVII стагоддзя -1708 г.), быў гравёрам па медзі. Яго друкарская дзейнасць звязана з Слуцкам, а потым з Магілёўскім богаяўленскім брацтвам, дзе ён працаваў у друкарні (кіраваў ёю з 1690 да 1708 гг.). Сярод яго твораў неабходна вылучыць наступные: 16 гравюр для кнігі "Манархія турэцкая, апісаная Рыко" (Слуцк, 1678 г.); 23 гравюры (1680 г.) для кнігі "Акафісты і Каноны" (Магілёў, 1693 г.) і іншыя. Вядомы Максім Вашчанка і як аўтар прадмоў да шэрагу кніг, у якіх ён раскрывае свае погляды асветніка і гуманіста. Сын Максіма Вашчанкі Васіль (г.н. і см. невяд.) праславіўся як гравёр па дрэве. У 1694-1730 гг. ён працаваў у друкарні Магілёўскага богаяўленскага брацтва. Вядомы яго 7 падпісаных і 15 непадпісаных гравюр, што вызначаюцца абагульненай і пластычнай трактоўкай формаў. Сярод яго работ: антымінсы (арыгінальныя ўзоры станковай гравюры на дрэве, надрукаваныя на палатне), "Палажэнне ў труну Хрыста"; загалоўныя лісты ў кнігах "Дзіоптра" (1698 г.), "Неба новае" Галятоўскага, "Перла мнагацэннае" (абодва 1699 г.), "Кніга жыцій святых" (1702 г., загаловачны ліст з відам Масквы) і іншыя. У друкарні Богаяўленчага брацтва працавалі таксама Фёдар Ангілейка (“Успенне Багародзіцы”, 1700), Мікіта Антушкевіч, Янка Стральбіцкі. Неабходна сказаць некалькі слоў і пра адмысловы стыль магілёўскіх друкароў і гравёраў – так званае "магілёўскае барока". Гэты стыль адрозніваецца спалучэннем мясцовых элементаў з рысамі Візантыйскага мастацтва і заходне-еўрапейскага барока. Гравюры М.Вашчанкі да кніг "Дзіоптра, альбо зерцала" і "Неба новае" вылучаюцца кампазіцыйнай разнастайнасцю, пластычнасцю фігур, дакладнасцю тонкай і дробнай штрыхоўкі.
|