Абсталяванне. Прынцыпы атрымання тканіны. Тэхнікі ткацтва
Большасць тканых вырабаў стваралася на гарызантальных станках – кроснах досыць простай, але дасціпнай канструкцыі (рыс.6). Асноўны тып кроснаў уключае: ставы 1 – драўляны каркас, на якім збіраюць канструкцыйна важныя вузлы станка; навоі 6 – 2 драўляных валы, на адзін з якіх навіваюць ніткі асновы, а на другі намотваюць палатно; ніты,або нічальніцы 4, – надзетыя радамі на 2 паралельных пруткі (верхні і ніжні) ніцяныя завесы, праз якія працягваюць ніткі асновы (ад колькасці нітаў залежыць узор тканіны); бёрда 2 – прыстасаванне для прыбівання уточнай ніткі, якое складаецца з тонкіх вузкіх пласцінак накшталт грабеньчыка з 2 спінкамі і ўкладваюцца ў набіліцы 3; панажы 7, калёсцы, чапёлкі – рычагі і блокі для прывядзення ў рух нітаў. Пры націску па панажы, прывязаныя да іх ніты разыходзяцца і ўтвораць у аснове зеў, праз які пракідваюць чаўнок (рыс.7) з навітым на цэўку утком. Пры завяршэнні працэсу ткацтва (каб паўней выкарыстоўваць аснову) ужываюць стыкальнік – драўляны брусок з прывязанымі на канцах вяроўкамі. Канцы асновы мацуюць да стыкальніку, а яго – вяроўкамі да навоя. Пры падрыхтоўцы да ткацтва і падчас працы выкарыстоўваюцца сноўніца, матавіла, сукала для намотвання (насуквання) нітак на цэўкі, пругі для фіксацыі шырыні палатна. Працэс утварэння тканіны наступны (рыс. 6). Частка нітак асновы 5 (напрыклад, праз адну) перыядычна падымаецца, а другая апускаецца. Паміж імі ўтвараецца прамежак, які называецца зевам. Праз яго перакідваецца чаўнок з уточнай ніткай, якая прыціскаецца бёрдам 2. Затым ніткі асновы мяняюць становішча, зноў утвараецца прамежак, у які праходзіць чаўнок. Ніткі асновы і ўтку пераплятаюцца. Гэты працэс паўтараецца да канца асноўных нітак. Тканіна намотваецца на навой 6.
Самая простая канструкцыя кроснаў дазваляла атрымліваць палатнянае перапляценне нітак, у выніку якогастваралася звычайнае льняное палатно, якое было асноваю для большасці тэкстыльных вырабаў (рыс. 8). Ужо ў працэсе ткацтва можна было атрымліваць пэўны дэкаратыўны эфект, вядомы, відаць, з часоў узнікнення рамяства: увядзенне каляровых нітак у аснову ці ўток утварае на тканіне клеткі, падоўжныя ці папярочныя палоскі. У ткацтве ўзорыстых тканін карысталіся разнастайнымі тэхнікамі. Вызначым найбольш характэрныя: шматнітовая тэхніка, бранае ткацтва, закладное ткацтва, двухбаковы перабор з прыціскной асновай, аднабаковы перабор. Спынімся на некаторых тэхніках.
Значна ўзбагачае фактуру тканіны прымяненне шматнітовай тэхнікі. Традыцыйным і найбольш пашыраным было ткацтва на чатырох нітах (рыс. 9)., з канца XIX ст., пэўна, пад уплывам рамесніцкіх школ-майстэрняў, папулярнасць набывае шасці-, васьмі, дзесяці-, дванаццаці- і нават шаснаццацінітовая тэхніка ткання. Для тканін у гэтай тэхніцы характэрны рэльефная паверхня і геаметрычны арнамент з квадратаў і прамавугольнікаў. Найбольш адметна і традыцыйна выглядаюць вырабы (абрусы, ручнікі, тканіны каларыстыкі, вытканыя з адбеленых і неадбеленых ільняных нітак. У XX ст. каларыстыка шматнітовых тканін, галоўным чынам посцілак, узбагацілася за кошт прымянення каляровых уточных шарсцяных нітак. Адной з самых старажытных і пашыраных тэхналогій узорыстага ткання з'яўляецца бранае ткацтва. Уся тая арнаментальная разнастайнасць, якой вызначаюцца традыцыйныя беларускія ручнікі, абрусы, адзенне і іншыя вырабы бытавога, абрадавага і дэкаратыўнага прызначэння, дасягнута якраз бранай адна-, але часцей — двухуточнай тэхнікай ткацтва. Арнаментальныя матывы браных тканін досыць разнастайныя, але ў цэлым геаметрычныя або моцна геаметрызаваныя: дробныя шашачкі, слупкі, трохкутнікі, ромбы, крыжападобныя фігуры, васьміканцовыя разеткі і інш. (рыс.10). Па знешняму выгляду браныя тканіны нагадваюць вышыўку наперад іголкай: каляровая нітка праходзіць то зверху, то знізу палатна, яна не ўключаецца у палатнянае перапляценне. Уточная нітка, якая пракідваецца ў прабраную на дошку-бральніцу аснову па ўсёй яе шырыні (рыс. 11)., утварае выразны ромбагеаметрычны арнамент, негатыўна паўтораны з адваротнага боку тканіны (рыс. 12). Узор атрымліваецца крыху рэльефны. Каларыстыка традыцыйна бела-чырвоная, з канца XIX ст. – з дадаткам чорнага, радзей – сіняга і іншых колераў. Такім жа старажытным спосабам узорыстага ткання можна лічыць і закладное ткацтва (рыс. 13). Кожны элемент арнаменту вытыкаецца ручным закладваннем у зеў асновы каляровых нітак (звычайна традыцыйна чырвонага колеру) (рыс. 14), якія ўтвараюць выразны арнамент з досыць буйных і простых геаметрычных матываў (рыс. 15). Вытканы ўзор аднолькавы з двух бакоў. Адметная рыса закладнога ўзора: па яго контуру існуюць невялікія зазоры на вертыкальных абрысах малюнка, якія аддзяляюць адзін колер ад другога, гэта дыктуецца самой тэхнікай выканання (ніці ўтку рознага колеру не злучаюцца). 3 пачатку XX ст. закладное ткацтва, пэўна, з-за досыць абмежаваных дэкаратыўных магчымасцей, выцясняецца іншымі тэхнікамі ткання. У розны час і ў розных рэгіёнах бытавалі таксама іншыя тэхнікі ткацтва, якія можна лічыць разнавіднасцямі асноўных: выбарная, пяцельчатая, ажурная, аднабаковы перабор з выбарам і інш. Нярэдка яны спалучаліся ў адных і тых жа вырабах, ствараючы разнастайнасць фактуры і каларыстычнае багацце народных мастацкіх тканін, асабліва ў XX ст.
|