ВОБРАЗ ЖАНЧЫНЫ” Ў ТВОРЧАСЦІ ШАМЯКІНА 90 ГАДОЎ 20 СТАГОДДЗЯ
Любовь – благо, быть любимым - счастье. Какое странное и верное слово,что муж и жена (если они живут духовно) не двое, а одно существо.
Леў Талстой.
Ці ёсць у творах пісьменніка “герой з вялікай літары”? Думаецца, ёсць. Гэта вобраз вернай спадарожніцы жыцця пісьменніка Марыі Філатаўны. У аповесці “Слаўся, Марыя!” (1998) гучыць хваласпеў жонцы і жанчыне – маці. Смерць гэтага самага блізкага, бясконца дарога чалавека стала надзвычай балючай трагедыяй. Таму шамякінскі твор, які мае падзагаловак “Гісторыя кахання, любві, жыцця”, - яшчэ і споведзь – плач, своеасаблівы літаратурны помнік. Марыя Філатаўна на доўгія гады зрабілася апякункай таленту пісьменніка, разам яны былі адным непадзельным цэлым. З жонкай ён спазнаў вялікае чалавечае шчасце. Для яго Марыя Філатаўна была простай, зямной і ў той жа час незвычайнай, увасабленнем усяго таго высокага, што можа несці ў сабе беларуская жанчына. Пісьменнік прызнаецца: ”Я аддаваў ёй перавагу над сабой, асабліва што датычыць захавання маралі, духоўнасці, вернасці, адданасці – усяго – ўсяго, чым так шчодра надзяліла яе прырода, сям’я, народныя традыцыі, і што яна непахісна пранесла праз усё жыццё” [8, с. 26]. Марыя Філатаўна натхняла пісьменніка на творчасць: ”Ад яе як бы сыходзілі нейкія асаблівыя флюіды натхнення, працавітасці” [7, с. 114]. І. Шамякіну добра пісалася толькі тады, калі побач былі жонка і сям’я. Ды і сама яна рабілася аб’ектам мастацкага ўвасаблення і тыпізацыі. Іван Навуменка сказаў (гэтыя словы прыведзены ў тэксце твора): “Марыя Філатаўна з’явілася прататыпам многіх вобразаў жанчын у шамякінскіх раманах, аповесцях. Можаце ўявіць, якая гэта была натура, які характар, калі гэтага хапіла на дзесятак,калі не больш, яркіх, запамінальных характараў беларускіх жанчын” [21, с.18]. Вобраз Сашы Траянавай з пенталогіі ”Трывожнае шчасце” найбольш поўна ўвасабляе характар жонкі пісьменніка Марыя Філатаўна дала сюжэт для першай часткі рамана “Глыбокая плынь”, яна ж стала правобразам Таццяны Маеўскай. “Думаю, такая бліскасць прататыпаў герояў абумовіла поспех першага майго рамана…” [8, с. 26]. – так празаік тлумачыць адну з прычын фенаменальнага поспеху гэтага твора. Жончыны рысы, і найперш такія, як адданасць і вернасць мужу, сям’і, пісьменнік надаў фельчарцы Таісе Батрак з рамана “Вазьму тваю боль” і Паліне Шугачовай з “Атлантаў і карыятыдаў”. Большасць шамякінскіх гераіняў – станоўчых ці супярэчлівых – увабралі хоць штосьці ад жаночай сутнасці Марыі Філатаўны: Вольга Ляновіч (“Гандлярка і паэт”), Галіна Адамаўна, жонка доктара Яраша (“Сэрца на далоні”) і інш. Пісьменнік неаднойчы на старонках аповесці адзначае выключную ролю асобы Марыі Філатаўны ў працэсе мастацкай вобразатворчасці: “Я пісаў самага дарагога мне Чалавека пад іншымі імёнамі, ставячы яе ў розныя сітуацыі…” [8, с. 27]. Марыя Філатаўна была незаменнай памочніцай у пісьменніцкай працы: перадрукавала дзесяткі тысяч старонак рукапісаў твораў, перачытала тысячы старонак карэкатур. Яна стварала ўмовы для творчасці, атуляла мужа ўвагай, цеплынёй, чуласцю. А яшчэ мы даведваемся з аповесці, што Марыя Філатаўна была пісьменніку дарадцам. Шамякін лічыўся з жончынымі меркаваннямі і ацэнкамі. Так, празаік раіўся з ёй пры стварэнні асобых жаночых вобразаў. Тады, калі “пісаў Вольгу” (аповесць “Гандлярка і паэт”), пісьменнік цікавіўся яе думкай пра тое, ”як бы яна паступіла, каб апынулася ў такіх умовах, у такіх узаемаадносінах з людзьмі…” [8, с. 27]. Ён піша: ” І што мяне радавала: як правіла, яе ход быў такі ж, які ўжо быў у маёй галаве, часцей – больш дакладна вывераны. Гэта пераканала мяне, што я на правільным шляху ў стварэнні вобраза гандляркі і падпольшчыцы” [8, с. 28]. Іван Шамякін не меў патрэбы ў мастацкім вымысле, ён імкнуўся, каб з твора перад намі паўстаў вобраз жывой і рэальнай жанчыны. Аўтар распавядае гісторыю іх чалавечых узаемаадносінаў. А складваліся яны, зразумела, па-рознаму, не было бясхмарным сямейнае жыццё. У іх была свая “непаўторная вясна”, якая, як і для герояў пенталогіі “Трывожнае шчасце”, прыпала на перадваенны час. Каханне Івана Пятровіча і Марыі Філатаўны вытрымала складанае выпрабаванне часам, яго не патушыў “агонь і снег” вайны, не разламалі жыццёвыя праблемы. У чым сакрэт трываласці іх сямейнага шчасця? Вось які адказ дае пісьменнік: ” А каханне…перарасло ў любоў у высокім сэнсе гэтага слова, у роднасць – такую, якую варта пісаць з вялікай літары” [8, с. 29]. Лёс з’яднаў іх сэрцы і душы, у якія ва ўнісон гучала адна мелодыя – кахання і любові. Каханне, як прызнаецца Іван Пятровіч, дапамагло яму стаць пісьменнікам, па-сапраўднаму радавацца жыццю. Чытаючы аповесць, адчуваецца, як сэрца пісьменніка напаўняе пачуццё безмежнай любові і павагі да жонкі, якая для яго – багіня, святая: ”Мяне да старасці хвалявала ўсё, што звязана было з яе маленствам, з яе сталым жыццём. Я пакланяўся сцежкам, па якіх яна хадзіла, рэчцы, у якой купалася” [21, с. 132]. Пісьменнік асабліва моцна быў прылучаны да жончынай “малой радзімы” – Церухі. Тут прайшло нямала радасных дзён і хвілін іх сямейнага жыцця. “Якая ў вас жонка! Разумніца. Далікатная” [8, с. 27]., - такія словы захаплення чуў пісьменнік пра сваю Марыю Філатаўну. А яшчэ яна была – і аўтарскія ўспаміны яскрава засведчылі пра гэта – сумленнай і праўдалюбівай, разважліва – мудрай і інтэлігентнай, па-чалавечы годнай і проста дасціпнай. На радзіме доўга памяталі яе шчырую і бескарыслівую працу ў пасляваенныя гады. Пісьменнік прыгадвае: ” Вяскоўцы любілі сваю фельчарыцу. І яна аддавала ім не толькі свае веды, вопыт, цеплыню сэрца – да хворага ў дальнюю вёску магла пайсці ў любы час, у любое надвор’е, - але магла аддаць апошняе” [8, с. 27]. У творы багата прыкладаў і фактаў, якія раскрываюць духоўна – маральнае аблічча жонкі І. Шамякіна. Асоба Марыі Філатаўны цікавая ў многіх адносінах. І ўсё ж самым галоўным і святым для гэтай жанчыны была сям’я. Сваё жыццё яна шчодра ахвяравала родным і блізкім людзям, клапацілася пра іх. Была цудоўнай маці, дбайнай гаспадыняй, гатовай на ўсё дзеля шчасця сваіх дзяцей і ўнукаў. Разам з мужам ёй было наканавана спазнаць найвялікшую трагедыю на зямлі – заўчасную смерць сына, і да самых апошніх дзён яна несла крыж мацярынскіх пакутаў. Аўтар размаўляе ў творы з жонкай, быццам з жывой. Марыя Філатаўна была для пісьменніка добрым анёлам, які аберагаў, засцерагаў, дапамагаў. Яна, нібы цёплае сонца, асвятляла яго зямны шлях. І таму ён здолеў упэўнена ісці на сустрач жыццю, будучыні і ўзняцца да сапраўдных творчых вяршыняў. У сваёй жонкі пісьменнік бачыць абагульняльныя, тыповыя рысы беларускіх жанчын, ён верыць, “што такіх… нямала” [8, с. 27]. І ў той жа час яна была такая адна – унікальная і непаўторная. Ён самазабыў пакланяцца высакароднаму, самаахвярнаму жыццёваму подзвігу жанчыны, якую кахаў, якую ведаў, з якой меў шчасце раздзяліць свой пісьменніцкі і чалавечы лёс. Адна з беларускіх жанчын-пакутніц – мнагадзетная маці Надзея Русак, гераіня аповесці “Палеская мадонна” (1996). У саўгасе яна была лепшай цялятніцай, за сваю працу атрымала ордэн. Але прыйшоў новы час – і эканамічны крызіс, сацыяльны хаос разбурылі жыццё простых людзей. Беларуская вёска апынулася ў заняпадзе. У аграфірме, дзе працуе Надзея Русак, затрымка з выплатай зарабаткаў: “Не сказаць, што ў фірме справы ішлі лепш, чым у былым саўгасе, ніхто не пазбегнуў цяжкасцей пераходнага перыяду. Жанчына не ведае, як адной пракарміць і выгадаваць дзяцей, і праз гэта пакутуе, а пазней трапляе ў бяду. Яе мужык Мікола пад Мазыром будуе для багатых катэджы, але пра сям’ю не дбае, прапівае заробленае. Пасля яго прыезду дамоў не стала самай дарагой рэчы – залатога пярсцёнка. Гэты ўчынак мужа балюча раніць сэрца Надзеі: “ Хвіліну стаяла ў прастрацыі, потым села не на ложак – на падлогу, як малая Юлька, і горка заплакала… Плакала ад крыўды і абразы. Кахая ж яна гэтага завадзягу, ветрагона…”[22, с. 93]. Дзеці хочуць есці, а ў хаце застаўся толькі кош бульбы. У гэтай цяжкай жыццёвай сітуацыі яна спадзявалася на дапамогу з боку прэзідэнта аграфірмы Валяр’яна Паповіча (вяскоўцы называюць яго Валяр’янавы). У душы накіпела крыўда: не стрымалася і запытала, на якія грошы, “родную партыю дурылі”. У выніку не дачакалася рэальнай дапамогі, яе звольнілі з працы. Здаецца, Надзея Русак не была лайдачкай, не адзін год працавала на ферме. Так, яна непакоіца, што хварэюць цяляты, і кажа кіраўніку аграфірмы, каб ім давалі малако, а не замежны канцэнтрат. І вось жанчына-працаўніца і мнагадзетная маці даведзена да роспачы і адчаю: “Адсутнасць працы моцна трывожыла. На мужаў заробак не спадзявалася. А дзяцей трэба карміць. Улетку яшчэ можна перабіцца: гурочкі выраслі, бульбачка, хоць і дробненькая. Але не ўгледзіш, як прыйдзе восень, за ёй зіма…”[8, с. 8]. Матэрыяльная нястача падштурхоўвае Надзею Русак апеляваць да высокай улады ў краіне, таму яна едзе ў Мінск шукаць праўду, заступніцтва і дапамогу. У прывакзальным скверы да няшчаснай, гаротнай маці з сынам Юркам падышла Нінэль Іванаўна, якая прапанавала для яе сыночка райскае жыццё ў Галандыі. Уведзеная ў зман аферысткамі, якія гандлююць дзецьмі і выдаюць сябе за галандцаў, Надзея Русак магла назаўсёды страціць свайго Юрку. Пад уздзеяннем спіртнога, а магчыма, і наркотыкаў, яе “вымусілі падпісаць памеры… на ўсынаўленне” [8, с. 9]. Пасля таго, як зразумела, што пайшла на ганебны ўчынак, маці апамяталася. Падзеі ў аповесці разгортваюцца ў дэтэктыўным рэчышчы. Гандляроў дзецьмі затрымліваюць – і Надзеі Русак вярнулі Юрачку. Шамякінская гераіня, зразумела, не ідэальная, хтосьці, мабыць, пачне яе вінаваць, скажа, што тая не ўсё і не так робіць, як трэба было рабіць у яе бядотным становішчы. І ўсе ж гэтая жанчына выклікае спагаду, а часам і захапленне. Надзея Русак не страціла мацярынскага пачуцця: любіць і шкадуе сваіх Машу, Арцёма, Юльку і Юрачку, жадае ім інакшай долі. Для жанчыны-маці галоўнае – лёс дзяцей. Яна не скарылася лёсу, не кінулася ў п’янства і, нягледячы на нялёгкія выпрабаванні, да апошняга змагаецца за выжыванне сваёй сям’і. І яшчэ, Надзея мае чалавечую годнасць, непакорлівы, валявы характар і смеласць, бо, бяспраўдная і выкінутая на абочыну жыцця, не пабаялася гневу і расправы мясцовага князька Паповіча, паехала сказаць пра тое, “ што робяць Валяр’янавы”, “ што не толькі робіцца ў іх саўгасе, - на ўсім Палессі” [8, с. 9]. У гэтым творы яскрава выяўлена маральна-гуманістычная пазіцыя пісьменніка: “ Для ўратавання чалавека… тым больш дзіцяці, трэба ўвесь свет паднімаць. Так павінны жыць людзі”. [8, с. 9]. Такім чынам, вобраз жанчыны ў творчасці І. Шамякіна ёмісты і разнастайны. Ён стварае пэўны ідэал жанчыны. Але ж агульным застаецца тое, што на гэты вобраз ускладзена вялікая і святая місія на зямлі, бо і сусвет ачарсцвее «без ласкі вялікай жаночай»[8, с. 5]. Каб гэтага не здарылася, трэба зрабіць жанчыну шчаслівай. “ А шчасце для жанчыны — гэта быць заўсёды пачутай і патрэбнай блізкім людзям.” [8, с. 6].
|