Студопедия — Раскажыце пра ўзаемасувязь розных жанравых сістэм. Прывядзіце прыклады.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Раскажыце пра ўзаемасувязь розных жанравых сістэм. Прывядзіце прыклады.






 

3.2.3. Драма

Як было ўжо сказана, драма – гэта род літаратуры, у аснове якога — паказ напружанага, скразнога дзеяння, вырашэнне канфліктнай сітуацыі. Само грэчаскае слова drama перакладаецца як дзеянне. Прычым, дзеянне адбываецца не ў мінулым, а цяпер, на вачах у чытача драматычнага твора або гледача спектакля, пастаўленага па гэтым творы. Яшчэ Арыстоцель падкрэсліваў, што ў драме адбываецца «перайманне дзеяння... праз дзеянне, а не праз аповед...». У адрозненне ад лірыкі і эпасу ў тэксце драмы аўтар не выяўляе сябе, калі не лічыць некаторых момантаў, сярод якіх – падзел тэкста на дзеі (акты), сцэны, эпізоды, пералік на пачатку твора дзейных асоб з кароткімі іх характарыстыкамі (знешні выгляд, узрост і інш.), указаннем на месца дзеяння і інтэр’ер, выдзяленне шрыфтамі аўтарскіх рэмарак і рэплік персанажаў. Усё гэта, аднак, разлічана не столькі на чытача, колькі на стваральнікаў спектакля па драматычным творы — п’есе. П'еса пішацца ў форме размовы двух (дыялог) ці некалькіх (палілог) персанажаў — дзейных асоб. Часам выказваецца адзін персанаж (маналог), прычым гэта выказванне можа выяўляць ход яго ўнутраных разваг (т.зв. ўнутраны маналог). Свае думкі і пачуцці, адносіны да пэўных падзей аўтар цалкам перадавярае дзейным асобам. Характары выяўляюцца толькі праз іх мову і ўчынкі, што ўвасабляюцца ў дзеянні (адсюль — і назва асобнай часткі драматычнага твора: дзея). Менавіта таму драма слушна лічыцца адным з самых цяжкіх родаў літаратуры.

Важнай асаблівасцю драмы з’яўляецца і тое, што яна, як правіла, прызначаецца для пастаноўкі на сцэне, служыць літаратурнай асновай спектакля з яго спецыфічнымі сродкамі мастацкага выяўлення (ігра акцёраў, дэкарацыі, музыка, асвятленне і г.д.). Таму ў адносінах да драмы ўзнікае і патрабаванне яе сцэнічнасці. Сюды ўваходзяць і патрэба ў драме выразнага канфлікту, які ўзнікае адразу і рухае дзеянне, праходзячы праз усе эпізоды, і своеасаблівасць яе хранатопу (абмежаванасць працягу спектакля і месца яго дзеяння), і гучнасць маўлення персанажаў-акцёраў (каб чулі гледачы), і магчымасці тэатральных дэкарацый, асвятлення, музычнага суправаджэння … Гэта, безумоўна, не адносіцца да т. зв. драмы для чытання і да дыялога, якія не разлічаны аўтарам на іх сцэнічнае ўвасабленне, але ў якіх тэкст падаецца ў дыялагічнай форме (напрыклад, “Манфрэд” Дж.Байрана, “Чалавек і звышчалавек” Б.Шоў, дыялог І.Франко “Пры сконе веку: Размова ўначы перад Новым годам 1901” і інш.).

Узнікла драма ў Старажытнай Грэцыі з розных народных рытуалаў, відовішчаў, прысвечаных ушанаванню розных язычніцкіх багоў. Свайго росквіту яна дасягнула ў творчасці Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана і інш. Вялікі ўклад у развіццё драматургіі ўнеслі Лопе дэ Вега, Мальер, Шэкспір, Карнэль, Гётэ, Шылер, Байран, Пушкін, Гогаль, А.Астроўскі, А.Чэхаў, Г. Ібсан, Шоў, Б.Брэхт і іншыя выдатныя еўрапейскія драматургі. Яны выкарысталі мажлівасці ўсіх відаў драмы — камедыі, трагедыі, драмы (у вузкім значэнні). Асобныя з іх пакінулі пасля сябе багацейшую драматургічную спадчыну. Так, іспанскі драматург Лопе дэ Вега напісаў каля двух дысяч п’ес (500 з іх захаваліся), італьянец К.Гальдоні – 267, англічанін Шэкспір – 37, рускі Астроўскі – 47…

Беларуская літаратурная драма бярэ свой выток з каляндарных і сямейна-бытавых абрадаў, народных і культавых рытуалаў, відовішчаў і гульняў, сярод якіх – “жаніцьба Цярэшкі”, “ваджэнне Куста”, “пахаванне Стралы” і інш., з школьнай драмы («Цар Максімільян»), пастановак батлейкі — народнага лялечнага тэатра, у якіх рэлігійны змест нярэдка раствараўся ў сцэнах з сялянскага жыцця. Як правіла, другая палова батлейкі з яе традыцыйнымі дзейнымі асобамі (селянін Мацей і яго жонка, шляхціц, цыган, яўрэй, доктар і інш.) цалкам вытрымлівалася ў сатырыка-парадыйнай манеры. Бытавала драма і ў сярэдневяковай беларускай літаратуры («Камедыя” Марашэўскага, «Доктар па прымусу» Цяцерскага і інш.). Прычым у п'есы паміж іх асобнымі дзеямі, а часам і ўнутры дзеяў, устаўляліся інтэрмедыі (ад лац. іntеrmеdіus — той, што знаходзіцца пасярэдзіне) — невялікія сцэнкі ці п'ескі, звычайна камічнага характару, напісаныя размоўнай мовай («Селянін і студэнт», «Чорт Асмалейка», «Іван і царкоўны вартаўнік» і інш.). Росквіт беларускай драмы ў пазнейшы час звязаны з Дуніным-Марцінкевічам («Залёты», «Ідылія», “Пінская шляхта”), Янкам Купалам («Паўлінка», «Прымакі», “Раскіданае гняздо”, «Тутэйшыя»), Карусём Каганцом («Модны шляхцюк», “Старажавы курган”, “У іншым шчасці няшчасце схавана”), Ф.Аляхновічам (аўтар звыш 20 п’ес -- «На Антокалі», «Цені», «Няскончаная драма», “Пан міністар” і інш.), У.Галубком (напісаў каля 40 п’ес -- «Пісаравы імяніны», “Апошняе спатканне”, “Пан Сурынта”, “Ганка” і інш.), Кандратам Крапівой (“Партызаны”, “Канец дружбы”, “Хто смяецца апошнім”, “Мілы чалавек”, “Брама неўміручасці”), да якіх затым далучыліся і якіх прадоўжылі К.Губарэвіч, А.Маўзон, А.Макаёнак, М.Матукоўскі, У.Караткевіч, М.Арахоўскі, А.Асташонак, Л.Караічаў, А.Дудараў, А.Петрашкевіч, А.Дзялендзік, У.Бутрамееў, А.Папова, С.Кавалёў, Г. Марчук, І.Сідарук, А.Курэйчык і іншыя драматургі.

З пачатку свайго ўзнікнення драма (як, зрэшты, і эпас) карысталася вершаванай мовай. Гэта, несумненна, садзейнічала павышэнню ступені яе мастацкай умоўнасці, узнімала над паўсядзённасцю. Празаічны спосаб выкладу прыйшоў у драму толькі ў другой палове ХУІІІ ст., у творчасці французскіх і нямецкіх асветнікаў (у іх т. зв. мяшчанскай драме). Сёння не толькі рэалістычная, але рамантычная і мадэрнісцкая драма карыстаюцца амаль заўсёды празаічнай мовай. Вершаваныя драмы сустракаюцца больш як выключэнне. Узмацніўся адпаведна і лірычны пачатак у драме (пры захаванні эпічнага). У той жа час як своеасаблівае міжродавае ўтварэнне (ліра-драма), як паэма-драма, або драма-паэма, існуе ў мастацкай літаратуры драматычная паэма. Часам цяжка адрозніць драматычную паэму і драму вершаваную. Звычайна карыстаюцца аўтарскім вызначэннем разнавіднасці твора, а таксама тым, хто – паэт ці драматург – звярнуўся ў сваім творы да вершаванай мовы. У творы паэта, як правіла, больш лірычнага, суб’ектыўнага, у творы драматурга – аб’ектыўнага, драматычнага. Драматычная паэма на поўны голас заявіла пра сябе ў канцы ХУІІІ—пачатку ХІХ ст. ў творчасці Гётэ (“Фаўст”), Шылера (“Валенштэйн”), П.Б.Шэлі (“Раскаваны Праметэй”), Байрана (“Каін”), Міцкевіча (“Дзяды”), Пушкіна (“Барыс Гадуноў”). На пачатку ХХ ст. яна знайшла выдатнае ўвасабленне ў літаратурах рускай (“Песня Лёсу” Блока), украінскай (“Лясная песня” Лесі Украінкі), латышскай (“Вей, вецярок!” Я.Райніса) і інш. У гэты ж час Янка Купала стварыў высокія ўзоры драматычнай паэмы сімвалісцкага напрамку з элементамі маралітэ (“Адвечная песня”, “Сон на кургане”). Беларускія паэты карыстаюцца дадзенай разнавіднасцю драмы да сённяшняга дня. Яны пішуць найперш драматычнай паэмы гістарычнага кшталту (“Над Бярозай-ракой” П.Глебкі, “Хамуціус” Куляшова, “Крэва” М.Арочкі, “Барбара Радзівіл” Баравіковай і інш.). Зрэдку сустракаюцца драматытычныя паэмы сацыяльна-бытавога і сацыяльна-палітычнага характару (“Пётр Дворнікаў” Максіма Танка, “Вяселле – заўтра” А.Лойкі, “Курганне” Арочкі)…

Як асобную разнавіднасць драмы як роду літаратуры можна вылучыць п’есы для лялечных тэатраў (Г.Каржанеўскай, Н.Загорскай, З.Дудзюк і інш.), а таксама п’есы-аднаактоўкі (В.Зуба, А.Махнача, Гілевіча, Марчука, Дзялендзіка і інш.). Яны маюць некаторую сваю спецыфіку, але не настолькі значную, каб не ўкладвалася ў рэчышча нашых папярэдніх разваг.

Драма як род літаратуры падзяляецца на тры віды: трагедыю, камедыю і ўласна драму. Спынімся на іх больш падрабязна.

Трагедыя.

Назва “трагедыя” паходзіць ад двух грэчаскіх слоў: tragos -- казёл і -- ōidē -- песня, літаральна -- “казліная песня”. Справа ў тым, што трагедыя як від драмы ўзнік з рытуальнай жалобнай песні, якая суправаджала ахвярапрынашэнне казла ў гонар бога ўрадлівасці і вінаградарства Дыяніса. Арыстоцель характарызаваў трагедыю як перайманне важнейшай і закончанай падзеі, якая рэалізуецца праз дзеянне, а не праз аповед, і выклікае – праз жах і спучуванне – катарсіс (душэўнае ачышчэнне). Дадзеная характарыстыка трагедыі лягла ў аснову далейшага разумення гэтага віду драматычнага роду літаратуры. З драматычных твораў менавіта ў трагедыі ў найбольшай ступені ўвасобілася трагічнае як эстэтычная катэгорыя. А яна, як вядома, характарызуе невырашальны мастацкі канфлікт. Гэты канфлікт, у сваю чаргу, разгортваецца ў працэсе свабоднага дзеяння героя, суправаджаецца пакутамі і знікненнем ці яго самога, ці ягоных жыццёвых каштоўнасцяў.

Відавочна, галоўнай прыкметай трагедыі як драмы з’яўляецца характар канфлікту. Трагедыйны канфлікт – не проста трагічны (такім ён можа быць і ў звычайнай драме), а глыбока філасофскі, духоўна, палітычна ці сацыяльна вельмі актуальны і значны. Дзейныя асобы трагедыі вызначаюцца высокім напружаннем псіхалагічных перажыванняў. Зразумела, кожная эпоха ў залежнасці ад пануючага светаразумення, што ўвасабляецца ў ідэалах пэўнага грамадства, вылучае тыя ці іншыя трагічныя канфлікты. Так, у часы Антычнасці канфлікты трагедый вызначаліся ўмяшаннем вышэйшых сіл – фатуму – ў лёсы выдатных асоб (“Эдып-цар” Сафокла, “Агамемнан” Эсхіла), у перыяд класіцызму, які засноўваўся на кульце Антычнасці і розуму, канфлік вынікаў паміж пачуццямі герояў і абавязкамі іх перад дзяржавай (“Гарацый” Карнэля, “Федра” Расіна). Знакамітыя трагедыі Шэкспіра, якія захавалі сваю чалавечазнаўчую і мастацкую каштоўнасць да нашага часу (“Рамэа і Джульета”, “Кароль Лір”, “Атэла”, “Гамлет, прынц Дацкі”, яго т. зв антычныя трагедыі “Юлій Цэзар”, “Антоній і Клеапатра”, трагедыйныя хронікі “Генрых ІУ”, “Генрых У”), засноўваліся пераважна на канфліктах сацыяльнага ладу, што хавалі ў сабе супрацьстаянне з устарэлымі грамадскімі звычаямі і традыцыямі. Зместам рамантычнай трагедыі становяцца трагічнае асэнсаванне гісторыі (“Гец фон Берліхінген” Гётэ, “Разбойнікі” Шылера), трагічнае расчараванне асобы ў рэчаіснасці (“Манфрэд” Байрана), трагедыя ўнутранага свету героя, выкліканая самымі рознымі акалічнасцямі (“Барыс Гадуноў” Пушкіна, яго т. зв. маленькія трагедыі – “Скупы рыцар”, “Моцарт і Сальеры”, Каменны госць”, “Пір у час чумы”). У другой палове ХІХ ст. колькасна трагедыя як від драматургічнага мастацтва зменшылася, канфлікт у ёй набыў пераважна сацыяльна-бытавы характар (“Навальніца” Астроўскага, “Саламея” О.Уайльда, “Украдзенае шчасце” Франко). Дваццатае стагоддзе з яго дзвюмя сусветнымі войнамі, рэвалюцыямі і палітычнымі рэпрэсіямі, Чарнобылем нарадзіла шэраг трагічных канфліктаў, якія яшчэ не да канца асвоены драматургамі. Драматызм рэвалюцыі, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў лёг у аснову трагедый “Аптымістычная трагедыя” У. Вішнеўскага, “Шторм” У. Біль-Белацаркоўскага, “Нашэсце” Л. Лявонава, “Між двух сіл” У. Віннічэнкі, “97” і “Патэтычная саната” М. Куліша, “Гібель эскадры” А. Карнейчука, “Тыл” М. Заруднага, “Брэсцкая крэпасць” Губарэвіча, “Канстанцін Заслонаў” Маўзона і інш. Нельга згадзіцца з нямецкім пісьменнікам Ф. Дзюрэнматам, што трагічнае мастацтва немагчымае “ў лялечнай камедыі нашага стагоддзя”. Не было чалавечае жыццё “лялечнай камедыяй” у ХХ стагоддзі, не з’яўляецца яно (на жаль? на шчасце?) такім і ў ХХІ-м…

Камедыя.

Другім відам драматычнага роду літаратуры з’яляецца камедыя (грэч. kōmōdia, ад kōmos — вясёлая працэсія і oidē — песня), у якой усе падзеі і з'явы паказваюцца з пункту гледжання катэгорыі камічнага, высмейваецца негатыўнае ў жыцці ў імя сцвярджэння ідэалаў узвышанага і прыгожага. З камічных выяўленчых сродкаў выкарыстоўваюцца алагізм, гратэск, гумар, іронія, парадыраванне, сатыра, сарказм і інш. Узнікла камедыя, як і трагедыя, ў Старажытнай Грэцыі. Паводле Арыстоцеля, пайшла ад імправізацый фалічных песень і, у адрозненне ад трагедыі, паказвае “людзей горшых, аднак і не ва ўсёй іх заганнасці: бо смешнае ёсць толькі частка агіднага. Сапраўды, смешнае ёсць пэўная памылка і агіднасць, што нікому не прыносіць пакут і ні для каго не з’яўляецца згубным”. Яшчэ Гегель вылучыў два тыпы камічнага -- камізм становішчаў і камізм характараў. У першым выпадку “дробныя і нікчэмныя мэты ажыццяўляюцца з выглядам вялікай сур’ёзнасці і з шырокімі прыгатаваннямі”, у другім – “індывіды спрабуюць раздуцца да ўзроўню субстанцыянальных мэт і характараў, для ажыццяўлення якіх яны як індывіды ўяўляюць сабой зусім супрацьлеглы інструмент”. Класічныя прыклады першага тыпу камедый – “Камедыя памылак” Шэкспіра, другога – “Рэвізор” Гогаля.

Своеасаблівым бацькам старажытнагрэчаскай (і ўсёй сусветнай) камедыі з’яўляецца Арыстафан. Ён жа – заснавальнік жанру палітычнай сатыры (“Мір”, “Коннікі”, “Лісістрата”). З часам камедыя заняла віднае месца сярод усіх відаў і жанраў еўрапейскіх літаратур. Сусветную вядомасць атрымалі творы іспанцаў Лопе дэ Вега (“Настаўнік танцаў”, “Сабака на сене”), Кальдэрона (“З каханнем не жартуюць”, “Дама-невідзімка”), французаў Мальера (“Тарцюф”, “Дон Жуан”, “Мізантроп”), Бамаршэ (“Севільскі цырульнік”, “Жаніцьба Фігаро”), італьянца Гальдоні (“Слуга двух паноў”, “Шынкарка”), англічан Уайльда (“Ідэальны муж”), Шоў (“Пігмаліён”), немца Брэхта (“Трохграшовая опера”) і інш. Вяршыня камедыйнага віду мастацтва – п’есы Шэкспіра “Утаймаванне свавольніцы”, “Сон у летнюю ноч”, “Дванаццатая ноч, або Што пажадаеце”, “Віндзорскія свавольніцы”, “Канец – справе вянец”, “Многа шуму з нічога”, “Два веронцы” і інш. Шырокае развіццё атрымала камедыя ў рускай літаратуры – у творчасці Дз. Фанвізіна (“Недаростак”), А.Грыбаедава (“Гора ад розуму”), Гогаля (“Рэвізор”, “Жаніцьба”), Астроўскага (“Свае людзі – памяркуемся”, “Не ў свае сані не сядай”, “Вар’яцкія грошы”), Чэхава (“Вядзьмак”, “Мядзведзь”, “Юбілей”), Маякоўскага (“Містэрыя-буф”, “Клоп”, “Лазня”), Я.Шварца (“Голы кароль”, “Дракон”), М.Булгакава (“Зойкіна кватэра”, “Мальер”), А Вампілава (“Правінцыйныя анекдоты”, “Дваццаць хвілін з анёлам”) і інш. Знайшла камедыя сваё ўвасабленне ў драматургіі ўкраінцаў Р.Квіткі-Аснаўяненкі (“Сватанне на Ганчарыўцы”), М.Старыцкага (“За двума зайцамі”), І.Карпенкі-Карага (“Сто тысяч”, “Гаспадар”), М.Крапіўніцкага (“Чмыр”, “Мамаша”), М.Куліша (“Міна Мазайла”), Карняйчука (“У стэпах Украіны”) і інш. Можна вылучыць два віды камедыі: востра крытычную і ўмерана крытычную. Жанры першага віду: камедыя-памфлет, камедыя-лубок, камедыя сатырычная, іранічная, гратэскная, фарс, буфанада. Жанры другога віду: камедыя лірычная, гумарыстычная, вадэвіль, інтэрмедыя, скетч. У савецкай літаратуры 1-й паловы XX ст. была пашырана т. зв. гераічная камедыя (“Даўным-даўно” А.Гладкова). Так званая «змрочная камедыя» сустракаецца ў асноўным у замежнай драматургіі. Яшчэ ў XIX ст. зніклі такія жанры, як пастаральная, сентыментальная, слёзная камедыі.

Станаўленне беларускай камедыі адбылося ў другой палавіне XVIII ст. («Камедыя» Марашэўскага, «Доктар па прымусу» Цяцерскага). Уласна, з камедыі пачалася беларуская прафесійная драматургія.Вялікі ўклад у яе развіццё ўнёс Дунін-Марцінкевіч («Пінская шляхта», «Ідылія», «Залёты»). Аднак найбольшага поспеху яна дасягнула ў XX ст. У гэты час з'явілася цэлая кагорта выдатных камедыёграфаў — Янка Купала, Аляхновіч, Галубок, Кандрат Крапіва, Макаёнак і інш. 3 жанравых разнавіднасцей беларускай камедыі асаблівае пашырэнне набыла сатырычная камедыя: «Пан міністар» Аляхновіча, «Хто смяецца апошнім» і «Мілы чалавек» Кандрата Крапівы, “Выбачайце, калі ласка!”, «Лявоніха на арбіце», “Таблетку пад язык” Макаёнка, “Амністыя” і «Мудрамер» М.Матукоўскага, “Злыдзень” і «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча і інш. Побач з ёй існуюць вадэвілі («Прымакі» Янкі Купалы, “Модны шляхцюк” Каруся Каганца, «Пісаравы імяніны» Галубка, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, “Мікітаў лапаць” Міхася Чарота), камедыі лірычныя («Шчаслівы муж» Аляхновіча, «Пяюць жаваранкі» КандратаКрапівы), фальклорна-этнаграфічныя (“Несцерка” В.Вольскага), сацыяльна-бытавыя («Паўлінка» Янкі Купалы, «Аперацыя «Мнагажэнец» Дзялендзіка, “Варвара і яе блудны муж” Марчука), фантастычныя («Брама неўміручасці» Кандрата Крапівы), камедыі-памфлеты («Зацюканы апостал» Макаёнка) і інш.

Трагікамедыя.

Своеасаблівым міжвідавым утварэннем з выразным жанравым напаўненнем з’яўляецца трагікамедыя, у якой спалучаны элементы трагедыі і камедыі, трагічнае са смешным. Гавораць нават пра спецыфічнае “трагікамічнае светаадчуванне”, на якім і засноўваецца трагікамедыя і якое “звязана з пачуццём адноснасці крытэрыяў жыцця і ўключае разнастайныя, часам процілеглыя тэндэнцыі” (С. Лаўшук). Яшчэ Шэлінг у сваёй “Філасофіі мастацтва” пісаў: “Першая істотная рыса новай драмы ад Шэкспіра да Гётэ – змяшэнне супрацьлеглых пачаткаў, гэта значыць трагічнага і камічнага”.

Праўда, тэрмін “трагікамедыя” з’явіўся яшчэ ў Старажытнай Грэцыі, і абазначаў ён любое парушэнне відавой чысціні трагедыі або камедыі (“Кіклоп” Эўрыпіда). Аднак распаўсюджанне і тэрмін і само паняцце гэтага жанру атрымалі ўжо ў шэкспіраўскі перыяд эпохі Адраджэння, калі адбылася выразная дыферэнцыяцыя камедыі і трагедыі як відаў драмы. У трагікамедыі і выявілася дыялектыка светаадчування: трагічныя супярэчнасці рэчаіснасці, якая знаходзіцца на мяжы фізічнага і духоўнага знішчэння, і выратавальнага, іранічнага погляду на свет, што дае надзею пазітыўных адносінаў да гэтай рэчаіснасці. У трагікамедыі мы сустракаем трагізм смешнага і камізм трагічнага: камічны герой трапляе ў трагічныя абставіны або трагічны герой – у камічныя абставіны.

Вялікі англійскі драматург Шэкспір пакінуў яскравы ўзор трагікамедыі (“Венецыянскі купец”), але тыя ці іншыя камічныя моманты прысутнічаюць, бадай, ва ўсіх яго знакамітых трагедыях. Пасля Шэкспіра трагікамедыя як жанр амаль знікае, сустракаецца тады-сяды толькі ў творах Карнэля, Гальдоні, Лесінга, Мальера… У канцы ж ХІХ – пачатку ХХ стст. назіраецца яе “другое дыханне” – у творчасці Ібсена (“Дзікая качка”, “Геда Габлер”), Чэхава (“Чайка”, “Вішнёвы сад”, “Дзядзька Ваня”), А.Стрындберга (“Крэдыторы”, “Саната прывідаў”), Г.Гаўптмана (“Крысы”, “Перад захадам сонца”), Л.Пірандэла (“Шасцёра персанажаў у пошуках аўтара”, “Генрых ІУ”), М.Куліша (“Так загінуў Гуска”, “Народны Малахій”)… Трагікамедыі пішуць у ХХ ст. Шоў, Брэхт, Дзюрэнмат, Іянеска, Ж.Ануй, Ж.Жырарду, Вампілаў, Я.Стэльмах і інш.

Вытокі беларускай трагікамедыі – тыя ж, што і камедыі. Трагічныя матывы прысутнічаюць ужо ў першай Купалавай камедыі “Паўлінка” (фінал п’есы). Народны пясняр напісаў і першую класічную беларускую трагікамедыю – “Тутэйшыя” (1922). У ёй арганічна спалучыліся трагічныя характары (Янка Здольнік, Алёнка) у камічных абставінах бясконцых перамен улад у Мінску і камічны характар (Мікіта Зносак) у трагічных абставінах прыходу бальшавікоў. Калісьці Чэхаў гаварыў: “У жыцці няма чыстых сюжэтаў, у ім усё перамешана – глыбокае з плыткім, вялікае з мізэрным, трагічнае са смешным”. Гэтая “перамешанасць” назіраецца і ў “Тутэйшых”. Як, дарэчы, і ў трагікамедыях другога выдатнага беларускага драматурга – Андрэя Макаёнка. У яго “Трыбунале”, “прыватнай трагікамічнай гісторыі” (аўтарскае вызначэнне) “Пагарэльцы”, у трагіфарсе “Дыхайце эканомна!..”

Драма.

Аляксандр Пушкін гаварыў пра “тры струны”, якія адрозніваюць камедыю, з аднаго боку, і трагедыю – з другога ад уласна драмы: смех, жах і слёзы. “Слёзы” (у шырокім сэнсе – як гіпертрафіраваная пачуццёвасць, чуллівасць, туга, шкадаванне), такім чынам, -- прыналежнасць драмы як аднаго з відаў драматычнага роду літаратуры.

Узнікла драма (у Англіі, потым у Францыі і Германіі) і атрымала тэарэтычнае абгрунтаванне (у выказваннях Дзідро, Лесінга, Бамаршэ і інш.) нашмат пазней за трагедыю і камедыю, толькі ў сярэдзіне ХУІІІ ст. Называлі яе спачатку па-рознаму: то слёзнай камедыяй, то мяшчанскай трагедыяй, то мяшчанскай драмай … Ужо ў саміх назвах выявіліся адрозненні яе і ад трагедыі і ад камедыі: галоўнымі героямі ў ёй сталі звычайныя людзі, а не каралі і вяльможы (як у трагедыі), і не слугі і сяляне (як у камедыі), а мяшчане, г. зн гараджане (ад “места” – горад). Што да асноўных канфліктаў, то змяніліся і яны. Калі ў камедыі яны засталіся прыватнымі і скіраванымі на высмейванне і павучанне, то ў драме перайшлі да паказу ўзаемаадносін асобы і грамадства. Драма па-ранейшаму імкнецца да вострых канфліктаў (сацыяльнага ці бытавога характару), але яны ўжо не такія напружаныя і невырашальныя, як у трагедыі.

Нельга сказаць, што драма ўзнікла зусім на пустым месцы. Яе зачаткі можна знайсці ў драматургіі Антычнасці (“Іён” Эўрыпіда), у творчасці Шэкспіра (драмы-казкі “Перыкл”, “Зімовая казка”), Лопе дэ Вега (“Фуэнта Авехуна”), у трагікамедыі як своеасаблівым міжвідавым утварэнні. Яе прыкметы заўважаюцца ў такіх жанрах еўрапейскай сярэдневяковай драматургіі, як літургічная драма (у ёй інсцэнізаваліся эпізоды, звязаныя з нараджэннем і ўваскрэсеннем Хрыста), міракль (франц. miracle, ад лац. miraculum – дзіва; вершаваная драма пра дзеянні і цуды святых або Багародзіцы), містэрыя (ад грэч. mystērion -- тайна, таінства; грандыёзнае вулічнае відовішча, заснаванае на біблейскіх, апакрыфічных ці гістарычных сюжэтах з элементамі экспромта, што выконвалася ў часе гарадскіх святаў, кірмашоў і г. д.), маралітэ (франц. moralité, ад лац. moralis – маральны; пераважна вершаваная драма павучальнага зместу, у якой дзейнымі асобамі з’яўляюцца алегарычныя ўвасабленні абстрактных паняццяў – Бог, Доля, Чалавек, Беднасць, Цярпенне і г. д.). Першымі ж стваральнікамі ўласна драмы сталі яе тэарэтыкі Дзідро (“Пазашлюбны сын”, “Бацька сям’і”), Л. С. Мерсье (“Дэзертыр”, “Незаможны”), Лесінг (“Эсмілія Галоці”, “Міс Сара Сампсон”) і інш. У аснову іх п’ес ляглі востра драматычныя моманты сямейных узаемаадносін, паказваліся перавагі людзей сярэдняга дастатку над багачамі і вяльможамі, што адпавядала задачам эпохі Асветніцтва. Затым, у адпаведнасці з літаратурнымі метадамі і напрамкамі, заявіла пра сябе драма сентыменталісцкая, рамантычная, рэалістычная, сімвалісцкая, мадэрнісцкая. З часам развіліся розныя жанры драмы: сацыяльна-бытавая (“Наталка Палтаўка” Катлярэўскага, “Беспасажніца” Астроўскага, “Улада цемры” Л.Талстога,), сацыяльна-палітычная (“На дне” і “Ворагі” Максіма Горкага, “Касандра” Лесі Украінкі), гістарычная (“Жыццё Галілея”, “Матуля Кураж і яе дзеці” Брэхта, “Багдан Хмяльніцкі” Карнейчука), гераічная (“Вінтоўка Тэрэсы Карар” Брэхта), псіхалагічная (“Тры сястры” Чэхава, “Дом, дзе разбіваюцца сэрцы” Шоў, “Закон” Віннічэнкі), інтэлектуальная (“За зачыненымі дзвярыма” Сартра, “Бекет, або Гонар божы” Ануя), філасофская (“Кесар і галілеянін” Ібсена, “Сляпы” Метэрлінка, “Горка, але праўда” Шоў), драма-прытча (“Кар’ера Артура Уі” Брэхта), драма абсурда (“Лысая спявачка” Іянеска, “У чаканні Гадо” Бекета) і інш.

Своесаблівым жанрам драмы яшчэ ў канцы ХУІІІ ст. стала меладрама (ад грэч. mēlos – музыка, песня і dráma -- дзеянне), якая вызначаецца маральна-дыдактычнай тэндэнцыйнасцю, сентыментальнай эмацыйнасцю, вострай інтрыгай і рэзкім супрацьпастаўленнем дабра і зла (“Злачынная маці” Бамаршэ). Раней пад меладрамай разумелі музычную драму ці оперу (адсюль і назва). Таму не павінна здзіўляць, што сваю “Ідылію” (“Сялянку”) Дунін-Марцінкевіч назваў “операй у двух актах”, у той час як аналагічны па жанры твор “Апантаны” – “меладрамай у пяці карцінах”. Меладрамы пісалі беларускія драматургі і ў ХХ ст. (“Ганка”, “Душагубы” і “Плытагоны” Галубка, “Пяюць жаваранкі” Кандрата Крапівы, “Над хвалямі Серабранкі” І.Козела). Музычны пачатак у меладарамах збярогся да нашага часу. Пагэтаму, а таксама за залішнюю сентыментальнасць часам іх называюць крыху грэбліва -- “мыльнымі операмі” (некаторыя паўднёваамерыканскія кінасерыялы, сучасныя меладраматычныя мюзіклы).

Беларуская драма пачалася з названых вышэй меладрам Дуніна-Марцінкевіча, але свайго ўзлёту дасягнула толькі ў ХХ ст. Янка Купала як выдатны драматург выявіў сябе не толькі ў камедыі (“Паўлінка”), вадэвілі (“Прымакі”), трагікамедыі (“Тутэйшыя”), але і ва ўласна драме. Яго “Раскіданае гняздо” можна было б вызначыць і як трагедыю. Трагедыю не толькі сялянскай сям’і, якую бессардэчны пан праганяе з наседжанага гнязда – роднай хаты. Але і як трагедыю ўсяго “беларускага дому”, што адбывалася на самым пачатку ХХ ст. Аднак калі разумець розніцу паміж трагедыяй і драмай у сутнасці канфлікту (у трагедыі ён завяршаецца ўнутранай безвыходнасцю ў душы героя, што прыводзіць да ягонай смерці, у драме ж адбываецца сутыкненне персанажаў з нейкімі знешнімі сіламі), то на падставе гэтай чыста фармальнай прыкметы мы звычайна адносім “Раскіданае гняздо” да драмы. Да драмы выразнага класічнага вобліку – па вастрыні канфлікту, драматычнай напружанасці дзеяння, псіхалагічнай напоўненасці і своеасаблівасці характараў.

У пачатку ХХ ст. уласна драма заявіла пра сябе, апрача Янкі Купалы, у творчасці Каруся Каганца (“У іншым шчасці няшчасце схавана”), Якуба Коласа (“Антось Лата”), Родзевіча (“Пакрыўджаныя”), М.Гарэцкага (“Атрута”). Усе гэтыя п’есы можна аднесці да сацыяльна-бытавой драмы з моцным грамадзянскім гучаннем. Гэты жанр, бадай, стаў вядучым ва ўсёй беларускай драматургіі ХХ ст. (“Няскончаная драма” Аляхновіча, “Кар’ера таварыша Брызгаліна” Е.Міровіча, “Гута” Р.Кобеца, “Папараць-кветка” Козела, “Экзамен на восень” Шамякіна, “Шрамы” Я.Шабана, “Соль” Петрашкевіча, “Выклік багам” Дзялендзіка, “Радавыя”, “Вечар” і “Парог” Дударава і інш.). Што да гістарычнай драмы, то найбольшую цікавасць драматургаў выклікала нацыянальна-вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, сам вобраз рэвалюцыянера (“Кастусь Каліноўскі” Міровіча, “Кастусь Каліноўскі” Караткевіча), а таксама падзеі Вялікай Айчыннай вайны (“Людзі і д’яблы” Кандрата Крапівы, “Канстанцін Заслонаў” Маўзона, “Гаўрошы Брэсцкай крэпасці” Махнача, “Ты помніш, Алёша…” Дударава, “Калодзеж” Дзялендзіка, “Бліндаж” А.Паповай і інш.). Часам звяртаюцца драматургі і да больш аддаленай гісторыі – вытокаў беларускай дзяржаўнасці (“Звон – не малітва” І.Чыгрынава, “Крыж святой Еўфрасінні” Петрашкевіча, “Палачанкада” і “Чорная панна Нясвіжа” Дударава, “Саламея” С.Кавалёва), да эпохі Францыска Скарыны (“Напісанае застаецца” Петрашкевіча), міжрэлігійнага змагання ў часы Сярэдневякоўя (“Званы Віцебска” Караткевіча), да легендарных момантаў гісторыі (“Бутрым Няміра” Аляхновіча, “На Купалле” Міхася Чарота, “Машэка” М.Арахоўскага). З’явіліся п’есы на рэлігійную тэматыку (“Дарога на Бітліем” Кавалёва, “Збаўца” І.Сідарука, “Понцій Пілат” А.Курэйчыка). Развіваліся таксама сацыяльна-палітычная драма (“Вайна вайне” Якуба Коласа, “Партызаны” Кандрата Крапівы, “Бацькаўшчына” Кузьмы Чорнага, “Дагарэла свечачка…” Петрашкевіча, “Развітанне з Радзімай” Паповай), псіхалагічная драма (“Проба агнём” Кандрата Крапівы”, “Апошні шанц” В.Быкава, “Зона Х…” А.Карэліна). У апошнія дзесяцігоддзі ХХ ст. шэраг драматургаў спрабуюць эксперыментаваць у мадэрнісцкім стылі. Да драмы абсурда звярнуліся Арахоўскі (“Ку-ку”), Сідарук (“Галава”), У.Сауліч (“Сабака з залатым зубам”) і інш.

Пытанні для самаправеркі







Дата добавления: 2015-10-01; просмотров: 1780. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Практические расчеты на срез и смятие При изучении темы обратите внимание на основные расчетные предпосылки и условности расчета...

Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Толкование Конституции Российской Федерации: виды, способы, юридическое значение Толкование права – это специальный вид юридической деятельности по раскрытию смыслового содержания правовых норм, необходимый в процессе как законотворчества, так и реализации права...

Значення творчості Г.Сковороди для розвитку української культури Важливий внесок в історію всієї духовної культури українського народу та її барокової літературно-філософської традиції зробив, зокрема, Григорій Савич Сковорода (1722—1794 pp...

Постинъекционные осложнения, оказать необходимую помощь пациенту I.ОСЛОЖНЕНИЕ: Инфильтрат (уплотнение). II.ПРИЗНАКИ ОСЛОЖНЕНИЯ: Уплотнение...

Гносеологический оптимизм, скептицизм, агностицизм.разновидности агностицизма Позицию Агностицизм защищает и критический реализм. Один из главных представителей этого направления...

Функциональные обязанности медсестры отделения реанимации · Медсестра отделения реанимации обязана осуществлять лечебно-профилактический и гигиенический уход за пациентами...

Определение трудоемкости работ и затрат машинного времени На основании ведомости объемов работ по объекту и норм времени ГЭСН составляется ведомость подсчёта трудоёмкости, затрат машинного времени, потребности в конструкциях, изделиях и материалах (табл...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.01 сек.) русская версия | украинская версия