Які ўклад унеслі вучоныя Беларусі ў распрацоўку праблем паэтыкі?
3.1.2. Віды паэтыкі Як навука паэтыка падзяляеца на тэарэтычную (агульную, або макрапаэтыку), функцыянальную (апісальную, або мікрапаэтыку), гістарычную, параўнальную і практычную. Тэарэтычная паэтыка збліжаецца з цэлым шэрагам раздзелаў тэорыі літаратуры. Яна разглядае ўсе магчымыя спосабы і сродкі ўвасаблення аўтарскай задумы, іх адпаведнасць літаратурным родам, відам, жанрам. Так, паэтыка верша аналізуе яго лексіку, тропы, сінтаксіс, інтанацыю, метрыку і рытміку, фоніку, рыфміку, строфіку, кампазіцыю, жанры і віды верша (працы Ю. Арліцкага, В. Баеўскага, Дж. Бейлі, Б. Ганчарова, М. Гаспарава, М. Грынчыка, В. Жырмунскага, І. Качуроўскага, А. Квяткоўскага, В. Рагойшы, І. Ралько, П. Руднева, Г. Сідоранкі, В. Халшэўнікава, Л. Цімафеева, Я. Эткінда, Р. Якабсона, В. Яраца і інш.). Паэтыка драматургіі, апрача названых моўна-выяўленчых сродкаў, звяртае ўвагу на ідэйны змест, праблематыку твораў, характар драматычнага канфлікту, развіццё сюжэтнага дзеяння, кампазіцыю, вобразы-персанажы і сродкі іх стварэння (маўленне, учынкі, характарыстыка вуснамі іншых дзейных асоб і інш.). У якасці прыкладаў можна прывесці наступныя даследаванні: А. Аникст. История учений о драме. Т. 1—3. М., 1967—1980; С. Гончарова-Грабовская. Комедия в русской драматургии конца ХХ—начала ХХІ. Минск, 2006; Б. Костелянец. Лекции по теории драмы: Драма и действие. Л., 1976; В. Волькенштейн. Драматургия. М., 1969; В. Хализев. Драма как род литераутры. М., 1986 і інш.. Паэтыка прозы да сказанага дадае разгляд іншых спосабаў характарыстыкі таго ці іншага персанажа (аповед ад імя трэцяй асобы, дзённік персанажа, яго эпісталярый і інш.), прыёмаў псіхалагізму, хранатопу (мастацкі час і мастацкая прастора), звяртае ўвагу на мастацкія дэталі, партрэт, пейзаж, пазасюжэтныя кампаненты твора (аўтарскія адступленні, устаўныя навелы) і інш. Паэтыцы прозы прысвечаны даследаванні М. Бахціна, В. Вінаградава, Л. Гінзбург, В. Жураўлёва, Д. Ліхачова, А. Патабні, Н. Тамарчанкі, М. Тычыны, О. Фрэйдэнберг, В. Шклоўскага і інш. Звычайна праблемы агульнай паэтыкі разглядаюцца ў вучэбных дапаможніках ўсходнеславянскіх і заходніх вучоных па тэорыі літаратуры і ўводзінах у літаратуразнаўства. Сярод найбольш вядомых аўтараў такіх падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў -- Г. Абрамовіч, А. Андрэў, П. Валынскі, А. Есін, П. Зараў, В. Кайзер, Ю. Кшыжаноўскі, М. Лазарук, Г. Маркевіч, Г. Паспелаў, Е. Стайгер, Н. Тамарчанка, А. Ткачэнка, А. Фядотаў, В. Халізеў, Л.Цімафееў, А. Ўорэн, В. Цюпа, У. Штэпанек, В. Яцухна і інш. Функцыянальная паэтыка даследуе эстэтычныя кампаненты твораў пэўнага літаратурнага напрамку ці перыяду, паасобнага віду ці жанру (паэтыка рамантызму, рэалізму, старажытнай беларускай літаратуры, рускай паэзіі «сярэбранага веку», беларускіх замоў, рамана, санета і г. д.). Да такіх прац адносяцца кнігі Я. Барычэўскага «Тэорыя санету» і «Паэтыка літаратурных жанраў» (Мінск, 1927), С. Бройтмана «Поэтика русской классической и неклассической лирики» (М., 2008), Н. Гілевіча «Паэтыка беларускай народнай літрыкі» (Мінск, 1975) і «Паэтыка загадак» (Мінск, 1976), І. Жука «Празаічны тэкст: дынаміка рытмавага існавання» (Гродна, 2003), А. Кабаковіч “Беларускі свабодны верш” (Мінск, 1984), Д. Ліхачова «Поэтика древнерусской литературы» (3-е выд., М., 1979); Б. Успенскага «Поэтика композиции» (СПб., 2000), Я. Шпакоўскага “Структура вершаванага вобраза” (Мінск, 1972), М. Штокмара «Рифма Маяковского» (М., 1958), І. Штэйнера «Балада: генезіс, эвалюцыя, перспектывы жанру» (Гомель, 2003), А. Яскевіча «Ритмическая организация художественного текста» (Минск, 1991) і інш. Разам з тым функцыянальная паэтыка вывучае і абумоўленую ідэйнай задумай мастака сістэму яго спосабаў і сродкаў вобразнага спасціжэння свету ў іх змястоўнай, сэнсавыяўленчай сутнасці. Прыкладам такой галіны функцыянальнай паэтыкі могуць служыць наступныя выданні: «Проблемы поэтики Достоевского» (4-е выд., М., 1979) М. Бахціна, “Паэтыка М. Багдановіча” (Коўна, 1926) А. Вазнясенскага, «Паэтыка Максіма Танка. Культура вобраза. Характар верша» (Мінск, 1968) В. Рагойшы, «Поетика Миколи Бажана» (кн. 1—2, Кіеў, 1971, 1978) і «Поетика Павла Тичини: особливості виршування» (Кіеў, 1982) Н. Кастэнка, «Поэтика Маяковского» (М., 1983) Б. Ганчарова, «Паэтыка Рыгора Барадуліна: рытмічная арганізацыя верша» (Мінск, 2006) А. Дуброўскага, «Поэтика русской поэзии» (СПб., 2001) В. Жырмунскага, “Паэтыка замоў у аспекце літаратуразнаўства. Вобразны свет. Гукавая арганізацыя тэксту” (Мінск, 2005) М. Кудрашовай, «Поетика лірикі Івана Франка» (Львоў, 2006) В. Карнейчука і інш. Прадмет гістарычнай паэтыкі — паходжанне і эвалюцыя мастацкіх сродкаў (тропы, стылістычныя фігуры, вершаванне) і катэгорый (мастацкі час, прастора, прыгожае, велічнае, трагічнае і інш.) у залежнасці ад сацыяльна-гістарычных і чыста літаратурных умоў. Разам з тым, гістарычная паэтыка даследуе «развіццё жанраў і стыляў ад сінкрэтызму да размежавання, ад міфу да фальклору, ад вуснай творчасці да пісьмовай, ад абслугоўвання мастакамі пазалітаратурных інтарэсаў да ўсведамлення іманентнай сутнасці мастацтва; характарызуе эвалюцыю пісьменства з яго крызісамі, абнаўленнямі, барацьбой літаратурных груп, школ, груповак, стылёвых тэндэнцый, напрамкаў» (Ю. Кавалёў). Шырока карыстаецца параўнальна-гістарычным метадам даследавання, імкнецца абагульніць вынікі сусветнага літаратурнага працэсу. Родапачынальнікам гістарычнай паэтыкі з'яўляецца выдатны рускі вучоны Аляксандр Весялоўскі (1838—1906), аўтар шырокавядомай сёння «Исторической поэтики» -- кнігі, якая з уступным артыкулам і каментарыем В. Жырмунскага упершыню ўбачыла свет у Ленінградзе ў 1940 годзе. Засноўвааючыся на шматлікі фактах гістарычнага руху літаратурных формаў (найперш эпітэта, сюжэта, жанраў), А. Весялоўскі абгрунтаваў палажэнне аб уласных законах развіцця гэтых формаў, адноснай аўтаноміі паэтычнага стылю ў дачыненні да зместу і інш. У ХХ ст. ідэі вучонага знайшлі працяг і развіццё ў працах С. Аверынцава («Историческая поэтика. Литературные эпохи и типы художественного сознания», М., 1994), Ю. Арліцкага «Динамика стиха и прозы в русской словесности», М., 2008), С. Бройтмана («Историческая поэтика», М., 2001), В. Гацака («Историческая поэтика и фольклор», М., 1986), І. Горскага («Историческая поэтика в ее соотношении с другими литературоведческими дисциплинами», М., 1986), А. Міхайлава («Историческая поэтика в контексте западного литературоведения», М., 1986), І. Ліллі («Динамика русского стиха», М., 1997), М. Палякова («В мире идей и образов: Историческая поэтика и теория жанров», М., 1983) і інш. Параўнальная паэтыка займаецца тыпалагічным супастаўленнем спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету двух ці больш пісьменнікаў, дзвюх ці больш нацыянальных літаратур. Засноўваецца на параўнальнай стылістыцы, карыстаецца дадзенымі мастацкага перакладу. Па сутнасці, параўнальная паэтыка – адзін з раздзелаў параўнальнага літаратуразнаўства, або кампаратывістыкі, якая даволі плённа развіваецца ў сучаснай навуцы пра літаратуру. Прынцып параўнання падобных/непадобных з'яў дазваляе выразней убачыць як агульнае, так і рознае ў гэтых з'явах. Вось толькі некаторыя працы беларускіх вучоных, якія дэманструюць магчымасці параўнальнай паэтыкі: «Некаторыя асаблівасці псіхалагічнага аналізу ў беларускай ваеннай прозе (на матэрыяле творчасці В. Быкава, А. Адамовіча, В. Казько)» Л. Корань, «Аповедныя структуры ўсходнеславянскай літаратуры ХІ—ХІІІ стагоддзяў» В. Смірновай, «Асаблівасці функцыянавання біблейскіх вобразаў у творчасці М. Гогаля і Я. Баршчэўскага» Т. Целяховіч, «Жанравыя мадыфікацыі ў драматургіі (на матэрыяле беларускай і англійскай літаратур 1950—1970-х гг.» А. Кантаровіч і г. д. Параўнанне літаратурных з'яў можа праводзіцца як на гукавым, так на лескічным і вобразным узроўнях. У літаратуразнаўстве ўжо акрэсліваюцца некаторыя галіны параўнальнай паэтыкі, у прыватнасці – параўнальнага вершавання (метрыка, рыфміка, строфіка і інш.). Апрача чыста тэарэтычнай вартасці, такія даследаванні набываюць і вартасць практычную. Яны могуць аказаць адчувальную падмогу вершаванаму перакладу. Справа ў тым, што ў розных літаратурах сістэмы вершавання і віды верша займаюць не аднолькавае становішча. Выявіць гэта можа толькі параўнальная паэтыка. Вывадамі яе можа пакарыстацца перакладчык, выбіраючы тую ці іншую стратэгію пры вырашэнні праблемы адэкватнасці мастацкага ўзнаўлення арыгінала сродкамі іншай мовы і іншай паэтынай культуры. Практычную паэтыку складаюць розныя курсы і дапаможнікі па агульнай паэтыцы, разлічаныя на шырокага чытача. Яе задача — выхаванне паэтычнай культуры, азнаямленне чытачоў з асновамі мастацтва слова (у прыватнасці, з асновамі вершавання). Асаблівае распаўсюджанне выданні з галіны практычнай паэтыкі набылі ў часы Сярэдневякоўя ў Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай, куды ўваходзіла і Беларусь. Паэтыкі (піітыкі) друкаваліся, як правіла, на распаўсюджанай тады лацінскай мове і служылі дапаможнікамі пры складанні вершаў і арацый (аратарскіх выступленняў) вучняў брацкіх школ, студэнтаў калегіумаў, Віленскай і Кіева-Магілянскай акадэмій, іншых навучальных устаноў. Вядома, здольнасці пісьменніцкія дастаюцца чалавеку ад нараджэння, і калі іх няма – стаць майстрам мастацкага слова ніякія курсы паэтыкі не дапамогуць. Аднак, з другога боку, дапаможнікі па практычнай паэтыцы (а сюды адносяцца розныя літаратуразнаўчыя даведнікі для «шырокага чытача», школьныя літаратурныя слоўнікі і г.д.) могуць аказаць несумненнае садзеянне людзям таленавітым – для вывучэння літаратурных традыцый, удасканалення майстэрства, а таксама самім чытачам мастацкіх твораў – для глыбейшага іх спасціжэння. Гісторыя беларускай літаратуры (як і літаратур іншых народаў) мае ў гэтым сэнсе шэраг яскравых доказаў. І Францыск Скарына, і Сімяон Полацкі шмат узялі звестак з сярэдневяковых «піітык» па вершаванню, стылістыцы, топіцы. А ўжо на пачатку ХХ ст. практычная паэтыка (па тагачаснай тэрміналогіі – стылістыка) дапамагла ў значнай ступеннгі вялікаму Янку Купалу. Вось як ён успамінаў пра гэта: «Пісаць пачаў я з 1904 года, але спачатку нічога талковага не выходзіла, таму што не меў тады яшчэ нават найменшага ўяўлення пра тэорыю вершаскладання. Пасля трапілася мне ў рукі стылістыка, і справа пачала наладжвацца». Практычная паэтыка ад тэарэтычнай адрозніваецца найперш большай даступнасцю выкладу матэрыялу, а таксама формай падачы гэтага матэрыялу. У той час як працы па тэарэтычнай паэтыцы ўвасабляюцца ў грунтоўных артыкулах і манаграфіях, практычная паэтыка карыстаецца найчасцей жанрам слоўнікаў-даведнікаў. Тым не менш любы такі даведнік павінен быць навукова-дакладным, аб'ектыўным і даступным літаратуразнаўчым інфарматарам. На характар даследавання паэтыкі ўсіх пяці яе відаў несумненны ўплыў аказвае тое, да якіх навуковых школ (гл.: 1.3.4. Асноўныя навуковыя школы) належаць (належалі) літаратуразнаўцы, якімі літаратуразнаўчымі метадамі (гл.: 1.3.5. Літаратуразнаўчыя метады) яны карыстаюцца (карысталіся). У адпаведнасці з гэтым вылучаецца паэтыка фармальная, сацыялагічная, структуралісцкая, лінгвістычная. У 20-я гады XXст., у час бытавання канцэпцый вульгарнага сацыялагізму і фармалізму, узніклі сацыялагічная і фармальная паэтыкі. Першая з іх тлумачыла (часта залішне просталінейна) усе факты літаратуры гістарычнымі і сацыяльна-эканамічнымі прычынамі. Для другой характэрныя іманентнасць літаратуразнаўчага аналізу, спробы разглядаць мастацтва як прыём, асаблівым чынам арганізаваную мову. Але асобныя прадстаўнікі фармальнай паэтыкі (Ю. Тынянаў, Б. Эйхенбаўм, В. Шклоўскі і іншыя літаратары, аб’яднаныя ў Таварыства па вывучэнні паэтычнай мовы — О П О Я З) выявілі прынцыпы сюжэтаскладання, своесаблівасць паэтычнай мовы як тыпу маўлення, характарызавалі «адзінства і цеснату вершаванага раду» і інш. Некаторыя ідэі фармальнай паэтыкі і структурнай лінгвістыкі пазней ляглі ў аснову структурнай і лінгвістычнай паэтыкі, абумовіўшы іх моцныя і слабыя бакі (гл. кнігу: «Структурализм: «За» и «против», М., 1975). Новым крокам у распрацоўцы праблем паэтыкі з’явіліся працы М. Бахціна, В. Вінаградава, М. Гаспарава, В. Жырмунскага, Д. Ліхачова, Ю. Лотмана, М. Храпчанкі, і інш. Пытанні для самаправеркі:
|