ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ ЯК НАВУКА І НАВУЧАЛЬНАЯ ДЫСЦЫПЛІНА. МЭТА І ЗАДАЧЫ, ЗМЕСТ І СТРУКТУРА КУРСА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ. ХАРАКТАРЫСТЫКА ВУЧЭБНАЙ ЛІТАРАТУРЫ.
Навуковая рэканструкцыя, узнаўленне, урэшце веданне мінулага адлюстроўвае патрэбу грамадства ў самасвядомасці, патрэбна для разумення сваёй сучаснасці і прадбачання будучыні. Беларусы, як кожны народ, павінны разумець адметнасць гістарычнага шляху сваіх продкаў, сваю адметнасць сярод іншых народаў, усведамляць сваю ідэнтычнасць – прыналежнасць да пэўнага этнасу, культуры, мовы, дзяржавы і г.д., разумець, хто мы і адкуль мы. Урэшце, айчынная гісторыя сцвярджае веліч нашай мінуўшчыны, уваскрашае нацыянальную годнасць, даруе веру ў будучыню. Нацыя не можа быць жыццястойкай без засведчанага і асэнсаванага мінулага.“Гісторыя – гэта фундамэнт, на каторым будуецца жыцьцё народу. I нам, каб адбудаваць свае жыцьцё, трэба пачаць з фундамэнту, каб будынак быў моцны. А фундамэнт у нас важкі, гісторыя наша багатая...”, – так пісаў адзін з лідэраў беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст. Вацлаў Ластоўскі ў сваёй “Кароткай гісторыі Беларусі” – першай кнізе па гісторыі Беларусі, напісанай для беларусаў на іх мове. Сёння мы з вамі пачынаем ужо універсітэцкае падарожжа ў няпросты і загадкавы свет беларускай гісторыі.Ва універсітэцкіх сценах яна будзе паўставаць перад вамі ў двух наступных абліччах: як навука і як навучальная дысцыпліна. Гісторыя Беларусі як навука вызначае і тлумачыць канкрэтны ход і заканамернасці развіцця чалавечага грамадства на нашай зямлі. Працэс разгортвання гістарычнага працэсу на нашай зямлі ў часе і прасторы даследвавалі і сёння даследуе вялікая кагорта айчынных і замежных вучоных. Іх задача – назапашванне ведаў аб мінулым. Вучоныя збіраюць, інтэрпрэтуюць (тлумачаць), сістэматызуюць гістарычныя факты і будуюць на іх аснове свае версіі, гіпотэзы, канцэпцыі. Сваё бачанне беларускай мінуўшчыны даследчыкі выкладаюць на навуковых кангрэсах, канферэнцыях, у дыскусіях, якія адбываюцца ў Беларусі і за мяжой, а таксама ў сваіх навуковых працах: артыкулах, манаграфіях, дысертацыях, падручніках; папулярызуюць іх праз навукова-папулярныя кнігі і СМІ. Мы карыстаемася плёнам іх працы. Выпрацаваныя вучонымі фундаментальныя тэарэтычныя навуковыя веды выкарыстоўваем у навукова-пазнавальных, навучальных мэтах. Гэта адно з практычных прымяненняў гістарычнай навукі. Гісторыкі, якія працуюць у навуковых установах, напрыклад, Інстытут гістарыі НАН Беларусі, займаюцца найперш фундаментальнымі даследаваннямі. Школьныя настаўнікі на аснове, галоўным чынам, вучэбнай літаратуры, выкладаюць гістарычныя веды, назапашаныя навукай. Спецыфіка універсітэцкіх выкладчыкаў у тым, што мы з’яўляемся навукова-педагагічнымі работнікамі. Мы займаемся і навуковымі даследаваннямі, так сказаць, рухаем наперад гістарычную навуку, і выкладаннем курса гісторыі Беларусі для студэнцкай моладзі на аснове навуковай літаратуры і сучасных дасягненняў гістарычнай навукі. Універсітэцкі курс гісторыі Беларусі закліканы зрабіць для вас блізкімі і зразумелымі справы і думы людзей, якія жылі на нашай зямлі. Вы пазнаёміцеся глыбей з мужнымі абаронцамі нашай Айчыны, з выдатнымі царкоўнымі дзеячамі, мудрымі дзяржаўнымі мужамі, кіраўнікамі народных рухаў, асветнікамі, пісьменнікамі. Разам з імі мы будзем абараняць сваю зямлю, берагчы сваю дзяржаву, весці барацьбу за ўладу, працаваць на зямлі і ў рамеснай майстэрні, узводзіць храмы і палацы, вандраваць па замежным краінам. Разам з імі будзем любіць і ненавідзець. Курс арыентуе на вывучэнне айчыннай гісторыі у шматстайнасці чалавечых лёсаў, у сутыкненні і барацьбе ідэй, дзяржаўных прыярытэтаў, палітычных пазіцый, сацыяльных інтарэсаў, культурных і рэлігійных плыняў. Айчынная гісторыя – арганічная частка еўрапейскай і сусветнай гісторыі. Мы будзем разглядаць Беларусь не як аб’ект гістарычнага працэсу, накіраванасць якога вызначалі, навязвалі суседнія краіны, але як паўнавартасны суб’ект гісторыі, які сам вяршыў уласны лёс з улікам свайго геапалітычнага становішча.
Гісторыя Беларусі – адзін з вядучых курсаў у навучальным плане гістарычных факультэтаў нашай рэспублікі. Мэта гэтага курса – атрыманне студэнтамі сістэмы ведаў аб фарміраванні і развіцці беларускага народу, яго сацыяльна-эканамічным, палітычным і духоўным жыцці ад старажытнасці да нашага часу.
Задачы вывучэння дысцыпліны: · набыццё студэнтамі максімальнай інфармацыі аб асноўных вяхах, з’явах, падзеях і дзеячах беларускай гісторыі; · разуменне ўзаемапранікненняў і ўзаемаўплываў народаў, што адбываліся на сумежжы цывілізацый Захаду і Усходу Еўропы, якім з’яўляецца тэрыторыя Беларусі; · фарміраванне гарманічнай творчай асобы з навукова-гуманістычным светапоглядам. У выніку вывучэння курса гісторыі Беларусі студэнты павінны ведаць: · асноўныя гістарычныя факты, падзеі, даты і персаналіі · асноўныя этапы эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця Беларусі · сутнасць і праявы эканамічных адносін і важнейшых рысаў гаспадарчага развіцця на розных этапах гісторыі · дэмаграфічныя характарыстыкі і сацыяльную стратыфікацыю грамадства · асноўныя палітычныя падзеі і іх уплыў на дзяржаўна-прававую эвалюцыю · гістарычныя межы развіцця і формы існавання беларускай дзяржаўнасці ў розныя перыяды · працэс канфесійнага і этнакультурнага развіцця · найкаштоўнейшыя здабыткі духоўнага жыцця народа · месца і ролю Беларусі ўцывілізацыйным працэсе · адметнасць гістарычнага шляху, пройдзенага беларускім народам У курсе гісторыі Беларусі студэнты павінны навучыцца: · знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі гістарычных працэсаў і падзей · вызначаць фактары (эканамічныя, знешнепалітычныя, ідэалагічныя, рэлігійныя, геаграфічныя, прыродныя, цывілізацыйныя і іншыя), якія абумовілі змест, характар, тэмпы развіцця рэгіянальнага развіцця · крытычна аналізаваць мінулае і праводзіць яго сувязь з сучаснасцю · узнаўляць мінулае з пункту погляду канкрэтнай эпохі · аналізаваць гістарычныя працэсы ў іх дынаміцы · працаваць з гістарычнымі крыніцамі · працаваць з гістарычнай картай · арыентавацца ў альтэрнатыўных канцэпцыях гісторыі Беларусі, ацэньваць іх аб’ектыўнасць, зыходзячы з фактаў · перадаваць і абгрунтоўваць сваю думку і весці дыялог па праблемах айчыннай гісторыі
Айчынная гісторыя нясе ў сабе і вялікі выхаваўчы патэнцыял. Яна з’яўляецца невычэрпнай крыніцай духоўнага ўзбагачэння, фарміравання навуковага гуманістычнага светапогляду, высокіх грамадзянскіх якасцей. Яе вывучэнне закладвае аснову для абуджэння гістарычнай памяці і нацыянальнай свядомасці, пачуццяў грамадзянскай годнасці і нацыянальнаму гонару, засцерагае ад паўтарэння памылак мінулага. Курс закліканы выхоўваць чалавека-грамадзяніна, патрыёта Беларусі, добрага гаспадара на сваёй зямлі, які адчувае духоўную сувязь з пакаленнямі продкаў, а значыць, – і адказнасць за працяг іх спраў, за будучыню сваёй краіны.
Гэтыя задачы нам з вамі прадстаіць на працягу трох курсаў рэалізоўваць: выкладчыкам – навучыць вас усяму гэтаму, вам – гэтаму навучыцца, асвоіць.
Цікавасць беларусаў да сваёй гісторыі ў апошні час узмацнілася. Наша яркая і самабытная, гераічная і трагічная, далёкая і блізкая гісторыя прыцягвае сёння да сябе ўвагу не толькі вучонага свету, але і людзей з самых розных сацыяльных і прафесійных слаёў. Гэта цікавасць выражаецца ў ініцыятыве па аднаўленні былых назваў вуліц і гарадоў, у рэстаўрацыі гістарычных помнікаў, у абмеркаванні гістарычных раманаў, п’ес, фільмаў, у спрэчках вакол праблем далёкага і нядаўняга мінулага, у адзначэнні юбілейных дат і г.д. Праца ва універсітэтах нашай рэспублікі 6 гістарычных факультэтаў, падрыхтоўка імі кадраў прафесійных гісторыкаў – даследчыкаў і выкладчыкаў – гэта адказ на ўзросшую патрэбу беларускага грамадства ведаць сваю гісторыю.
|