ТЭРЫТОРЫЯ, ПРЫРОДНЫЯ ЎМОВЫ, НАСЕЛЬНІЦТВА БЕЛАРУСІ
Беларусь размешчана на захадзе Усходнееўрапейскай раўніны, на водападзеле Чорнага і Балтыйскага мораў. Цяперашняя плошча складае 207,6 тым км.кв. Насельніцтва – 9,7 млн.чал. Краіна не мае выхаду ні да мора, ні да гор. Яна мяжуе з Літвой, Латвіяй, Расіяй, Украінай і Польшчай. Межы Беларусі з суседнімі краінамі не звязаны з істотнымі прыроднымі рубяжамі ці перашкодамі. Большую частку паверхні Беларусі ўтвараюць рауніны і нізіны. Узвышшы не займаюць і трэцяй часткі плошчы краіны. Асноўныя формы рэльефу сфраміраваліся яшчэ ў ледавіковы перыяд. Выгляд тэрыторыі і сетка рэк атрымалі блізкія да цяпершаніх рысы ў эпоху мезаліту, каля 9-5 тысячагоддзяў назад, калі адбылося таянне ледавікоў. Марэнныя ўзгоркі чаргуюцца з раўнінамі ды азёрна-балотнымі нізанамі, асабліва на поўдні, дзе прырода захавала больш старажытнае аблічча. Галоўныя рэкі Беларусі Дзвіна, Днепр, Нёман і Прыпяць. Іх прытокі густой сеткай пакрываюць усю тэрыторыю краю і звязваюць яе ў адно цэлае. Водасістэмы Дзвіны і Нёмана ўпадаюць у Балтыйскае мора. На поўначы сярод забалочаных нізін і раўнін знаходзіцца беларускае Паазёр’е – тут засталася найбольшая колькасць азёр, пакінутыя яшчэ ледавіком. Цэнтральная частка Беларусі ўзвышана, таму яна заселена больш шчыльна за іншыя раёны і лепш гаспадарча асвоена. На поўдні, у басейне Прыпяці, знаходзіцца моцна забалочаная нізіна. Гэта беларускае Палессе. Клімат Беларусі ўмерана-кантынентальны і вільготны. У сярэднявеччы і і раннім новым часеі клімат мала адрозніваўся ад сучаснага. Можа толькі зімы былі больш марознымі, а летам менш дажджыла. Глебы ў Беларусі малаурадлівыя, пясчана-гліністыя ці пясчаныя, толькі зрэдку – дзярнова-падзолістыя, а на поўдні – тарфяністыя. Галоўным прыродным багаццем краю здаўна былі лясы, якія густым масівам пакрывалі ўсю яго паверхню. З XVIII ст. іх высечка набыла знішчальны характар, але у ХІХ ст. лясы ахаплялі яшчэ больш за палову тэрыторыі Беларусі,. і нават цяпер лясное покрыва займае каля 1/3 плошчы краіны. Асабліва багатыя лесам Падзвінне ды басейн Бярэзіны. Лёгкімі планеты зямля лічыцца Белавежская пушча, якая знаходзіцца на Брэстчыне і часткова на Гродзеншчыне. Беларускі лес змешаны., але ў цэлым на сухіх землях дамінуюць хваёвыя, а ў забалочаных раёнах – вольха і бяроза. Вандроўнікі, чый шлях у XVI–XVII ст. пралягаў праз нашу Бацькаўшчыну, захапляліся яе прыгажосцю. Іх уражвалі яе незлічоныя рэкі, азёры, бясконцыя лясы. Нерушы і вадаёмы былі багатыя на звяроў і рыбу. Ланштафт Беларусі, вядома ж, на працягу стагодзяў мяняўся у выніку як прыродных працэсаў, так і людскога гаспадарання. Аднак у асноўных рысах выгляд мясцовасцяў з эпохі Сяроднявечча да гэтага часу не зведаў асабліва значных трансфармацый. Найбольшай шчыльнасцю насельніцтва і гаспадарчай асвоенасцю у ХVI ст. вылучаліся заходнія і цэнтральныя землі – Панямонне, Падляшша, Меншчына. Асобнымі выспамі жыхарства канцэнтравалася у Полацкай, Віцебскай і Смаленскай землях, у раёнах Пінска і Турава. Астатнія абшары, асабліва на поўдзень ад пінскіх балотаў, якія аддзялялі Беларусь ад Украіны, былі зусім малалюдныя. На сярэдзіну XVI ст. насельніцтва Беларусі складала каля 2 млн. чалавек. У 1650 г. тут пражывала 2,9 млн.чалавек. 53 % гэтай колькасці загінула або памерла ад голаду і эпідэмій у вайне 1654–1667 г. На 1700 г. у Беларусі было 2,1 млн. жыхароў. Паўночная вайна скараціла яго на 1/3. У канцы ХVIII ст. тут было ўжо 3, 6 млн. насельніцтва, у 1811 г. – 5 млн. З пачатку ХХ ст. да 1975 г. насельніцтва Беларусі павялічылася прыкладна ўдвая, хоць унутры гэтага перыяда і вагалася неаднаразова ў сувязі з войнамі, а таксама тэрытарыяльнымі падзеламі ХХ ст. Асноўную частку насельніцтва з часоў позняга сярэднявечча складалі беларусы, але ў памежных ранах беларусы пражывалі ўперамешку з суседнімі народамі: на поўначы, у раёне Ашмян, – з літоўцамі, у Браслаўскім, Дзісненскім і Міёрскім раёнах – з латышамі. У Падзвінні і Падняпроўі пражывалі рускія, на Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне – палякі. З часоў Гедыміна і Вітаўта на Беларусі абжыліся татары і яўрэі. Гісторыкі, калі гавораць і пішуць пра тэрыторыю Беларусі, звычайна ўдакладняюць, якую тэрыторыю яны маюць на ўвазе. Бо паняцце тэрыторыя Беларусі ўжываецца ў двух сэнсах: 1) тэрыторыя Беларусі ў яе цяперашніх палітычных межах; 2) этнічная тэрыторыя Беларусі – тэрыторыя кампактнага пражывання беларусаў, на якой адбывалася фарміраванне і развіццё нашага этнасу. Этнiчная тэрыторыя Беларусi шырэй за сучасную тэрыторыю і ахоплівае пераважна ўсходнеславянскiя землi, на якiх жылi нашчадкi крывiчоў (Вiцебшчына, Смаленшчына, Невельшчына), гiстарычнай лiтвы (Вiленшчына, Гарадзеншчына), дрыгавiчоў (цэнтральная Беларусь, Палессе, Берасцейшчына), радзiмiчаў (Магiлёўшчына, Гомельшчына, заходняя Браншчына). У XIV—XV стст. амаль уся этнічная тэрыторыя беларусаў знаходзiлася ў межах Вялiкага княства Лiтоўскага i складала прыкладна 260 тыс. кв. км. Этнiчная тэрыторыя кожнага народа вызначаецца ўстойлiвасцю на працягу стагоддзяў. Яшчэ ў пачатку XX ст. беларусы насялялi Смаленшчыну, сумежжа Браншчыны, Чарнiгаўшчыны, Пскоўшчыны, Латгалii, Падляшша i Вiленскi край. У вынiку наступных штучных падзелаў гэтыя землi апынулiся па-за палiтычнымi межамi Беларусi.
|