Літаратура і фальклор
Узаемадачыненні літаратуры і фальклору, у параўнанні з міфалогіяй, яшчэ больш цесныя і шматгранныя. Абодва гэтыя складнікі чалавечай культуры маюць агульны вобразна-выяўленчы матэрыял — звычайную мову людзей. І літаратура, і фальклор — віды слоўнай творчасці. Паходзячы з аднаго генетычнага кораня, літаратура і фальклор маюць даволі блізкую жанравую сістэму: так, і для фальклору і для літаратуры характэрны такія віды і жанры, як песня, балада, раманс, апавяданне, казка, легенда, паданне, анекдот, драма (народная) і некат. інш. Як бачна, прыведзеныя прыклады датычацца ўсіх трох родаў (эпасу, лірыкі і драмы), а таксама такога шматсастаўнога і аб’ёмістага міжродавага ўтварэння, як ліра-эпас. Такім чынам, можна смела весці гаворку аб надзвычай блізкім да літаратуры родавым, відавым і жанравым чляненні фальклору. Уздзеянне вуснай народнай творчасці на літаратуру (запазычанне тэм, матываў, сюжэтаў, вобразаў) пачалося з самых ранніх стадый развіцця і станаўлення апошняй. Прычым у тыя часы ў фальклоры была яшчэ надзвычай моцнай міфалагічная архаіка. Практычна кожная нацыянальная літаратура свету на стадыі свайго станаўлення зазнала дабратворны, плённы ўплыў вуснай народнай творчасці народа, на мове якога яна стваралася. Дадзены ўплыў працягваўся і на больш позніх стадыях развіцця прыгожага пісьменства. У якасці прыкладу нагадаем велізарную цікавасць еўрапейскіх рамантыкаў да міфалагічнай і фальклорнай спадчыны сваіх народаў, а таксама народаў другіх краін і кантынентаў: Індыі, Кітая і інш. Уздзеянне вуснай народнай творчасці на літаратуру адбываецца і сёння. Вядома, не ў такой ступені, як раней, аднак гэты працэс усё-роўна мае месца. Сустракаецца і адваротная тэндэнцыя, калі літаратурныя творы аказваюць пэўнае ўздзеянне на вусную народную творчасць. Так, напрыклад, фалькларызаваліся рубайяты Хафіза і Амара Хаяма, некаторыя рускія аповесці ХVII ст., шэраг баек І. Крылова і К. Крапівы, вершы (стаўшыя песнямі) П. Беранжэ, А. Пушкіна, М. Ісакоўскага, Т. Шаўчэнкі, Н. Гілевіча і цэлага шэрагу інш. аўтараў. Пры ўсіх цесных сувязях і ўзаемадачыненнях ёсць паміж літаратурай і фальклорам і даволі істотныя адрозненні. Яны «могуць быць апісаны на аснове такіх супрацьпастаўленняў, у якіх адной з прыкмет фальклору пастаўлена ў адпаведнасць супрацьлеглая прыкмета літаратуры. Напрыклад: (форма бытавання) вусная — пісьмовая, (тэкст) варыятыўны — стабільны, ці зменлівы — фіксаваны, (творчы працэс) калектыўны — індывідуальна-аўтарскі, (тып камунікацыі) кантактны — тэхнічны і г. д.» [46] Найбольш важная прыкмета, якая характарызуе фальклор у яго супрацьпастаўленні літаратуры, — гэта прыкмета «вуснасці». Яна ўбірае ў сябе не толькі спосаб выканання фальклорных тэкстаў (г. зн. вымаўленне іх услых, прычым вельмі часта з дапамогай спеваў), але і характар адносін паміж выканаўцам фальклору і яго слухачом, спосабы захавання тэксту ў часе, асаблівасці перадачы ад аднаго выканаўцы да другога. Наогул, паводле слушнай высновы А. Тапаркова, «апазіцыя «фальклор — літаратура» асіметрычная: фальклор узнік да літаратуры і першапачаткова ніяк не быў суаднесены з ёю, між тым літаратура з самага свайго ўзнікнення так ці інакш суаднесена з фальклорам: яна альбо арыентуецца на фальклор, альбо, наадварот, адштурхоўваецца ад яго, але ва ўсякім выпадку ў мностве сваіх форм захоўвае сваю роднаснасць з ім. Фальклор і спараджае літаратуру, і суіснуе з ёю, і супрацьстаіць ёй, і працягвае з ёю ўзаемадзейнічаць» [47].
|