Персанаж як носьбіт мовы. Дыялог і маналог
У многіх літаратурных творах персанаж паўстае ў якасці носьбіта мовы, выяўляючы сябе ў словах, што гаворацца ім услых альбо пра сябе. Такога персанажа можна ўмоўна імянаваць «гаворачым». На ранніх этапах функцыянавання слоўнага мастацтва «гаворачы» персанаж выступаў як суб’ект, за якога прамаўляў аўтар сваім уласным голасам, сваёй мовай і стылем. Аднак ад эпохі да эпохі персанажы сталі ўсё болей і болей атрымліваць права на свой уласны голас, на асабістую моўную характарыстыку і ў выніку набылі новы, больш важны статус у агульнай мастацка-выяўленчай сістэме твора. «Гаворачы» персанаж праяўляе сябе ў дыялагічнай і маналагічнай мове. Дыялогі (ад ст.-грэч. dialogos — размова, бяседа двух асоб) і маналогі (ад ст.-грэч. monologos — адпаведна словы, размова аднаго чалавека) «складаюць найбольш спецыфічнае звяно славесна-мастацкай вобразнасці. Яны з’яўляюцца свайго роду сувязным звяном паміж светам твора і яго моўнай тканінай. Як акты паводзін і як асноўны цэнтр думкі, пачуццяў, волі персанажа яны належаць прадметнаму слою твора; узятыя ж з боку слоўнай тканіны, складаюць феномен мастацкай мовы» [109]. Дыялог складваецца з выказванняў розных асоб (як правіла, двух; размова трох і болей персанажаў звычайна імянуецца палілогам) і ажыццяўляе ў выніку зносіны людзей. Удзельнікі камунікацыі ў дыялогу пастаянна мяняюцца ролямі, становячыся на пэўны час (не надта працяглы) то гаворачымі (г. зн. актыўнымі), то слухаючымі (г. зн. пасіўнымі). У час працякання дыялога асобныя выказванні ўзнікаюць імгненна. Кожная наступная рэпліка (надта кароткае і лаканічнае выказванне) залежыць ад папярэдняй, будучы непасрэдным водгукам на яе. Паводле сваёй будовы і змястоўна-функцыянальных асаблівасцей дыялогі, што знаходзяць выяўленне ў творах мастацкай літаратуры, можна ўмоўна падзяліць на рытуальна строгія (іх яшчэ можна імянаваць этыкетна ўпарадкаванымі ці цэрыманіяльнымі) і звычайныя. Першыя з’яўляюцца характэрнымі для традыцыйных фальклорных і ранніх літаратурных жанраў. Сфера ж прымянення другіх — уся сусветная літаратура Новага часу. Для дыялога найбольш спрыяльнай і пажаданай з’яўляецца атмасфера нязмушанасці і адсутнасці якой-бы то ні было дыстанцыі (прасторавай, сацыяльнай, разумова-інтэлектуальнай і інш.) паміж удзельнікамі, у выніку чаго рэплікі як быццам бы самі «льюцца» з вуснаў дзеючых асоб. Прычым наяўнасць у складзе дыялагічнага маўлення сказаў, словазлучэнняў і фраз, не зусім правільных з пункту гледжання сінтаксічных (а часткова і лексіка-граматычных) норм, не з’яўляецца, так бы мовіць, істотным парушэннем. Наогул, дыялогі адыгрываюць вельмі важную ролю ў мастацкай літаратуры. У эпічных (апавядальных) жанрах узаемаадносіны персанажаў без дыялога наўрад ці змогуць выявіцца канкрэтна, поўна і ярка. Драматычныя ж творы, дзе дыялог ёсць «найважнейшы выяўленчы сродак, пры дапамозе якога фарміруецца і развіваецца дзея, выяўляюцца характары» [110], па-за дыялогам зусім уявіць нельга. Побач з дыялогам у творах мастацкай літаратуры «сваёй сферай, сваімі магчымасцямі і асаблівай, не меншай значнасцю валодае і маналагічная мова» [111]. Адрозніваюць маналогі накіраваныя (на рускай мове — обращенные) і адасобленыя (на рускай мове — уединенные). Накіраваныя маналогі прызначаны пэўным чынам уздзейнічаць на адрасата, але ні ў якім разе не патрабуюць ад яго імгненнага і абавязковага водгуку. У дадзенай форме маналога адзін з удзельнікаў камунікацыі з’яўляецца актыўным (увесь час гаворыць), а ўсе астатнія пасіўнымі (слухаюць). Пры гэтым адрасатам накіраванага маналога можа быць і адзін чалавек, і некалькі, а часам і надта шмат (публічныя выступленні палітычных дзеячаў, прапаведнікаў, лектараў і інш.). Накіраваныя маналогі (у адрозненне ад рэплік дыялога) не абмежаваны ў сваім аб’ёме і, як правіла, папярэдне абдуманыя і дакладна вызначаныя паводле структуры. Яны могуць узнаўляцца ў самых розных жыццёвых сітуацыях. Накіраваныя маналогі выкарыстоўваюць як вусную, так і пісьмовую мовы. Такім чынам, маналог «намнога меней, чым дыялагічная мова, абмежаваны месцам і часам маўлення, ён лёгка распаўсюджваецца ў прасторы чалавечага быцця. Пагэтаму маналагічная мова здольная выступаць у якасці цэнтру збірання пазасітуатыўных сэнсаў, устойлівых і глыбокіх. Тут — яе несумненная перавага над рэплікамі дыялогаў» [112]. Адасобленыя маналогі — гэта выказванні, якія ажыццяўляюцца чалавекам у адзіноце (літаральнай) альбо ў псіхалагічнай ізаляцыі ад іншых. Да адасобленых маналогаў можна аднесці дзённікавыя запісы, што не прызначаны для чытача, а таксама «маўленне» для самога сябе: ці ўслых, ці (што назіраецца часцей) «пра сябе». Маўленне «пра сябе» звычайна імянуецца ў літаратурнай навуцы ўнутраным маналогам. Маналогі, як ужо адзначалася вышэй, шырока выкарыстоўваюцца ў творах мастацкай літаратуры. Ёсць яны і ў празаічных жанрах, і ў драматургіі. Найбольш жа шырока маналог прымяняецца ў лірыцы: яна практычна поўнасцю пабудавана на маналогу лірычнага героя. Своеасаблівым маналогам можна лічыць таксама мастацкі твор у цэлым. «Маналог гэты прынцыпова адрозніваецца ад аратарскіх выступленняў, публіцыстычных артыкулаў, эсэ, філасофскіх трактатаў, дзе безумоўна і неабходна дамінуе прамое аўтарскае слова. Ён уяўляе сабой своеасаблівае надмоўнае ўтварэнне — як бы «звышманалог», кампанентамі якога служаць дыялогі і маналогі асоб, што адлюстроўваюцца» [113]. Акрамя таго, што словы-тэрміны «дыялог» і «маналог» ужываюцца ў літаратуразнаўстве як назвы мастацка-маўленчых форм, імі сёння спрабуюць абазначаць таксама і «якасці свядомасці аўтараў і асоб, што імі малююцца. Літаратуразнаўства апошніх дзесяцігоддзяў настойліва звяртаецца да тэрмінаў «дыялагічнасць» («дыялагізм») і «маналагічнасць» (маналагізм»), якія ўвайшлі ў навуковы ўжытак, дзякуючы М.М. Бахціну. Гэтыя паняцці належаць тэорыі зносін, культуралогіі, а ў значнай меры і філасофіі. Яны характарызуюць далучанасць (ці, наадварот, недалучанасць) свядомасці, паводзін, выказванняў чалавека да працэсу міжасабовых зносін. Дыялагічнасць мае месца там, дзе выказванні з’яўляюцца звеннямі жывых і плённых зносін людзей і ўзбагачаюць іх духоўны вопыт. <...> Маналагічнасць жа — гэта перш за ўсё сфера негуманітарных ведаў, куды адносяцца прыродазнаўчыя і дакладныя навукі: мысленне і мова накіраваны на бязмоўную рэч ці нейкую адцягненасць (абстракцыю). І галоўным крытэрыем іх ацэнкі становяцца дакладнасць і завершанасць» [114]. Маналагічны характар літаратурна-мастацкая творчасць у многім насіла на ранніх этапах свайго развіцця. З цягам жа часу ў ёй усё больш і больш усталёўвалася дыялагічнасць, якая выяўлялася перш за ўсё праз імкненне аўтара да дыялогу са сваімі папярэднікамі, затым героямі і, урэшце, чытачом. Дыялогу аўтара з апошнім «садзейнічае запытальная, правакуючая актыўнасць аўтара, які апелюе да індывідуальнага водгуку чытача, да яго духоўнай і разумовай ініцыятывы» [115]. На аснове вылучаных М. Бахціным і атрымаўшых шырокае прызнанне катэгорый «дыялагічнасць» і «маналагічнасць» можна весці гаворку аб адпаведнай свядомасці персанажа. «Здольны да дыялагічных адносін герой нават у рамках маналагічнай мовы звяртаецца да іншай свядомасці і адкрыты ёй. <...> Дыялагічная свядомасць звязана з пэўнага роду паводзінамі, якія выражаюцца ў імкненні асобы да добрага ўдзелу ў лёсе іншага» [116]. Маналагічны ж герой — «гэта пераважна персанаж, замкнёны, засяроджаны на сабе. <...> Яго паводзіны вельмі часта звязаны з разбуральным пачаткам» [117].
|