Унутраны свет персанажа. Псіхалагізм
У персанажы (як і наогул у любой з’яве, рэчы і г. д.) вылучаецца ўнутранае і знешняе. Унутраны свет персанажа, які ўключае ў сябе памкненні, думкі, усвядомленыя пачуцці, а таксама сферу падсвядомага, адлюстроўваецца ў літаратурных творах па-рознаму. На ранніх этапах развіцця літаратуры (старажытнасць, сярэднявечча) унутраны стан персанажа перадаецца больш апасродкавана, ускосна, а не прама і адкрыта. Творы гэтага часу ўзнаўляюць пераважна ўчынкі персанажаў і толькі ў вельмі нязначнай ступені ўнутраныя, псіхалагічныя матывы гэтых учынкаў. Перажыванні героя амаль што поўнасцю залежаць ад разгортвання падзей і падаюцца галоўным чынам праз знешнія праявы. Прычым пісьменік акцэнтуе ўвагу, як правіла, на адным якім-небудзь пачуцці, што запаланяе ўсю душу персанажа. Пэўныя зрухі ў адлюстраванні літаратурай унутранага свету персанажаў (як у плане ўзбагачэння непасрэднай гамы перажыванняў, так і ў прыёмах і сродках яе перадачы) прынесла эпоха Адраджэння. Асабліва неабходна адзначыць у сувязі з гэтым творчасць У. Шэкспіра, персанажы п’ес якога характарызуюцца надзвычай багатым душэўным жыццём. Менавіта да іх ужо можна з поўным правам прымяняць тэрмін-азначэнне «псіхалагічна напоўненыя». Пасля некаторага перапынку, звязанага з класіцыстычнай адналінейнасцю вобразаў-персанажаў, псіхалагізм зноў актывізаваўся ў еўрапейскай літаратуры. Гэта адбылося ў другой палове ХVІІІ ст. у творчасці пісьменнікаў-сентыменталістаў («Юлія, ці Новая Элаіза» Ж.Ж. Русо, «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» Л. Стэрна і інш.). Яшчэ большы імпульс развіццю псіхалагізму ў літаратуры надаў рамантызм. Пісьменнікі-рамантыкі імкнуліся ўзнаўляць складаныя, часам надзвычай супярэчлівыя перажыванні сваіх герояў. Аднак і на іх творчасці яшчэ ляжыць пэўны адбітак адналінейнасці пачуццяў (напрыклад, паэмы Дж. Байрана, ранніх А. Пушкіна і М. Лермантава). Аб другой палове ХІХ ст. ужо можна весці гаворку як аб часе поўнага і ўсебаковага ўсталявання псіхалагізму ў літаратуры. Асабліва шмат у мастацкае даследаванне «дыялектыкі душы» сваіх персанажаў унеслі Л. Талстой і Ф. Дастаеўскі. У іх раманах і аповесцях з небывалымі да гэтага паўнатой і канкрэтнасцю ўзноўлены працэсы фарміравання думак, пачуццяў, намераў чалавека, іх перапляценне і ўзаемадзеянне, часам надзвычай складанае і супярэчлівае. Менавіта ў гэты час у літаратуры замацавалася «рэфлексуючая» асоба (В. Халізеў), якую можна знайсці практычна ў любым буйным рэалістычным творы. Пра ХХ ст., пры ўсім тым, што псіхалагізм к гэтаму часу ўжо стала ўвайшоў у сусветную літаратуру і замацаваўся там, нельга гаварыць як аб часе яго поўнага і непадзельнага панавання. Справа ў тым, што спачатку еўрапейская мадэрнісцкая эстэтыка (асабліва ў гэтым плане вызначыліся футурысты), а затым і радыкальная савецкая (А. Луначарскі, пралеткультаўцы і інш.) з рэзкай крытыкай пачалі адносіцца да перадачы пісьменнікамі нюансаў складанага духоўнага стану асобы, прызываючы звяртаць больш увагі на адлюстраванне матэрыяльнага свету. Псіхалагізм, для перадачы якога ў літаратуры намнога болей магчымасцей у параўнанні з астатнімі відамі мастацтва з-за слоўнай вобразнасці прыгожага пісьменства, апеліруючай не толькі да пачуццяў, але і непасрэдна да розуму чалавека, яго інтэлекту, шматстайны ў асаблівасцях свайго выяўлення ў творах. Абазначым яго найбольш важныя разнавіднасці, формы выяўлення, а таксама канкрэтныя прыёмы і сродкі. Па-першае, псіхалагізм, паводле В. Халізева, можа быць яўным, адкрытым, «дэманстратыўным» і прыхаваным, «тайным», «падтэкставым» [101]. Першую разнавіднасць прадстаўляюць творы Ф. Дастаеўскага, Л. Талстога, У. Фолкнера, К. Чорнага, І. Мележа і інш; другую — І. Тургенева, А. Чэхава і некат. інш. аўтараў. Калі браць формы псіхалагічнага адлюстравання, то іх адзін з сучасных расійскіх даследчыкаў псіхалагічнага пісьма А. Есін вылучае тры: прамую, ускосную і сумарна-абазначальную. Першая ўтвараецца ў выніку паказу ўнутранага свету персанажаў шляхам непасрэднай аўтарскай перадачы-расповеду аб тым, што творыцца ў душах герояў. Другая ўзнікае тады, калі адлюстроўваецца ўнутраны свет персанажаў «праз знешнія сімптомы» [102], г. зн. праз перадачу мімікі, жэстаў, асаблівасцей рухаў і інш. І трэцяя нараджаецца ў выніку паведамлення аб думках і пачуццях герояў «з дапамогай называння, гранічна сціслага абазначэння тых працэсаў, што працякаюць ва ўнутраным свеце» [103]. У межах названых форм існуе шмат канкрэтных прыёмаў і сродкаў псіхалагічнага пісьма. Да найбольш распаўсюджаных адносяцца: 1) апавяданне ад першай асобы; 2) апавяданне ад трэцяй асобы; 3) няўласна-простая ўнутраная мова; 4) сумеснае ўжыванне апавядання ад першай асобы і апавядання ад трэцяй асобы з іх чаргаваннем, а таксама паралельным выкарыстаннем няўласна-простай унутранай мовы; 5) псіхалагічны аналіз і самааналіз (падзел складанага душэўнага стану на пэўныя элементы-часцінкі); 6) унутраны маналог (пры ўмове давядзення яго да сваёй лагічнай мяжы ён можа перарастаць у «плынь свядомасці»); 7) «дыялектыка душы»; 8) «мэтавае» псіхалачна-адцяняючае і параўнальнае выкарыстанне партрэтных і пейзажных дэталей, а таксама дэталей рэчыўнага свету. Як бачна, канкрэтных прыёмаў і сродкаў адлюстравання душэўнага стану персанажа, стварэння ўнутранай псіхалагічнай карціны даволі многа. Галоўнае, каб пісьменнік умела і творча карыстаўся імі. Наогул жа, практыка выкарыстання ўсяго арсеналу сродкаў, прыёмаў і спосабаў псіхалагічнага пісьма досыць індывідуальная. Кожны з літаратурных родаў валодае сваімі магчымасцямі псіхалагічнага адлюстравання. Так, у лірыцы псіхалагізм носіць экспрэсіўны характар: лірычны герой ці непасрэдна выказвае свае пачуцці, ці імкнецца да самааналізу, ці, урэшце, аддаецца лірычным развагам-медытацыям. Драматургічныя творы пэўным чынам абмежаваны ў плане магчымасцей адлюстравання ўнутранага стану персанажа: гэта дасягаецца толькі праз маналог, жэстыкуляцыю, інтанацыйнае афармленне гаворкі. Самыя ж вялікія патэнцыі псіхалагічнага пісьма ў эпічным родзе.
|