Пафас, яго разнавіднасці
Уласна змястоўны пласт твора характарызуе таксама яго пафас (ад ст.-грэч. pathos — пачуццё, натхненне, жарсць). Пафасам называецца «ідэйна-эмацыянальная накіраванасць літаратурнага твора, што вызначае спецыфіку мастацкага зместу ў сукупнасці ўсіх яго кампанентаў» [89]. Наогул, гэта «пачуццё, жарсць, якія ўклаў у сваё тварэнне аўтар і якімі ён хацеў бы натхніць чытача» [90]. Катэгорыя пафасу вядзе сваё паходжанне яшчэ з антычнасці (развагі аб патэтычнай мове ў «Рыторыцы» Арыстоцеля). Затым у яе распрацоўку істотны ўклад унеслі Г. Гегель і В. Бялінскі. Вылучаюць некалькі асноўных разнавіднасцей пафасу. Гераічны пафас перадае значныя сацыяльна-прагрэсіўныя памкненні, і ў першую чаргу барацьбу за волю, свабоду народа, нацыі, краіны. Твораў з гераічным пафасам у цэнтры шмат у сусветнай літаратуры. Калі ж браць уласна беларускае прыгожае пісьменства, дык гэта «Песня пра зубра» М. Гусоўскага, «Страцім-лебедзь» М. Багдановіча, «Сцяг брыгады» А. Куляшова і інш. Драматычны пафас узнікае ў творы ў выніку перадачы ў ім барацьбы персанажаў са знешнімі сіламі і абставінамі, якія ўяўляюць пагрозу іх жаданням, памкненням, а часам нават і жыццю («Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Судны дзень Скарыны» М. Арочкі і інш.). Вельмі многія творы сусветнай літаратуры пабудаваны на цесным спалучэнні гераічнай і драматычнай танальнасці, таму аб іх пафасе правамоцна гаварыць як аб героіка-драматычным. Трагічны пафас складаецца ў выніку мастацкага адлюстравання невырашальных супярэчнасцей паміж патрабаваннямі жыцця і немагчымасцю іх практычнага ажыццяўлення. Даволі часта ў творах з такога роду пафасам узнаўляецца складаная ўнутраная барацьба, якую вядуць героі (ці адзін з герояў) унутры саміх сябе, уласных характараў. Гэта барацьба паміж натуральнымі пачуццямі, памкненнямі сэрца (каханне, роднасныя сувязі і г. д.) і ідэямі грамадзянскага, дзяржаўнага доўгу. Яскравымі прыкладамі такіх твораў з’яўляюцца п’есы «Гарацыі» П. Карнеля і «Гамлет» У. Шэкспіра. Наогул, іх пафас можна ахарактарызаваць не толькі як трагічны, але і як трагедыйны. Сатырычны пафас адухаўляе мастацкія творы, у якіх лад жыцця і чалавечыя характары з’яўляюцца прадметам гнеўнага, абуральнага высмейвання («Гісторыя аднаго горада» М. Салтыкова-Шчадрына, «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы). У тых выпадках, калі аўтар усведамляе недасканаласць жыцця і чалавечых магчымасцей, але не бічуе недахопы, не гнеўна іх асуджае, а проста смяецца над сваімі героямі і часам нават шкадуе іх, мы маем справу з гумарыстычным пафасам. Сатырычны і гумарыстычны пафасы можна лічыць разнавіднасцямі ўласна камічнага пафасу. Сентыментальным пафасам прасякнуты перш за ўсё творы адпаведнага літаратурнага метаду, стылю і напрамку ХVІІІ ст., героі якіх характарызуюцца душэўна-пачуццёвай рэфлектыўнасцю, што ўзнікае ў выніку ўсведамлення імі сапраўдных, як яны лічаць, каштоўнасцей быцця, звязаных з вольным і несапсаваным цывілізацыяй жыццём на ўлонні прыроды. Творы з сентыментальным пафасам вызначае таксама гіпертрафіраваная пачуццёвасць, якая, дарэчы, выяўлялася ў літаратуры ў той альбо іншай ступені як да ўзнікнення і выхаду на авансцэну сентыменталізму, так і пасля сыходжання з яе. Зрэшты, «пачуццёва-замілаваныя адносіны аўтара да сваіх герояў <...> ніколі не прападаюць у мастацтве слова. Пісьменнікі заўсёды шкадавалі і будуць шкадаваць асобных сваіх герояў» [91]. Рамантычны пафас (часам яго імянуюць яшчэ рамантыкай) перадае рэфлектыўную душэўную ўзрушанасць, захопленасць герояў нейкімі высокімі, часам ідэальнымі і ў прынцыпе неажыццявімымі памкненнямі, намерамі, якія з’яўляюцца своеасаблівым выклікам будзённай і шэрай рэчаіснасці. Як вядома, у гісторыі сусветнай літаратуры, мастацтва і культуры наогул была цэлая эпоха (канец ХVІІІ — пачатак ХІХ стст.), калі дадзены пафас дамінаваў над усімі астатнімі. Пэўнае адраджэнне рамантызму і адпаведнага пафасу ў літаратуры адбылося ў пачатку ХХ ст. і атрымала назву неарамантызму. Наогул, рамантычны пафас выяўляўся ў літаратурных творах не толькі ў названыя перыяды, але і ў іншыя часы. Сапраўдная, высокая літаратура не можа існаваць без рамантыкі. Адзначаныя віды пафасу хоць і сустракаюцца ў літаратуры ў «чыстым» выгляде, аднак даволі часта, нават у межах аднаго і таго ж твора, узаемапераплятаюцца і ўзаемадапаўняюцца, пераходзяць з аднаго ў другі. У якасці прыкладу прывядзём п’есу У. Караткевіча «Маці Урагану», дзе рамантычны пафас суседнічае з драматычным, а апошні ў заключных карцінах твора пераходзіць у трагедыйны. Мае месца ў дадзенай п’есе і камічнае. Сустракаюцца ў літаратуры і творы з «пустым» альбо напышлівым пафасам, у якіх неапраўдана ўзносяцца з’явы, падзеі, факты, што па вялікім рахунку не заслугоўваюць гэтага. На заканчэнне размовы аб пафасе хацелася б прывесці даволі цікавую думку-выснову маскоўскага прафесара А. Казлова: «У апошнія гады паняцце аб пафасе ў літаратуразнаўстве амаль выйшла з ужытку. Прычына гэтага не толькі ў змене літаратурнай «моды». Важней іншае: наш век цураецца адкрытага праяўлення пачуццяў, нездарма ўжо даўно і ў рускай, і ў замежнай літаратуры цэнтральным героем стала рэфлексуючая асоба, далёкая і ад гераізму, і ад рамантызму, якая калі і выяўляе ў сабе якія-небудзь эмоцыі, дык, як правіла, замаскіраваныя іроніяй» [92].
|