Фактары літаратурнага поспеху
У асноўным рэпутацыі пісьменнікаў і іх твораў пазначаны пэўнай стабільнасцю (вядома, калі ў гэты працэс акрамя ўласна чытацкай публікі не ўмешваюцца нейкія іншыя, знешнія, калі так можна сказаць, сілы, як, напрыклад, дзяржава з яе моцным ідэалагічным апаратам). Разам з тым у гісторыі функцыянавання прыгожага пісьменства сустракаліся выпадкі, калі малавядомыя аўтары ў нейкі момант набывалі папулярнасць і нават станавіліся класікамі. Найбольш яскравы прыклад такіх метамарфоз — творчасць У. Шэкспіра, якая аж да сярэдзіны ХVІІІ ст. не прыцягвала да сябе асаблівай увагі, а затым паступова стала набываць вядомасць у Еўропе і свеце ў цэлым. Такі ж прыкладана лёс, але толькі ў дачыненні да рускай культуры, напаткаў таксама творчасць Ф. Цютчава, выдатныя лірычныя творы якога пры жыцці самога паэта былі малавядомымі, а ў ХХ ст. набылі значную папулярнасць. Маюць месца таксама і выпадкі адваротнага характару. Дзеля прыкладу (яго прыводзіць В. Халізеў) можна нагадаць лёс творчасці аднаго з рускіх паэтаў ХІХ ст. С. Надсана, вершы якога пры жыцці карысталіся незвычайным поспехам, а пасля смерці аўтара неяк раптоўна зніклі з літаратурнага небасхілу і практычна забыліся. «Перапады» цікавасці чытацкай публікі да пісьменнікаў і іх твораў не з’яўляюцца, — лічыць В. Халізеў, — выпадковай справай. Існуюць фактары літаратурнага поспеху. Яны досыць разнародныя» [67]. Па-першае, адбываюцца змены (у залежнасці ад атмасферы грамадскага жыцця эпохі) у чытацкіх чаканнях, у выніку якіх увагу на сябе звяртаюць творы то адной, то зусім іншай змястоўнай і ўласна мастацкай арыентацыі. Так, напрыклад, калі яшчэ ў ХІХ ст. чытацкую ўвагу найбольш прыцягвалі творы, так бы мовіць, спакойныя і жыццесцвярджальныя ў сваёй аснове, то ў сярэдзіне і другой палове ХХ ст. істотна павысіліся рэпутацыі тых пісьменнікаў, творы якіх адлюстроўваюць быццё як дысгарманічнае, прасякнутае скепсісам, а то і поўным трагізмам. Адпаведнасць настрою думак аўтараў (калі б яны ні жылі) духу часу — гэта, бадай, ці не галоўны фактар, які прыцягвае ўвагу чытачоў да твораў, робіць іх вядомымі і папулярнымі. Па-другое, «у кожную літаратурную эпоху мае месца рэзкае разыходжанне густаў і поглядаў старэйшага і малодшага пакаленняў, пры якім другое адштурхоўваецца ад першага: літаратурныя «куміры» старэйшых развенчваюцца малодшымі, адбываецца перагляд рэпутацый пісьменнікаў і іх твораў; учарашнім «лідэрам» супрацьпастаўляюцца сённяшнія, новыя, сапраўды сучасныя» [68]. Усё гэта разглядаецца як гарантыя ад застою ў літаратурным жыцці, як абавязковая ўмова яго далейшага руху. Пры гэтым поспеху ў сучаснікаў у немалой ступені садзейнічае тое, як моцна і эфектна заявіў аб сабе таленавіты аўтар, як ён данёс да чытача ўласную арыгінальнасць і навізну. Часам істотнае значэнне маюць і моманты заахвочвання пісьменнікаў афіцыйнымі ўладамі, уплывовымі грамадскімі коламі, сродкамі масавай інфармацыі. Пэўную ролю адыгрывае таксама імпульс самасцвярджэння тых аўтараў, якія хоць і не валодаюць моцным талентам, аднак настойліва дабіваюцца вядомасці, публікацый, прызнання крытыкаў. Дарэчы, такіх пісьменнікаў неабходна адрозніваць ад графаманаў, якія наогул пазбаўлены таленту. Галоўным жа і «адзіна надзейным (няхай не заўсёды хутка дзейсным) фактарам поспеху ў чытацкай публікі <...> з’яўляецца спаўна рэалізаваўшы сябе пісьменніцкі талент, маштаб асобы аўтара, самабытнасць і арыгінальнасць яго твораў, глыбіня «творчага сузірання» рэальнасці» [69]. Наогул, якімі б істотнымі і важнымі ні былі меркаванні чытачоў, толькі імі нельга вымяраць годнасць і мастацкую вартасць твораў. Гэта пацвярджае шматвяковы вопыт развіцця сусветнага прыгожага пісьменства, лепшыя творы якога не заўсёды і не адразу атрымлівалі высокую ацэнку і прызнанне шырокай чытацкай публікі. Апошняя ў сувязі з даволі слабай мастацка-эстэтычнай падрыхтаванасцю (яна, вядома, павышаецца з ростам агульнай адукаванасці мас, але не так хутка, як гэтага хацелася б) у сваёй пераважнай частцы іншы раз не ў стане адрозніць сапраўдны шэдэўр ад паралітаратурнай падробкі і па-сапраўднаму ацаніць яго. Такім чынам, мы пераходзім да праблемы грамадскай арыентацыі і прызначэння літаратуры і мастацтва.
|