Беларуская мова – форма нацыянальнай культуры
Мова – вельмі своеасаблівы феномен культуры. З аднаго боку, мова з’яўляецца найважнейшым самастойным элементам культурнай спадчыны народа, адной з асноўных частак культуры, з другога – яна спецыфічны спосаб існавання і захавання культуры ў цэлым, дапамагае авалодаць усім багаццем чалавечай дзейнасці (культурай народа). Любая культура – гэта працэс і вынік асваення чалавекам рэчаіснасці, творчае асэнсаванне свету і сябе ў ім[2]. На спосабы пазнання рэчаіснасці і яго вынікі накладваюць адбітак умовы жыцця і быту кожнага этнасу. Таму не выпадкова, што пры пазнанні свету побач з агульным вылучаецца і адметнае, нацыянальнае. Як зазначае В. А. Маслава: «Усякая культура нацыянальная, яе нацыянальны характар адлюстраваны ў мове пры дапамозе асаблівага бачання свету»[3]. Паводле дадзеных акадэміі навук Францыі, насельніцтва Зямлі гаворыць на 2796 мовах. Нямецкія вучоныя сцвярджаюць, што сучасныя народы свету гавораць больш чым на 4000 моў, а ўсяго навуцы вядома 5600 жывых і мёртвых (на якіх ужо не размаўляюць) моў. Рускія лінгвісты налічваюць каля 3500 моў. Усе мовы маюць свае спецыфічныя, характэрныя для іх рысы, бо кожны носьбіт мовы вырас у пэўных кліматычных умовах, у розных геаграфічных шыротах, меў свой занятак, што і наклала адбітак на ўспрыманне свету і, у сваю чаргу, паўплывала на мову. Сапраўды, прыроднае асяроддзе (клімат, раслінны і жывёльны свет, ландшафт і пад.), гістарычныя ўмовы жыцця людзей істотна ўплываюць на характар заняткаў народа (жывёлагадоўля, земляробства, паляванне, рыбны промысел, гандаль і пад.). Адзначаная спецыфіка адлюстроўваецца ў мове. Беларуская мова мае асаблівасці, якія праяўляюцца на ўсіх моўных узроўнях – ад гука да сказа. Нацыянальная адметнасць найперш выяўляецца ў лексічным складзе мовы. Кожны народ вылучае і замацоўвае ў назвах найбольш важныя менавіта для яго аб’екты акаляючага асяроддзя, свет рэчаў і сваіх уяўленняў аб іх. У склад лексікі беларускай мовы, напрыклад, уваходзіць каля дваццаці назваў балота (дрыгва, твань, багна, бездань, імшара і пад.), каля дзесятка назваў ляснога масіву (бор, гай, дуброва, пушча, хмызняк і пад.), назваў палеткаў (кукурузнік, жытное, прасянішча, аўсянішча, бульбянішча і пад.) і г. д. У мовах народаў паўночнай тэрыторыі Еўраазіяцкага кантынента сустракаюцца шматлікія назвы аленяў, снегу, тундры і г. д.; у абарыгенаў Фіджы ўвогуле не існавала слова для абазначэння снегу, пакуль яно не было створана ў ХІХ ст. Затое ў фіджыйцаў ёсць асобныя словы для кожнага віду какосавага арэха і кожнай фазы яго росту; мова арабаў адрозніваецца шырокім ужываннем вялікай колькасці найменняў вярблюдаў; мовы народаў так званых «марскіх дзяржаў» налічваюць нямала спецыфічных назваў ветру, суднаў; у народа самал з паўднёвай часткі Філіпінаў існуюць назвы больш як для 250 відаў рыбы і г. д. Для кожнай мовы, такім чынам, характэрныя словы, якія называюць спецыфічныя паняцці, прадметы, здабыткі культурнай дзейнасці народаў. Большасць такіх адметных слоў не мае адпаведнікаў (эквівалентаў) у іншых мовах. У працэсе развіцця моўнай сістэмы за многімі словамі замацоўваецца вобразнае значэнне, якое абумоўлена бытам, звычаямі, культурай народа. Гэтыя дадатковыя так званыя культуралагічныя значэнні слоў нацыянальна зарыентаваныя, паколькі ў кожнага народа свае вобразна-мастацкія сімвалы краіны, хараства, красы, самабытнасці, моцы, даўгавечнасці, сціпласці, мудрасці і г. д. Найбольш выразна гэта выяўляецца пры супастаўленні аналагічных паняццяў і сітуацый у розных мовах і культурах. Напрыклад, у розных культурах існуюць адрозненні ва ўспрыманні колеравай гамы. Так, у кітайцаў і некаторых іншых народаў белы колер можа ўспрымацца як сімвал жалобы, смутку, а ў беларусаў гэтую функцыю выконвае чорны колер. Белы колер для славян – сімвал чысціні, прыгажосці, любві, хоць у паганскія часы ён з’яўляўся сімвалам і нараджэння і смерці. Смерць і пахаванне блізкага чалавека для славян – вялікае гора, смутак, а ў асобных народаў гэтыя падзеі выклікаюць іншыя, больш станоўчыя эмоцыі. Назвы расліннага і жывёльнага свету таксама ствараюць розныя асацыяцыі ў розных народаў, некаторыя з такіх назваў становяцца адпаведнымі сімваламі. У прыватнасці, прыгадаем вядомыя радкі з верша М. Багдановіча «Слуцкія ткачыхі»: І тчэ, забыўшыся, рука Заміж персідскага ўзора Цвяток радзімы васілька. Назва кветкі васілёк, такім чынам, з’яўляецца сімвалам краіны, гэта вобраз роднай Беларусі. Для Расіі сімвал радзімы – бяроза, а для нарвежцаў бяроза – увасабленне вынослівасці, стойкасці. Няма сумненняў у тым, што па-рознаму ўспрымаюцца народамі воўк, сабака, зубр, карова, заяц, бусел, жораў ды інш. У нашай свядомасці, напрыклад, заяц – палахлівы, нясмелы; воўк – бязлітасны, агрэсіўны, злы, а ў японцаў заяц з’яўляецца сімвалам розуму (кемлівы, здагадлівы); у некаторых народаў Усходу заяц – сімвал мудрасці; воўк у кіргізаў – увасабленне смеласці і высакародства. Працяглы працэс развіцця культуры таго ці іншага народа фіксуюць, перадаюць нашчадкам і фразеалагічныя адзінкі. Большасць фразеалагізмаў захоўваюць менавіта культурна-нацыянальны каларыт. Прычым даследчыкі падкрэсліваюць, што розныя тыпы фразеалагізмаў па-рознаму адлюстроўваюць культуру, хоць не ўсе яны становяцца носьбітамі культурна-нацыянальнай інфармацыі. Тым не менш, у кожнай мове існуюць фразеалагізмы, адным або некалькімі кампанентамі якіх з’яўляюцца нацыянальныя ўласныя імёны, назвы прадметаў нацыянальнай культуры, у якіх адлюстравана гісторыя народа. Параўнайце беларускія ўстойлівыя выразы тыпу якую кашу заварыш, такую і еш; лыкі аднаго лапця; калі з роду баравік, то лезь, браце, у кошык; мілей свая хата, як чужая вёска; пасылаць у Магілёўскую губерню; ад Глуска да Кракава – скрозь бяда адзінакава і рускія назвался груздем, полезай в кузов; щи лаптем хлебать ‘пра вельмі простага чалавека’; как с писаной торбой возиться ‘ўдзяляць шмат увагі’; мамаево побоище; казанская сирота; как швед под Полтавой і пад. У прыведзеных устойлівых выразах лексемы каша, лыка, кошык, хата, вёска і щи, лапоть, торба, кузов указваюць на сферу матэрыяльнай культуры. На канкрэтныя гістарычныя факты, краіназнаўчыя веды паказваюць словы ўстойлівых выразаў Магілёўскі, губерня, Глуск, Кракаў і мамаев, побоище, казанский, швед, Полтава. Спецыфіка вобразна-мастацкіх уяўленняў таго ці іншага этнасу адлюстравана ў фразеалагізмах або ўстойлівых выразах накшталт жаба і з залатога трона ў балота скача (параўн. рус. кляча и в золотой узде не конь); чорнага сабаля не вымые ні мыла, ні вада (параўн. рус. черного кобеля не отмоешь добела); крывое дрэва не выпрастаеш (параўн. рус. хоть трижды подой – всё тот же удой); якое дрэва, такія і адросткі; якое карэнне, такое і насенне (параўн. рус. яблоко от яблоньки недалеко катится; дерево по плодам, а человека по делам [ узнают ]) і пад. Значэнне ‘ніколі’ ў розных мовах перадаецца рознымі фраземамі: рускія кажуць когда рак на горе свиснет, англічане – калі свінні паляцяць, кіргізы – калі хвост ішака дакранецца да зямлі, беларусы – як воўк шчанём будзе і брахаць хвастом будзе, хутчэй бусел жарабя ўродзіць. Ужыванне спецыфічных устойлівых выразаў для выказвання падзякі, пажаданняў, прывітання і г. д. таксама з’яўляецца адметнай нацыянальна-культурнай прыкметай. Вельмі гасцінны, добразычлівы беларускі народ карыстаецца шматлікімі выслоўямі ад звычайных шырокавядомых Дзень добры! Выбачайце, калі ласка! Дзякуй Вам! Вітаю Вас і пад. да больш складаных маўленчых адзінак тыпу Вам шчасце-долю і хлеба ўволю! Каб вам шчасце і здароўе, і дзяціне, і сябрыне! Каб вас ліханька не ўзяло! Каб дзяды не ведалі бяды, а ўнукі не бачылі мукі! Каб у дамочку, у садочку, у хлявочку, у полечку ўсё радзіла і пладзіла! На доўгі век, на добрае здароўе! Дай, божа, каб усё было гожа, а што нягожа – не дай, божа і пад. Адметнасцю беларускай мовы, асабліва вуснай, з’яўляецца выкарыстанне пры звароце да знаёмых і незнаёмых людзей даўніх клічных форм назоўніка (дружа, браце), пытальнай часціцы ці, прыналежных прыметнікаў. Нездарма Ф. Багушэвіч назваў беларускую мову «адзежаю душы» беларусаў. Нацыянальная спецыфіка выяўляецца і ў фанетычным складзе мовы. Беларуса і сёння пазнаеш па цвёрдым вымаўленні асобных зычных (шчырасць, жыццё, чорны), па звонкім «дзе» і густым «чаго» (як казаў Пімен Панчанка). У дачыненні да адметнасці беларускай мовы М. Шавыркін зазначае: «У беларускай мове пазбягаюцца выпадкі збегу зычных: слова павінна гучаць вольна, разносіцца ўшыркі, трымацца на прасторы, як душа адчувае сябе сярод раўнінных краявідаў». Уласцівыя беларусам «дзеканне» і «цеканне» надаюць выказванням мілагучную звонкасць, а поўнагалоссе – напеўнасць, мяккасць маўлення, зацвярдзеласць асобных зычных – паслядоўную трываласць, прыродную магутнасць[4]. Самабытнасць беларускай мовы, яе непаўторнасць падкрэслівае выдатны пісьменнік У. Караткевіч: «Наша мова вечная, бо ўся яна, як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б’е, як перапёлка ў жытах,– мякка, а за тры вярсты чуваць. «Эль» – як салодкае віно, «дзе» – як шкляной палачкай па крышталю, мяккае «с» – як соннае ціўканне сінічкі ў гняздзе. І побач «р», як гарошына ў свістку, і доўга, спявуча, адкрыта гучаць галосныя. А «г» прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзіцяці, каб перастаў сніць дрэнны сон». Універсальным сродкам перадачы вобразна-мастацкіх уяўленняў чалавека, эмоцый, пачуццяў і г. д., выкліканых уздзеяннем твораў выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, музычнага ды іншых відаў мастацтваў, таксама з’яўляецца мова. Яна акумулюе розныя погляды на пачутае і ўбачанае, зберагае вобразы, якія ўзнікаюць у свядомасці ад таго ці іншага твора мастацтва, «матэрыялізуе» разнастайныя думкі людзей. Такім чынам, культура, зафіксаваная ў мове, жыве ў метафарах, фразеалагізмах, прыказках і прымаўках, фальклорных творах і г. д. Прычым кожны носьбіт мовы фарміруе сваё бачанне свету менавіта на аснове паняццяў, якія замацаваныя ў мове яго продкамі. Іншымі словамі, мова з’яўляецца носьбітам і перадатчыкам нацыянальных вобразна-мастацкіх адносінаў да свету, нацыянальнай свядомасці і самасвядомасці, фіксуе спецыфіку светаадчування, светаўспрымання і пазнання. Мова не проста адлюстроўвае тое, што ёсць у культуры, а фарміруе культуру і развіваецца ў культуры. Як адна з прыкмет нацыі, мова з’яўляецца адной з галоўных формаў выражэння і існавання нацыянальнай культуры.
|