Навуковы стыль, яго жанравая спецыфіка і характэрныя асаблівасці
Кожны функцыянальны стыль, як ужо адзначалася, абслугоўвае пэўную сферу дзейнасці чалавека. Навуковы стыль выкарыстоўваецца ў сферы навукі і тэхнікі, адукацыі, вытворчасці і пад. Гэта стыль навуковай літаратуры, дысертацый, слоўнікаў, энцыклапедый, дапаможнікаў, падручнікаў, дакладаў, рэфератаў, лекцый, рэцэнзій і г. д. Сярод асноўных функцый навуковага стылю звычайна вылучаюць: а) перадачу навуковай інфармацыі; б) актывізацыю лагічнага мыслення. Паказаныя функцыі абумоўліваюць характэрныя асаблівасці навуковага стылю: абагульненасць і абстрагаванасць, дакладнасць (адназначнасць) і аб’ектыўнасць, лагічнасць і строгасць выкладу. Абагульненасць і абстрагаванасць уласцівы кожнаму навуковаму тэксту. У такіх тэкстах шырока выкарыстоўваецца абстрактная лексіка тыпу метад, працэс, ціск, вынік, стан, хуткасць, дзейнасць, велічыня, рух і пад. Нават словы з канкрэтным значэннем ужываюцца для абазначэння агульных паняццяў. Так, у сказе Бяроза – лісцевае дрэва сямейства бярозовых з белай карой (ТСБМ) слова бяроза абазначае не канкрэтны адзінкавы прадмет (дрэва), а сукупнасць аднародных прадметаў (пароду дрэў), перадае агульнае паняцце. Адцягнена-абагулены характар навуковага маўлення падкрэсліваецца таксама спецыяльнымі лексемамі (звычайна, рэгулярна, заўсёды і пад.) і граматычнымі сродкамі. У прыватнасці, у навуковым стылі значна шырэй сустракаюцца формы дзеясловаў незакончанага трывання, якія ў большай ступені, чым дзеясловы закончанага трывання, выражаюць абагуленыя значэнні: металы лёгка рэжуцца, кіслата раз’ядае, ураўненне прымае выгляд і пад. Практычна не выкарыстоўваюцца формы 2-й асобы дзеясловаў і займеннікі я, ты, вы. У навуковых тэкстах ужываюцца, як правіла, найбольш абстрактныя паводле значэння формы 3-й асобы і займеннікі ён, яна, яно, а таксама дзеясловы з няпэўна-асабовым значэннем: законы фармулююцца, бром атрымоўваюць, маецца тэарэма і пад. Абагульненасць і абстрагаванасць навуковага маўлення падкрэсліваецца павышанай ужывальнасцю назоўнікаў ніякага роду з абстрактным значэннем: дзеянне, утварэнне, размеркаванне, значэнне, выпраменьванне, адлюстраванне, мысленне, ураўненне, аб’яднанне і пад. Дакладнасць (адназначнасць) і аб’ектыўнасць навуковага стылю выражаецца ў выкарыстанні адназначных слоў і тэрмінаў. Вельмі рэдка ў навуковых тэкстах сустракаюцца сінонімы, не дапускаецца ўжыванне слоў з пераносным значэннем. Для такіх тэкстаў характэрна дакладнасць афармлення сінтаксічных сувязей: шырокае ўжыванне канструкцый са злучнікамі (злучальнымі словамі) і адыменнымі прыназоўнікамі тыпу за выключэннем; з прычыны; у выніку; у сувязі з тым, што; калі..., то і пад., сказаў з дзеепрыметнымі і дзеепрыслоўнымі зваротамі і некаторых іншых. Лагічнасць і строгасць выкладу – адна са спецыфічных рысаў навуковага тэксту. Усе часткі ў тэксце вельмі цесна звязаны паміж сабой сэнсам і размяшчаюцца ў строга вызначанай паслядоўнасці. Паслядоўнасць развіцця думкі забяспечваецца даволі шматлікімі моўнымі сродкамі сувязі. Вельмі пашыраным, напрыклад, з’яўляецца сувязь сказаў пры дапамозе паўтору назоўнікаў, нярэдка ў спалучэнні з указальнымі займеннікамі гэты, такі, той: Рэакцыі чалавека, які ўспрымае мову, могуць быць фізіялагічнымі...і моўнымі. Улік і вывучэнне гэтых рэакцый дазваляе даследаваць будову мовы...Арганізацыя элементаў мовы...грунтуецца на разнастайных сувязях паміж імі, а гэтыя сувязі можна вызначыць, напрыклад, з дапамогай асацыятыўных... эксперыментаў. Сутнасць аднаго з найбольш пашыраных у псіхалінгвістыцы асацыятыўнага эксперыменту заключаецца... (Паводле Б. А. Плотнікава). На лагічнасць выкладу навуковага маўлення ўказваюць таксама пабочныя словы (такім чынам, значыць, па-першае, па-другое і пад.), канструкцыі і звароты тыпу спачатку адзначым, затым прааналізуем, далей пакажам, зараз спынімся і пад. Лагічнасць і строгасць падкрэсліваецца ўжываннем злучнікаў (злучальных слоў) і прыслоўяў таму, пагэтаму, тады, адсюль і пад., абагульняльнага слова пры аднародных членах сказа, пераважным выкарыстаннем складаназалежных сказаў, сказаў з прамым парадкам слоў. У цэлым навуковаму маўленню ўласцівы звароты паводле меркавання..., як указвае..., на думку..., аўтар лічыць і пад.; характэрна перавага ва ўжыванні імёнаў над дзеясловамі; спецыялізацыя слоў тыпу дадзены, вядомы, адпаведны і г. д. ва ўказальнай функцыі; выкарыстанне ўстойлівых зваротаў з прыметнікамі (дэмаграфічная сітуацыя, знешні гандаль, бюджэтнае фінансаванне і пад.) і аддзеяслоўнымі назоўнікамі (аказваць уздзеянне, падвяргацца аналізу і пад.), формаў роднага склону назоўнікаў у функцыі азначэнняў (закон адкрытага складу, тэмпература кіпення і пад.), апавядальных сказаў. Акрамя таго, адметнай асаблівасцю навуковых тэкстаў з’яўляецца пашыранасць рознага тыпу скарачэнняў, абрэвіятур, сімвалічных і формульных абазначэнняў (H2SO4 – серная кіслата, ККД – каэфіцыент карыснага дзеяння, м2 – квадратны метр, Q = λm – формула колькасці энергіі і пад.). Для навуковага стылю характэрна доказнасць сапраўднасці інфармацыі. У тэкстах навуковага маўлення доказнасць забяспечваецца з дапамогай розных формул, графікаў, схем, тэкставых ілюстрацый, цытавання вядомых вучоных і спасылак на іх, а таксама іншых сродкаў. Навуковыя зносіны, такім чынам, адрозніваюцца дакладнасцю, лагічнасцю, адназначнасцю, аб’ектыўнасцю, пэўнай «сухасцю» і строгасцю выражэння думкі. Аднак усё гэта не выключае своеасаблівай экспрэсіўнасці і скрытай эмацыянальнасці. Ступень праяўлення названых рысаў залежыць ад жанру, тэмы, галіны навукі, формы і сітуацыі зносін, аўтарскай індывідуальнасці і некаторых іншых фактараў. Асаблівай экспрэсіўнасцю і эмацыянальнасцю адрозніваюцца навуковыя творы палемічнага характару (дыскусійныя артыкулы, лекцыі і пад.); навукова-папулярная літаратура; працы, якія адрозніваюцца навізной тэмы і праблематыкі і пад. У якасці моўных сродкаў узмацнення экспрэсіўнасці выказвання ўжываюцца ўзмацняльныя часціцы, займеннікі, прыслоўі (гэта былі толькі меркаванні, не было абсалютна ніякіх падстаў і пад.), эмацыянальна-экспрэсіўныя прыметнікі (жахлівае ўражанне, велізарная колькасць і пад.), вобразныя сродкі (прыліў падобны да высокага ўзгорку, радыкал...уступае, як і азот, ва ўзаемадзеянне і пад.), радзей пытальныя сказы і рытарычныя пытанні (Магчыма, тада мова – гэта ўсё сказанае і напісанае людзьмі? А як быць у гэтым выпадку з тым, што яшчэ будзе вымаўлена і напісана? (А. Я. Міхневіч) і некаторыя іншыя сродкі. Значна менш экспрэсіўных моўных сродкаў сустракаецца ў апісальных працах і апісальных частках навуковых твораў, вучэбнай літаратуры, інфармацыйных артыкулах ды іншых жанрах. Пытанні і заданні: 1. Што такое літаратурная мова і чым яна адрозніваецца ад дыялектаў? 2. Што такое моўная норма? Якія нормы характэрныя для вуснай формы літаратурнай мовы, а якія – для пісьмовай? 3. Ужыванне якіх моўных сродкаў рэгулююць нормы? 4. У якіх формах існуе беларуская літаратурная мова? Назавіце іх спецыфіку і сферу ўжывання. 5. Што ляжыць у аснове класіфікацыі функцыянальных стыляў мовы? 6. Назавіце функцыянальныя стылі, сферу іх выкарыстання і моўныя сродкі выражэння. У чым праяўляецца ўзаемасувязь паміж стылямі? 7. Ахарактарызуйце навуковы стыль: укажыце асноўныя яго функцыі і спецыфічныя асаблівасці. 8. Назавіце асноўныя моўныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў навуковым маўленні. 9. Якія моўныя сродкі характэрны ўсім функцыянальным стылям, а якія толькі навуковаму? Тэст «Уводзіны» 1. З якім значэннем ужыта слова мова ў словазлучэнні мова Івана Мележа? 1) здольнасць гаварыць, 2) сукупнасць унармаваных сродкаў выражэння славеснай творчасці, уласцівых індывідуальнай манеры, 3) сродак чалавечых зносін і выказвання думкі з уласцівымі яму фанетыка-граматычным ладам і лексічным фондам, 4) сістэма знакаў, гукаў, сігналаў, якія перадаюць інфармацыю. 2. Фразеалагізм размаўляць на розных мовах мае значэнне: 1) здольнасць гаварыць, 2) не разумець адзін аднаго, 3) іншасказальнае выказванне думак, 4) дасягнуць поўнага паразумення. 3. Камунікатыўная функцыя мовы – гэта... 1) функцыя набыцця і памнажэння ведаў аб навакольнай рэчаіснасці і захавання, перадачы іх нашчадкам, 2) функцыя абазначэння аб'ектаў рэчаіснасці, іх уласцівасцей і адносін паміж імі, 3) функцыя зносін, узаемнага абмену інфармацыяй паміж членамі моўнага калектыву, 4) функцыя ўздзеяння на адрасата маўлення, 5) функцыя выражэння эмоцый, пачуццяў, перажыванняў, настрою. 4. Назавіце пісьменнікаў, якія друкавалі свае творы па-беларуску ў ХІХ стагоддзі: 1) Кастусь Каліноўскі, 2) Цётка, 3) В.Дунін-Марцінкевіч, 4) Якуб Колас, 5) Францішак Багушэвіч. 5. Вакол якой газеты ў пач. ХХ ст. групаваліся асноўныя сілы беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі? 1) «Наша ніва», 2) «Наша хата», 3) «Наша воля», 4) «Наша вёска». 6. «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча ўбачыла свет у 1) 1906 г., 2) 1914 г., 3) 1918 г., 4) 1920 г. 7. У якім годзе была прынята пастанова «Аб практычных мерапрымствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі», з якой пачынаецца працэс беларусізацыі? 1) 1920, 2) 1924, 3) 1926, 4) 1928. 8. У якім годзе праходзіла Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі? 1) 1920, 2) 1924, 3) 1926, 4) 1928. 9. У якім годзе Вярхоўны Савет БССР прымае закон «Аб мовах у Беларускай ССР»? 1) 1989, 2) 1990, 3) 1992, 4) 1995. 10. Сукупнасць усіх гаворак нацыянальнай мовы – гэта... 1) кінетычная мова, 2) літаратурная мова, 3) дзяржаўная мова, 4) дыялектная мова. 11. Унармаваная мова, якая абслугоўвае культурныя запатрабаванні грамадства і выконвае камунікатыўную функцыю ў мастацкай літаратуры, навуцы, публіцыстыцы, радыё, тэатрах, дзяржаўных установах. 1) кінетычная мова, 2) дыялектная мова, 3) літаратурная мова, 4) дзяржаўная мова. 12. Назавіце рысы, уласцівыя літаратурнай мове: 1) пісьмовая фіксацыя, 2) нарматыўнасць, 3) аднафункцыянальнасць, 4) існаванне ў вуснай і пісьмовай формах, 5) неапрацаванасць. 13. Пісьмовая фіксацыя моўнай нормы ў нарматыўных граматыках, даведніках і слоўніках. 1) ратыфікацыя, 2) кадыфікацыя, 3) мадыфікацыя, 4) субстытуцыя, 5) уніфікацыя. 14. Назавіце характэрныя рысы вуснай формы літаратурнай мовы: 1) абслугоўвае паўсядзённыя патрэбы людзей, 2) спрыяе ўстойлівасці літаратурнай мовы, 3) не дапускае парушэння нормаў, 4) выкарыстоўваецца ў кніжных стылях, 5) вызваляе літаратурную мову ад застарэлых слоў і формаў. 15. Якая норма парушана ў выразах адчыніць кнігу, адкрыць вочы, разгарнуць акно? 1) арфаграфічная, 2) арфаэпічная, 3) граматычная, 4) лексічная, 5) пунктуацыйная. 16. Якая норма парушана ў выразах дзякую вас, прабачце мяне, пайсці за грыбамі? 1) арфаграфічная, 2) арфаэпічная, 3) лексічная, 4) граматычная, 5) пунктуацыйная. 17. Вызначце стыль тэксту: Многімі стагоддзямі складвалася, шліфавалася і ўзбагачалася беларуская мова на нашай зямлі. Тысячы і тысячы людзей слоўца да слоўца, гук да гука, песню да песні збіралі і зберагалі гэты неацэнны скарб. І кожнае пакаленне хацела і старалася дабавіць да яго штосьці сваё, дарагое, вартае доўгай памяці. Мільёны прыходзілі ў гэты свет і пакідалі яго з матчыным словам на вуснах. І ніколі гэта не было ў крыўду ні суседзям, ні сябрам, ні далёкім заморскім насельнікам, бо і ў іх была свая мова, непаўторная і любімая, якая таксама суправаджала іх ад калыскі да труны. А пасяляючыся на чужой зямлі, продкі нашы сваім абавязкам лічылі прыняць новае для іх слова і падзяліцца сваім. Такія традыцыі, такія няпісаныя законы яны перадалі нам. І сёння мы не можам не памятаць гэтага, не раіцца з тымі, хто жыў да нас. Не мы стварылі нашу мову, і нам трэба вельмі асцярожна абыходзіцца з ёю, каб не абразіць волю і вопыт тых беларусаў, што адышлі ў гісторыю чалавецтва. (Г.Бураўкін) 1) мастацкі, 2) размоўны, 3) публіцыстычны, 4) афіцыйна-справавы, 5) навуковы. 18. Адзначце, моўныя сродкі якога стылю выкарыстаў пісьменнік: Не ведаючы тэорыі вольных вершаў, Не чуўшы нічога Пра факт існавання авангардызму, Мама Лісты мне пісала верлібрам Без знакаў прыпынку, Без абавязковых вялікіх літар. Падчас у радок Прарываліся самі рыфмы, Як вецер зімовы ў комін Ці восеньскі той, Што далічваў лісты на яблыні. (Максім Танк) 1) навуковага, 2) публіцыстычнага, 3) афіцыйна-справавога, 4) размоўнага. 19. Адзначце рысы, якія вызначаюць афіцыйна-справавы стыль: 1) наяўнасць моўных штампаў, 2) адсутнасць вобразных сродкаў, 3) непадрыхтаванасць, 4) наяўнасць суб'ектыўнай ацэначнасці, 5) прадпісальны характар. 20. Адзначце тэксты мастацкага стылю: 1) верш, 2) камедыя, 3) лекцыя, 4) раман, 5) дапаможнік.
|