Лёс беларускай мовы на розных гістарычных этапах мяняўся. Калі ў Вялікім княстве Літоўскім беларуская мова была адзінай дзяржаўнай мовай і не мела перашкод для свайго развіцця і функцыянавання, то ўжо ў другой палове XVI – пачатку XVII ст. сфера выкарыстання беларускай мовы пачала звужацца. Вялікае княства Літоўскае паступова траціла палітычную і эканамічную самастойнасць і ўсё больш падпадала пад уладу Польшчы. Польская культура, у тым ліку і польская мова, з другой паловы XVI ст. пачала інтэнсіўна распаўсюджвацца ў вышэйшых колах беларускага грамадства. Каб абараніць беларускую мову, у Літоўскі статут 1566 г. быў уключаны спецыяльны пункт аб ужыванні ў справаводстве толькі беларускай мовы (раздзел 4, артыкул 1). Захаваўся гэты артыкул і ў Статуце 1588 г., прычым фармальна ён меў сілу на працягу ўсяго XVII ст. Тым не менш пасля аб’яднання ў 1569 г. Вялікага княства Літоўскага з Польшчай у адзіную феадальную федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую ў афіцыйным ужытку было тры мовы: польская, лацінская і беларуская. Такая складаная моўная сітуацыя, якая існавала на беларускіх землях у XVII ст., спрасцілася ў канцы стагоддзя. Польская і беларуская шляхта і каталіцкае духавенства дамагліся таго, што Варшаўскім сеймам у 1696 г. была прынята пастанова пісаць дзелавыя паперы дзяржаўнага значэння па-польску, а не па-беларуску. Праўда, на ўсходніх беларускіх землях, дзе паланізацыя праходзіла павольней, па традыцыі дакументы мясцовага значэння (запаветы, дакументы пра падзел маёмасці, распіскі, прыватныя лісты і г. д.) яшчэ пэўны час працягвалі пісаць па-беларуску.
Заняпад беларускай мовы адзначаецца з XVII ст. не толькі ў афіцыйным справаводстве, але і ў іншых сферах культурнага жыцця. Мясцовыя пануючыя класы, па сутнасці, адракаюцца ад сваёй старадаўняй рэлігіі, спрадвечных звычаяў, абрадаў, культуры, ад сваёй роднай мовы як ад мовы «мужыцкай». Адбываецца і паланізацыя школы. На тэрыторыі Беларусі ўзнікаюць рымска-каталіцкія школы; у Мінску, Полацку, Нясвіжы адкрываюцца так званыя езуіцкія калегіумы, у Вільні і Слуцку – лютэранскія гімназіі. Усе гэтыя навучальныя ўстановы, безумоўна, прапагандавалі лацінскую і польскую мовы і літаратуры. Значна скарачаецца колькасць рукапіснай свецкай і рэлігійнай літаратуры на беларускай мове. Амаль не выдаюцца і друкаваныя беларускія творы. Фактычна другая палова XVII і ўсё XVIII ст. вядомыя як час панавання польска-лацінскай кніжнасці. Беларуская пісьмова-літаратурная мова прыходзіць у поўны заняпад. У гэты перыяд яна вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах. Уніяцкая царква выкарыстоўвала вусную беларускую мову ў неафіцыйных частках набажэнства. Працягвала развівацца толькі народная гутарковая мова, хоць і яна адчувала на сабе ўплыў польскай мовы. Паланізмы, аднак, у большасці сваёй не замацоўваліся ў жывой народнай гаворцы, паколькі народ ужываў толькі тыя запазычанні, якія былі жыццёва неабходнымі пры адпаведных зносінах. Захавальнікамі сваёй самабытнай, роднай мовы, такім чынам, заставаліся, як правіла, сяляне, дробная шляхта і гарадское рамеснае насельніцтва. Беларускі народ ствараў на роднай мове ўзоры вуснай творчасці. У казках, легендах, песнях, паданнях, прыказках і прымаўках зберагаліся лепшыя моўныя здабыткі і пазней шырока выкарыстоўваліся ў новай прафесійнай літаратуры. 3 пісьмовых жа помнікаў канца XVII–XVIII стст., напісаных на беларускай (старабеларускай) мове, вядома не так шмат. Найбольш адлюстравалася беларуская мова ў так званых інтэрмедыях і інтэрлюдыях да школьных драматычных твораў, прычым асаблівую цікавасць з іх маюць дзве камедыі выкладчыкаў рыторыкі Забельскай дамініканскай калегіі К. Марашэўскага і М. Цяцерскага. Уся сістэма моўных асаблівасцей гэтых твораў вельмі блізкая да сістэмы сучаснай беларускай мовы. Названыя творы можна разглядаць як першыя спробы стварэння новай беларускай літаратурнай мовы.
У канцы XVIII ст. гістарычны лёс беларускага народа значна мяняецца. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) беларускія землі поўнасцю далучылі да Расійскай імперыі. Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт беларускага народа не зменшыўся. Фактычна гвалтоўная паланізацыя была заменена гвалтоўнай русіфікацыяй, і афіцыйнай мовай на тэрыторыі Беларусі стала руская. Засілле рускай і ўжыванне польскай моў, бясспрэчна, замаруджвалі ўзнаўленне беларускай літаратурнай мовы. Беларуская мова, як правіла, жыла толькі сярод прыгнечаных слаёў насельніцтва, выкарыстоўвалася пераважна ў вуснай форме. Невыпадкова шматлікія польскія і рускія даследчыкі не прызнавалі беларускую мову самастойнай. Першыя лічылі яе дыялектам польскай мовы, а другія – рускай гаворкай («западнорусским наречием»).
Такое становішча не магло задаволіць усё насельніцтва Беларусі, таму шырэй і шырэй разгортваецца нацыянальна-вызваленчы рух. Падтрымліваецца ён перадавой рускай і польскай грамадскасцю. Менавіта ў рускіх і польскіх выданнях прагрэсіўныя даследчыкі друкуюць шмат цікавых навуковых распрацовак па фальклоры, мове і быце беларускага народа. Гэта ў значнай ступені садзейнічала фарміраванню беларускай інтэлігенцыі і росту яе нацыянальнай самасвядомасці. З’явіліся грамадскія сілы, якія павялі рашучую барацьбу за ўкараненне беларускай мовы ў літаратуры.