ТЭМА 4 РЫГОР БАРАДУЛІН
(нар. у 1935 г.) Асоба народнага паэта Беларусі (1992) Р. Барадулiна ў кантэксце нацыянальнай літаратуры. Біяграфія пісьменніка. Вобраз Ушаччыны ў барадулінскай паэзіі. Крэўная, трывалая духоўная повязь паэта з зямлёй бацькоў. Вайна ў лёсе паэта. Нялёгкая доля бязбацькавіча. Маці Акулiна Андрэеўна ў жыцці і творчасці паэта. Гады вучобы ў БДУ, творчае станаўленне паэта. “Філалагічнае” пакаленне (М. Стральцоў, В. Зуёнак, Г. Бураўкін і інш.) і Р. Барадулін. Першы зборнiк “Маладзiк над стэпам” (1959) як прыкметная эстэтычная з’ява ў тагачаснай паэзii. Ацэнка кнігі ў тагачаснай крытыцы. Ідэйна-мастацкая эвалюцыя паэта ў другой палове 50-х — 60-я гг. Выхад кніг “Рунець, красаваць, налiвацца!” (1961), “Нагбом” (1963), “Неруш” (1966), “Адам i Ева” (1968) i інш. Інтэнсіўнае развіццё творчай індывідуальнасці паэта, яго наватарства. Самабытнасць яго паэтычнага голасу сярод творцаў “новай хвалі”. Адмаўленне агульшчыны і гладкапісу, паглыбленне лірыка-інтымнага і філасофскага свету беларускага верша, абнаўленне формаў і прыёмаў версіфікацыі. Актывізацыя грамадзянскай думкі паэта, арыентацыя на гуманістычныя ідэалы. Трывога паэта пра нацыянальныя духоўныя каштоўнасці (“Неруш” і інш.). Творчая актыўнасць Р. Барадуліна. Шматбаковасць яго літаратурнай дзейнасці. Багацце і разнастайнасць творчых набыткаў. Паэтычны плён: кнігі “Рум” (1974), “Абсяг” (1978), “Вечалле” (1980), “Амплiтуда смеласцi” (1983), “Маўчанне перуна” (1986), “Самота паломнiцтва” (1990), “Мiласэрнасць плахi” (1992), “Евангелле ад Мамы” (1995), “Босая зорка” (2001) i iнш. Паэтычныя шэдэўры Р. Барадуліна. Эстэтычная вартасць твораў савецкага і постсавецкага часу, якія пісаліся на патрэбу дня. Барадулінскія пасланні ў кнігах “Лісты ў Хельсінкі” (2000), “Калі рукаюцца душы…” (2003). Далучанасць пісьменніка да еўрапейскай i сусветнай лiтаратуры. Р. Барадулiн як перакладчык і папулярызатар творчасці замежных паэтаў. Выданне на беларускай мове ў яго перакладзе кнiг Амара Хаяма, Яна Райнiса, Федэрыка Гарсiя Лоркi, Габрыэлы Мiстраль, Барыса Пастарнака, Стэфана Паптонева, Iвана Драча i iнш. Кнiгi перакладчыка “Кахаць — гэта значыць...” (1986) i “Беларусь мяне збеларушвае” (1993). Р. Барадулiн як дзіцячы пісьменнік. Зборнiк выбраных твораў для дзяцей “Iшоў коця па канапе” (1997). Творчыя здабыткі Р. Барадуліна ў галіне гумару і сатыры: кнігі “Дойны конь” (1965), “Станцыя кальцавання” (1971), “Журавінка” (1973), “Прынамсi” (1977), “Мудрэц са ступаю” (1988) і інш. Зварот паэта да народнага гумару, смешныя гісторыі і анекдоты ад Барадуліна. Вясёлая выдумка, гарэзлівыя жарты-кпіны, перасмешкі ў барадулінскіх эпіграмах і шаржах. Канцэптасфера Р. Барадуліна. Асноўныя канцэпты і матывы яго паэзii. Багацце вобразаў i канкрэтыкi нацыянальнага космасу (Вечалле, рэкі і рачулкі, хата, дарога, лес і інш.). Радзіма як вечная i непераходная каштоўнасць быцця. Культ роднага кутка ў паэзіі Р. Барадуліна, прылучэнне да першаасноў духоўнага існавання (“Трэба дома бываць часцей” і інш.). Глыбокая лучнасць душы паэта з прыродай роднага краю, выяўленне пачуццяў любові і замілавання. Сувязь барадулінскай паэзіі з традыцыяй беларускай пейзажнай паэзіі. Вобразная яркасць і сакавітасць прыродаапісанняў Р. Барадуліна, жывапіснасць аўтарскага стылю. Народнае слова, духоўная спадчына і культура роднага краю ў паэтычным свеце Р. Барадуліна. Паэтызацыя вяскова-сялянскага побыту, беларускага ладу жыцця. Імкненне паэта зберагчы моўна-этнiчную, генную памяць народа. Вобраз маці як духоўны цэнтр нацыянальнага свету. Псiхалагiчная глыбiня, кранальнасць твораў, прысвечаных Акуліне Андрэеўне. Багдановічаўскі культ мадоннаў і высокi ідэал мацi ў паэзіі Р. Барадуліна. Матчын вобраз як сiмвал абагаўлення і прычашчэння. Біблейскія матывы пакаяння i просьбы аб дараваннi ў кнiзе “Евангелле ад Мамы”. Выяўленне iнтымна-шчырых, глыбiнна-чалавечых пачуццяў у вершах пра маці. Блакадная ваенная рэчаiснасць, беларуская вёска падчас акупацыi, лёс дзяцей у адлюстраванні паэта. Раскрыццё драматызму дзiцячага свету ў паэмах “Трыпціх”, “Блакада”, вершах “Бацьку”, “Палата мінёраў”, “Стэарынавая свечка”, “Хлебнічак” і інш. Канкрэтна-рэалiстычныя вобразы i дэталі, якiя ўвасабляюць трагедыю вайны. Антываенная скіраванасць твораў паэта. Свет роднай прыроды ў творчасці Р. Барадуліна. Вобразы травы i кветак, дрэва i ракi, лесу i дарогi як духоўна-фiласофская аснова паэтычнага мыслення. Выяўленне паэтам глыбіннай повязі чалавека і прыроды. Міфапаэтычнае ўспрыманне паэтам рэчаіснасці, адухаўленне прыродных з’яў і стыхій. Экзатычныя краявіды ў паэзіі Р. Барадуліна. Выяўленне патрыятызму праз антытэзу “роднае — чужое”. Беларускасць светаўспрымання паэта. Трагізм гучання твораў Р. Барадуліна пра Чарнобыль. Матывы смутку, жалобы, смяротнай пагрозы ў кнiгах “Самота паломнiцтва” i “Мiласэрнасць плахi”. Публіцыстычна завостраныя пытаннi і малітоўныя інтанацыі ў чарнобыльскіх вершах. Выкарыстанне паэтам прыёму ідэйна-сэнсавага кантрасту. Антынамічнае супрацьпастаўленне вобразаў і розных па сваёй семантыцы слоў-паняццяў. Выяўленне паэтам экалагічнага сіндрому, звязанага з наступствамі радыяцыі. Матывы сусветнай тугі і самоты ў паэзіі Р. Барадуліна і А. Блока, В. Брусава, Я. Купалы. Эстэтычная адметнасць кнігі “Ксты” (2005). Скiраванасць думак-памкненняў да Бога. Рэлігійна-духоўныя і маральна-філасофскія шуканні паэта. Рэфлексіі і медытацыі. Роздум пра вечнае і вечнасць, сэнс чалавечага быцця на зямлi. Біблеізм, хрысціянска-гуманістычныя матывы. Паэтычныя малiтвы і псалмы. Спавяданне чалавечнасці, любові, маральнай цноты і дабрадзейнага этычнага жыцця. Спалучанасць хрысціянскага гуманізму паэта з традыцыямі класічнай беларускай літаратуры. Грамадзянская лірыка Р. Барадулiна. Патрыятычныя пачуцці і гістарызм як аснова светапогляду паэта. Сцвярджэнне iдэі духоўнай моцы і годнасці беларускага народа. Хваласпеў роднаму слову, трывога за яго лёс. Канцэпт кахання ў паэзіі Р. Барадулiна. Тонкі лірызм, эмацыянальная экспрэсіўнасць у выяўленні інтымных пачуццяў. Узнёслае i светлае, драматычнае i балючае ў творах на любоўную тэматыку. Краса кахання i музыка слова ў вершах паэта. Феномен паэтычнага майстэрства Р. Барадуліна. Вiртуознае валоданне слоўнымi фарбамi, гукапiснымi сродкамi мовы. Суб’ектыўная непаўторнасць вобраза, эстэтыка-семантычная выяўленчасць барадулінскага слова. Багацце метафар, маляўнічасць эпітэтаў. Спалучэнне ў метафары канкрэтна-пачуццёвага і асацыятыўнага пачаткаў. Барадулінскі метафарызм у кантэксце нацыянальнай паэтычнай традыцыі (У. Дубоўка, Я. Пушча і інш.). Буйства, суквецце метафар у пейзажных замалёўках паэта. Паэтыка гуку ў мастацкай сістэме Р. Барадуліна. Гнуткi рытм i гукажывапiснасць у ліпаграматычным вершы “Матылёк”. Гукапіс Р. Барадуліна i iмпрэсiянiстычная творчасць П. Верлена, А. Рэмбо, М. Багдановiча. Інатанацыйна-гукавая інструментоўка вершаў “Станцыя Грамы”, “Крык крыг”, “Да партрэта Ваўчэнскага возера ў гуках” i iнш. Гукапiс як прадмет творчай гульнi, эксперыментавання. Гульнёвы прынцып у вершах Р. Барадуліна і творчасць постмадэрністаў. Гулліва-смехавая стыхія ў паэме “Смаргонская акадэмія” (1975). Разнастайнасць жанрава-стылёвых формаў у творчасці Р. Барадуліна: верлібр, акрасанет, пацеры, навела, лера-паэма i iнш. Моўная лабараторыя Р. Барадуліна. Майстэрства паэта ў галіне словатворчасці. Барадулінскія аказіяналізмы, лексічныя новаўтварэнні як сведчанне арыгінальнасці аўтарскага самавыяўлення, разняволення фантазіі паэта, пошукавага характару яго думкі. Адкрыццё новых сэнсаў і адценняў слова.
|