ТЭМА 12 ІДЭЙНА-ЭСТЭТЫЧНЫЯ І ЖАНРАВА-СТЫЛЯВЫЯ ЗРУХІ Ў СУЧАСНАЙ ПРОЗЕ І ДРАМАТУРГІІ
Стадыя станаўлення некаторых тэндэнцыій беларускага эпасу апошніх дзесяцігоддзяў. Складанасць вызначэння усебаковай і цэласнай характарыстыкі агульнага стану сучаснай прозы з улікам ужо відавочных і яшчэ толькі запачаткаваных тэндэнцый у ёй. Пэўная стракатасць, адсутнасць скразных кірункаў развіцця. Тэндэнцыя да разнастайнасці жанравых пошукаў; паглыбленне гістарызму, псіхалагічнага аналізу, узмацненне суб’ектывізму, эсэізацыя формы, павышэнне эмацыянальнай вагі і слова і сказа. Шлях да ўсё большага вызвалення ад схем і рэгламентаванасці стыляў і жанраў у кірунку да свабоды, раскаванасці мастацкага мыслення і адначасова па шляху драматызацыі. Актуальнасць “вечных” тэм: зварот да пытанняў дабра і зла, жыцця і смерці і г. д. Нязменная для айчыннай літаратуры з часу яе ўзнікнення тэма радзімы, захавання нацыянальнай аўтэнтычнасці і беларускай мовы. Дакументалізм, аўтабіяграфізм, лірызм як выразныя тэндэнцыі прозы апошніх 10-годдзяў. Суб’ектыўна-эмацыянальны пачатак, спасціжэнне праз прыватнае, адзінкавае агульнаграмадскага, шматграннасці і глыбіні адлюстравання жыцця. Парушэнне храналагічнай паслядоўнасці ў развіцці падзей; перарванасць дзеяння лірычнымі адступленнямі, у тым ліку, у вершаванай форме; лаканізм, які пры высокім узроўні ўвасаблення не выключае ўмення бачыць з’яву цалкам, у яе драматычных сутыкненнях з іншымі праявамі свету, сацыяльнай і эстэтычнай праекцыі і перспектыве.Аўтабіяграфізм прозы (мемуары, дзённікі, запісныя кніжкі, ліставанне, эсэ і інш.). Камерная проза і яе спавядальны характар, пранізлівая шчымлівасць, імкненне перадаць няўлоўнае. Патрэба сучаснай літаратуры ў малых формах (“Фарбы душы”, “Жоўты колер белага снегу” А. Асташонка, проза М. Вайцяшонак інш.). З’яўленне ў літаратуры 1980 – 1990 гг. урбаністычнай плыні. Яе паралельнае развіццё з творамі пра вёску, якія працягваюць папярэднюю традыцыю. “Жаночая” проза, у якой гераіні пачынаюць гаварыць пра сябе самі; разбурэнне стэрэатыпаў, створаных пісьменнікамі-мужчынамі. Трагізм чалавечага і прыродна-касмічнага быцця, татальная пагроза парушэння гармоніі ўзаемаадносін паміж імі (А. Бароўскі, А. Кажадуб, Х. Лялько, А. Наварыч і інш.). Пераўтварэнне хаатычнасці акаляючай рэчаіснасці ў пластычны і тонкі ўласны свет. Набліжэнне рэалістычных твораў да парабалы, прытчы, алегорыі, прыпавесці і метафары, схільнасць да міфатворчасці(В. Казько,В. Быкаў, Я. Сіпакоў і інш.). Руйнаванне стэрэатыпаў мыслення савецкага чалавека і выяўленне светаадчування новай эпохі, духу новага часу (творчасць Ю. Станкевіча: зб. прозы “Анёлы на бальшаку”, аповесці “Луп”, “Рыфма”, “Псеўда”, кароткія раманы “Любіць ноч – права пацукоў”, “Апладненне ёлупа”, “Бесапатам”, “Пятая цэнтурыя, трыццаць другі катрэн” і інш.), Шматжанравасць, паасобнае і ўзаемапранікальнае суіснаванне ўстойлівых кананічных і навацыйных постмадэрнісцкіх структур,заўважная дынаміка і шматмернасць усіх сістэм мастацкага цэлага. Цыкл гістарычных прыпавесцей “Удог”, зб. “Асіметрыя”, аповесць “Шула-мегаполіс” віцебскага празаіка Ф. Сіўко. Шматстайнасць жанравай сістэмы твораў і манеры пісьма У. Арлова: адзнакі любоўных авантур, дарожных нататкаў, дзённікавых запісаў, псіхалагічнага аповеду, дэтэктыва. Успаміны ў “Полацкіх апавяданнях”. “Рэквіем для бензапілы”, зб. “Ордэн Белай Мышы”, “Краявід з ментолавым пахам (Рукапіс, прысланы ў зялёным канверце)”, “Сібірская аповесць” і інш. Так званы іранічны сац-арт (творчасць В.Мудрова, П.Васючэнкі і іншых аўтараў. Уплыў паэтыкі вуснай народнай творчасці і ўласна міфа, за кошт якіх і адбываецца абнаўленне зместу і формы мастацкіх твораў, пашырэнне іх прасторава-часавых межаў, імкненне да сімволікі і сэнсавай мнагазначнасці разам з выкарыстаннем замацаваных мастацкай практыкай літаратурных форм (творчасць А. Казлова, З. Дудзюк, Л. Рублеўскай і інш.) Плён сцверджання рэалізму. Даследаванне асобы і беларускай рэчаіснасці А. Федарэнкам у кн. “Гісторыя хваробы”, “Смута…”, апавяданнях і аповесцях “Салдат”, “Вёска”, прыгодніцкіх творах “Афганская шкатулка”, “Шчарбаты талер”, дакументальных “Нічыіх”, двухпланавым рамане “Рэвізія”, навелістычных нізках “Сечкі” і інш. Маладая беларуская проза і “так званы еўрапеізм” (Л. Сінькова). Беларусізацыя вядомых у свеце жанрава-стылявых форм (А. Федарэнка, А. Казлоў, А. Наварыч, А. Глобус, С. Балахонаў і інш.). Нацыянальная спецыфіка постмадэрнізму, асмяянне самой рэчаіснасці. Парадокс і абсурд у гульнёвай літаратуры, “пераадоленне страху перад трагічнай рэчаіснасцю ХХ ст.” (М. Тычына). Суседства ў прозе рамантычных і рэалістычных, іроніка-сатырычных і ўмоўных неабарочных, узаемапрасякнутых, а таму амаль не вызначальных, авангардысцкіх (А.Бахарэвіч. В.Жыбуль і інш.), мадэрнісцкіх (З.Вішнёў і інш.), постмадэрнісцкіх (С.Балахонаў, Ю.Каляда і інш.) форм. Нараджэнне новых жанраў (блогі С. Дубаўца і С. Балахонава, філалагемы А. Разанава і П. Васючэнкі, фрэскі, мроі, сны, жыццясны, кропкі Б. Пятровіча, творы І. Сіна і інш.). Пазбяганне уніфікацыі. Складанасці жанру. Разбурэнне стэрэатыпаў. Спалучэнне сацыяльнай вастрыні з доследам унутранага свету асобы. Прага мастацкай дасканаласці. Шлях адкрытага эксперыменту і абнаўлення традыцый нацыянальнай драматургіі. Багацце творчай палітры. Збліжэнне літаратуры і тэатра. Праблема чалавечых узаемаадносін, адказнасць чалавека за сябе і іншых у п’есе М. Матукоўскага (1929 – 2001) “Мужчына, будзь мужчынам!” (1966). Гумар і сатыра ў камедыі “Амністыя” (1970). Маральна-этычная скіраванасць праблематыкі драмы “Апошняя інстанцыя” (1974). Эксперымент і ява ў камедыі “Мудрамер” (1987, Дзярж. прэмія БССР 1988 г.). Глабальныя праблемы чалавечага існавання ў драме “Бездань” (1992). Камедыя-фарс “Калізей” (1996) з краінай Тубыліяй на парозе ХХІ ст. у цэнтры. Працяг роздумаў драматурга над невымернасцю чалавечага глупства, зададзенасцю паводзін, безасабовасцю ў п’есе “Зомбі, альбо Мудрамер-ІІ” (1997). А. Петрашкевіч (нар. у 1930 г.): першыя спробы пяра ў жанры сатырычнага апавядання. Вострыя праблемы стагоддзя, разбурэнне гармоніі прыроднага свету, выраджэнне чалавечага ў чалавеку, замах на спрадвечныя ўстоі маралі ў драмах пісьменніка “Трывога” (1974), “Злыдзень” (1974), “Укралі кодэкс” (1976), “Соль” (1981). Гістарычная тэматыка “Напісанага застаецца” (1979), услаўленне сілы слова і любові да радзімы, высокіх гуманістычных ідэалаў праз асобу славутага Скарыны. Працяг гістарычнай тэматыкі ў “Русі Кіеўскай” (“Гора і слава”, 1983), “Прарок для Айчыны” (1990). Камедыя-фантасмагорыя “Куды ноч, туды сон” (“Ка-та-стро-фа”, 1987). Экалагічныя праблемы, асэнсаванне Чарнобыля ў п’есе “Дагарэла свечачка да палічкі” (1990). Гісторыя сапраўднага кахання і прага высокіх пачуццяў у лірычнай камедыі “Дзівак чалавек” (1996). Творы аб мінулай вайне (драма “У спадчыну - жыццё”, трагедыя “Злавеснае рэха”). Адраджэнскія матывы, клопат пра дзяржаву, мову, нацыянальныя ідэі. “Інтэлігент” (раскол нацыі беларусаў), “Прагноз на паслязаўтра” (рэпрэсіі супраць дэмакратыі) і інш. Бітва на Нямізе і лёс Усяслава Чарадзея ў гістарычнай драме “Меч Рагвалода”. Фантасмагорыя “Крыж святой Еўфрасінні”. Востранапружаныя гераічныя моманты, нацыянальна-вызваленчыя паўстанні ў п’есах “Развітанне з Радзімай” (паўстанне Т. Касцюшкі), “Рыцар свабоды” (пра К. Каліноўскага), “Апошні збройны чын” (Слуцкае паўстанне 1920 г.). Гістарычная хроніка “Змова”. Трагедыя “Воля на крыжы” (аб лёсе Я. Купалы) і аднайменны зб. гістарычных п’ес (2000). А. Дзялендзік (нар. у 1934 г.): шырокі жанравы дыяпазон п’ес: драмы, казкі, камедыі, трагікамедыі. Талент камедыёграфа. Зб. камедый “Аперацыя “Мнагажэнец” (1981), “П’есы” (1985). Ідэйна-мастацкія асаблівасці зб. камедый “Султан Брунея” (1990). П’еса “Паўночны аўкцыён”, сямейны канфлікт твора. Лірыка-драматычная камедыя “Яблычны Спас”. Звязанасць лёсам чатырох жанчын – шукальніц шчасця, жыццё кожнай з якіх складваецца па-рознаму. Арыентацыя на гуманістычныя ідэалы ў трагікамедыі “Алена”. Празаік, драматург, публіцыст В. Ткачоў (нар. у 1948 г.). П’еса “Сівы бусел” (1985) пра трагедыю вайны, народную драму. Адметнасць увасаблення мастацкага канфлікту ў п’есах “Вокны” (1985), “Прыгоды з Канапухіным” (1988), “Лесвіца” (1988), “Кветкі-ягадкі” (1990). Камедыя “Курорт для зяця” (1990). Трагікамедыйнасць твораў “Шаройка ў блакадзе” і “Шкірдзюкі займаюць абарону”. Роздум над пытаннем “Дзе ён, сапраўдны мужчына?” у камедыі “Жаночы вулей” (2000). А. Папова (нар. у 1947 г.): п’есы “Аб’ява ў вячэрняй газеце” (1983), “Улюбёнцы лёсу” (1992). Зб. п’ес на рускай мове “Развітанне з Радзімай” (1999). “Сняданак на траве” (2002) і інш., іх жанравая спецыфіка. Бязвольнасць, бездапаможнасць інтэлігента ў побытавых варунках, сутыкненне сапраўдных і падманных каштоўнасцей у рамане “Пузырек воздуха в кипящем котле” (Неман. 2007. №3). Драмы Р. Баравіковай “Пятля часу” (1995) і З. Дудзюк “Заложнікі шчасця” (1997). Пакутлівы роздум над праблемамі сучаснасці і месца чалавека ў ёй у творах Ю. Станкевіча. Фантастычнае, містычнае, ірэальнае ў драмах “Шэва” (1998), “Псеўда” (2000), “Армагедон 1895” (2000). Матыў помсты і кары, пакарання за грахi, праблемы СНIДа i наркаманii ў п’есе “Шэры-Брэндзі, Ангел мой…” (2003). Адчай, адзінота хворых герояў, iх думкi i размовы. Трагедыі А. Ждана “Салгалі Богу, салгалі…”, В. Лапціка “Аўчары”, Г. Марчука “Пеўчыя сорак першага года” і інш. Трагікамедыя У. Сауліча “Сабака з залатым зубам”. Сучаснае асэнсаванне падзей мiнулага ў п’есе “Прымак” (1994), непрыманне п’янства i алкагалiзму ў камедыi-фарсе “Залатое вяселле” (1995) І. Стадольніка. Тэма кахання i здрады ў п’есе “Вірус” (1997) Г. Каржанеўскай. Аднаўленне былых пачуццяў i зараджэнне новых у “Ружах для чужога каханка” (2003) В. Куртаніч. Жанчына і мужчына ў п’есах А. Федарэнкі (“Багаты кватарант”, “Жаніх па перапісцы”). Напісаная па фальклорных матывах казка “Ноч на Івана Купалу”) Ю. Кулiка. Прытча “Песні ваўка” В. Паніна. Радыёп’еса В. Анісенкі “Пошук сюжэта” і постчарнобыльская Беларусь. Эпоха Сталiна, так званая рэвалюцыя на сяле, раскулачванне, калектывiзацыя ў творах У. Бутрамеева “Страсці па Аўдзею”, “Ведзьма” Н. Гілевіча. Плённае развіццё дзіцячай драматургіі: “Янук, рыцар Мятлушкі” Л. Рублеўскай, “Філасофскі камень” У. Сіўчыкава. Дзiўны свет ператварэнняў, цудаў, чараўнiцтва ў казцы “Страшнік Гам” П. Васючэнкі. Яго п’есы “Прыгоды паноў Кубліцкага і Заблоцкага” (у сааўтарстве з С. Кавалёвым), “Навагодні дэтэктыў” і інш. П’еса “Пясочны гадзіннік: спірытычны сеанс у 2 дзеях”. Праблема генія і пасрэднасці. Што лепш: беспрытульны шлях генія ці ўладкаванае жыццё пасрэднасці; ці можа спалучацца геніяльнасць з дабрабытам? Выяўленне пісьменніцкага таленту У. Бутрамеева (нар. у 1953 г.) у празаічных кн. “Любить и верить” (1986), “Сдвиженье” (1989), “Падарожжа” (1993). Першыя драматургічныя спробы – “Размовы па-суседску”, “І зноў Несцерка”. Несумненны поспех п’есы “Страсці па Аўдзею” (“Крык на хутары”, 1989). Драма “Чужыя грошы” (1993). Сінтэз традыцыйнага і эксперыментальнага пачаткаў у сучаснай драматургіі. Трагедыі лёсу і абвостранае адчуванне непаўторнасці жыцця ў драматургіі М. Арахоўскага(1950 – 1997). П’еса “Напярэдадні” (1986) пра дэградацыю чалавека, разбурэнне яго духоўнага свету праз п’янства. Складанасць псіхалагічнай сітуацыі ў трагікамедыі “Машэка” (1992). Драма абсурду “Ку-ку” (1992). Канфлікт духоўнага і бездухоўнага ў п’есе “Лабірынт” (1997). Празаік, даследчык, драматург С. Кавалёў (нар. у 1963 г.). Кн. дзіцячых казак “Мэва” (1988). П’есы-казкі “Падарожжа з Драўляным рыцарам”, “Дарога на Віфлеем”, “Пацалунак ночы”, “Братка Асёл” і інш., сабраныя ў зб. “Хохлік” (2002). Дабрыня і зло, чэрствасць і чуласць у аднайменнай п’есе (1994). Згадкі пра дзяцінства ў “Драўляным рыцары” (1992). Ян Баршчэўскі і п’есы С. Кавалёва “Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні” (1992), “Пра чарнакніжніка і пра Цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем” (1992). Трагіфарс “Трышчан, або Блазны на пахаванні” (1995) па матывах старажытнага рамана. П’еса “Стомлены д’ябал” – фантасмагорыя ў дзвюх дзеях з жыцця і літаратуры беларусаў. П’еса “Францішка, або Навука кахання”: адметная кампазіцыйная будова твора. Ад рымейка да герменеўтыкі. Постмадэрнісцкая драматургія. “Чатыры жыцці Саламеі”: засяроджанасць на асабістым жыцці гераіні. Прыём “тэатр у тэатры”. Двухтомнік п'ес “Стомлены д'ябал” і “Навука кахання” (2004 – 2005). Яднанне нацыянальнай традыцыі з сусветнай як надзея на шчаслівую будучыню айчыннага тэатра. Андрэй Карэлін (нар. у 1978 г.): п’есы “Герда, альбо Горад, у якім мы будзем шчаслівыя” (2001), “Зона Х, альбо Пакой з правам на спадзяванне” (2002), “Лафантэн, або Белая кашуля з чорным каўняром” (2002). Эксперыментальны пачатак у п’есах апошніх гадоў і досвед еўрапейскага “тэатра абсурду”, “тэатра парадокса”. “Драматургічныя тэксты” А. Асташонка. Гратэск і пародыя на сучаснасць, поўную непаразуменняў, дэперсаніфікацыя асобы ў “АС-лініі” Г. Багданавай. Утрыраванне, шок, катастрафічнасць свету, фарс у п’есах “Галава”, “Бабусечкі”, тэксце “Квадратная варона” I. Сiдарука. Спроба пашырэння жанравага дыяпазону драматургiі, багацце i разнастайнасць тэматыкi. Дэтэктыўна-прыгодніцкія элементы ў творчасці М. Адамчыка і М. Клімковіча. Прадстаўнікі экстрэмальна-драматычнага кірунку: Я. Русакевіч (містэрыя “Налу”), Т. Ламонава (драма “Апошні прытулак”, зараз піша ў асноўным п’есы для дзяцей), К. Сцешык (“Апарышы” і інш.), П. Пражко (“Родзіна”, “Сподні”) і інш. Суседства традыцыйнага і мадэрнісцкага. Праблемы сучаснасці ў п’есах А. Шчуцкага “Каласнікі”, “Запіскі Мусы Наўруса”. Творчасць А. Курэйчыка (“П’емонскі звер”, “Понцій Пілат” і інш.). Арыгінальнасць п’ес, “Тэатр блефа” А. Шурпіна (“Пан Гіятэн”, “Тра-та-та”, “Тое, што жадае мадам”). Адкрыццё талентаў Г. Кузьміной, Р. Цясецкага, С. Гіргеля і інш. Патрэба ў драматургіі новага ўзроўню. Адраджэнне тэатра. Глядзець у сябе, мінулае, заўтра. Думаць пра вечнае
|