Студопедия — Тэма 3.Беларускія землі ў ІХ – першай палове ХІІІ ст.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Тэма 3.Беларускія землі ў ІХ – першай палове ХІІІ ст.






1. Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь) – агульная феадальная дзяржава.

2. Першыя дзяржавы-княствы на тэрыторыі Беларусі (Полацкае, Тураўскае і інш.)

3. Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх зямель ІХ – ХІІІ стст. Зараджэнне феадальных адносін.

4. Увядзенне хрысціанства на беларускіх землях. Культура.

 

1. У сучаснай гістарыяграфіі паняццем “Кіеўская Русь” абазначаюць раннефеадальную дзяржаву ўсходніх славян ІХ – ХІІ стст. Яна склалася на тэрыторыі, якая прылягала да воднай магістралі шляху “з вараг у грэкі”. Племянныя княжанні ў славян былі папярэднікамі Кіеўскай Русі і ўяўлялі сабой пачатковую форму дзяржаўнасці на яе тэрыторыі. Важнай крыніцай аб старажытнаславянскай дзяржаве з’яўляецца летапісны звод “Аповесць мінулых гадоў”, які звязвае яе ўтварэнне з варагамі (так называлі скандынаваў, якія ў ІХ – ХІ стст. ажыццяўлялі паходы амаль па ўсёй Еўропе). Далей летапісец Нестар сцвярджаў, што варожыя плямены ільменскіх славян, крывічаў і чудзь запрасілі варожага конунга (князя) для навядзення парадку. Князь Рурык (? – 879) прыйшоў са сваёй дружынай і паклаў пачатак велікакняжацкай дынастыі Рурыкавічаў. Існуюць дзве асноўныя тэорыі паходжання Кіеўскай Русі: нарманская і антынарманская. Прыхільнікі нарманскай тэорыі перабольшвалі ролю скандынаўскіх воінаў ва ўсталяванні дзяржаўнасці на Русі. Між тым дзяржава як прадукт унутранага развіцця не можа быць прыўнесена знадворку. Гэта працэс доўгі і складаны. Для ўзнікнення дзяржаўнасці неабходны адпаведныя ўмовы: маёмаснае расслаенне, зараджэнне племянной знаці, узнікненне дружын і г. д. Антынарманісты даказваюць абсалютную самабытнасць славянскай дзяржаўнасці, адмаўляюць ролю скандынаваў у палітычных працэсах. Аднак нельга поўнасцю адмаўляць ролю варагаў у станаўленні Кіеўскай Русі. Большасць спецыялістаў даўно прызнала, што Рурыкавічы і сама назва “Русь” скандынаўскага паходжання. Першапачаткова панняцце “Русь” азначала толькі дружыну князя, яго “рыцарства” і адміністрацыю, а “Русая земля” – падуладную ім тэрыторыю, дзяржаву. У геаграфічным сэнсе з Х ст. так называліся землі Сярэдняга Падняпроўя з гарадамі Кіевам, Чарнігавам і Пераяславам. Гэты тэрмін часта выкарыстоўвалі арабскія і грэчаскія аўтары ў дачыненні да ўсіх усходнеславянскіх народаў дзеля таго, каб адрозніваць іх ад іншых славян. Але Полацк, Смаленск, Ноўгарад і шэраг іншых гарадоў усходніх славян яшчэ не лічыліся “Руссю” ў летапісах ХІІ ст. У пісьмовых крыніцах асноўнае насельніцтва тагачаснай Беларусі да сярэдзіны – другой паловы ХІІ ст. мае племянныя назвы: найменне “дрыгавічы” ў летапісах выкарыстоўвалася да 1149 г., крывічы – да 1162 г., радзімічы – да 1169 г.

У 882 г. пераемнік Рурыка князь Алег з дружынай, які княжыў у Ноўгарадзе, рушыў на Кіеў, перамог варагаў Аскольда і Дзіра і зрабіў горад сваёй рэзідэнцыяй. Так была аб’яднана Русь паўночная з паўднёвай (Кіеўскай). Пасля Алег заняў Смаленск і Любеч, падначаліў Кіеву драўлян, севяран і радзімічаў. У залежнасць ад Кіева на некаторы час трапіў і Полацк. Дзяржава, створаная Алегам, была своеасаблівым палітычным утварэннем. Аб’яднанне ўсходнеславянскіх зямель было вельмі нетрывалым і трымалася выключна на сіле зброі. Пры пераходзе ўлады ад аднаго князя да другога асобныя плямёны, як правіла, адмаўляліся падпарадкоўвацца новаму князю і іх патрэбна было зноў заваёўваць. Кіеўская дзяржава ўяўляла сабой своеасаблівую федэрацыю напалову незалежных княстваў, якія падпарадкоўваліся вялікаму князю кіеўскаму. У некаторых з іх доўгі час захоўваліся мясцовыя княжацкія дынастыі. Кіеўскія князі імкнуліся замацаваць сваю ўладу і па магчымасці ліквідаваць мясцовыя княжанні, але барацьба за гэта была доўгай і расцягнулася на ўсё Х ст. Аб’яднальнікам жа ўсіх усходнеславянскіх зямель у складзе Кіеўскай Русі стаў наўгародскі князь Уладзімір (960 – 1015). Ён ліквідаваў мясцовыя княжанні і пасадзіў у палітычных цэнтрах Русі сваіх сыноў. Пры Ўладзіміры было таксама распачата ўмацаванне паўднёвых рубяжоў Русі для абароны ад качэўнікаў. Дзяржаўнае адзінства ў той час забяспечвалася за кошт рэлігійнай і адміністрацыйнай рэформы. У 988 г. князь Уладзімір прыняў хрышчэнне па грэчаскаму ўзору. У выбары веры немалую ролю адыгралі практычныя меркаванні князя. Хрысціянства садзейнічала ўмацаванню дзяржаўнай улады і тэрытарыяльнага адзінства Кіеўскай Русі, аказала вялікі ўплыў на фарміраванне і развіцце культуры ўсходніх славян. Яно мела і міжнароднае значэнне, паколькі з гэтага часу Кіеўская Русь станавілася роўнай іншым хрысціянскім краінам. Кіўская Русь – гэта раннефеадальная дзяржава-манархія. На чале яе стаяў вялікі князь. Пры ім мелася дума, куды ўваходзілі і найбольш знатныя князі, і старэйшыя дружыннікі (баяры). Вялікаму князю падпарадкоўваўся шматлікі кіраўнічы апарат, які распараджаўся зборам даніны, падаткаў, судаводствам, спагнаннем штрафаў і іншымі справамі. У падуладных вялікаму князю землях функцыі кіравання ажыццяўлялі княжацкія намеснікі – пасаднікі і іх бліжэйшыя памочнікі – тысяцкія. Яны ўзначальвалі ў час ваенных дзеянняў народнае апалчэнне –“тысячу”. Пасаднікаў назначаў вялікі князь, тясяцкія выбіраліся са знатных баяр на вечы. Войска князя складалася з дружыны вялікага князя, таксама з войск васальных князёў. У асобных выпадках збіралася народнае апалчэнне. Князі асобных зямель, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад вялікага князя. Яны абавязаны былі пастаўляць вялікаму князю воінаў, з’яўляцца па яго патрабаванню з дружынай, а іх падуладнае насельніцтва – плаціць даніну. У той жа час князі асобных зямель карысталіся неабмежаванай уладай у сваіх землях. Велікакняжацкія намеснікі не мелі права ўмешвацца ў іх унутраныя справы. Аднак, калі мясцовая знаць імкнулася выйсці з падпарадкавання вялікаму князю, яе да паслушэнства прывозілі сілай. Пасля смерці Ўладзіміра ў Кіеве пачаў княжыць яго сын Святаполк, які распачаў упартую барацьбу з Яраславам. Яраслаў, які быў падтрыманы наўгародскімі гараджанамі, нанёс Святаполку паражэнне і заняў Кіеў. Пры Яраславе (каля 978 – 1054), які потым быў названы Мудрым, Русь дасягнула піка сваёй магутнасці, была абаронена ад печанежскіх набегаў. У гады яго княжання ў Кіеве быў узведзены грандыёзны 13-купальны Сафійскі сабор, заснаваны Пячорскі манастыр. З імем Яраслава звязваюць складанне “Рускай праўды”. Пры ім упершыню ў 1051 г. кіеўскім мітрапалітам становіцца не візантыйскі, а рускі дзяржаўны дзеяч і пісьменнік Іларыён. Перад смерцю Яраслаў падзяліў дзяржаву паміж пяццю сынамі, спадзеючыся на тое, што цяпер кіраваць дзяржавай будзе не асобны чалавек. А ўвесь княжацкі род. Але ўсобіцы не сціхалі, кожны з сыноў імкнуўся авалодаць Кіеўскім княствам. Узнікла шмат суверэнных зямель – княстваў. Колькасць іх расла: да сярэдзіны ХІІ ст. – 15. да пачатку ХІІІ ст. – ужо каля 50. Па ініцыятыве князя Ўладзіміра Манамаха (1053 – 1125) на Любецкім з’ездзе ў канцы ХІ ст. (1097) была прызнана поўная самастойнасць мясцовых феадальных цэнтраў. Такім чынам, як і іншыя дзяржавы падобнага тыпу, Кіеўская Русь ІХ – ХІ стст. не ўяўляла сабой маналітнага цэлага. А з’яўлялася механічным злучэннем зямель з розным узроунем эканамічнага і культурнага развіцця. Гэта і прывяло яе ў далейшым да падзлу на асобныя часткі з самастойнымі княжацкімі дынастыямі.

 

2. У “Аповесці мінулых гадоў” летапісец паведамляў аб існаванні на сучасных беларускіх землях племянных княжанняў – першапачатковах дзяржаўных утварэнняў. Найбольшымі сярод іх былі Полацкае, Смаленскае, Тураўскае. У Х ст. называюцца ўжо Віцебскае, Менскае, Аршанскае, Друцкае, Мсціслаўскае, Слуцкае, Новагародскае, Ізяслаўскае і іншыя княствы. На мяжы VІІІ – ІХ стст. вакол Полацка пачало фарміравацца аб’яднанне крывічоў, якое ў далейшым ператварылася ў самастойную тэрытарыяльную, палітычную і эканамічную адзінку. Першыя летапісныя звесткі аб Полацку адносяцца да 862 г. у першай палове ІХ ст. назіраўся працэс усталявання Полацкай зямлі ў пэўных геаграфічных межах і пачалося афармленне яе дзяржаўнасці. Сваім раннім узнікненем і інтэнсіўным развіццём Полацкая зямля ў многім абавязаня водным гандлёвым шляхам, якія звязвалі Паўднёвую Русь, Візантыю і арабскі Усход з Паўночнай Руссю, Прыбалтыкай і Скандынавіяй. Галоўнай жыццёвай артэрыяй Полацкага княства стала Заходняя Дзвіна. Кіеў і Ноўгарад сапернічалі паміж сабой за аб’яднанне ўсходнеславянскіх зямель, пры гэтым Полацку надавалася важнае значэнне. З 882 г. Полацк і землі, якія яму падпарадкоўваліся, знаходзіліся ў пастаянных эканамічных і палітычных сувязях з Кіеўскім княствам. Аб гэтым ёсць некалькі ўспамінаў у летапісе. У першым з іх гаворыцца аб удзеле крывічоў у сумесным паходзе ў 882 г. кіеўскага князя Алега на Смаленск. У 907 г. князь Алег здейсніў паход на Канстанцінопаль, у якім удзельнічалі і палачане. Аналізуючы сведчанне летапісу, многія даследчыкі прыйшлі да высновы, што Полацкае княства ўваходзіла ў склад Кіеўскай дзяржавы, але адносіны з ёй былі намінальнымі і абмяжоўваліся толькі ўдзелам на ўзаемавыгадных ваенных мерапрыемствах. Прыкладна ў 70-я гг. Х ст. у Полацку пачаў княжыць Рагвалод. Ён адзінаўладна кіраваў усёй Полацкай зямлёй, да саюзу з якой імкнуліся і наўгародскі князь Уладзімір, і кіеўскі князь Яраполк. У 980 г. Уладзіміру Святаславічу, які змагаўся са сваім братам Яраполкам за кіеўскі трон, удалося захапіць Полацк. Рагвалод быў забіты, яго дачка Рагнеда гвалтам узята Уладзімірам у жонкі. Яна нарадзіла яму сына Ізяслава. Згодна паданню, якое перададзена ў летапісе, Рагнеда зрабіла няўдалы замах на жыццё Уладзіміра і была саслана разам з сынам у крэпасць, якая пазней стала вядомая як горад Ізяслаўль (Заслаўе). Потым, верагодна, Ізяслаў быў запрошаны палачанамі на княжанне ў Полацк. Такім чынам, была адноўлена кіруючая дынастыя полацкіх князёў. У заканадаўчых адносінах Полацкая зямля кіравалася вечам, а ў выканаўчых – князем і яго дружынай. Веча запрашала князя, дамоўлівалася з ім аб умовах яго княжання, прымала абавязковыя для насельніцтва рознага роду пастановы, назначала на пасады ўраднікаў (чыноўнікаў), аб’яўляла вайну і заключала мір. У выпадку парушэння князем дагавора веча пазбаўляла яго паўнамоцтваў. Выканаўчая ўлада абараняла тэрыторыю, ажыццяўляла адміністрацыйнае кіраванне і г. д. Уступленне князя на прастол суправаджалася строга вызначаным рытуалам прынясення клятвы. Новы князь прысягаў абараняць тэрыторыю дзяржавы і інтарэсы яе жыхароў. Пасля смерці Ізяслава адзіным пераемнікам княжацкай улады ў Полацку становіцца яго малодшы сын Брачыслаў Ізяславіч. Князь Брачыслаў (1003-1044) і асабліва яго сын Усяслаў (1044-1101) фактычна не лічыліся з воляй кіеўскіх князёў і праводзілі самастойную палітыку. У барацьбе з кіеўскім князем Яраславам Мудрым за Ноўгарад Брачыслаў дабіўся перадачы яму гарадоў Віцебска і Усвят, якія стаялі на важным шляху са Скандынавіі ў Візантыю. Па Заходняй Дзвіне палачане ажыццяўлялі экспансію на прыбалтыйскія землі, засноўваючы там цэнтры па збору даніны і кіраванню падуладным насельніцтвам. Магчыма, Брачыслаў заснаваў горад Браслаў, які размяшчаўся на мяжы балцкай і славянскай супольнасці. Усеслаў Брачыславіч, які атрымаў прозвішча Чардзей, некаторы час падтрымліваў мірныя адносіны з кіеўскімі князямі. Аднак як толькі паміж апошнімі пачаліся ўсобіцы, разгарнуў барацьбу за падпарадкаванасць Полацку Паўночнай Русі. У 1065 г. полацкія дружыны асаджалі Пскоў, а ў 1066 г. штурмам узялі Ноўгарад. У адказ на гэта тры князі – браты Яраславічы на чале з кіеўскім князем Ізяславам пайшлі на полацкую зямлю і захапілі Менск. 3 сакавіка 1067 г. на беразе ракі Нямігі адбылася страшэнная бітва. Усяслаў адступіў. Нягледзячы на выйграную бітву, князі Яраславічы прапанавалі мір і запрасілі усяслава на перагаворы, гарантуючы яму бяспеку прысягай на крыжы. Усяслаў адправіўся на перагаворы з двума сынамі. Аднак Яраславічы пайшлі на клятвапарушэнне, схапілі яго пад Оршай і адвезлі ў Кіеў. У 1068 г. кіяшляне, якія паўсталі супраць Ізяслава, вызвалілі Усяслава і зрабалі яго кіеўскім князем. Праз сем месяцаў ён вярнуўся на радзіму. Усяслаў займае ганаровае месца ў гісторыі нашай краіны. У час яго кіравання Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці і найвышэйшай ступені незалежнасці. У той час, калі ў астатніх усходнеславянскіх княствах з другой паловы ХІ ст. пачынаецца актыўнае дзяленне на ўдзелы, Полацкая зямля застаецца цэласнай дзяржавай з адным цэнтрам у Полацку. У гэты перыяд адбыліся такія значныя падзеі для Полацкага княства, як замацаванне за Полацкам Ніжнягя Падзвіння, будаўніцтва Сафійскага сабора. Аднаўленне Менска, барацьба за пашырэнне ўсходняй мяжы княства. Пасля смерці Усяслава паміж яго сынамі вялася міжусобная барацьба, у якую ўмешваліся і іншыя князі. Найбольш моцным стаў Менскі. Тут княжыў Глеб Усяславіч, які праводзіў палітыку ўзвышэння Менска і ўсю сваю энергію накіроўваў на ўмацаванне і пашырэнне межаў Менскага княства. Гэта выклікала незадавальненне Кіева, якое прывяло да войнаў і плянення Глеба кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам. Адносіны Полацка з паўднёварускімі князямі ў першай трэці ХІІ ст. заставаліся вельмі вострымі. Гэта прывяло ў 1129 г. да таго, што кіеўскі князь Мсціслаў захапіў полацкіх князёў з сем’ямі ў палон і выслаў у Візантыю. Толькі праз дзесяць гадоў яны здолелі вярнуцца ў свае ўдзелы. У ХІІ ст. Полацкая зямля складалася з удзельных княстваў: Віцебскага, Менскага, Заслаўскага, Лагойскага і інш., у якіх улада, абмежаваная вечам, належала прадстаўнікам полацка-крывіцкай кіруючай дынастыі. Феадальная раздробленасць і бясконцая варожасць князёў аслаблялі Полацкую зямлю. Тураўскае княства прымыкала да паўднёвых межаў Полацкай зямлі і знаходзілася на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі ў басейне Прыпяці. Першапачатковы яе палітычны цэнтр – тураў. Буйным горадам быў Пінск. Тураў упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 980 г. Тураўская зямля ў асноўным адпавядае тэрыторыі рассялення дрыгавічоў. Пра грамацка-палітычны ўклад у Тураўскім княстве і яго гарадах звестак вельмі мала. Верагодна, што ў Тураве дзейнічала веча, існавала пасада тысяцкага, які ўзначальваў гарадское апалчэнне. У Тураве быў і пасаднік (пра гэта сведчыць Іпацьеўскі летапіс). Знаходжанне ў горадзе адначасова князя і пасадніка, акрамя Ноўгарада Вялікага, - з’ява незвычайная для іншых гарадоў. Аб існаванні пасадніка ў Полацку звестак няма. Такое параўнанне сведчыць пра асаблівасці грамацка-палітычнага ладу ў Тураўскім княстве. У канцы Х ст. і на працягу ХІ ст. Тураўская зямля знаходзілася ў цесным палітычным кантакце з Кіевам. Аднак у 50-я гг. ХІІ ст. Тураў выйшаў з падпарадкавання Кіеву, і ў ім усталявалася самастойная княжацкая дынастыя. К пачатку ХІІІ ст. Тураўскае княства страціла сваё ранейшае палітычнае значэнне. Усё большую вагу набываў Пінск, які станавіўся па сутнасці другой сталіцай княства. Такім чынам, першыя раннефеадальныя княствы ў Беларусі з’яўляюцца вытокам яе дзяржаўнасці, увасабленнем ідэі незалежнасці беларускага народа. Найбольш яркае адлюстраванне гэта ідэя атрымала ў Полацкім княстве – першым з вядомых нам дзяржаўных утварэнняў беларусаў, якое ўзнікла ў канцы 1-га тысячагоддзя н.э., яшчэ да ўзнікнення Кіеўскай Русі, і ў выніку ваенна-палітычных намаганняў захавала незалежнасць на працягу шэрагу стагоддзяў.

3. Перыяд ІХ – першай паловы ХІІІ ст. на беларускіх землях характарызаваўся складваннем раннефеадальных адносін. Паралельна з феадальным існавалі і іншыя ўклады – абшчынны і рабаўладальніцкі. Значная частка зямлі належала дзяржаве. Сяляне, якія пражывалі на ёй. Эксплуатаваліся вялікім князем і пануючай вярхушкай. Асноўнай формай эксплуатацыі была даніна, якая збіралася самім князем з дружынай. Працэс росту буйнога феадальнага землеўладання ішоў шляхам усталявання ўлады над абшчыннымі землямі і ў выніку падараванняў князя за ваенную службу, а таксама падараванняў царкве. Асноўнымі відамі феадальнага землеўладання былі баярскае, княжацкае і царкоўнае. Згодна свайму гаспадарчаму і прававому палажэнню сяляне-смерды падзяляліся на дзве асноўныя групы: свабодных і залежных ад землеўладальнікаў. З’яўленне катэгорыі залежных сялян сведчыла аб маёмасным расслаенні сялянскай абшчыны, з аднаго боку, і аб канцэнтрацыі зямельнай уласнасці ў руках пануючага класа феадалаў – з другога. Адначасова з феадальным укладам працягваў існаваць абшчынны ўклад, які захаваўся яшчэ ад першабытных часоў. У карыстанні абшчыны былі зямля, сенажаці, рэкі. Узаемаадносіны смердаў рэгуляваліся абшчынным судом. Абшчына збірала даніну. Дапамагала будаваць або аднаўляць жылле і г.д. На тэрыторыі Беларусі рабаўладанне не стала масавай з’явай. Рабаўладальніцкі ўклад існаваў у выглядзе дамашняга і гандлёвага рабства. Асноўным заняткам насельніцтва было земляробства. У ІХ – першай палове ХІІІ ст. назіраўся значны працэс вырабу прылад працы, спосабаў апрацоўкі зямлі. Асноўнай прыладай працы ворыўнага земляробства стала вялікае драўлянае рала з жалезнай рабочай часткай – наральнікам. Інтэнсіфікацыя тэхналогіі земляробства была звязана з выкарыстаннем двухполля і нават трохполля. Найбольш распаўсюджанымі збожжавымі культурамі былі жыта, ячмень, авёс, проса, пшаніца. Як сельскае, так і гарадское насельніцтва займалася агародніцтвам і садаводствам. Адной з галін сельскай гаспадаркі была жывёлагадоўля. Акрамя земляробства і жывёлагоўлі сяляне займаліся рознымі падсобнымі і хатнімі промысламі. Развіццё вытворчых сіл на тэрыторыі Беларусі было звязана з працэсам аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. Адным з першых з масы сельскага насельніцтва вылучыліся крычнікі і кавалі. У гарадах апрацоўкай жалеза займаліся раменікі не меньш чым 16 спецыяльнасцей. У ІХ – Х стст. як самастойная галіна рамяства выдзяляецца ювелірная справа. Развіваліся выраб і апрацоўка скур (гарбарства), выраб бочак (бондарства), апрацоўка каменя, дрэва, косці, ганчарства, ткацтва і іншыя віды рамёстваў. З развіццём рамяства і аддзяленнем яго ад сельскай гаспадаркі быў звязаны працэс узнікнення і росту гарадоў. На тэрыторыі Беларусі найбольш буйнымі гарадамі сталі Полацк 9862), Тураў (980), Брэст (1019), Віцебск (1021), Менск (1067), Гродна (1127), Навагрудак (1252) і інш. Летапісныя крыніцы сведчаць аб існаванні ў ХІІІ ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі больш чатырох дзесяткаў гарадоў. У аснове ўзнікнення многіх гарадоў былі феадальныя і княжацкія замкі або памежныя крэпасці. Горад складаўся з дзвух частак: умацаванага дзяцінца (града0 і рамесна-тарговага пасада, дзе знаходзіўся кірмаш. Найбольш багатую частку гараджан складалі князі, баяры, купцы, заможныя рамеснікі. Аддзяленне ад сельскай гаспадаркі, горада ад сяла стала перадумовай развіцця гандлю. У ІХ – ХІІІ стст. беларускія землі вялі гандаль з Візантыяй, Арабскім Усходам, Заходняй Еўропай, усходнеславянскімі краінамі. Важнае значэнне для развіцця гандлю ў ІХ – ХІ стст. меў водны шлях “звараз у грэкі”, які звязваў Прыбалтыку і Скандынавію з Візантыяй, а таксама ўсходнеславянскія землі паміж сабой. Ён злучаў Балтыйскае (Варажскае) і Чорнае (Рускае) моры праз рэкі Заходнюю Дзвіну і Днепр. Паміж гэтымі рэкамі ў раёне сучасных Оршы і Віцебска былі наладжаны сухапутныя шляхі зносін – волакі, на якіх судны перацягвалі ад ракі да ракі па зямлі, падкладваючы пад іх бярвенні. У разглядаемы перыяд з тэрыторыі Беларусі экспартавалі футра, воск, мёд, лён, рамесныя вырабы і іншыя тавары. З Еўропы і Візантыі паступалі прадметы раскошы: дарагія тканіны, прыправы, каляровыя металы і каштоўныя каменні, віно і інш. Такім чынам, у ІХ – першай палове ХІІІ ст. (на некалькі стагоддзяў пазней, чым у Заходняй Еўропе) на беларускіх землях адбывалася ўсталяванне раннефеадальных адносін: узнікаюць першыя дзяржавы, пачынаюць фарміравацца асноўныя пласты феадальнага грамацтва. Гэты перыяд характарызуецца станаўленнем асноўных форм зямельнай уласнасці, развіццём сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю, узнікненнем і развіццём гарадоў.

4. Значную ролю ў культурным развіцці ўсходніх славян адыграла хрысціянская рэлігія. Адзіная агульнадзяржаўная рэлігія кансалідавала ўсе бакі грамадскага жыцця, і перш за ўсё ў культурна-духоўнай сферы. У 992 г. князь Ізяслаў заснаваў у Полацку епархію – вялікую царкоўную акругу. Рагнеда і Ізяслаў сталі першымі хрысціянамі ў Полацкім княстве. Вядома, што Рагнеда не толькі стала хрысціянкай, але і прыняла манаскі пострыг пад імем Анастасіі. Ізяслаў, яе сын, з павагай ставіўся да духоўнага і манаскага сану. Пры ім у Полацку ўжо быў адзін хрысціянскі храм. Зразумела. Барацьба паміж новай, хрысціянскай, верай і старай, язычнічкай, мела месца. Напэўна. Пры гэтым не абыходзілася і без насілля. Аб чым сведчыць народная прымета, што сустрэча з манахам, папом прывядзе да бяды. Дваяверства яшчэ доўга захоўвалася на беларускіх землях. Дабратворным быў уплыў хрысціянства на распаўсюджанне пісьменства і адукацыі. Рукапісных кніг ХІ – ХІІІ стст. да анас дайшло няшмат. Вядомы Тураўскае і Полацкае евангеллі таго часу. Самае ранняе з тых, якія захаваліся, - Тураўскае евангелле, створанае на беларускіх землях у ХІ ст. Гэты твор напісаны царкоўнаславянскай мовай, упрыгожаны вялікімі літарамі-ініцыяламі, якія былі размаляваны чырвонай і сіняй фарбамі. У ХІ ст. на Полацкай зямлі пачала асвойвацца кірылічная азбука (складзена ў 863 г. братамі Кірылам і Мяфодзіем, утрымлівала 43 літары). Аб гэтым сведчалі, напрыклад, надпісы на так званых Барысавых камянях, знойдзеных у рэчышчы Заходняй Дзвіны, а таксама надпіс на “Рагвалодавым камені” каля Оршы. У Брэсце быў знойдзены драўляны грэбень для расчэсвання ваоасоў з паслядоўна размешчанымі на ім літарамі славянскага алфавіта. Выключную навуковую каштоўнасць маюць берасцяныя граматы – бярозавая кара з літарамі, надрапанымі на ёй. Такія граматы знойдзены археолагамі ў Віцебску і Мсціслаўлі. Яны сведчаць аб тым, што ў гарадах пісьменнай была частка простых гараджан, а іх дзеці навучаліся грамаце. Вельмі старажытным помнікам усходнеславяскай пісьменнасці з’яўляецца надпіс на полацкай пячатцы канца Х ст. У Ноўгародзе Вялікім была знойдзена свінцовая пячатка, якая належала полацкаму князю Ізяславу. Пашырэнню пісьменнасці садзейнічалі рэлігійна-асветніцкія дзеячы. Свядомы жыццевы выбар зрабіла ўжо ў 12-гадовым узросце дачка полацкага князя Прадслава, унучка знакамітага Усяслава Чарадзея. Даведаўшыся аб намеры бацькі заручыць яе з будучым мужам-княжычам, яна выбрала служэнне Богу і тайна збегла з дому ў жаночы манастыр, дзе атрымала імя Ефрасіння. Пазней яна заснавала жаночы і мужчынскі манастыты, дзе перапісваліся царкоўныя кнігі. Справа гэта была ў той час вельмі цяжкай, на епрапісванне адной кнігі звычайна патрабавалася ўсё жыццё. Ефрасіння стала першай вядомай нам жанчынай-кнігапісцам. Для маладых жанчын у манастары яна адкрыла школу. Ужо на схіле жыцця Ефрасіння здзейснілаа рэлігійны подзвіг – адправілася ў далёкае і цяжкае падарожжа ў Святую зямлю – Іерусалім, дзе і памерла. Ефрасіння Полацкая (1104 або 1110? – каля 1167 або 1173) – першая жанчына ва ўсходніх славян, якую праваслаўная царква абвясціла святой. Вернікі лічаць яе нябеснай заступніцай беларускай зямлі і кожны год 5 чэрвеня адзначаюць дзень яе памяці. Выдатным рэлігійным асветнікам быў тураўскі епіскап Кірыла (каля 1130 – каля 1182 або пасля 1184?). Ён на пэўны час замураваўся ў невялічкай манастырскай вежы (стаўпе, які меў некалькі паверхаў) і жыў пустэльнікам – у ізаляцыі ад іншых людзей. Кірыла Тураўскі не толькі чытаў тут кнігі, але і пісаў “словы” – звароты да вернікаў, малітвы-споведзі, аповесці-прытчы. Якія маюць характар павучанняў. За красамоўства Кірылу Тураўскага яшчэ пры жыцці, што не так часта сустракаецца ў гісторыі. Празвалі Залатавустам, які “паче всех воссиял на Руси”. Выдатным царкоўным дзеячам і пісьменнікам ХІІ ст. з’яўляўся Клімент Смаляціч, які на працягу сямі гадоў быў кіеўскім мітрапалітам, дзе абараняў незалежнасць усходнеславянскай праваслаўнай царквы ад Візантыі. Да нашых дзён дайшоў толькі адзін яго твор – “ Пасланне Фаме прасвіцёру ”, у якім аўтар паказаў сябе арыгінальным мысліцелем, здольным палемістам і шырока эрудзіраваным крытыкам. Выдатным помнікам мураванага дойлідства (будынкам, узведзеным з камянёў і цэглы, замацаваных растворам) з’яўляецца пабудаваны ў 50-я гады ХІ ст. у Полацку пры князю Усяславе Чарадзею Сафійскі сабор. Слова Сафія азначае “Боская мудрасць”, якая, па ўяўленні веруючых, кіравала сусветам. Гэта быў трэці храм такога тыпу, пабудаваны на землях усходніх славян пасля Кіеўскай і Наўгародскай Сафіі. Сафія мела, як мяркуюць даследчыкі, пяць ці сем купалоў. Пры будаўніцтве сабора выкарыстана плоская цэгла – плінфа. Унутраная паверхня храма была аздоблена фрэскамі – роспісам вадзянымі фарбамі па свежай тынкоўцы. Полацкая Сафія некалькі разоў за сваю гісторыю разбуралася, перабудоўвалася і дайшла да нас у значна змененым выглядзе. На працягу ХІІ ст. у Полацку было ўзведзена дзесяць мураваных аднакупальных царкоўных пабудоў. Адной з іх стала Спаская царква, пабудаваная па замове Ефрасінні Полацкай за 30 тыдняў дойлідам Іаанам (Іванам). Яна мела ярусны вежападобны выгляд, упрыгожана так званымі какошнікамі стрэльчатай формы. Слова Спас азначае выратаванне. У гэтай царкве захоўваюцца сёння мошчы (астанкі) святой Ефрасінні Полацкай, царква захавалася ў значна перабудаваным выглядзе. У Гродне захаваляся Каложская (Барысаглебская) царква, пабедаваная ў ХІІ ст. сцены царвы ўпрыгожаны ўстаўкамі з каляровага паліраванага каменю і керамічнымі пліткамі, якія ўтваралі вызначаны малюнак. Асаблівасцямі царквы з’яўляюцца наяўнасць круглых слупоў і вялікая колькасць галаснікоў – гляняных збаноў, умураваных усцены, каб было добра чуваць малітву і голас святара. Помнікам абарончага дойлідства з’яўляецца пяціярусная, вышынёй у 30 метраў, Камянецкая вежа, пабудаваная ў ХІІІ ст. на Брэстчынне з жоўтай і карычневай цэглы. Шэдэўрам старажытнага мастацтва з’яўляецца шасціканцовы крыж, зроблены ў тэхніцы перагародчатай эмалі майстрам Богшам (у хрышчэнні Лазарам) па заказе Ефрасінні Полацкай у 1161 г. Крыж выраблены з кіпарысавага дрэва. Яго паверхня абкладзена залатымі, а бакі – сярэбранымі пласцінамі з выбітымі на іх надпісамі кірыліцай. На залатых пласцінах змешчаны выявы святых, выкананыя рознакаляровымі эмалямі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны крыж знік і дагэтуль дакладна невядома, дзе ён знаходзіцца. Аднавіў святыню ўжо ў наш час брэсцкі мастак-ювелір Мікалай Кузьміч, які працаваў над сучаснай копіяй крыжа некалькі гадоў.

 

 

Тэмы рэфератаў

1.Пачатак фарміравання старажытнарускай дзяржаўнасці. Узнікненне Наўгародскай, Полацкай і Кіеўскай Русі.

2.Старажытны Полацк – першае дзяржаўнае ўтварэнне Беларусі.

3.Агульнае і адметнае ў культурна-моўным развіцці.

4.Сацыяльна-эканамічнае развіцце Мінска, Полацка, Віцебска, Бреста, Пінска.

5.Развіцце рамяства, гандлю, знешніх адносін у ІХ – ХІІІ стст.

 

Літаратура

Ганцова С.К., Чамярыцкі В.А., Штыхаў Г.В. Сведкі беларускай мінуўшчыны: Зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі VІ – ХV стст. – Мн.: НІА, 1996.

Гісторыя Беларусі ў табліцах і схемах. Са старажытнах часоў да сучаснасці / Склад Л.М.Нагорная, А.В.Цімашэй. – Мн.: ТАА Юніпрэс,1999.

Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VІ – ХVстст.).

Дапаможнік для вучняў і настаўнікаў/ пад рэд. Г.В. Штыхава – Мн.: Народная асвета, 1998.

Загарульскі Э.М. Заходняя Русь. ІХ-ХІІІ стст. Вучэб. Дапаможнік. – Мн.: Універсітэцкае, 1998.

Гісторыя Беларускай сср.: у 5т. Т.2.Мн.,1972-1975.

Гісторыя Мінска. Мн.,1997.

Галубовіч В.І. Эканамічны стан, побыт і гандаль Старажытнай Беларусі (ІХ-ХІІІ стстс.) Мн., 1992.

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1997.

Нарысы гісторыі Беларусі. У 2ч./ М.П.Касцюк і інш. – Мн.: Беларусь,1994-1995.

Эканамічная гісторыя Беларусі: Курс лекцый / Пад агул. Рэд. В.І. Галубовіча. – Мн.: Экаперспектыва, 2001.

 







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 1450. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Кардиналистский и ординалистский подходы Кардиналистский (количественный подход) к анализу полезности основан на представлении о возможности измерения различных благ в условных единицах полезности...

Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит. Multisim оперирует с двумя категориями...

Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

Менадиона натрия бисульфит (Викасол) Групповая принадлежность •Синтетический аналог витамина K, жирорастворимый, коагулянт...

Разновидности сальников для насосов и правильный уход за ними   Сальники, используемые в насосном оборудовании, служат для герметизации пространства образованного кожухом и рабочим валом, выходящим через корпус наружу...

Дренирование желчных протоков Показаниями к дренированию желчных протоков являются декомпрессия на фоне внутрипротоковой гипертензии, интраоперационная холангиография, контроль за динамикой восстановления пассажа желчи в 12-перстную кишку...

Механизм действия гормонов а) Цитозольный механизм действия гормонов. По цитозольному механизму действуют гормоны 1 группы...

Алгоритм выполнения манипуляции Приемы наружного акушерского исследования. Приемы Леопольда – Левицкого. Цель...

ИГРЫ НА ТАКТИЛЬНОЕ ВЗАИМОДЕЙСТВИЕ Методические рекомендации по проведению игр на тактильное взаимодействие...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.008 сек.) русская версия | украинская версия