Студопедия — Тэма 5. Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Тэма 5. Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай.






1. Люблінская унія.Утварэнне Рэчы Паспалітай і статус ВКЛ у яе складзе.

2. Знешняя палітыка Рэчы Паспалітай. Войны другой паловы ХVІ – ХVІІІ ст.

3. Грамацка-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў ХVІІІ ст. Падзелы Рэчы Паспалітай.

4. Уплыў эпохі Асветніцтва на айчынную культуру ХVІІ – ХVІІІ стст.

1. У пачатку Новага часу ва Усходняй Еўропе склаліся такія буйныя дзяржавы, як Каралеўства Польскае, Вялікае княства Літоўскае і Маскоўскае княства. Характэрнай рысай развіцця гэтых краін на працяглы час стала барацьба за гегемонію ва Усходняй Еўропе. Галоўным сапернікам беларуска-літоўскай дзяржавы было Маскоўскае княства, якое яшчэ з канца ХV ст. пачала прысвойваць сабе ролю не толькі пераемніцы Кіева, але і Візантыі і абвясціла сябе галоўнай сярод усіх праваслаўных хрысціянскіх дзяржаў Усходняй Еўропы. Першая палова ХVІ ст. была запоўнена войнамі паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам. Баявыя дзеянні вяліся ў 1500 – 1503, 1506 – 1508, 1512 – 1522, 1534 – 1537 гг. З аднаго і другога боку былі перамогі і паражэнні. Так, ВКЛ аказалася ў вельмі складаным становішчы, якое прымусіла яго заключыць у 1569 г. унію з Польшчай. Прычыны гэтай уніі можна падзяліць на знешнюю і ўнутранныя:

- Цяжкае знешнепалітычнае становішча ВКЛ. Маскоўская дзяржава пачала Лівонскую вайну (1558-1583гг.) Гэта была барацьба за выхад да Балтыйскага мора. У ВКЛ быў заключаны ваенны саюз з Лівоніяй, таму княства было ўцягнута ў гэтую вайну з Масквой. Іван Грозны перанес ваенныя дзеянні на землі Беларусі летам 1561 г., акрамя таго ен імкнуўся вярнуць “рускія вотчыны” на беларускіх землях. У 1562г. Маскоўскія войскі стаялі ля сцен Віцебска, Оршы, Шклова, у 1563г. быў захоплены самы багаты горад княства - Полацк. Вайна выцягнула са скарбу ўсе сродкі. Неадкладна патрабаваўся саюзнік. Позірк быў кінуты на захад, таму што княства мела значны вопыт унітарных дагавораў сужыцця з Польшчай ад часоў Ягайлы.

-Унутрыкласавыя супярэчнасці ў пануючым шляхецкім саслоўі. Паны – рада (магнаты) праводзілі толькі свае рашэнні на сейме, шляхта не мела ніякай рэальнай улады. Такога нельга было сустрэць у суседняй Польшчы, дзе шляхта ўплывала на ўнутраную і знешнюю палітыку ўрада. Польскія шляхецкія вольнасці прыцягвалі шляхту княства. Падтрымліваючы ідэю уніі, яна імкнулася да ўлады, меркавала заняць такое ж вызначальнае становішча ў сваей дзержаве, як польская ў сваей.

- Польшча сама дамагалася уніі. Гэта было звязана з тым, што:

А) польскай шляхце стала цесна ў каралеўстве, яна паглядала на княжацкія землі, якія б далі новыя багацці, новыя пасады, узнагароды;

Б) Польшча з’яўлялась самым магутным каталіцкім бастыенам ва Усходняй Еўропе, а таму Ватыкан адводзіў ей галоўную ролю ў экспансіі каталіцызму на ўсход – на беларускія, украінскія, рускія землі.

10 студзеня 1569г. Пачаўся Люблінскі сейм, які доўжыўся 6 месяцаў. Кожны ставіў свае ўмовы, ніхто не саступіў. Польскі бок пайшоў на ваенныя дзеянні, захапіўшы Падляшша, Валынь, Падолле і Кіеўшчыну. Вялікакняскі ўрад не мог ваяваць на два бакі. З такога становішча было адзінае – сесці за стол перамоў з Польшчай. 1 ліпеня 1569 г. была падпісана Люблінская унія. Згодна з ёю, Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае ўяўлялі сабою адну рэспубліку з дзвюх дзяржаў і двух народаў – Рэч Паспалітую.

Умовы аб’яднання былі наступныя:

1. Вышэйшым органам улады станавіўся агульны сейм, які мог збірацца толькі на тэрыторыі Польшчы. На чале дзяржавы стаяў кароль, якога выбіралі феадалы Польшчы і ВКЛ.

2. Выключна да кампетэнцыі Рэчы Паспалітай адыходзіла знешняя палітыка.

3. Дазвалялася набываць маенткі і валодаць імі паляку ў Літве, а літоўцу ў Польшчы.

4. У ВКЛ поўнасцю захоўваліся былы адміністрацыйны апарат, заканадаўства, судовая арганізацыя, тытул, пячатка і войска.

Заканадаўчы орган Рэчы Паспалітай – двухпалатны парламент каронны сейм, які складаўся з сената (рады) і пасольскай ізбы. Сейм з’яўляўся кіраўніком дзяржавы. У сенат уваходзілі знатныя, свецкія і духоўныя феадалы (150 чал.). Сейм выбіраў сенат (раду) на два гады. Пасольская ізба (200 чал.) складалася з дэпутатаў ад шляхецкіх павятовых сеймікаў. Сеймікі склікаліся за 6 тыдняў да агульнадзяржаўнага сейма і выпрацоўвалі інструкцыі, якія паслы павінны былі праводзіць на каронным сейме. Пастановы прымаліся аднагалосна. Група дэпутатаў альбо адзін дэпутат мог сказаць “не дазваляю” і пастанова прыпынялася. Гэта права liberum veto (свабоднае вета) разглядалася як адно з найважнейшых “залатых шляхецкіх вольнасцей”. Кароль узначальваў сенат, склікаў сеймы, вызначаў тэрмін іх пасяджэнняў, прызначаў на вышэйшыя ўрадавыя пасады.

Такім чынам, Рэч Паспалітая была федэрацыяй суседніх дзяржаў, у якой княства існавала да канца ХVІІІ ст. Пры гэтым Польшча знаходзілася ў больш выгадным палітычным і эканамічным становішчы і таму валодала ўнутрыпалітычнай ініцыятывай у Рэчы Паспалітай, магла ажыццяўляць вялікадзяржаўную палітыку ў адносінах да насельніцтва ВКЛ. Сейм у ВКЛ юрыдычна спыніў сваю дзейнасць, а ў агульным сейме РП са 180 дэлегатаў ад ВКЛ прысутнічала толькі 46 (у тым ліку 34 з Беларусі). Гэта дазволіла кіруючым колам Польшчы ажыццяўляць у адносінах да Літвы і Беларусі не толькі палітычную, але і эканамічную дыскрымінацыю. Усё гэта выклікала ў большай часткі пануючага класа ВКЛ антыпольскія настроі. Насупраць Люблінскай уніі на працягу 70 – 80-х гг. ХVІ ст. ВКЛ рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя сеймы, а з 1581 г. пачаў дзейнічаць Галоўны трыбунал ВКЛ. Шляхта ВКЛ хацела большай самастойнасці. Гэтая барацба прывяла да таго, што ў 1588г. быў прыняты Статут, які, па сутнасці, скасаваў многія пастановы Люблінскай уніі. Палякі больш не маглі набываць землі на тэрыторыі ВКЛ. Статут 1588г. – збор законаў феадальнага права, які доўгі час лічыўся самым дасканалым зводам законаў у Еўропе і дзейнічаў на беларускіх землях да 1840г. Больш таго, 1-ы артыкул ІV раздзела Статута зацвярджаў, у адрозненне ад Польшчы, дзе мовай прававых дакументаў была лацініца, дзяржаўнасць беларускай мовы. У далейшым уплывовымі коламі ВКЛ неаднаразова рабіліся захады цалкам адасобіцца ад Польшчы. У 50-я гг. ХVІІ ст. энергічныя крокі ў гэтым кірунку распачалі Радзівілы, у канцы ХVІІ ст. – Сапегі. Урад Рэчы Паспалітай вымушаны быў пайсці на некаторыя саступкі ў адносінах да ВКЛ. У 1673 г. было прынята рашэнне аб правядзенні кожнага трэцяга сейма Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Княства, у беларускім горадзе Гродна, пад старшынствам аднаго з мясцовых дэпутатаў.

Стварэнне уніяцкай царквы. Люблінская унія прывяла да змен у царкоўна-рэлігійным жыцці. На тэрыторыі сучаснай Беларусі доўгі час панавала праваслаўе. Аднак яго манапалізм быў парушаны пранікненнем ідэй каталіцызму, якое асабліва ўзмацнілася пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай. Жорсткае супрацьстаянне праваслаўя і каталіцызму прывяло да крызісу не толькі ў рэлігійным жыцці, але і ў галінах культуры і ідэалогіі. Выйсце з яго большасць палітыкаў Рэчы Паспалітай бачыла ў адзінавер’і ўсіх падданых дзяржавы. Такое вырашэнне праблемы супадала і з інтарэсамі Ватыкана. Новы кірунак хрысціянства – уніяцтва, што. Па сутнасці, з’яўлялася кампрамісам, быў аформлены на Берасцейскім саборы 6-9 кастрычніка 1596 г. Ён прадугледжваў захаванне праваслаўнай абраднасці, беларускай мовы ў набажэнстве, традыцыйных свят, але прызнаваў вяршэнства Папы Рымскага і каталіцкае веравучэнне. Рашэнні Берасцейскай уніі былі ўспрыняты па-рознаму. Так, праваслаўнае духавенства заняло кансерватыўную пазіцыю і імкнуліся захаваць Беларусь ад заходняга ўплыву. Урад, насупраць, пачаў праводзіць радыкальныя меры па рэалізацыі уніі. Праваслаўныя цэрквы закрываліся, іх маёмасць перадавалася уніятам. Адукацыя, літаратура. Мова, кнігадрукаванне былі падпарадкаваны рэлігійнай барацьбе, якая прыняла самыя разнастайныя формы – ад дыскусій да ўзброеных выступленняў. Адным з найбольш яскравых прыкладаў адкрытай барацьбы супраць прымусовага распаўсюджвання уніі з’явілася забойства ў 1623 г. полацкага уніяцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча, абвінавачанага ў асабліва жорсткіх метадах укаранення новай царквы. У выніку унія не прынесла чаканага спакою. Насупраць, яна стала крыніцай разладу. Барацьба пайшла на спад толькі пасля афіцыйнага прызнання ўрадам Рэсы Паспалітай у 1633 г. праваслаўнай царквы і яе іерархіі. Пераход беларусаў у новую веру адбыўся паступова і расцягнуўся на шмат гадоў. Стварэнне школ, манастыроў, больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы – усё гэта спрыяла росту ўплыву уніяцкай царквы сярод насельніцтва. У канцы ХVІІ – пачатку ХVІІІ ст. колькасць уніятаў перавысіла колькасць праваслаўных. Сацыяльную базу царквы складалі сяляне, мяшчане і дробная шляхта. У канцы ХVІІІ ст. гэту веру падтрымлівала і большасць насельніцтва Беларусі, у тым ліку каля 80% сялян. Уніяцтва прываблівала людзей таксама павагай да мясцовых нацыянальна-культурных традыцый, выкарыстаннем у рэлігійным жыцці беларускай мовы.

2. Экспансія на Усход. Пасля падпісання акта Люблінскай уніі знешняя палітыка Рэчы Паспалітай прыкметна актывізавалася. Абраны каралём Стэфан Баторый (1576-1586) змог сабраць 40-тысячнае войска і змяніў ход ваенных дзеянняў у Лівонскай вайне. У 1579 г. быў вызвалены Полацк і іншыя населеныя пункты Беларусі, якія раней былі заняты войскамі Івана Грознага. Тэатр ваенных дзеянняў быў перанесены на землі Маскоўскай дзяржавы. У 1582 г. было падпісана Ям-Запольскае пагадненне тэрмінам на 10 гадоў, у адпаведнасці з якім ВКЛ вярталіся ўсе землі, страчаныя падчас вайны. Да Рэчы Паспалітай адыходзіла таксама большая частка Лівоніі. Тым не менш Стэфан Баторый вёў падрыхтоўку да новай вайны з Масквой. Аднак рэалізацыя гэтых планаў перашкодзіла яго смерць. На польскі прастол быў абраны шведскі прынц Жыгімонт ІІІ Ваза (1587-1632), які выбраў новую тактыку ўплыву на Маскоўскую дзяржаву. У шэты час у Расіі пачынаецца смутны час, які быў выкліканы рэзкім абвастрэннем сацыяльных супярэчнасцей і пагаршэннем эканамічнага становішча ў выніку войнаў і апрычніны. Сьановішча ўскладнілася дынастычным крызісам, які быў звязаны са смерцю апошняга прадстаўніка Рурыкавічаў Фёдара Іаанавіча і ўступленнем на трон Барыса Гадунова. Жыгімонт Ваза імкнуўся падтрымаць сваіх стаўленікаў на рускі прастол, якія выдавалі сябе за Дзмітрыя – забітага сына Івана ІV. Лжэдзмітрыю І пры падтрымцы польскай, літоўскай, беларускай і ўкраінскай шляхты ўдалося заняць Маскву. Ён быў прызнаны маскоўскім баярствам, вянчаўся на царства 21 ліпеня 1605 г., аднак у выніку народнага паўстання быў забіты. Яго паслядоўнік – Лжэдзмітрый ІІ змог увайсці ў расійскую сталіцу. План Жыгімонта Вазы меў характар прыватнай ініцыятывы і не атрымаў шырокай падтрымкі шляхты. Пасля таго, як ён фактычна праваліўся, пачалася прамая інтэрвенцыя Рэчы Паспалітай у Маскоўскую дзяржаву (1609-1618). Рускае войска пацярпела паражэнне і рускім царом быў прызнаны сын Жыгімонта Уладзіслаў. Аднак уваход у Маскву войска Рэчы Паспалітай выклікаў шырокае незадавальненне расійскага грамадства. У 1611 г. было арганізавана першае народнае апалчэнне на чале з П.Ляпуновым, а ў 1612 г. – другое пад кіраўніцтвам К. Мініна і Дз. Пажарскага. Пасля працяглай асады Масквы войска Рэчы Паспалітай пакінула горад. Новыя спробы Уладзіслава заняць расійскую сталіцу скончыліся безвынікова. У 1634 г. быў заключаны Палянаўскі мір, які азначаў канчатковую адмову Уладзіслава ад тытула маскоўскага цара.

Казацка–сялянская вайна 1648-1651 гг. Пастаянныя войны, якія вяла Рэч Паспалітая ў першай палове ХVІІ ст., прывялі да таго, што на ўкраінскіх і беларускіх землях склаліся напружаныя сацыяльна-палітычныя абставіны. Узмацніўся феадальны прыгнёт, абвастрыліся супярэчнасці паміж сельскай і гарадской шляхтай. Асабліва небяспечнай сілай для польскага ўрада ў гэты час стала запарожскае казацтва, ваенны патэнцыял якога за першую палову ХVІІ ст. істотна ўзрос. У 1648 г. гетманам запарожскага войска быў абраны Б. Хмяльніцкі. Які меў мэту стварыць незалежную ад польскага ўрада Украіну. Ён заключыў саюз з крымскімі татарамі і на чале казацка-татарскіх сіл разбіў польскія войскі пад Жоўтымі Водамі і Корсунем. Звесткі аб гэтым выклікалі ўзброенныя выступленні сялян і гараджан на поўдні Беларусі. Хмяльніцкі, каб не пусціць войска ВКЛ на Украіну, накіраваў у Беларусь казацкія атрады – загоны. Восенню 1648 г. казацка-сялянскімі сіламі былі захрплены Гомель, Бабруйск, Мазыр, Тураў, Пінск і інш. У адказ кіраўніцтва Рэчы Паспалітай накіравала на поўдзень Беларусі войска на чале з Янушам Радзівілам. За першую палову 1649 г. былі заняты амаль усе беларускія гарады, якія знаходзіліся ў руках паўстанцаў. 31 жніўня 1649 г. пад Лоевам адбылася буйнейшая бітва, у якой казацка-сялянскае войска было разбіта. Да восені 1651 г. паўстанцкі рух на беларускіх землях быў канчаткова задушаны. На Украіне вайна працягвалася. Б. Хмяльніцкі, убачыўшы бесперспектыўнасць самастойнай барацьбы з Польшай, пайшоў на прызнанне пратэктарата Расіі. Ён быў зацвержаны ў 1654 г. на Пераяслаўскай радзе.

Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654-1667 гг. Вясной 1654 г. Масква, якая імкнулася да пашырэння сваіх межаў, аб’явіла вайну Рэчы Паспалітай. Спачатку ваенныя дзеянні разгортваліся паспяхова для Расіі. Ужо ў хуткім часе быў узяты Смаленск і яшчэ 33 гарады Беларусі: Полацк, Орша, Чавусы, Крычаў, Шклоў, Гомель і інш. Без бою здаўся адзін з буйнейшых гарадоў Беларусі – Магілёў. Летам 1655 г. была занята цэнтральная і значная частка Заходняй Беларусі. 31 ліпеня была захоплена сталіца Вялікага княства Літоўскага – Вільня. Цяжкае становішча для Рэчы Паспалітай вырашыў выкарыстаць швецкі кароль. Летам 1655 г. яго войскі напалі на Польшчу, захапілі балтыйскае ўзбярэжжа. Шведы даволі хутка занялі большую частку Польшчы і Жамойцію. У гэты час рускі цар Аляксей Міхайлавіч заключыў з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е (1656), у адпаведнасці з якім Польшча і і Расія спынялі ваенныя дзеянні паміж сабою і аб’ядноўваліся для барацьбы са шведамі. У маі наступнага года супраць Швецыі выступіла Аўстрыя, у чэрвені – Данія. Шведскія войскі паступова выціскаліся з захопленых зямель. На акупіраваных рускімі войскамі землях расла незадаволенасць царскай адміністрацыяй. Узмацніліся антымаскоўскія тэндэнцыі сярод дзеючых у Беларусі казакоў. У 1658 г. баявыя дзеянні паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй узнавіліся. У гэты час антырасійскія выступленні пачалі прымаць характар народнай вайны. Да лета 1659 г. яна ахапіла амаль усю тэрыторыю Беларусі. Акрамя таго, разгарнулася жорсткая барацьба паміж расійскімі войскамі і казакамі. Адначасова працягваліся ваенныя дзеянні супраць Швецыі. У 1660 г. паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй быў падпісаны Оліўскі мірны дагавор. Амаль уся тэрыторыя Лівоніі адыходзіла да Швецыі. Толькі невялікая яе частка – Латгалія – засталася за Рэччу Паспалітай. Пасля гэтага ўсё польскае войска было накіравана на Беларусь, дзе яно атрымала шэраг перамог. У асобных беларускіх гарадах адбыліся паўстанні супраць царскіх гарнізонаў. Буйнейшым з іх было паўстанне 1661 г. у Магілёве, калі царскае войска было цалкам знішчана. 2 снежня 1661 г. вызвалена сталіца ВКЛ – Вільня. У далейшым вайна вялася з пераменным поспехам і пасля працяглых перамоў скончылася падпісаннем у 1667 г. Андрусаўскага перамір’я тэрмінам на 13,5 гадоў. Па яго ўмовам Беларусь заставалася ў складзе Рэчы Паспалітай, аднак да Расіі адыходзілі Смаленскае ваяводства, Левабярэжная Украіна і Кіеў. Акрамя таго, Расія дабілася ўключэння артыкула аб абароне інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай, на аснове якога на працягу ўсяго ХVІІІ ст. яна ўмешвалася ва ўнутраныя справы Польшчы. Вайна мела кастрафічныя вынікі для Беларусі. З 1650 па 1667 г. колькасць насельніцтва ў выніку ваенных дзеянняў, голаду, эпідэмій і прымусовага вывазу ў Маскоўскую дзяржаву скарацілася з 2,9 млн. чалавек да 1,4 млн. Большасць гарадоў і сёл была зруйнавана або разграблена. Гарадское рамяство дэградзіравала, істотна скараціўся аб’ём рамеснай вытворчасці. Гандлёвы баланс стаў пасіўны. Зменшылася колькасць ворыўных зямель, не хапала рабочай жывёлы для іх апрацоўкі, значна ўзмацнілася феадальная эксплуатацыя. Для адраджэння сельскай гаспадаркі беларускаму сялянству спатрэбілася больш за два дзесяцігоддзі.

3.У 1697 г. на трон Рэчы Паспалітай быў абраны саксонскі курфюрст Аўгуст ІІ. Галоўнай мэтай гэтага дынастычнага саюзу было жаданне магнатаў і шляхты вярнуць сваёй краіне ранейшы аўтарытэт і значнасць у Еўропе. Разам з тым унія з Саксоніяй прымусіла Рэч Паспалітую ўвязацца ў Паўночную вайну (1700-1721), да якой яна не была як след падрыхтавана. Разумеў гэта і швецкі кароль Карл ХІІ – у 1702 г. менавіта сюды ён перанёс асноўныя баявыя дзеянні, спадзеючыся бліскучай перамогай хутка скончыць усю вайну. Удала выкарыстаўшы сепаратысцкія настроі часткі шляхты на чале з вялікім гетманам літоўскім К.Я. Сапегам, усяго за некалькі месяцаў Карл ХІІ здолеў захапіць Вільню, Гродна і Варшаву. Для ўзмацнення ж свайго ўплыву ў краіне шведы ў 1704 г. дамагліся ад Варшаўскай канфедэрацыі абрання новага караля. Якім стаў пазнанскі ваявода С.Ляшчынскі. У сваю чаргу Аўгуст ІІ звярнуўся за дапамогай да Расіі і восенню 1704 г. у ВКЛ увайшла буйная армія Пятра І, да якой далучыліся атрады Радзівілаў, Агінскіх і Вішнявецкіх, што надало баявым дзеянням характар грамадзянскай вайны. На працягу 1705-1706 гг. швецкая армія здолела захапіць большую частку Захрдняй і Цэнтральнай Беларусі. Былі спустошаны Навагрудак, слонім, Кобрын, Нясвіж, Пінск і Слуцк. У далейшым у час ваеннай кампаніі 1707-1708 гг. баявыя дзеянні перанесліся на ўсходнебеларускія землі. Менавіта на ўсходзе Беларусі адбылося і першае значнае паражэнне швецкай арміі – 9 кастрычніка 1708 г. пад в. Лясная на Магілёўшчыне быў разбіты 16-тысячны корпус генерала А. Левенгаўпта і захоплены вялізны абоз. Гэта перамога шмат у чым паспрыяла разгрому войска Карла ХІІ 8 ліпеня 1709 г. у час славутай Палтаўскай бітвы. У далейшым Рэч Паспалітая практычна не прымала ўдзелу ў ходзе Паўночнай вайне, якая і так значна паглыбіла яе гаспадарчы заняпад. Найбольшыя спусташэнні прыйшліся якраз на Беларусь, дзе загінула каля 1\3 мясцовага насельніцтва (700 тыс. чалавек). Істотныя страты панесла Рэч Паспалітая і на міжнароднай арэне. Расійскі ўрад ужо адкрыта стаў умешвацца ў яе ўнутраныя справы. Менавіта ён перашкодзіў Аўгусту ІІ ажыццявіць рэформу дзяржаўнага ладу і ўсталаваць у краіне абсалютную манархію. Значную ролю Пецярбург адыграў і ў правядзенні ў 1717 г. у Варшаве так званага “нямога” сейма (усе пастановы прыняты без абмеркавання), дзе было вырашана яшчэ больш абмежаваць уладу караля, захаваць права “ліберум вета” і шляхецкую дэмакратыю, а таксама скараціць армію да 24 тыс. чалавек (у ВКЛ – 6 тыс.). Надзвычай слабая цэнтральная ўлада і магнацкая анархія сталі асноўнай прыкметай Рэчы Паспалітай на наступныя дзесяцігоддзі. Пасля смерці Аўгуста ІІ на трон у 1733 г. быў абраны яго сын Аўгуст ІІІ, які правіў тут аж 30 гадоў. Куды больш увагі ён надаваў сваёй роднай Саксоніі, а ў межах Польшчы і ВКЛ гаспадарылі магнаты. Радзівілы, напрыклад, мелі гадавы прыбытак, які ў 1,5 раза перавышаў каралеўскі (адпаведна 20 і 13 млн злотых), і ўтрымлівалі прыватную армію ў 8 тыс. чалавек. Менавіта магнаты сталі ініцыятарамі адкрыцця ў Беларусі і першых мануфактур. Ганна Радзівіл і яе сын М. Радзівіл Рыбанька заснавалі ў першай палове ХVІІІ ст. ва ўласных маёнтках ажно 24 мануфактуры (шкляныя ў Налібоках і Урэччы, ткацкую ў Слуцку, фаянсавую ў Новым свержані, габеленавыя ў Карэлічах, Міры і Нясвіжы, мэблевыя ў Паланечцы і Лахве). Для арганізацыі іх дзейнасці ў Еўропе набывалася абсталяванне і наймаліся лепшыя спецыялісты. Пры гэтым прадукцыя падобных мануфактур пераважна абмяжоўвалася таварамі раскошы. Якія прызначаліся для ўнутранага ўжытку саміх Радзівілаў. Працавалі ж на іх звычайныя прыгонныя сяляне. якія атрымалі неабходныя навыкі. Менавіта ў першай палове ХVІІІ ст. назіраўся рост феадальных павіннасцей месцамі больш чым у чатыры разы (паншчына дасягала 12-24 дні з валокі зямлі на сям’ю ў тыдзень). Акрамя таго, рэзка ўзрасла колькасць “гвалтаў” (да 36 дзён у год). Актыўна выкарыстоўвалася памешчыкамі і падводная павіннасць сялян, якіх прымушалі адвозіць сабраны ўраджай на рынкі Вільні, Рыгі і Кёнігсберга. Вельмі негатыўныя вынікі мела практыка здачы маёнткаў у арэнду. Часовыя арандатары імкнуліся атрымаць максімальны прыбытак, нават калі дасягалася гэта праз поўнае разарэнне мясцовага насельніцтва. Менавіта падобнае становішча стала прычынай буйнога паўстання ў Крычаўскім старостве (1740-1744) пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы, дзе сяляне здолелі нават пэўны час захапіць уладу. Гэта выступленне было жорстка падаўлена. Але адна магчымасць яго паўтарэння прымусіла магнатаў і шляхту крыху палепшыць палажэнне сваіх прыгонных.

Больш чым 200 гадоў праіснавала дзяржава Рэч Паспалітая. Чаму яна не змагла абараніць свой суверэнітэт? Гэта тлумацыцца наступнымі абставінамі:

1.Уся гісторыя РП – гэта барацьба народаў ВКЛ за сваю дзяржаўнасць, за права яе існавання. Люблінская унія – гэта пачатак канца не толькі ВКЛ, але і Польшчы.

2.У РП адсутнічала адзіная моцная цэнтралізаваная ўлада. Існавала выбарнасць польскіх каралеў, іх залежнасць ад магнатаў і шляхты. Польскія каралі фактычна не кіравалі дзяржавай, іх улада ў многім была фармальнай, абмежаванай.

3.Наяўнасць “залатых шляхецкіх вольнасцей” – права “свабоднага вета”, якое дазваляла аднаму дэпутату сейма заблакіраваць прыняцце таго, ці іншага рашэння. Былі ўтвораны канфедэрацыі – саюзы ўзброенай шляхты для абароны сваіх вольнасцей і прывялеяў. Уся ўлада ў ваяводствах і паветах належала мясцовым шляхецкім сеймікам. Таму каралеўскі сейм РП быў бяспраўным, недзеяздольным. У краіне гаспадарыла феадальная анархія. Так за 1652 – 1764 гг. з 80 сеймаў былі сарваны 44, а ў 1744 -1762 гг. усе адзінаццаць сеймаў не здолелі прыняць патрэбных рашэнняў. Неабмежаваная дэмакратыя губіла Рэч Паспалітую.

4.Спалучэнне нацыянальнага і рэлігійнага прыгнету з феадальным. Берасцейская царкоўная унія не дала пажаданых вынікаў.

5.Барацьба паміж магнатамі за ўладу.

6.У караля не было моцнага войска. РП мела толькі 16 тыс. салдат, Расія – 350 тыс., Аўстрыя – 280 тыс., Прусія – 200 тыс. Шляхта баялася прытоку ў армію сялян і лічыла моцную армію перашкодай для “залатых шляхецкіх вольнасцей”.

7.Суседзі РП – Расія, Аўстрыя і Прусія – моцныя цэнтралізаваныя абсалютыскія манархіі, зацікаўленыя ў пашырэнні межаў сваіх дзяржаў.

У 1763г. памер кароль Аўгуст ІІІ, пачалася новая выбарчая кампанія. У барацьбу ўключыліся магнаты. У выніку барацьбы на трон быў узведзены Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Кароль сумесна з Чартарыйскімі спрабуе правесці рэформы, накіраваныя на ўзмацненне ўлады. (абмежаваць “лібірум вета”, аслабіць залежнасць дэпутатаў ад інструкцый сеймікаў, упарадкаваць суд, фінансы, павялічыць войска; у 1768г. сейм пад націскам рускіх войск прыняў пастанову аб параўнанні ў правах праваслаўных і пратэстантаў з католікамі.) Гэта выклікала незадаволенасць з боку Расіі і Прусіі, якіх больш задавальняў слабы сусед. Па прапанове прускага караля Фрыдрыха ІІ Вялікага 5 жніўня 1772г. у С.-Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб падзеле РП паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Згодна з ёй Усходняя Беларусь адышла да Расійскай імперыі, поўдзень Польшчы і Заходняя Украіна – да Аўстрыі, а польскае Памор’е было акупіравана Прусіяй. Сенатары РП хутка ствараюць паспаслітую раду, прымаюцца рашэнні, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і прававога становішча гараджан. 3 мая 1791г. сейм прыняў Канстытуцыю РП (другая ў свеце), якая адмяняла выбарнасць каралеў, “ліберум вета” і права на “канфедэрацыі”. Урад, войска і бюджэт былі абвешчаны агульнымі для ўсей РП. Канстытуцыя зрабіла крок збліжэння мяшчанства са шляхтай, абвесціла свабоду веры. Другі падзел РП адбыўся у 1793 г. паміж Расіяй і Прусіяй. Да Расійскай імперыі адышла Цэнтральная Беларусь і большая частка Украіны, а Прусія ў сваю чаргу захапіла заходнія ваяводствы Польшчы. У астатнія ваяводствы Рэчы Паспалітай былі ўведзены расійскія войскі. У адказ гэтага падзелу 24 сакавіка 1794г. у Кракаве пачалося паўстанне на чале з Тадэвушам Касцюшкам. Праз месяц яно ахапіла і заходнюю частку ВКЛ, дзе на чале паўстанцаў стаў Я. Ясінскі. Пры гэтым лозунгі паўстанцаў “Вольнасць, цэласнасць, незалежнасць” па духу былі вельмі набліжаны да ідэі Вялікай французскай рэвалюцыі. Пацвяржэннем гэтага служыць і Паланецкі універсал, падпісаны Т. Касцюшкам 7 мая 1794 г., згодна з якім сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і спадчыннае права на свае надзелы. У ВКЛ на баку паўстанцаў змагалася каля 25 тыс. чалавек (трэць складалі касіянеры – сяляне, узброеныя косамі), якім супрацьстаяла рэгулярная армія А. Суворава. Вынікам падаўлення паўстання стала заключаная ў жніўні 1795 г. дамова паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй аб канчатковым падзеле Рэчы Паспалітай (25 лістапада 1795 г. у Гродне кароль Станіслаў Аўгуст адрокся ад трона). Расія атрымала Заходнюю Беларусь і Усходнюю Літву, а таксама Украіну да Заходняга Буга. Рэч Паспалітая была знішчана. У выніку трох падзелаў Расія атрымала каля 482 тыс. кв.км і 5,5 млн чалавек насельніцтва і беларускія землі былі уключаны ў склад Расійскай Імперыі.

4. У другой палове ХVІІІ ст. на тэрыторыю Бнларусі з Еўропы пачынаюць пранікаць ідэі Асветніцтва, якія абвяшчалі прыярытэт асветы, навукі, розуму ў жыцці асобы, грамадства, дзяржавы. Грамадскім ідэалам становіцца адукаваны чалавек. Пашырэнню асветніцкіх ідэй спрыялі навуковыя адкрыцці ў прыродазнаўчых навуках і дасягненні ў галіне гуманітарных ведаў. На тэрыторыі Беларусі былі вядомы творы Ф. Вальтэра, Д. Дзідро, Ш. Мантэск’е, Ж.-Ж. Русо і іншых французскіх асветнікаў. Пад кіраўніцтвам французскага вучонага Ж.Жылібера пачала дзейнічаць медыцынская акадэмія у Гародні, пры якой былі створаны аптэка, анатамічны музей, батанічны сад, бібліятэка. Падобных школ не было ў той час ні ў Рэчы Паспалітай, ні ў Расійскай імперыі. Школьная справа на рубяжы ХVІІ – ХVІІІ стст. усё яшчэ заставалася ў руках каталіцкай і уніяцкай царквы. Школьная адукацыя была даступная пераважна шляхецкім дзецям. Выкладанне вялося на лацінскай і польскай мовах (з 1696 г. дзяржаўная). Прадметам навучання былі “сем вольных мастацтваў” – граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка. Цэнтрам адукацыі і навукі па-ранейшаму заставалася Віленская акадэмія (пачала дзейнічаць яшчэ ў 1579 г.), якая мела статус універсітэта. З 1781 г. акадэмія называлася Галоўнай школай ВКЛ. Высокі ўзровень адукацыі забяспечвалі езуіцкія калегіумы. З сярэдзіны ХVІІІ ст. пачаліся змены ў сістэме школьнай адукацыі. У 1773 г. была створана Адукацыйная камісія (установа накшталт міністэрства адукацыі), якая за 20 гадоў сваёй дзейнасці адкрыла 20 школ сярэдняй ступені. Паспяховае заканчэнне іх давала магчымасць паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай – Кракаўскі і Віленскі універсітэты. Дзякуючы намаганням Адукацыйнай камісіі на тэрыторыі Беларусі напрыканцы ХVІІІст. Дзейнічала 200 пачатковых школ. Сярод іх навучэнцаў 30% складалі сялянскія дзеці. Сістэма адукацыі стала больш даступнай і набыла свецкі характар. Замест лацінскай мовы ў школах уводзілася польская. Кіраўніцтва справай асветы перайшло з рук царкоўных устаноў да дзяржаўных органаў. Славутыя традыцыі кнігадрукавання працягваліся ў ХVІІІ ст., на працягу якога колькасць друкарняў павялічылася да 11. У 1776 г. выйшла ў свет першая газета на тэрыторыі сучаснай Беларусі – “Газета Гродзенска” (на польскай мове). Кнігаведавецтвам у Амстэрдаме заняўся прадаўжальнік справы Ф. Скарыны ўраджэнец Мсціслаўшчыны І. Капіевіч (1651-1714). Тут ён апынуўся пасля заканчэння Слуцкай кальвінісцкай школы, якую сучаснікі называлі “Слуцкімі Афінамі”. У Амстэрдаме ён пазнаёміўся з маладым Пятром І, калі быў запрошаны ў якасці настаўніка замежных моў для членаў расійскай дэлегацыі. Па даручэнні цара Капіевіч падрыхтаваў і выдаў у Амстэрдаме першы дапаможнік па матэматыцы на рускай мове. Надрукаваў таксама “Граматыку лацінскую і рускую” і “Руковедение в граматыку во славянорускую». Запрошаны ў Маскву, ён выдаў першыя рускамоўныя падручнікі па граматыцы, рыторыцы і інш. Разам з запрошанымі Пятром І у Расію галандскімі друкарамі Капіевіч стаў стваральнікам новага грамадзянскага шрыфта, які сёння ўжываецца і ў нашым пісьме. Ён выдаў першы ў Расіі каляндар, стаў аўтарам першай ў Расіі карты зорнага неба, склаў і выдаў першыя ў Расіі слоўнікі – “Руска-лацінска-нямецкі” і “руска-лацінска-галандскі”. Сярод вядомых вучоных другой паловы ХVІІ – ХVІІІ ст. – Казімір Семяновіч (каля 1600 – пасля 1651) – аўтар кнігі “Вялікае мастацтва артылерыі” (выйшла ў 1650 г. у Амстэрдаме), якая мела поспех ва ўсёй Еўропе. Ён адным з епршых стварыў праект шматступенчатай ракеты і лічыцца папярэднікам стваральніка тэорыі палётаў у касмічную прастору К. Цыялкоўскага, а таксама вынаходніка касмічных караблёў С. Каралёва. Марцін Пачобут-Адляніцкі (1728-1808) – вучоны-прыродазнавец, які вывучаў планету Меркурый, адкрыў невядомае сузор’е, вызначыў каардынаты шматлікіх населеных пунктаў на тэрыторыі Беларусі, рэктар Галоўнай школы ВКЛ. Адным з найбольш значных дзеячаў беларускай і рускай культуры стаў ураджэнец Полацка, паэт, вучоны, мысліцель і асветнік Сімяон Полацкі (сапраўднае прозвішча Пятроўскі-Сітніяновіч. У манастве Сімяон, 1629-1680). Пасля заканчэння Кіева-Магілянскай калегіі – праваслаўнай установы, паступіў у Віленскі універсітэт. Абставіны жыцця прымусілі С. Полацкага пакінуць Бацькаўшчыну і выехаць у Маскву. Тут у хуткім часе ён стаў настаўнікам дзяцей рускага цара Аляксея Міхайлавіча, у тым ліку васьмігадовага Пятра І, для якога С. Полацкі надрукаваў у адчыненай ім друкарні “Буквар языка славенска”. Вялікую славу прынёс яму выдвдзены з цудоўнымі гравюрамі вершаваны пераклад “Псалтыри рыфматворнай”, які стаў літаратурнай асновай сотняў музычных твораў. Па яго ініцыятыве была створана першая ў Расіі вышэйшая навучальная ўстанова – Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Паводле твора С. Полацкага “Рифмологион, или Стихослов” студэнт гэтай акадэміі М. Ламаносаў упершыню знаёміўся з вершаскладаннем. С. Полацкі стаяў ля вытокаў першага ў Расіі тэатра (1672), у якім частку акцёраў складалі жыхары Беларусі. Яго лічаць першым у Расіі прафесійным пісьменнікам. Сучасныя даследчыкі лічаць С. Полацкага асобай “на мяжы культур” Расіі і Беларусі. Галоўнай справай жыцця ўражэнца Берасцейшчыны Казіміра Лышчынскага (1634-1689) стаў роздум аб чалавеку і яго боскім пачатку. У сваім трактаце “Аб неіснаванні Бога” ён пісаў: “Чалавек – стваральнік бога, а бог – стварэнне чалавека. Такім чынам, людзі – тварцы багоў, і бог з’яўляецца не сапраўднай існасцю, а стварэннем розуму...”. Ён выказваў думку таксама аб тым, што наша планета – не цэнтр Сусвету, выбраны Богам, а адзін з нямногіх населеных аб’ектаў. Ён быў абезглаўлены і спалены на кастры па прыгаворы суда Рэчы Паспалітай, а попелам зарадзілі гармату і стрэлілі з яе. У беларускім градстве ў другой палове ХVІІ – ХVІІІ ст. расла цікавасць да мінулага. Напрыклад, ураджэнец Піншчыны Адам Нарушэвіч стварыў “Гісторыю польскага народа” З’явіўся шэраг мемуараў (успамінаў удзельнікаў і відавочцаў падзей). У ХVІІІ ст. цэнтрам развіцця мастацтва становяцца магнацкія рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы, Сапегаў – у Ружанах, Агінскіх – у Слоніме, Тызенгаўзаў – у Гродне і інш. Напрыканцы ХVІІІ ст. паныраецца палацава-паркавая архітэктура, звязаная з будаўніцтвам у магнацкіх рэзідэнцыях паркаў са шматлікімі вадаёмамі, каналамі, каменнымі гротамі і г.д. Від парка – “пейзаж” – адыгрываў асноўную ролю пры яго планаванні. Была выкарыстана ідэя французскага асветніка Жан-Жака Русо аб кульце натуральнай прыроды. А. Тызенгаўз запрасіў у Гродна батаніка Жылібера, які стаў стваральнікам Каралеўскага батанічнага парка ў Гродне, а пезней узначаліў Гродзенскую медыцынскую акадэмію. З ХVІ ст. вызначальным стылем у архітэктуры з’яўлялася барока, якому былі ўласцівы манументальнасць, раскоша ва ўбранстве будынкаў, двухвежавы фасад і інш. Паводле праекта польскага архітэктара Я. Глаўбіца ў 1743-1746 гг. быў перабудаваны ў стылі так званага віленскага барока уніяцкі Сафійскі сабор у Полацку, які значна пацярпеў у гады Паўночнай вайны ад выбуху пораху, пад склад якога быў прыстасаваны расійскімі войскамі царкоўны будынак. Самай яркай з’явай беларускай культуры другой паловы ХVІІІ ст. стаў прыгонны тэатр. Найбольшую вядомасць набылі прыватнаўласніцкія тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку. Папулярнымі былі творы гаспадыні Нясвіжа пісьменніцы Францішкі Уршулі Радзівіл. Тэатр Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме быў празваны “сядзібай музаў”. Тэатр умяшчаў 2500 гледачоў. Сам М.К. Агінскі быў высокаадукаваным, адораным чалавекам, прадстаўніком вядомага магнацкага роду. Па просьбе французскага асветніка Дэні Дзідро ён напісаў артыкул пра такі музычны інструмент. Як арфа, для яго “Энцыклапедычнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў”. Сярод асабістых сяброў М.К. Агінскага быў Іозеф Гайдн. У ХVІІІ ст. музыка выйшла на першы план сярод мастацтваў, заняла пануючае становішча ў палацах і замках магнатаў. М.К. Агінскі быў дзядзькам Міхала Клеафаса Агінскага – аўтара славутага паланеза “Развітанне з Радзімай”, актыўнага удзельніка паўстання 1794 г. У жывапісе папулярным заставаўся партрэтны жанр. Пры двары польскіх каралёў працавалі прафесійныя еўрапейскія майстры, палотны якіх сталі своеасаблівай школай для мясцовых мастакоў.

Тэмы рэфератаў

1. Смутны час у гісторыі Расійскай дзяржавы.

2. Месца і роля Рэчы Паспалітай у еўрапейскай геапалітыцы ў канцы ХVІ – ХVІІ стст.

3. Навуковыя адкрыцці ў прыродазнаўстве, іх ўплыў на гістарычны лёс Еўропы і свету.

4. Вайна РП і Маскоўскай дзяржавай 1654-1667гг.

5. Паўночная вайна. Ваенныя дзеянні ў Беларусі.

6. Прычыны крушэння і падзелаў Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 мая 1791г.

7. Паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Кастюшкі.

Літаратура

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн.,1990.

Голенченко Г.Я. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в ХVІ- ХVІІв. Мн.,1989.

Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси: С древнейших времен до нашего времени: Учеб.пособие. – Мн.: Аверсэв, 2000.

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі: Вучэб.дапаможнік. – Мн.: ВП “Экаперспектыва”, 1997.

Мыслітелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл.даведнік.- Мн.: МелЭн, 1995.

Нарысы гісторыі Беларусі. У 2ч./ М.П.Касцюк. Мн. 1994, Ч1.

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн.,1992.

Гісторыя Беларусі. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай. Т.3, Мн. 2004.

 







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 987. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит. Multisim оперирует с двумя категориями...

Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

ТЕОРЕТИЧЕСКАЯ МЕХАНИКА Статика является частью теоретической механики, изучающей условия, при ко­торых тело находится под действием заданной системы сил...

Тема: Изучение фенотипов местных сортов растений Цель: расширить знания о задачах современной селекции. Оборудование:пакетики семян различных сортов томатов...

Тема: Составление цепи питания Цель: расширить знания о биотических факторах среды. Оборудование:гербарные растения...

В эволюции растений и животных. Цель: выявить ароморфозы и идиоадаптации у растений Цель: выявить ароморфозы и идиоадаптации у растений. Оборудование: гербарные растения, чучела хордовых (рыб, земноводных, птиц, пресмыкающихся, млекопитающих), коллекции насекомых, влажные препараты паразитических червей, мох, хвощ, папоротник...

Этапы трансляции и их характеристика Трансляция (от лат. translatio — перевод) — процесс синтеза белка из аминокислот на матрице информационной (матричной) РНК (иРНК...

Условия, необходимые для появления жизни История жизни и история Земли неотделимы друг от друга, так как именно в процессах развития нашей планеты как космического тела закладывались определенные физические и химические условия, необходимые для появления и развития жизни...

Метод архитекторов Этот метод является наиболее часто используемым и может применяться в трех модификациях: способ с двумя точками схода, способ с одной точкой схода, способ вертикальной плоскости и опущенного плана...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.014 сек.) русская версия | украинская версия