Падоўжаныя і падвоеныя зычныя
1. На пісьме падоўжаныя зычныя ж, з, л, н, с, ц, ч, ш, якія стаяць паміж галоснымі, абазначаюцца падвоеным напісаннем адпаведных літар: замужжа, Залужжа, раздарожжа, маззю, колле, наваколле, карэнне, вараннё, двукоссе, калоссе, суквецце, ноччу, зацішша, узвышша, мышшу, ружжо, рыззё, насенне, вяселле, жыццё, ламачча, піццё, мыццё, забыццё, адкрыццё, свацця, куцця, Уручча, пяццю, дзесяццю, пяццюдзесяццю, пятнаццаццю. Падоўжаны гук [дз'] перадаецца спалучэннем літар ддз: суддзя, разводдзе, ладдзя, пападдзя. 2. У словах іншамоўнага паходжання, у тым ліку і ўласных назвах, і вытворных ад іхпадвоеныя літары звычайна не пішуцца: граматыка, група, калектыў, калекцыя, сума, карэспандэнт, каса, касір, тэрыторыя; піца, саміт; Ала, Васа, Генадзь, Іна, Нона, Іпаліт, Кірыл, Адэса, Калькута, Марока, Ніца; але: бонна, донна, дурра (расліна), манна, панна, ванна, мадонна; Ганна, Жанна, Мекка і інш. Напісанне такіх слоў вызначаецца па слоўніку. 3. Ва ўласных назвах падоўжанае вымаўленне зычных адлюстроўваецца на пісьме: Аўгіння, Аксіння, Анісся, Аўдоцця, Наталля, Таццяна, Усціння, Фядосся, Траццякоўка; Краснаполле, Залессе, Закарпацце і інш.; але: Ілья, Емяльян, Касьян, Ульян, Ульяна, Юльян, Юльяна, Традзьякоўскі і ўсе вытворныя ад іх: Ільін, Ільіч, Ільінскі, Ільічоўка, Ульянаў, Ульянаўск, ульянаўскі і інш. ГЛАВА 3 ПРАВАПІС МЯККАГА ЗНАКА І АПОСТРАФА
|