Нескладовае ў і у складовае
1. Нескладовае ў пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем пасля галосных. Пры чаргаванні [у] з [ў]: на пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзень (ад усіх), моцны ўдар (ад удару), хацела ўзяць (хацеў узяць), сонца ўзімку (месяц узімку), крыкі «ўра» (крык «ура»), для ўніята (з уніятам), ва ўніверсітэце (перад універсітэтам), на ўзвей-вецер (сцяг узвіўся), ледзьве ўчуў (раптам учуў); на канцы склада: паў-за, маў-зер, каў-чук, аў-дыенцыя, аў-дыякасета, аў-ра; пры чаргаванні [л] з [ў]: даў, мыў, казаў, змоўклі, воўк, шоўк, шчоўк, поўны, коўзкі, маўляў, моўчкі, паўметра, боўтаць; але: кол, вол, анёл, выстрал, скандал, вэрхал, палка, памылка, сеялка, алкаголь, Алдан, Алжыр, Албанія, Волга, Валдай, Балгарыя; пры чаргаванні [в] з [ў]: лаўка (лава), крыўда (крывы), зноўку (новы), аўса (авёс), бацькаў (бацькавы), кроў (крыві), любоў (любові), кароў (карова), гатоў (гатовы), аўчына, аўторак, каўбой, аўгур, Саўмін, Аўстрыя, Аўдоцця, Аўрора, Каўказ, Боўш, Роўда, аўгіевы стайні; але: краіна Влахія, краіна В’етнам, рака Влтава, армія В’етконга, змаганне за В’енцьян. 2. Гук [у] пад націскам не чаргуецца з [ў]: да урны, Брэсцкая унія, піва ужгарадскае, жанчыны ульчы, групоўка ультра, норма і узус, насілі унты, чулася уханне, аул, баул, аукаць, выклічнікі у (у, нягоднікі!), ух (ух ты!), уй (уй, які смешны!). 3. Гук [у] не чаргуецца з [ў] у запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус і вытворных ад іх. 4. Гук [у] на пачатку ўласных назваў заўсёды перадаецца вялікай літарай У складовае без надрадковага значка: ва Узбекістан (для ўзбекаў), на Уральскіх гарах (на ўральскіх дарогах), ва Украіне (за ўкраінцаў), пасля Указа Прэзідэнта (падпісаны ўказы), за Уладзіміра, каля Уладзіслава, да Усяслава.
|