Прыстаўныя галосныя і, а
1. Прыстаўная галосная і пішацца: у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першай м: імшара, імчаць, імгла, імгненне, імклівы; у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першымі р, л, калі слова з такімі спалучэннямі зычных пачынае новы сказ або стаіць пасля знака прыпынку ці папярэдняга слова, што заканчваецца на зычную: іржа, іржаць, ірдзенне, ірваць, іржышча; ілгун, ільдзіна; Іржуць коні, калёсы скрыпяць ад Дона да Буга (Я. Купала). Часамі на цэлыя кіламетры рассцілалася дарога роўным, нібы выбеленым на сонцы, ільняным палатном (Я. Колас). Няхай наша дружба цвіце, каб сонцам ірдзелі пуціны (Я. Колас). Калі слова з такім пачатковым спалучэннем зычных стаіць пасля слова, якое заканчваецца на галосную і пасля яго няма знака прыпынку, то прыстаўная літара і не пішацца, напрыклад: Не чакай, што ржа з гадамі паесць ланцугі... (Я. Купала). Люблю я прыволле шырокіх палёў, зялёнае мора ржаных каласоў... (Я. Колас). 2. У словах з гістарычным каранёвым о можа з'яўляцца прыстаўная галосная а: імшара і амшара, іржаны і аржаны, іржышча і аржанішча. 3. Пасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосную, прыстаўныя літары і і а перад р, л, м не пішуцца: заржавець, заржаць, зардзецца, замглёны, замшэлы, прымчацца, вакамгненна. ГЛАВА 2 ПРАВАПІС ЗЫЧНЫХ
|