Перадача акання на пісьме
1. Галосныя гукі [о], [э] ў ненаціскным становішчы чаргуюцца з [а]: дом – дамы, мова – маўленне, цэгла – цагляны, шэпт – шаптаць. 2. Незалежна ад паходжання слова гук[о] ў ненаціскных складах вымаўляецца як [а], што перадаецца на пісьме: гара, вада, баранаванне, колас, холад, балота, Бандарэнка, Коханава, Кунцава, Гамер, Сакрат, арганізацыя, педагагічны, электарат, харэаграфія, заалогія. Не падпарадкоўваюцца аканню словы са спалучэннямі ро, ло, якія чаргуюцца з ры, лы: кроў – крыві – крывавы, дровы – дрывотня, крошка – крышыць, бровы – брыво, гром – грымоты – грымець, брод – брысці, глотка – глытаць, блохі – блыха;. 3. У словах славянскага паходжання і запазычаннях, цалкам адаптаваных у беларускай мове, галосны [э] ва ўсіх ненаціскных складах чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: стрэ хі – страха , шэры – шарэ ць, чэргі – чарга, крэмль – крамлёўскі, жэмчуг – жамчужына, арэнда – арандаваць, майстэрня – майстар. Ва ўласных імёнах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў у ненаціскных складах гук [э] падпарадкоўваецца агульным правілам акання – пасля цвёрдых зычных ён чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: Беразіно, Чарапавец, Жамчужнікаў, Чарнышэўскі, Шаўчэнка, Чалюскін, літара, транслітарацыя. 4. Перадача на пісьме [э] ў іншых словах іншамоўнага паходжання ў ненаціскных складах асновы вызначаецца наступнымі правіламі: у пачатку слова [э] перадаецца на пісьме літарай э ў адпаведнасці з беларускім вымаўленнем: эканомія, экзамен, экватар, этажэрка, элемент. Літара э пішацца пасля прыставак і ў другой частцы складанага слова: праэкзаменаваць, трохэлементны, квінтэсэнцыя; пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц] пішацца э: жэтон, Жэнева, Жэрар, жэлацін, чэкмень, рэспубліка, рэформа, Рэмарк, рэклама, рэактар, рэвізія, агрэгат, рэжым, рэкорд, рэестр, рэвалюцыя, цэнтралізм, цэвіта, дэталь, гардэроб, Дэтройт, Дэфо, дэлегат, дэманстрацыя, ордэн, тэорыя, тэатр, тэлеграф, тэлефон, ветэран, катэт, тэрмометр, тэарэма. 5. У запазычаных словах напісанне э і а пасля іншых зычных рэгулюецца слоўнікам: панэль; але: шынель; сэнсарны; але: сектанцкі. 6. Ненаціскныя фіналі -эль, -эр у запазычаных словахперадаюцца як -аль, -ар: шніцаль, шпаталь, міталь, форталь, карцар, грэйдар, лідар, камп'ютар, пэйджар, рэйсфедар, эспандар, тэндар, ордар, менеджар, фарватар, альма-матар, кратар, прэсвітар. Ненаціскныя фіналі -эль, -эр ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання перадаюцца нязменна: Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр.
|