Галосныя літары
1. У беларускім алфавіце 10 галосных літар: а, о, у, ы, э, е, ё, і, ю, я. 2. Літары а, о, э, у пішуцца ў пачатку слова і пасля цвёрдых зычных для абазначэння адпаведных галосных гукаў. Галосная літара і пішацца ў пачатку слова, пасля зычных пішацца ы або і ў залежнасці ад цвёрдасці або мяккасці зычных. Літары е, ё, ю, я ў пачатку слова, у сярэдзіне слова пасля галосных і раздзяляльных знакаў абазначаюць на пісьме спалучэнні зычнага гука [й] з галоснымі [э], [о], [у], [а]: елка – [йэ] лка, яма – [йа] ма, юны – [йу] ны; мая – ма [йа], паёк – па [йо] к, паехаў – па [йэ] хаў, саюз – са [йу] з; сям'я – сям [йа], ён – [йо] н, аб'езд – аб [йэ] зд, льеш – л [йэ] ш, б'ю – б [йу]. 3. Літара і абазначае спалучэнне гукаў [йі] толькі пасля галосных, апострафа, раздзяляльнага мяккага знака і [ў]: краіна – кра [йі] на, кроіць – кро [йі] ць, батарэі – батарэ [йі], круіз – кру [йі]з, аб'інець – аб [йі] нець, вераб'іны – вераб [йі] ны, куп'істы – куп [йі] сты, салаўіны – салаў [йі] ны. У пачатку слова яна можа абазначаць спалучэнне гукаў [йі], у іншых пазіцыях – галосны[і]: іней – [йі] ней, іх – [йі] х; але: імчаць – [і] мчаць, іржышча – [і] ржышча, іголка – [і] голка, Ірына – [і] рына, Ігнат – [і] гнат, іржаць – [і] ржаць. 4. Літары я, ё, е, ю, і пасля зычных абазначаюць мяккасць зычных і адпаведныя галосныя гукі [а], [о], [э], [у], [і]: сяду – [ с'а ] ду, мёд – [ м'о ] д, лета – [ л'э ] та, вязу – [ в'а ] зу, люты – [ л'у ] ты. 5. Кропкі над літарай ё абавязковыя. Кропка над літарай і малой абавязковая, над І вялікай у друкаваных тэкстах – не ставіцца, у рукапісных тэкстах кропка абавязковая.
|