Перадача якання на пісьме
1. Галосныя е, ё ў першым складзе перад націскам абазначаюцца на пісьме літарай я: землі – зямля, зелень – зялёны, сем'і – сям'я, сёлы – сяло, сёстры – сястра, вёслы – вясло, вёска – вясковы, елка – яліна, ездзіць – язда, ёмкі – ямчэй, ёрш – ярша, лён – лянок, мёд – мядок, дзень – дзянёк, лес – лясны, снег – снягі, вецер – вятры, сцены – сцяна, дзевяць – дзявяты, дзесяць – дзясяты, сем – сямнаццаць, восем – васямнаццаць, цецерукоў - цецярук, перанесці – перанясу;. У астатніх ненаціскных складах е захоўваецца: селянін, зеляніна, вестуны, леснікі, векавечны, верацяно, нерухомы, безупынны, возера, весела, восем, заедзь, высветліць, выехаць, восень, цемень, дзевятнаццаты, дзесятковы. 2. Літара я пішацца ў першым складзе перад націскам у імёнах, прозвішчах і геаграфічных назвах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў: Бялынічы, Лемяшэвічы, Аляксандр, Сярге́й, Бялінскі, Няхода, дзяжурства, каляндар, яфрэйтар, сяржант, Яршоў, Яфім. 3. Літара е захоўваецца ў складаных лічэбніках сѐмсот, во̀семсот, паколькі кожная частка ў іх мае свой націск, параўн.: сѐмсот – сямісот, во̀семсот – васьмістам. Заўсёды захоўваецца е ў першым складзе перад націскам пасля заднеязычных г, к, х: герой, Герасім, кераміка, кефір, Херсон. 4. Не і без, калі яны стаяць асобна, заўсёды пішуцца з літарай е, напрыклад: не быў, не браў, не ідзе, без меры, без жартаў, не спыніць, без прычыны, не без вынікаў, не без работы. Пры напісанні разам не і без становяцца часткай слова і падпарадкоўваюцца агульным правілам напісання галосных літар е, я ў беларускіх словах: няхай, нястомна, няштатны, бязмежны, бязлюдны, бясконца; але: непісьменны, безупынны, безапеляцыйны, бескарысны, беспаваротны. 5. Літара я пішацца ў некаторых каранях слоў нязменна: віцязь, сувязь, заяц, яравы, вязаць, повязь, мяккаваты, цягавіты, цяжкаваты, святкаваць, месяц, пояс, памяць, дзевяць, дзесяць, тысяча, завязь, Бесядзь, Прыпяць; япрук – япрука, япруковы; ядловец – ядлаўцоўка, ядлаўцовы. 6. Літара я пішацца ў паслянаціскных складах у некаторых суфіксах назоўнікаў (роўнядзь, боязь, дробязь) і дзеясловаў (лаяць, веяць, сеяць, кашляць, баяць, муляць), а таксама ў аддзеяслоўных назоўніках (лаянка, веялка, сеялка).
|