Правапіс е, ё, я ў складаных словах
1. У першай частцы складанага слова літара е захоўваецца незалежна ад таго, на якім складзе націск у другой частцы: сенакасілка, серпадзюб, верхнеазёрскі, белабрысы, землетрасенне, светапогляд, свежавымыты, свежамарожаны, сенажаць. Калі першай часткай складаных слоў з’яўляецца аснова велік-/вялік-, то напісанне літар е або я залежыць ад таго, які склад у другой частцы націскны: калі першы, то пішацца е, калі другі, то пішацца я: велікадушны, велікарускі, велікамучанік, велікасвецкі; Вялікабрытанія, вялікадзяржаўны, вялікагаловы. 2. У першай частцы складанага слова літара ё захоўваецца пры націску не на першым складзе другой часткі і замяняецца на е, калі націск на першым складзе другой часткі: лёгкаатлетычны, лёдадрабілка, мёртванароджаны, мёдаварэнне; ледарэз, медагонка, легкадумна. 3. У складаных словах злучальныя галосныя о, ё пішуцца толькі пад націскам, а – у любым ненаціскным складзе: ільновалакно, Вадохрышча, куродым, геліёграф, радыёметр, марозаўстойлівы, прыборабудаўнічы. 4. Злучальная галосная е ў складаных словах пераходзіць у я, калі націск на першым складзе другой часткі складанага слова: баяздольны, зерняўборачны, зернясховішча, земляроб, жыццярадасны, крывятворны; але: боепрыпасы, жыццеапісанне, землекарыстанне, зернебабовы. Складанаскарочаныя словы пры напісанні звычайна разглядаюцца як простыя словы з адным націскам: зямфонд, лясгас.
|