Вялікая літара ў назвах з двукоссем
З вялікай літары пішуцца: аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і інш.: Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень», аграгандлёвая фірма «Ждановічы», кінатэатр «Перамога», Полацкі завод «Праммашрамонт», канцэрн «Белнафтагаз», адкрытае акцыянернае таварыства «Матавела», калгас «Беларусь», гасцініца «Юбілейная», рэстаран «Журавінка», кафэ «Світанак», кандытарскі магазін «Ласунак», кнігарня «Слова», выдавецтва «Полымя», спарткомплекс «Раўбічы», санаторый «Крыніца», турбаза «Дняпро», медыцынская служба «Хуткая дапамога», Беларускі рэспубліканскі фонд «Узаемаразуменне і прымірэнне», студыя «Сябры», установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка»; аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах перыядычных выданняў, кніг, атласаў, карт і інш.: часопіс «Полымя», газета «Звязда», вілейская раённая газета «Шлях Перамогі», інфармацыйны бюлетэнь «Беларусіка», летапіс «Хроніка Быхаўца», даведнік «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», кніга «Літоўскі статут», перыядычнае даведачнае выданне «Летапіс друку», карта «Рэспубліка Беларусь»; аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах літаратурных, публіцыстычных, навуковых твораў, твораў розных галін мастацтва і інш.: паэма Якуба Коласа «Новая зямля», камедыя Янкі Купалы «Паўлінка», верш М. Багдановіча «Слуцкія ткачыхі», песня «Ой, рэчанька», кінафільм Э. Клімава «Ідзі і глядзі», карціна В. К. Бялыніцкага-Бірулі «Зазелянелі беларускія бярозкі», габелен Г. Ю. Юзеевай-Шаблоўскай «Жанчыны Палесся», акварэль М. Л. Тарасікава «Букет бэзу», опера А. В. Багатырова «У пушчах Палесся», танец «Дарожка», казка «Сцяпан – вялікі пан»; аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў побыту, прамысловых тавараў: набор мэблі «Вязынка», люстра «Белая Русь», духі «Расінка», зубная паста «Фтарадэнт», пральны парашок «Ветразь»; назвы прадуктовых і іншых тавараў: хлеб «Водар», сыр «Нарач», цукеркі «Крыжачок», адэкалон «Ландыш»; назвы машын, механізмаў, прылад, збудаванняў і інш.: аўтамашына «Жыгулі», камбайн «Ніва», трактар «Беларус», тэлевізар «Гарызонт», іянізатар «Аніён-40Т», радыёпрыёмнік «Селена-403».
|