Вялікая і малая літары ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах
З вялікай літары пішуцца: словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Маладзечанскай мітраполіі і апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі, Апостальскі Візітатар, Кароль Іярданіі, Каралева Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Імператар Японіі, Папа Рымскі, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, Далай-Лама. У неафіцыйным ужыванні словы прэзідэнт, міністр, старшыня пішуцца з малой літары: Выступае прэзідэнт суседняй краіны. На нарадзе прысутнічаў міністр; словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь і іншых краін (акрамя слова кавалер): Герой Беларусі, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы, Георгіеўскі кавалер, кавалер ордэна Ганаровага Легіёна; у розных афіцыйных пасланнях, лістах з вялікай літары пішацца займеннік Вы як форма ветлівага звароту да адной асобы; з вялікай літары ў асобным стылістычным ужыванні могуць пісацца такія агульныя назвы, як Радзіма, Айчына, Чалавек (у значэнні чалавецтва); словы ў назвах бакоў у дагаворах, пагадненнях, кантрактах: Высокія Дагаворныя Бакі, Аўтар і Выдавецтва, Заказчык і Выканаўца.
|