Вялікая літара ў назвах дзяржаўных і нацыянальных
сімвалаў, помнікаў, рэліквій, узнагарод, прэмій, ордэнаў, Грамат, прызоў З вялікай літары пішуцца: словы Дзяржаўны, Сцяг, Герб, Гімн і ўсе словы ў назве краіны ў складзе назваў дзяржаўных сімвалаў: Дзяржаўны Сцяг Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны Герб Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны Гімн Рэспублікі Беларусь; усе словы (акрамя агульнай назвы) у назвах дзяржаўных і нацыянальных, ваенных і культурных рэліквій, помнікаў: Сцяг Перамогі, Крыж Ефрасінні Полацкай, Курган Славы, Курган Бессмяротнасці, Востраў Слёз, Помнік Перамогі; першае слова ў назвах дзяржаўных узнагарод, дзяржаўных і міжнародных прэмій, грамат, кубкаў і інш.: Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міжнародная прэмія Міру, Нобелеўская прэмія, Кубак свету, Кубак федэрацыі (тэніс), Каралеўскі кубак; усе словы ў назвах ордэнаў (акрамя слоў медаль, ордэн і ступень): медаль Залатая Зорка Героя Савецкага Саюза, Залатая Зорка Героя Сацыялістычнай Працы, Залатая Зорка Героя Беларусі, ордэн Айчыны І (ІІ, ІІІ) ступені, ордэн Маці, ордэн Пашаны, ордэн Славы І (ІІ, ІІІ) ступені, ордэн Францыска Скарыны, ордэн Ганаровага Легіёна (Францыя), Георгіеўскі Крыж; але: ордэн Дружбы народаў.
|