Вялікая і малая літары ў назвах памятных і знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох
1. З вялікай літары пішуцца: аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах знамянальных эпох, перыядаў і падзей у гісторыі: Варфаламееўская ноч, Адраджэнне, Рэфармацыя, Крыжовыя паходы, Лядовае пабоішча, Крычаўскае паўстанне, Супраціўленне; аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах дзяржаўных, традыцыйных і рэлігійных свят, знамянальных дат: Дзень Канстытуцыі, Дзень Перамогі (9 Мая), Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Новы год, Дзень жанчын (8 Сакавіка), Свята працы (1 Мая), Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі (7 Лістапада), Нараджэнне Хрыстова, Дзень памяці, Дзень беларускай навукі, Дзень ведаў, Ушэсце Гасподняе, Уваскрэсенне Хрыстова, Вялікая субота, Таццянін дзень, Радаўніца, Вялікдзень, Каляды, Купалле, Дабравешчанне, Наўроз, Рамадан. 2. З малой літары пішуцца назвы родаў і відаў гістарычных падзей і эпох, асобных гадоў, дзён і інш.: імперыялістычная вайна, першая сусветная вайна, другая сусветная вайна, лютаўская рэвалюцыя, паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, кайназойская эра, ледавіковы перыяд, неаліт, эпоха феадалізму, капіталістычная фармацыя, перыяд аднаўлення, залаты век, высакосны год, дзень адчыненых дзвярэй, санітарны дзень, месячнік дарожнай бяспекі, год спакойнага сонца.
|