Назоўнікі 2-га скланення
Склонавыя канчаткі назоўнікаў мужчынскага роду залежаць ад характару асновы, націску, катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці (у вінавальным склоне), лексічнага значэння слова (у родным склоне). Назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку маюць канчаткі -а(-я) або -у(-ю). Ужыванне таго ці іншага канчатка абумоўлена ў асноўным такімі лексіка-граматычнымі катэгорыямі, як канкрэтнасць, абстрактнасць, зборнасць і рэчыўнасць. Канчатак -а(-я) маюць назоўнікі, што абазначаюць: назвы асоб, жывых істот: чалавека, брата, вучня, Тараса, зубра, аленя, павука, а таксама: нябожчыка, тапельца, мерцвяка; назвы канкрэтных прадметаў: трактара, стала, сшытка, медаля, ручая; назвы ўстаноў, арганізацый, населеных пунктаў, геаграфічных і астранамічных паняццяў: інстытута, калгаса, завода, горада, Гомеля, Віцебска, Месяца, Сатурна; назвы адзінак метрычнай сістэмы і іншых вымярэнняў: метра, кілаграма, літра, года, дня, чэрвеня, рубля, долара, вольта, градуса; назвы спартыўных паняццяў, гульняў, танцаў: футбола, хакея, вальса; назвы спецыяльных навуковых тэрмінаў: назоўніка, дзеяслова, суфікса, кораня, квадрата, ромба, інтэграла; словы хлеба, аўса. Канчатак -у(-ю) маюць назоўнікі, што абазначаюць: розныя абстрактныя паняцці, якасці, прыметы, уласцівасці, дзеянні, пачуцці, стан: розуму, подзвігу, гераізму, абавязку, сэнсу, вопыту, шуму, спакою, блакіту, выезду, уздыму, пратэсту, руху, адпачынку, гневу, сораму; грамадскія фармацыі, навуковыя плыні, тэорыі, вучэнні: феадалізму, імперыялізму, матэрыялізму, рэалізму, дарвінізму, фармалізму, сіянізму, антыкамунізму;
Заўвага. У «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (Мінск, 1959) робіцца выключэнне для слоў камунізм, сацыялізм, марксізм, ленінізм, «якія па традыцыі пішуцца з канчаткам -а». Аднак у пісьмовай практыцы апошніх гадоў гэтыя назоўнікі паслядоўна ўжываюцца з канчаткам -у: Будаўніцтва камунізму і камуністычнае выхаванне працоўных — гэта адзіны працэс («Полымя»). Няхай жыве марксізм-ленінізм — вечна жывое інтэрнацыянальнае вучэнне, сцяг барацьбы працоўных усіх краін супраць імперыялізму, за перамогу сацыялізму і камунізму! («Звязда»). зборныя прадметы, рэчывы, матэрыялы, хімічныя злучэнні і элементы: снегу, пяску, цэменту, цукру, мёду, сыру, чаю, паркалю, капрону, клею, вугляроду, бензіну, азоту, кіслароду, брому, натрыю; з'явы прыроды, стыхійныя бедствы, падзеі: ветру, грому, марозу, агню, сухавею, галалёду, пажару; прасторавыя паняцці: лугу, шляху, парку, краю, лесастэпу. Канчатак -у(-ю) у родным склоне маюць назоўнікі са зборным значэннем: пралетарыяту, калектыву, хмызняку, чароту, а таксама назоўнікі, якія ўваходзяць у склад устойлівых выразаў: час ад часу, ні роду ні плоду, звесці са свету, не даць маху, ні свету ні следу, з першага погляду, не да твару. Ужыванне канчаткаў назоўнікаў мужчынскага роду ў родным склоне залежыць часам ад кантэксту і таго значэння, якое набывае ў ім назоўнік: Прыйдзеш да дуба учатырох,— ледзь стан яго абдымеш (Бр;). Я сказаў, што сястра просіць дубу на калодзеж (Скр.). Параўн. яшчэ: беларускага народа і натоўп народу, кіраўніцтва завода і заводу гадзіннікавага механізма, пыжыка (цяля аленя) і пыжыку (футра). У давальным склоне адзіночнага ліку назоўнікі мужчынскага роду маюць канчатак -у(-ю): брыгадзіру, студэнту, герою, сталу, краю, берагу, заводу, подыху, пад'ёму, калектыву. Форма вінавальнага склону назоўнікаў мужчынскага роду залежыць ад катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці. Адушаўлёныя назоўнікі маюць канчатак –а (-я), як у родным склоне; неадушаўлёныя маюць нулявы канчатак, як у назоўным склоне: бачу (каго? што?) студэнта, героя, камбайнера, горад, край, калектыў, камбайн. У творным склоне назоўнікі мужчынскага роду пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных над націскам маюці. канчатак -ом: сталом, будаўніком, гаражом, гаспадаром, не пад націскам -ам: студэнтам, брыгадзірам, лесам, трактарам; пасля мяккіх зычных пад націскам -ём: ласём, агнём, ручаём, не пад націскам -ем: героем, пакоем, аленем. Найбольш разнастайныя канчаткі назоўнікаў мужчынскага роду ў м е с н ы м склоне. Тут могуць быць канчаткі -е, -і(-ы), -у(-ю). Канчатак -е ўжываецца ў неадушаўлёных назоўніках, якія маюць аснову на цвёрды зычны (прычым цвёрды зычны чаргуецца з мяккім): стол — на стале, лес — у лесе, агарод — на агародзе, поплаў — на поплаве. Канчатак -е маюць таксама назоўнікі з асноваю на заднеязычный г, х, калі яны чаргуюцца са свісцячымі з', с': бераг — на беразе, луг — у лузе, верх — на самым версе, кажух — у кажусе. Назоўнікі з мяккаю асновай незалежна ад націску і катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці маюць канчатак -і: конь — на кані, пень — на пні, вырай — у выраі, а назоўнікі з асноваю на зацвярдзелы –ы; заяц — на зайцы, гараж — у гаражы, дождж — на дажджы. Канчатак -у(-ю) маюць назоўнікі, якія абазначаюць назвы асоб: пры суседу, артысту, брыгадзіру, герою, кавалю, і назоўнікі з асноваю на г, к, х: на стагу, у пяску, на шляху, у парку. Канчатак -у ўжываецца таксама ў асобных назоўніках з цвёрдаю асновай (ва ўстойлівых зваротах з прыназоўнікамі на, у): на ляту, на калу, на віду, у хаду, у ладу. Уласныя асабовыя імёны і прозвішчы мужчынскага роду, якія канчаюцца на зычны, скланяюцца, як адпаведныя агульныя назоўнікі са значэннем асобы: Андрэя Лабановіча, Андрэю Лабановічу, Андрэя Лабановіча, Андрэем Лабановічам, пры Андрэю Лабановічу. У месным склоне такія назоўнікі маюць канчатак -у(-ю: пры Тарасу Бондару, Міхасю Кавалю, па Сымону Міхалапу.
Заўвага. У творах мастацкай літаратуры можна сустрэць ужыванне агульных і ўласных асабовых назоўнікаў мужчынскага роду, якія маюць цвёрдую аснову, а канчаткам -е: па сыне, аб агрономе, аб Міхале, на Сымоне. Такія формы трэба разглядаць як адхіленне ад літаратурнай нормы. Уласныя назоўнікі мужчынскага роду, якія абазначаюць геаграфічныя і астранамічныя назвы, скланяюцца, як агульныя неадушаўлёныя назоўнікі з адпаведнаю асновай: Брэст — у Брэсце, Крым — у Крыме, Марс — на Марсе; Гомель — у Гомелі, Алтай — на Алтаі, Дунай — па Дунаі; Добруш — у Добрушы, Бобр — на Бабры, Месяц— на Месяцы; Барок — у Барку, Нізок — у Нізку, Таганрог — у Таганрогу. Назвы паселеных пунктаў на -оў(-аў), -еў(-ёў), -ын (-ін) (у мінулым гэта прыналежныя прыметнікі) скланяюцца, як агульныя назоўнікі з цвёрдаю асновай: Т. Рагачовам, Лоевам, Шчучынам, Дрыбінам; М. у Рагачове, Лоеве, Шчучыне, Дрыбіне. Прозвішчы на -ін(-ын), -оў(-аў), -еў(-ёў) тыпу Лужанін, Чыгрын, Пятроў, Астапаў, Якаўлеў, Жураўлёў скланяюцца, як агульныя назоўнікі 2-га скланення, і толькі ў творным склоне адзіночнага ліку маюць канчатак прыметніка -ым: Лужаніным, Чыгрыным, Жураўлёвым. Такія прозвішчы паходзяць ад прыналежных прыметнікаў, якія перайшлі ў назоўнікі. Жаночыя прозвішчы гэтага тыпу скланяюцца, як прыналежныя прыметнікі.
Заўвага. Іншамоўныя прозвішчы на -ін-(ын), -аў тыпу Дарвін, Чаплін, Вірхаў у творным склоне маюць канчатак -ам: Дарвінам, Чаплінам, Вірхавам.
Назоўнікі н і я к а г а роду з асноваю на цвёрды і зацвярдзелы зычны ў назоўным і вінавальным склонах пад націскам маюць канчатак -о: сяло, вядро, малако, не пад націскам -а: жыта, сонца, мора; пасля мяккіх зычных -е або -ё (у залежнасці ад націску): поле, узмор'е, галлё, кап'ё. У родным склоне назоўнікі ніякага роду маюць канчатак –а (-я), у давальным –у У месным склоне ўжываюцца канчаткі -е, -і(-ы). Канчатак -е маюць назоўнікі тыпу сяло, жыта, акно, у якіх апошні цвёрды зычны чаргуецца з мяккім: сяло — у сяле, жыта — у жыце, акно — на акне; канчатак –і — назоўнікі з мяккаю асновай: поле — на полі, галлё — у галлі, узмор'е — на ўзмор'і; -ы — з зацвярдзелаю асновай: сонца — на сонцы, мора — на моры, падарожжа — у падарожжы. Слова малако ў месным склоне мае націскны канчатак -э: у малацэ. Да 2-га скланення трэба аднесці пяць назоўнікаў на -мя: семя, цемя, вымя, полымя, бярэмя, якія скланяюцца, як і ўсе назоўнікі ніякага роду з мяккаю асновай: Н. семя, полымя — як поле, лісце; Р. семя, полымя — як поля, лісця; Д. семю, полымю — як полю, лісцю і г. д. Уласныя назоўнікі — назвы гарадоў, вёсак, рэк, якія маюць форму ніякага роду, скланяюцца, як і агульныя назоўнікі з адпаведнаю асновай: Т. Гроднам, Барадзіном, Каўшовам, Уруччам; М. у Гродне, Каўшове, Барадзіне; у Залессі, Заслаўі; у Падлужжы, Уруччы, на Дняпры.
|