Склон назоўнікаў. Асноўныя значэнні склонаў
У залежнасці ад сваёй функцыі ў сказе назоўнікі змяняюцца па склонах. Склон — граматычная катэгорыя, якая паказвае на сінтаксічную ролю назоўніка і яго сувязь з іншымі словамі ў сказе. У сучаснай беларускай мове шэсць склонаў: назоўны — хто? што?, родны — каго? чаго?, давальны — каму? чаму?, вінавальны — каго? што?, творны — к і м? ч ы м?, месны — пры кім? на чым? Назоўны склон — п р а м ы, астатнія — ускосныя. Пачатковаю формай назоўніка з'яўляецца форма назоўнага склону адзіночнага ліку. Назоўны склон мае значэнне суб'екта, асобы, якая выконвае дзеянне. У так званых пасіўных канструкцыях назоўны склон можа абазначаць прадмет, які падпадае пад уздзеянне з боку другога прадмета: Станцыя напоўнілася людзьмі (К. Ч.). Назоўнікам назоўнага склону выражаецца ў сказе дзейнік і іменная частка выказніка (назоўны прэдыкатыўны): Алесь, Сяргей і Мазалёк снуюць тут ужо з гадзіну (Б.). І ўсё ж акіян — гэта шчодрасць без краю (М. Т.). Мір — гэта і праца, і шчасце, і радасць! (М. Г.). Форму назоўнага склону мае таксама прыдатак, які адносіцца да дзейніка: Сядзеў каля Сашы Андрэй- пагранічнік, ды бульбу ім Валя пякла, медсястра (А. 3.). Формаю назоўнага склону выражаецца зваротак: Беларусь, я твой воін адданы і сын (Панч.). Ты прыгажэеш год ад году, мой край! Якім ты дзіўным стаў! (Бр.). Ой ты, вецер неспокойны, дзьмеш ты безустанку (К-с). 3 а ў в а г а. Зваротак у сучаснай беларускай мове выражаецца і клічнаю формай: сынку, браце, Ясю, голубе. А ты як мяркуеш, сынку? — запытаў у яго дзед Талаш (К-с). Ой ты, месяц, любы дружа, паплыві на мора (Р.). Краю мой родны! Як выкляты богам, столькі ты зносіш нядолі (Багд.). Кожны ўскосны склон мае свае пэўныя значэнні. Ускосныя склоны могуць ужывацца з прыназоўнікамі і без іх, месны — толькі з прыназоўнікамі. Прыназоўнікі ўдакладняюць значэнне склонавай формы: параўн. лесу — з лесу (з пэўнай прасторы, занятай лесам), да лесу (напрамак руху), каля лесу (г. зн. у непаерэднай блізкасці ад лесу). Паміж склонаваю формай і прыназоўнікамі існуе цесная сувязь. Так, прыназоўнікі да, для, без ужываюцца толькі з родным, на — з вінавальным і месным, за — з вінавальным і творным склонамі. Склонавыя формы назоўніка часам адрозніваюцца націскам, як, напрыклад, форма назоўнага склону множнага ліку ад формы роднага склону адзіночнага ліку: р у кі — рук і, тр а вы — трав ы, дугі — дуг і. Такім чынам, граматычнае значэнне склонавай формы вызначаецца канчаткам, прыназоўнікам і націскам. Родны склон самы багаты на значэнні. Ён можа мець: значэнне часткі, якая бярэцца ад цэлага (так званы родны раздзяляльны): Хлеба луста нялёгка ўсім, брат, дастасцца (К-с); азначальнас значэнне: Мужна і моцна гучыць у паэзіі тэма міру і мірнай працы (К-с). Павевы гісторыі павінны быць у літаратуры (К Ч.); прасторавае значэнне: Добра ноччу ляжаць ля ракі... (Лупс.). Да Баранавіч даехалі мы цягніком... (А. Карп.). 3 таго боку бухты сіняй, з дальніх казачных краёў дабіраліся эліны да таўрыдскіх берагоў (Аст.). Паміж пнёў буяў верас і купчасціўся ядловец (К. Ч.); значэнне часу: Кожнай ночы хто-небудзь прыязджае у лагер партызанскіх сем'яў... (Б.). А пад гарой Дняпровы хвалі з вясны да восені шумяць (Куп.); значэнне прычыны: Не раз у маёвую ноч дрыжэлі ад страху паны (Бяд.). Дарэктар з радасці спявае, дадому едзе, спачывае (К-с); значэнне мэты і прызначэння: Буду верыць — для шчасця жыве чалавек (Грах.). І вось алешына пусціла, дзеля свята, белы цвет (Б.). Партызаны расчысцілі снег, падрыхтавалі месца для вогнішча (К-с); значэнне прыналежнасці: Словы Антанты Міхайлаўны балюча адгукнуліся ў сэрцы Лабановіча (К-с). Нават і адсюль відно было, як хадзілі рукі муляроў (К. Ч.); значэнне прамога аб'екта (пры пераходных дзеясловах, калі дзеяннем ахопліваецца толькі частка прадмета, а таксама калі пры дзеяслове ёсць адмоўе не): Позна ўначы вярнуўся Максім, прывёз трохі сена (К-с). Ніна ніколі не бачыла гэтых чабурэкаў, бо яна яшчэ ні разу не была ў Крыме (М. Л.). Жыццё не любіць тлену (Лыньк.). Давальны склон мае асноўнае значэнне ўскоснага аб'екта. Ён абазначае асобу ці прадмет як адрасат, на які накіравана дзеянне: падзякаваць настаўніцы, дапамагчы таварышу, напісаць брату. Ніхто сакратару не пярэчыў (Кр.) І людзі ўсміхаюцца хмарцы сваей (А. К.). На лаўку дзядзька сеў послушна, уздыхнуў, падзякаваў суседу (К-с). Форма давальнага склону ўжываецца ў канструкцыях са словамі прывітанне, наклон, слава: Гонар і слава людзям, якія бадзёра, няспынна і няўхільна крочаць да вялікай мэты — да камунізма (Кр.). Прывітанне героям космасу! Слава савецкім касманаўтам! У безасабовых сказах давальны склон можа мець значэнне ўскоснага суб'екта: Нават пешаходу нелъга было выбірацца ў дарогу (Лыньк.). Вінавальны склон мае: значэнне прамога аб'екта; такі вінавальны паказвае, што дзеянне ахоплівае ўвесь прадмет: Люблю мой край, старонку гэту (К. Б.). Лось разграбаў сыпучы снег зялёным капытом (Кір.). Зноў зіма наслала снежныя кілімы, зажурыла беллю паплавы, лугі... (Тр.); значэнне прадмета думкі, мовы, пачуцця: Падзяку шэпчуць дрэвы за гэты добры дар... (Гл.). Трывогу гэтую адчуваў і Пятро (Шам.). Калі казаць пра човен дзедаў, то трэба ўжо, каб кожны ведаў пра дзеда Юрку хоць бы змала (К-с). У гэтую хвіліну хлопец забыўся на краты ў акне (К. Ч.); прасторавае значэнне: Пішуць, што на пасёлкі людзі ідуць (Кр.). Ішлі на Крым і на Варшаву і дасягнулі перамог (Гл.). Жыта на хлеб малоць у млын не вазіў (М. Л.). Я памог яму распрэгчы каня і пад паветку зацягнуць сані (М. Т.); значэнне часу: Свіслач дзень і ноч гоніць срэбра хваль... (К-с). Янка Купала кароткі час адпачываў у Капылі (Хв.). І прыпеўкі і звонкі хлапечы смех знікалі некуды на ўсю ноч (Б.). Пад дзень хмары разышліся, выглянуў месяц (К. Ч.). У тую восень і зіму вуглоўская моладзь ладзіла вечарыны ва Устронні (Б.); значэнне мэты: Ніводзін яшчэ нецярплівы каханак на спатканне, як да цябе, не спяшаў (Луж.). Вы клікалі нас, маладых арлянят, па песню, па сонца, па шчасце камуны (Бр.). У свае апраўданне я прывяду словы Л. Талстога... (А. Карп.). Т в о р н ы склон, як і родны, вызначаецца багаццем значэнняў. Часцей за ўсё ўжываецца творны ўскоснага аб'екта. Сюды можна аднесці і значэнне прылады, сродку вытворчасці пры дзеясловах фізічнага дзеяння: пілаваць пілою, пісаць алоўкам (творны інструментальны). Уздыхае свободна рака, плешча хваляй у бераг няроўны (Астр.). Хваробы лечаць і атрутамі (Багд.). Разам будзем араць поле тракт арам сталёвым (Куп.). Творны ўскоснага аб'екта часта сустракаецца ў безасабовых сказах: І кмінам, і смажанай рыбай, і ветрам падзьмула з гары (А. К.). Востра пахла тады гаркавай лазой і талым снегам (Лыньк.). І павявае з долаў цудоўным халадком... (Гл.). З іншых значэнняў творнага склону можна выдзеліць: значэнне сумеснага дзеяння: Міколку з бацькам засталося толькі пераглянуцца між сабою (Лыньк.). Шэпчуцца явар з калінаю ў сумнай даліне над ярам (Куп.); прасторавае значэнне: Ішлі аранжарэямі, ішлі тым самым запушчаным паркам (Каратк.). Крочылі полем спаленым, шляхамі страшнай вайны (Е. Л.); значэнне часу: Суботнім днём пасля заняткаў Ніна адыходзіла дадому (М. Л.). Я б хацеў майскай ноччу пачаць гэта доўгае апавяданне (Аст.); значэнне спосабу дзеяння і параўнання: А горад шумеў і гаманіў рознымі галасамі (К-с). А вы старайцеся, каб людзі потым не клялі вас, а ўспаміналі добрым словам (Кул.). Ступіў наш дзядзька крокам смелым (К-с). Срэбнаю стужкаю вывіваўся Неман... (К-с). Залочанымі пырскамі будзе ўзлятаць з-пад ног раса... (Гал.). Апрача таго, творны склон ужываецца ў складзе іменнага выказніка — творны прэдыкатыўны: Мне свет увесь здаецца Беларуссю,— такі на захад і на ўсход просторны шлях (Гл.). Дагэтуль мой тата служыў у пана парабкам (К. Ч.). Асноўнае значэнне м е с н а г а склону — абазначаць месца дзеяння: А ў агародзе мак чырвоны, раскрыўшы гожыя лісточкі, з іх ткаў прыўдалыя вяночкі (К-с). Сам агонь у полі тлее, нікагусенькі няма (К-с). Хмары ўсё плылі па высокім небе (К. Ч.). Па гэтым беразе хадзіў калісь рыбак (Панч.). Стары Мазоль служыў на царскім чарнаморскім флоце (Б.). Я суняўся і насцярожыўся, стуліўшыся пры бярэзіне (Скр.). Апрача таго, месны склон мае: значэнне часу: Роўна а другой гадзіне пастроіліся... (Луж.). Едзем паўз бярэзнік беланогі, што ў расе на досвітку прадрог (Панч.). Па зіме вясна ўбірае твар зямлі, лясы, лугі (К-с). У юнацтве я ўсё чагосьці чакаў... (А. Карп.); значэнне прычыны, падставы, спосабу дзеяння: Я думаў, ты здолееш мне памагчы ў працы, якую па старасці маёй нельга адкладваць (Каратк.). Ён па старым войсковым звычаі агледзеўся (В. Б.); значэнне стану: Не даходзячы крокі тры, велікан спыніўся ў нямым здзіўленні (К-с). Скрыгочуць ворагі зубамі ў злосці (Гл.). Мы ўсе за тую зіму пасталелі так, як у горы сіраты сталеюць (Грах.); значэнне ўскоснага аб'екта: дагавор аб дружбе і ўзаемадапамозе, указ аб узнагароджанні. Алесь тужыў па свежай баразне (Б.). Па няволі ніхто не плача (Прык.). Перш за ўсё трэба сказаць аб стварэнні вадасховішчаў на рэчках Пціч, Вяча, Волма («Звязда»).
|