Жменя пшаніцы
Гутарка І Дзед Сцяпан быў войт спрадвеку, Войт адзіны ў той старонцы, І такім быў чалавекам, Што не знойдзеце пад сонцам. Кемны быў да кожнай справы І да люду меў спагаду. У цяжкіх прыгодах нават Як найлепей мог даць рады. І што ў свеце нечувана, Хоць у войта з вёскай згода, – Пан не даў яму заганы, А драпежнага быў роду. І няма ніякай звады, Лічаць войта бацькам вёскі, Але старасць-то не радасць: Падыходзіць век дзядоўскі. Ён без кія ўжо ні кроку, Вока бляскам больш не грае, За плячыма горб шырокі, Барада зусім сівая. На людзях бяды не тоіць: – На спачын пара, суседзі. Памяркуйце між сабою: Войта трэба нам нагледзець! Галава да трох не злічыць, Я здароўя ўжо не маю… Грамада крычыць там крычма, Моцна долю праклінае. – Што ты, вашаць, пане-браце?.. Выракаешся худобы, Збрыдла нас апекаваці, Наша згуба даспадобы? Аж пакуль на белым свеце Ходзіш, войце, з ласкі неба, Як раней, твае мы дзеці, Іншы войт нам без патрэбы.
Просяць, грозяць, ходзяць следам, Вёска стогне, вёска ў скрусе… Давялі нарэшце дзеду, Што застацца войтам мусіць, Але ж старасць вельмі валіць Тых дзядоў, як з дрэў апады, І Сцяпан дае параду, Каб настаўніка абралі. Потым спрэчак многа будзе, Калатэча, злосць, нязгода, Пакалечаць душы людзі Нават лепшага заводу. – Добра! – крыкнулі навокал. – Праўду, кажаш ты, Сцяпане, Ды нашто шукаць далёка, Мы сыноў тваіх не ганім! Трое хлопцаў… Адным словам, Кожны варт быць на пасадзе, Не чужы ім люд вясковы, – Хай адзін з іх войтам сядзе.
Вось і спрэчкі. А каторы ж? Зноў у вёсцы тлумна стала: Той хінецца да Рыгора, Тым Васіль здаецца ўдалы, А ўсе іншыя Сымона Хочуць ставіць на законы. Бацька чуе: запалае Звада зараз у народзе, Валасы згарнуў з чала ён І сваё людзям даводзіць:
– Лепшых ёсць між вас нямала, Але выбраць як – вось гора… Калі вам на думку ўспала, Што прыдасца сын каторы, Ваша ласка, не пярэчу, Ды людзям служыць – не жарты! Перш чым ношка ўгнула плечы, Хай пакажа, што ён варты. Можам мы дазнацца скора, Хто з іх здатны больш да чыну, Пан вясной пашле Рыгора У Кралевец на віціны. А Васіль у Кракаў рыне, Не абы-як, пане-браце. Ну, Сымонка будзе ў хаце. Вось яго паслаць вам раю Соль купляць на Украіне, Плацім дорага ў мястэчку. Кожны ўправіцца павінен – Не аб гэтым будзе спрэчка. Але хто з чужога краю Больш карысці прынясе нам, Таго войтам выбіраем, Бацькам вёскі, мне на змену, Год мінецца ў спорнай працы, Спраўдзім нашыя намеры, І калі ўсіх трох праверым, Будзем знаць, на кім спыняцца. Словы дзедавы, як рочаць, І ў душы надзеяй свецяць. Ды не знаюць войта дзеці, Як за імі вёска сочыць!
ІІ
Год мінуў ад той гаворкі, Вось Кралевец шле барліны, І старэйшы сын Рыгорка Прыплывае ўжо з віціны. Доўгіх год яму жадаюць, Льюць у кубкі мёд ды піва, І Рыгор апавядае Пра ўсе цуды, пра ўсе дзівы. – Надта ж мілы ў немцаў побыт, Пыхі многа нечуванай, Ды найболей даспадобы Капялюшык і каптаны. Што казаць аб світцы нашай! – Крой дзівацкі, неўжываны, І відно, што гарапашны. Кройма світкі на каптаны! Саламяны капялюшык – Ад прыгону ўбор для хлопа! Вось у немцаў, кажуць слушна, Сапраўды значна Еўропа!
Бацька слухае ціхмана, Жар варушыць на камінку, Але ў думках у Сцяпана: “Ой, не будзеш войтам, сынку!”
ІІІ
І Васіль сыскаўся хутка: Размаўляе тонам зуха. Хата войтава паўнютка, Люду ўсё цікава слухаць: – Што за мова ў палякаў, Што за песні, проша пана! Напяваюць кракавяка, А мы так пяём пагана. Мы спяваем так шчымліва, Словы песні – боль, гаркота, Смутак льецца з кожнай ноты, Ажно рэха плача ў нівах. Дам параду я, браты, вам – Кіньма спеў стары, жабрачы, Кракавяка лепш заскачам, Павяду я рэй імкліва! Бацька слухае ціхмана, Жар варушыць на камінку, Але ў думках у Сцяпана: “Ой, не будзеш войтам, сынку!”
IV
І Сымона сустракаюць, Што вярнуўся з Украіны: Ён не строіць кплівай міны, На свой край не наракае. – Добра, – кажа, – ў старане той, І сляпцу відаць далёка: Стэп пакуль сягае вока, Стэп, здаецца, на паўсвета. А зірне ў сваю старонку – І затужыць падарожнік Па рацэ, па хвойцы гонкай, Па узгорках каля пожні. Хоць бы нават Украіна Горы скарбаў абяцала, А туга б дамоў пагнала, У бацькоўскую хаціну. Вось адно хіба – пшанічка! Рэч зайздросная ў тым краі! Кожны колас, быццам бічык, Ніва з небам размаўляе! Трохі плёнаў тых дзівосных Я сабраў у торбу ўпотай. Прычакаем – прыйдзе восень – Украінскіх умалотаў. Я па жменьцы ўсім адразу Дам для добрага пачатку…
Бацька выслухаў нашчадка І ўздыхнуў замест адказу. Гэты ўздых яго без слова Гордай думкі быў высновай. Гонар бацькі знаць па твары: Дбайны хлопец, спраўдзіць мары.
V
Войт гаворыць з хваляваннем: – Ў дурня дрэнныя навіны! Хто нямецкае убранне Прапануе славяніну, Той, каму чужое міла, Хто аб шапцы з лямцу марыць, Каму вочы засляпіла, Лічыць брыль свой не да твару, Хай страі чужыя носіць, Хай здароў заплюшчыць вочы: Летам пот яго заросіць, А пад восень дождж прамочыць! Тройчы дурань той зухвалец, Хто хапае спеў няродны З ніў чужых і потым хваліць Дух тутэйшы ў песні зброднай. Хто ганьбуе грунт бацькоўскі, За чужой сягае зоркай, Той ні дасць ані для вёскі, Як Васіль і як Рыгорка. Хто ж прывёз з другога краю Зерне плённае радзіме І зямлю абсемяняе, Падзяліўшы між сваімі, Хто аб свеце кажа скромна, Бо свае мілей улонні, Будзе вам служыць нястомна, Войтам быць табе, Сымоне!
Грамада яго вітае І заўзята б’е ў далоні, Плён з пшаніцы прадчувае: Войтам быць табе, Сымоне! 1856, Варшава
|