На Палессі
Сярод багнаў і бораў, На пясочку на рыжым Села вёска ў пакоры, Як убогі пад крыжам.
Шумяць тонкія сосны, Нуды ў шуме тым многа: Выгляд вёскі нязносны, Выглядае убога.
Людзі ў зрэбных сярмягах, Лапці ногі ім вяжуць, Уваччу голад, смага, Б’е ад іх дым і сажа.
Тарчаць пуняў і хатаў Ломам сцены-шкілеты, Замест гонтаў на латах – Лахманы з ачарэтаў.
Гняздо ж бусел бяспечна На страсе пачаў класці – Селянін верыць вечна, Што яго ў гэтым шчасце.
Не пляці гэтых божбаў… Жывуць буслы пустынна, Калі ж слухаць варожбаў, – Шчасна й ваша краіна.
О, жывём мы шчасліва!.. Трудна хлеба век меці, Глядзіць пусткаю ніва, Пустка ў пуні і клеці.
Думкі скрыты памрокай: То прасветласць, то цьма там; Уздыхаеш глыбока Над сабою, над братам.
Нікне з сэрца надзея, Праўдзе верыць марудзіш… Надта ж гора дадзене – На свет цэлы забудзеш.
Сцежкі росіш слязою, Гіне труд без патолі, Варажба варажбою, А нядоля нядоляй.
Недзе ў далі палае Наша сонца-багацце, Бусел стуль вылятае Бедакоў прывітаці.
Людзі бусла пусцілі Чысціць свет з брыды ўсякай, Ды ці ж птушчынай сіле Усіх знішчыць вужакаў.
Зводзімся забабонам, Як бяду напаткаем, Няма долі даўно нам, – Варажбой намагаем. Чалавеку бясконца Шчасце ў прышласці сніцца, Покі ж выгляне сонца, Грызе вочы расіца. 1850
Ратай да жаўранка
Я ару, а ты мне звоніш, жаўручок, з дасвецця. І мы, людзі, і вы, птушкі, – божыя ўсе дзеці. Чалавек у поце хлеб свой здабывае ў полі, Птушцы ўзіску дробных зярнят быльнягу даволі. Мне таварыш ты, зраўняцца нельга мне з табою: Свет паднебны ты чаруеш песняю сваёю. Ты шчаслівы і вясёлы. Што ні дзень, ты рана Зноў ляціш спяваць з анёлам радасна: асанна! Бог сам рады тваёй песні, цябе хваліць неба, Што табе на белым свеце гэтак мала трэба, Што ўслаўляеш гэтак Творцу, яго ўзгор’і, рэкі: “Няхай будзе пахвалёны навекі, навекі!”
Я ару, а ты мне звоніш, жаўручок, таксама. Табе лёгка – заляці, брат, да нябеснай брамы, Раскажы там аб ратаях, долі невясёлай: Люд вясне рад, бо ходзіць голад зноў па сёлах. Чалавек прачнецца рана – рук крануць не ў сіле, Песню спеў бы, толькі грудзі з голаду застылі. Што нам кліч вясны-красуні, ранак той чароўны, Плачуць дзеці, і бацькоў іх у бакі хістае: Жаўруку вясна – раскоша, ды смерць – для ратая. Раскажы ўсё Богу: можа, нам дадасць апекі – І хай будзе пахвалёны навекі, навекі! 10 красавіка 1851 года
Прысвячэнне ліцвінам народных гутарак
Браткі мае, з-пад Вільні, з-пад Нёмна, Калі вы рады гаворцы скромнай, Я пагуду, а вы сядзьце ў кола, У чаркі стукнем, каб стала вясёла, А мо ж і выплыве праўда з донца Ці ўкрадзем ад смутку часіну сонца.
Зляплю я вершык наспех часамі І падзяліцца спяшаю з вамі, Бо кожны шчыра так сустракае, Гатовы слухаць мяне, пустабая. Дык будзем рады гэтай прыгодзе, А дзверы, пэўна, замкнуць не шкодзіць, Каб панічок які ці падпанак Не пасмяяўся з нашых спяванак. Мы з вамі, праўда, майстры не надта, Верш з-пад сякеры, яшчэ шурпаты, Але слухач скажа ўдзячнае слова, Сэрца адчуўшы у ім песнярова.
З вамі, браткі, у сярмязе і ў світцы, Кнізе лягчэй на свет нарадзіцца; Мужык невучоны хутчэй дазволіць Прыйсці паслухаць, адкуль нядоля: Ці Бог карае, ці сам вінаваты, Ці зазірае радасць дахаты. Твар то збялее, то ўспыхне агніста, – У селяніна і ў персях празрыста, Як на далоні, пачуцці адкрыты, Лёгка схапіць, запісаць у сшытак. І калі братняе кола збяру я, Хто мне нязграбны верш не даруе?! Хто ніцаваць спеў дзядоў захоча, – З думкі да думкі, з радка ў радочак?
З панствам вяльможным рахуба не тая, – Хто іх аблічча, сэрца ўгадае? Як ім спяваць, заўжды надзіманым, – Хочуць за грошы тавар без заганы. Ёсць для іх кніжкі ў залочаных шатах, Проста з Парыжа, з найлепшых варштатаў. Дзе нам угнацца за той бягою – Адно Парыж, а Літва другое. Той, каго вабяць пахі з-за межаў, Што яму водар лугоў нашых свежых? Ён пасля опер грэбаваць стане Жаўранка песняй у сонечным ранні!
Сэрца, жыццё я аддаць гатовы, Пяю табе, мой народ шарачковы, Толькі з табой спадзяванні злучаю, Смутак і радасць, хвіліны адчаю. Подых палёў тваіх лашчыць аблічча, Песні я ў птаства твайго пазычу. Моваю сэрца хай думы бруяцца. Музыкай жніва, касцоваю працай. Хай пад страхой жабрацкай хаціны Верш прачытаюць браты-ліцвіны, Калі адчуюць брата ў паэце, Значыць, не марна жыў я на свеце. 1852, Залуча
Колас
Колас жытні, што з табою? Пакідаеш поле? Покуль жыцце знаў травою, Рос раслінай маладою, То была і воля.
Набірае колас моцы, Падрастае гэтак То ўсміхаецца ён сонцу, То хінецца, абаронца, Да красуняў кветак.
Дождж бадзёрыць, мые, Вецер забаўляе, Ну, а песні маладыя Жаўранак спявае.
Ды не просіць час дазволу Затрымацца ў маі – Ад зярнят цяжэе колас, Нібы з думак невясёлых Галава сівая.
Засмуціўся ён на ветры, Зжоўкнуў важкі колас: Наступіла спеласць лета, Думкі ціснуць непрыкметна, Голаў хіляць долу.
У спякоце летняй млее, Гнецца сумны колас І ў вясёлай песні жнеяў Чуе смерці голас.
Лепей сцяблом вясновым Мыць сябе расіцай, Чым стаць коласам жытнёвым І пасля чалом васковым Да зямлі хіліцца.
Лепей жарты маладыя, Жарты і сваволя, Чым ужо размовы тыя, Што вядуць здаўна старыя Пра жыццё і долю.
Заглушай жа, смех, сабою Позніх думак прозу: Лепей сэрца маладое, Чым старэчы розум. 1852
|