Крызісы Рэчы Паспалітай напярэдаДні перамен
Напярэдадні апісваемых ніжэй падзей Рэч Паспалітая, у склад якой уваходзілі беларускія землі, знаходзілася ў вельмі неспрыяльных унутраных і знешніх палітычных абставінах. Яны прадвызначылі, у рэшце рэшт, спыненне існавання краіны. Галоўнымі прычынамі такога фіналу былі наступныя. 1. Вытокі яго паходзяць з часоў Люблінскай уніі 1569 г. Больш як двухсотгадовыя дзяржаўна-прававыя сувязі Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Кароны (Польшчы) пасля гэтай уніі былі складанымі і супярэчлівымі. Яны не толькі спарадзілі новую шматнацыянальную канфедэрацыю дзвюх дзяржаў – Рэч Паспалітую, але і нестабільнасць эканамічнага і сацыяльна-палітычнага жыцця, абумоўленую няўхільным пераўтварэннем яе ва унітарную дзяржаву на аснове распаўсюджвання польскіх узораў грамадскага ладу, запавольваннем самастойнага вырашэння пытанняў дзяржаўнага будаўніцтва беларускім этнасам, заняпадам беларускай культуры. Апошняе знайшло свой адбітак у так званай паланізацыі – апалячванні беларуска-літоўскай шляхты праз далучэнне яе да “польскіх шляхецкіх вольнасцей”. Ва ўмовах працяглага тлеючага супрацьстаяння незалежніцкія настроі “літоўскай” шляхты былі скіраваны на адстойванне канфедэратыўнага характару грамадска-палітычнага ладу адпаведна з нормамі Статута ВКЛ 1588 г. Яны, вядома, юрыдычна замацавалі адасобленасць Вялікага княства Літоўскага (арт. 1, 4, раздз. 3), грамадзянства (арт. 12, раздз. 3), заканадаўства (арт. 1 раздз. 1; арт. 1 раздз. 3), судовага і адміністрацыйнага ладу (раздз. 4), арміі (раздз. 2), фінансаў (арт. 17, 29 раздз. 1). Не варта забываць аб праве пасла (дэпутата) агульных соймаў накладаць забарону (ліберум вета) на любое рашэнне і ўсю работу сойма. Складаны і супярэчлівы характар адносінаў паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім не мог не адбіцца на лёсе ўсёй Рэчы Паспалітай. Працяглая барацьба народаў ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай супраць гвалту польскай шляхты, за сваю дзяржаўнасць знясільвала абедзве дзяржавы, рабіла канфедэрацыю лёгкай здабычай замежных краін. 2. Палітычны крызіс, вядома, пастаянна падпітваўся далёкай ад дасканаласці формай дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. У прыватнасці, адсутнасцю адзінай цэнтралізаванай улады ў краіне. Фармальна Рэч Паспалітая па форме праўлення з'яўлялася саслоўнай рэспублікай на чале з выбраным пасламі вальнага сойма манархам – каралём, уладу з якім падзяляла шляхта. Аднак на справе ў дзяржаве “кіравала балем” анархія. Значэнне цэнтральнай улады (каралеўскай і сойма) было падарвана ўзаемадзеяннем залатых шляхецкіх вольнасцей з прычыны існавання практыкі выбрання манарха на аснове абмежаваўчых умоў “Пакта канвента” і пастаноў сойма, якія абраны кароль павінен быў строга выконваць, а таксама прынцыпу “ліберум вета”, практыкай утварэння канфедэрацый і рокашаў (першапачаткова рокаш – з'езд усёй шляхты, потым – узброеныя выступленні супраць каралеўскай улады). У 1696 г. шляхта ВКЛ, падобна польскай шляхце, набыла правы кантролю за дзейнасцю караля, што пашырала магчымасці ўсёй шляхце ў супрацьстаянні каралю. Следаванне ўстаноўленым прынцыпам, правілам ці ўмовам абмежавання паўнамоцтваў караля зрабілі іх настолькі нязначнымі, што яны, як трапна заўважыў У. М. Ігнатоўскі, былі больш падобны не на правы, а на абавязкі (Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Выд 5-е. Мн., 1992. С. 128). Дэцэнтралізацыю ўлады ўзмацняла і права павятовых соймікаў дзейнічаць самастойна, у інтарэсах мясцовай шляхты. Абавязак дэпутатаў ад павятовых соймікаў прытрымлівацца іх інструкцый ускладняў работу вальнага (агульнага) сойму, бо не дазваляў дзейнічаць яму супраць пастановы павятовых соймікаў. Узвышэнне ролі апошніх, якія сталі на шлях прысвойвання функцыі заканадаўчай і судовай улады, аслабляла цэнтральную ўладу. Зрывы соймаў становяцца звыклай справай. Не выпадкова на працягу дзесяцігоддзяў сойм працаваў “у халастую”. Так, з 55 соймаў, што склікаліся з 1652 да 1764 гг., 48 было сарвана накладаннем вета (Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 2003. С. 139). Такая абмежаванасць цэнтральнай ўлады Рэчы Паспалітай, пры адсутнасці адзінага для ўсёй дзяржавы ўраду рабіла, з аднаго боку, сувязі паміж Польшчай і ВКЛ вельмі слабымі, з другога – дазваляла магнатам і вярхам каталіцкай царквы даволі беспакарана самавольнічаць і стрымліваць распаўсюджванне новых сацыяльна-эканамічных і палітычных адносін на працягу не аднаго дзесяцігоддзя. 3. Палітычную сітуацыю ўскладнялі шматлікія войны (антыфеадальная вайна, 1648 – 1654гг.; войны Рэчы Паспалітай з Расіяй (1654 – 1667) і Швецыяй (1655 – 1660); Паўночная (1700 – 1721). Яны з велізарнай разбуральнай сілай пракаціліся па тэрыторыі Беларусі і істотна падарвалі яе дэмаграфічны патэнцыял. Ваенныя спусташэнні ўскладняліся эпідэміямі і хваробамі, адсутнасцю ў дзяржаве пастаяннага войска. Феадальная знаць выступала супраць стварэння моцнага пастаяннага войска і адхіляла ваенныя рэформы: не хацела аддаваць частку сваіх прыгонных сялян у рэкруты і плаціць новыя падаткі для ўтрымання вайсковых фарміраванняў. Таму калі ў канцы ХVIII ст. над Рэччу Паспалітай навісла смяротная пагроза пазбаўлення дзяржаўнай незалежнасці, то яна не мела сучаснага войска і была не ў стане абараніць свае межы. 4. Палітычны крызіс узмацняла міжусобная барацьба магнацкіх груповак (у ВКЛ – Радзівілаў, Пацаў, Сапегаў, Чартарыйскіх, Агінскіх і інш.) за ўладу. У гэтай барацьбе магнаты карысталіся як подкупам асобных шляхціцаў, з дапамогай якіх зрывалі соймікі, так і тэрорам. Іх бясконцая канфрантацыя раздзірала краіну і інспіравала ўмяшанне замежных дзяржаў у яе ўнутраныя справы. Пры гэтым замежныя краіны, добра разумеючы, што вага ў міжнародных справах і само існаванне Рэчы Паспалітай істотна залежаць ад палітычнай стабільнасці ў ёй, дзеля сваіх інтарэсаў праяўлялі агульную зацікаўленасць ў захаванні там агрэсіі. Так, у 1720 г. Расія і Прусія ў Патсдаме абавязаліся падтрымліваць існуючыя ў Рэчы Паспалітай парадкі. У 1724 г. падобныя гарантыі ўсклала на сябе Швецыя, а ў 1726 г. – Аўстрыя (Краткая история Польши. М., 1993. С. 80). Такія захады суседніх урадаў знаходзілі падтрымку ў лагеры тых колаў магнатаў і шляхты, якім анархія ў краіне бачылася вышэйшым дабром. Між тым пашырэнне ўплыву суседніх дзяржаў на ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай – не толькі сведчанне дэмаралізацыі яе правячай арыстакратыі, але і паказчык глыбокага палітычнага заняпаду гэтай краіны. Асабліва актыўна ўмешваліся замежныя краіны ў перадвыбарчую барацьбу перыяду бескаралеўя, імкнучыся правесці на каралеўскі трон Рэчы Паспалітай свайго кандыдата і такім чынам забяспечыць свой уплыў на палітыку знясіленай дзяржавы. Пры гэтым яны не грэбавалі ні подкупамі сваіх прыхільнікаў, ні дыпламатычнымі сродкамі, ні непрыхаваным узброеным націскам. Феадальная анархія і бясконцыя магнацкія інтрыгі ў барацьбе за ўладу не спыняліся ні ў час дзяржаўных войнаў, ні пасля іх заканчэння. 5. Палітычны крызіс паглыбляўся ўзмацненнем феадальна-прыгоннага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнечання (не без уплыву Брэсцкай уніі 1596г.), манапалізацыяй каталіцкім духавенствам сістэмы адукацыі. Вярхоўная ўлада Рэчы Паспалітай, не забараняючы рэлігійную шматканфесійнасць, няўхільна падтрымлівала толькі каталіцызм. Так, у 1732 і 1733 гг. сойм пазбавіў іншаверцаў права выбірацца ў дэпутаты соймаў, засядаць у трыбунале, займаць грамадзянскія пасады. Пратэстуючы супраць засілля каталіцкагадухавенства, праваслаўная канфесійная меншасць шукала падтрымкі ў расійскага ўрада. Апошні свае захады ў абарону аднаверцаў грунтаваў адпаведна з ІХ артыкулам “вечнага” міру 1626 г. (Гісторыя Беларусі: У 2ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца ХVІІІ ст. / Курс лекцый. Мн., 2000. С. 552). Гэта абвастрала антыфеадальную і нацыянальна-рэлігійную барацьбу сялян і гараджан. У 40-ых гг. ХVІІІ ст. выступленні сялян і гараджан ахапілі Гомельскае, Крычаўскае, Мазырскае і Чэрыкаўскае староствы, Мазырскі павет, Глускае графства, маёнтак Драчкава Мінскага ваяводства, Глуск і інш. Выступленні сялян і гараджан падрывалі асновы феадальна-прыгоннага ладу і паскаралі пагібель Рэчы Паспалітай, правячыя колы якой аказаліся няздольнымі ісці ў нагу з часам, прыстасавацца да капіталістычных адносін, якія развіваліся. Такім чынам, ва ўмовах неабмежаванай дэмакратыі пануючага класа не толькі была прыкметна аслаблена манархічная ўлада, але і адміністрацыйнае кіраванне было даведзена да заняпаду. Адначасова былі страчаны шмат якія станоўчыя рысы духоўнасці і грамадзянскага сумлення. У першай палове XVІІІ ст. Рэч Паспалітая ўяўляла сабой дзяржаву, з інтарэсамі якой лічыцца было не абавязкова. Цэнтральная ўлада Рэчы Паспалітай, аслабленая шматлікімі атрыбутамі “залатой шляхецкай вольнасці”, рэзка кантраставала з рэжымамі абсалютысцкіх дзяржаў-суседзяў, якія ішлі да зеніту сваёй магутнасці. Дэманструючы яе, яны імкнуліся пашырыць свае тэрыторыі за кошт кволай Рэчы Паспалітай, выкарыстоўваючы і звароты да іх за дапамогай варагуючых паміж сабой розных магнацка-шляхецкіх груповак. Тут нельга не ўзгадаць трапную характарыстыку палітычнага становішча тагачаснай Рэчы Паспалітай, якую даў Ф. Энгельс: “З пачатку васемнаццатага стагоддзя Польшча, згодна з выказваннямі саміх палякаў, трымалася бязладдзем (Polska nierzadem stoi), замежныя войскі бесперапынна акупіравалі ўсю краіну або прахадзілі цераз яе; яна служыла для іх заезным дваром і карчмой…, пры гэтым, аднак, як правіла, забываліся пра плату” (Маркс К., Энгельс Ф. Внешняя политика русского царизма // Сочинения. М., 1962. Т. 22. С. 18). 2. “Дысідэнцкае пытанне”
|