Параўнальна-гістарычны метад
Параўнальна-гістарычны метад — гэта навукова-метадалагічная канцэпцыя, з дапамогай якой шляхам параўнання выяўляецца агульнае і асаблівае ў літаратурных з’явах, дасягаецца пазнанне неаднолькавых гістарычных этапаў развіцця адной і той жа з’явы ці двух розных суіснуючых з’яў. Побач з тэрмінам-словазлучэннем «параўнальна-гістарычны метад» часта прымяняецца тэрмін «кампаратывізм» (ад лац. comparativus —параўнальны), які можа выкарыстоўвацца і як сінанімічны (у пераважнай большасці выпадкаў), і як указваючы «на пачатковы этап у развіцці параўнальнага літаратуразнаўства, калі пераважала эмпірычнае супастаўленне асобных літаратурных фактаў па-за нацыянальна-гістарычным кантэкстам, сістэмай светапогляду і стылю пісьменніка» [3]. Параўнальна-гістарычная метадалогія — адна з разнавіднасцей навуковай тыпалогіі, прычым у самых што ні на ёсць яе высокіх і плённых формах. Параўнальна-гістарычны метад у літаратуразнаўстве і крытыцы ўзнікае і пачынае даволі хуткімі тэмпамі развівацца ў другой палове XIX ст., амаль адначасова з культурна-гістарычнай школай. Першай сур’ёзнай спробай выкарыстання параўнальна-гістарычнага метаду з’яўляецца праца шатландскага даследчыка Джона Дэнлопа «Гісторыя мастацкай прозы», у якой вучоны на аснове шэрагу супастаўленняў аналізуе фальклорную аповесць аб сямі мудрацах. У сярэдзіне XIX ст. у шматтомнай працы француза Філарэта Шаля «Даследаванні па параўнальнаму літаратуразнаўству» (1847–1864) упершыню з’яўляецца сам тэрмін «параўнальнае літаратуразнаўства». Сапраўдным жа маніфестам параўнальна-гістарычнага літаратуразнаўства стала прадмова Тэадора Бянфея (1809–1881) да нямецкага перакладу знакамітага зборніка індыйскіх баек і прытчаў «Панчатантра» (1859), у якой вучоны прапанаваў тэорыю запазычання і міграцыі матываў і сюжэтаў сярод народаў на аснове гістарычна даказаных культурных зносін. Згодна з Бянфеем, у выніку шматлікіх кантактаў прадстаўнікоў усходніх народаў з еўрапейцамі праз вузлавыя пункты Візантыі, Італіі і Іспаніі адбывалася перамяшчэнне сюжэтаў індыйскіх казак і апавяданняў з літаратуры ў народ, з народнага асяроддзя ў трансфармаваным выглядзе зноў у літаратуру. Тэорыя нямецкага вучонага атрымала назву «ўсходняй» альбо «індыйскай», бо ў ёй вельмі вялікае значэнне надавалася індыйскай літаратуры. Канчаткова прынцыпы параўнальна-гістарычнага літаратуразнаўства аформіліся ў працы англійскага філолага Хатчысана Познета «Параўнальнае літаратуразнаўства» (1886). Гэтая кніга атрымала самы шырокі розгалас у розных краінах і садзейнічала інтэнсіўнаму развіццю параўнальна-гістарычнага метаду ў літаратурнай навуцы. Немалыя заслугі ў развіцці і прапагандзе параўнальна-гістарычнага метаду належаць рускім вучоным. Першымі папулярызатарамі ідэй кампаратывістыкі ў Расіі выступілі В. Стасаў і Ф. Буслаеў. Іх эстафету падхапіў А. Весялоўскі, які стаў адным з самых вядомых і прызнаных у свеце вучоных, што арыентаваліся на прынцыпы параўнальна-гістарычнага метаду. Прычым Весялоўскі не быў, так бы мовіць, «стопрацэнтным» (ці «чыстым») кампаратывістам. Аддаючы параўнальна-гістарычнай метадалогіі перавагу, ён у сваёй навуковай дзейнасці сінтэзаваў элементы розных тагачасных вучэнняў: культурна-гістарычнай, міфалагічнай, псіхалагічнай, біяграфічнай школ. Засвоіўшы асноўныя палажэнні культурна-гістарычнай школы, Весялоўскі не падзяляў захапленні Тэна метадамі прыродазнаўчых навук. Успрымаючы найбольш рацыянальныя палажэнні тэорый Я. Грыма і Т. Бянфея, рускі вучоны не зрабіў самамэтай вывучэнне «уплываў, павеваў і скрыжоўванняў», а выкарыстаў іх як сродак спасціжэння «свайго» і «чужога» ў паэтычнай творчасці народаў. Самая вядомая праца Весялоўскага — «Гістарычная паэтыка» (1870–1906), якая ў прынцыпе з’яўляецца своеасаблівым падагульненнем зробленага вучоным на працягу дзесяцігоддзяў, падвядзеннем вынікаў усёй яго літаратуразнаўчай дзейнасці. Папулярызатарам ідэй кампаратывістыкі ў Расіі стаў таксама малодшы брат славутага вучонага Аляксей Весялоўскі (1843–1918). Найбольш значная праца Весялоўскага-малодшага — манаграфія «Заходні ўплыў у новай рускай літаратуры» (1883), якая вытрымала ў свой час аж пяць выданняў. Сярод іншых рускіх вучоных ХІХ ст., якія займаліся распрацоўкай параўнальна-гістарычнай метадалогіі, неабходна назваць А. Катлярэўскага, А. Кірпічнікава, Н. Дашкевіча, Н. Старажэнку. У сваім развіцці параўнальна-гістарычны метад прайшоў шэраг этапаў. Калі кампаратывісты ХІХ ст. займаліся, як правіла, даследаваннем старажытных і сярэдневяковых літаратур, то іх калегі ў ХХ ст. пачалі звяртацца таксама і да вывучэння твораў сучаснага ім прыгожага пісьменства. На сённяшні дзень кампаратывістыка з’яўляецца адной з самых уплывовых літаратуразнаўчых школ у свеце. Дзякуючы намаганням такіх вядомых вучоных, як Ф. Бальданспаржэ, П. Азар, П. ван Цігем і некат. інш., з 1921 г. у Францыі пачаў выходзіць спецыяльны кампаратывісцкі часопіс «Revue de litterature comparee», а пры ім — серыя спецыяльных манаграфій. Пасля 2-й сусветнай вайны навуковыя цэнтры параўнальна-гістарычнага літаратуразнаўства з’явіліся таксама ў ЗША, ФРГ, Канадзе, Аўстраліі і іншых краінах. Аднак самай буйной і агульнапрызнанай у свеце з’яўляецца ўсё-такі французская кампаратывісцкая школа. Як адно з пацверджанняў гэтаму — выданне ў 1996 г. у перакладзе на беларускую мову кнігі французскіх вучоных П. Брунэля, К. Пішуа і А.М. Русо «Што такое параўнальнае літаратуразнаўства?». У 1955 г. заснавана Міжнародная асацыяцыя параўнальнага літаратуразнаўства (AILC) з цэнтрам у Парыжы (друкаваны орган — часопіс «Neohelicon», Будапешт). Пад эгідай AILC збіраюцца міжнародныя кампаратывісцкія кангрэсы, пасля пасяджэнняў якіх выдаюцца спецыяльныя зборнікі-справаздачы (працы «International comparative Literature assotiation. Proceedings of the Congress»). Савецкае літаратуразнаўства, гістарычныя традыцыі якога ў галіне параўнальнага вывучэння прыгожага пісьменства былі даволі моцнымі, так ці інакш выкарыстоўвала дадзеную метадалогію, аднак на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў амаль што не прызнавала (вядома, з-за ідэалагічных прычын) замежную кампаратывістыку. І толькі з сярэдзіны 1960-х гг. у гэтых адносінах наступіла пэўнае «пацяпленне»: такія буйныя савецкія вучоныя, як М. Конрад, В. Жырмунскі, І. Неўпакоева, М. Аляксееў, І. Анісімаў, Р. Самарын і інш., пачалі ўдзельнічаць у міжнародных нарадах і кангрэсах кампаратывістаў, друкаваць на радзіме своеасаблівыя нарысы-справаздачы аб іх рабоце, прапагандаваць лепшае з арсенала замежнай кампаратывістыкі. Самай значнай працай савецкіх вучоных на аснове плённага выкарыстання дасягненняў як айчыннага, так і замежнага параўнальна-гістарычнага літаратуразнаўства стала васьмітомная «Гісторыя сусветнай літаратуры» (1981–1994), у якой прасочана развіццё сусветнага прыгожага пісьменства ад самых ранніх яго вытокаў і да пачатку ХХ ст. У беларускім літаратуразнаўстве параўнальна-гістарычны метад бярэ свой пачатак у працах М. Багдановіча. У 20–30-я гг. дадзеную метадалогію прымянялі І. Замоцін, М. Ларчанка, Ю. Пшыркоў. У пасляваенны час, і асабліва з канца 1950-х гг., да параўнальна-гістарычнага вывучэння літаратуры пачынаюць звяртацца практычна ўсе буйныя беларускія вучоныя. У выніку плённага выкарыстання навуковай тыпалогіі нашыя літаратуразнаўцы больш аб’ектыўна разабраліся ў асаблівасцях развіцця айчыннага мастацтва слова, удакладнілі яго перыядызацыю, паказалі асаблівасці выяўлення ў беларускай літаратуры еўрапейскіх і сусветных мастацкіх метадаў, стыляў, накірункаў і плыней, раскрылі ўзаемасувязі нацыянальнага прыгожага пісьменства з адпаведнымі з’явамі ў культуры іншых народаў.
|