Псіхалагічная школа
Псіхалагічная школа ў літаратуразнаўстве склалася ў апошняй трэці ХІХ ст., адлюстраваўшы агульны паварот сацыялогіі, філасофіі і эстэтыкі да псіхалагізму. У ёй атрымалі далейшае развіццё некаторыя ідэі культурна-гістарычнай і біяграфічнай школ. Праіснавала псіхалагічная школа да 20-х гг. ХХ ст., саступіўшы месца псіхааналітычнаму і інтуітывісцкаму накірункам у літаратурнай навуцы і крытыцы. Псіхалагічная школа была генетычна звязана з культурна-гістарычнай. Пэўная абмежаванасць культурна-гістарычнай школы прымусіла вучоных шукаць новыя шляхі ў літаратуразнаўстве. Імкненне ўлічваць пры літаратуразнаўчым аналізе не толькі ўплыў «асяроддзя» і іншых знешніх фактараў, але і творчую індывідуальнасць мастака, асаблівасці яго псіхічнага складу, знаходзіла рэальную падтрымку ў сувязі са значнымі поспехамі фізіялогіі і псіхалогіі ў другой палове ХІХ ст. Асноўным прадметам вывучэння ў прадстаўнікоў псіхалагічнай школы з’яўляўся ўнутраны бок мастацкай творчасці — матывы душы аўтара, што спрыяюць нараджэнню новага твора, а таксама працэсы, што адбываюцца ў свядомасці чытача ў час знаёмства з творам. Псіхалагічная школа працягвала ідэі культурна-гістарычнай школы ў плане сувязей літаратуры з матэрыяльным і духоўным развіццём грамадства. Прадстаўнікі псіхалагічнай школы на першае месца ў мастацкай творчасці ставілі індывідуальны аўтарскі пачатак. Мастацкі твор яны трактавалі з пэўным суб’ектывісцкім ухілам, а менавіта як адлюстраванне пераважна ўнутранага свету пісьменніка, яго індывідуальных псіхалагічных уласцівасцей, узаемнай працы розуму і сэрца. Творчы працэс, паводле канцэпцыі псіхалагічнай школы, — акт самавыяўлення мастака, вызвалення яго ад маральнага цяжару, ад непатрэбных думак і пачуццяў; сакрэты творчасці схаваны ў таямніцах аўтарскага «я», ва ўсім складаным інтэлектуальна-душэўным комплексе творцы. Грамадская абумоўленасць мастацкай творчасці была для прадстаўнікоў псіхалагічнай школы другарадным фактарам. Яны лічылі, што жыццё ўплывае на мастака ў залежнасці ад канкрэтных носьбітаў гэтага ўплыву. Родапачынальнікамі псіхалагічнай школы звычайна называюць В. Вундта і А. Патэбню — сучаснікаў, якія ў розных краінах самастойна і амаль што адначасова распрацавалі важнейшыя канцэпцыі гэтай метадалогіі. Нямецкі філосаф, псіхолаг і фалькларыст Вільгельм Вундт (1832–1920) сабраў велізарны матэрыял па гісторыі мовы, міфаў і звычаяў, якія абагульніў у десяцітомнай «Псіхалогіі народаў» (1900–1920). Вундт і яго вучні, аднадумцы, паслядоўнікі (В. Вец, Й. Фолькельт, Э. Эльстэр, С. Жырардэн, Э. Бертрам і інш.) схіляліся ў асноўным да псіхафізіялагічнага вытлумачэння з’яў літаратуры і мастацтва. Яны таксама перабольшвалі ролю біяграфічных фактараў у эстэтычнай дзейнасці чалавека. Разам з тым дадзенымі вучонымі грунтоўна, на ўзроўні навукова-пазітыўнага пазнання вывучалася псіхалогія творчасці, у выніку чаго яны прыйшлі да даволі слушнай высновы аб пэўным уплыве на творчы працэс інтуіцыі і падсвядомасці. Як вядома, крыху пазней гэта ўзвёў у абсалют З. Фрэйд. Даволі моцна выявілася псіхалагічная школа і ў рускім літаратуразнаўстве. Тут яе прадстаўлялі А. Патэбня і яго вучні Дз. Аўсяніка-Кулікоўскі, А. Папоў, А. Горнфельд, В. Харцыеў, Б. Лезін, А. Ветухоў, Т. Райнаў, М. Грыгор’еў і інш. Амаль усе яны групаваліся вакол неперыядычнага харкаўскага часопіса «Вопросы теории и психологии творчества», які выходзіў з 1899 па 1923 гг. Аляксандр Патэбня (1835–1891), родапачынальнік рускай псіхалагічнай школы, не займаўся канкрэтным псіхалагічным даследаваннем у дачыненні да літаратуры і мастацтва, а выпрацоўваў яго метадалогію. Заслуга А. Патэбні ў тым, што вучоны звярнуў увагу на праблему ўспрымання і тлумачэння мастацкага твора, даўшы ёй сваю ўласную трактоўку. Асабліва цікавымі для сучаснай літаратурнай навукі з’яўляюцца думкі і высновы аднаго з самых буйных прадстаўнікоў рускай псіхалагічнай школы акадэміка Дзмітрыя Аўсяніка-Кулікоўскага (1853–1920). Як і А. Патэбня, Дз. Аўсяніка-Кулікоўскі быў прафесарам Харкаўскага універсітэта, літаратуразнаўцам і лінгвістам. Асаблівасць метадалогіі Дз. Аўсяніка-Кулікоўскага ў тым, што вучоны спалучаў псіхалагічны метад з сацыялагічным. Ён выдзяляў два тыпы творчасці: назіральны, які прадугледжвае рознабаковае, даволі дакладнае і праўдападобнае мастацкае адлюстраванне, і эксперыментальны, адлюстраванне ў якім аднастайнае і больш умоўнае. Акрамя таго, творчасць, паводле Дз. Аўсяніка-Кулікоўскаага, можа быць «аб’ектыўнай» (яна стварае характары, далёкія ад асобы аўтара) і «суб’ектыўнай» (характары, створаныя ёю, унутрана вельмі блізкія ці нават тоесныя аўтару). Дз. Аўсяніка-Кулікоўскі расчляняў літаратуру на вобразную, да якой адносіў эпас і драму, і ўласна лірычную. Заўважым таксама, што лірыку ён тлумачыў як асобны тып творчасці, што аперыруе ў першую чаргу не вобразамі, а непасрэднымі эмоцыямі, якія ствараюцца рытмам гукавога і пачуццёвага характару. У беларускім літаратуразнаўстве шэраг ідэй псіхалагічнай школы падзялялі такія вядомыя даследчыкі і крытыкі, як А. Бабарэка, М. Піятуховіч, І. Замоцін, М. Каспяровіч і некат. інш. Так, А. Бабарэка, абгрунтоўваючы ў артыкулах «З далін на ўзвышшы» і «Аб разуменні мастацкай творчасці і некаторых пытаннях у вывучэнні мастацкай літаратуры» эстэтычную сутнасць літаратуры, навуковыя асновы крытыкі, падкрэсліваў значэнне суб’ектыўна-псіхалагічнага фактара, ролю аўтарскага ўяўлення, фантазіі ў літаратурнай творчасці. Шэраг ідэй псіхалагічнай школы ўваходзілі ў сінтэтычную літаратуразнаўчую канцэпцыю (тэорыю «чатырох сінтэзаў») І. Замоціна. У «Нарысах гісторыі беларускай літаратуры» М. Піятуховіча ёсць моманты выкарыстання некаторых элементаў метадалогіі псіхалагічнай школы. На шэраг метадалагічных прыёмаў псіхалагічнай школы абапіраўся і М. Каспяровіч, аб чым, у прыватнасці, сведчыць яго праца «Матывы барацьбы ў творчасці М. Багдановіча».
|