Міфалагічная школа
Адным з першых навуковых метадаў у літаратуразнаўстве стаў міфалагічны (міфалагічная школа). Пад міфалагічнай школай падразумяваюць накірунак у літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы ХІХ ст., які ўзнік у эпоху рамантызму. Філасофскай асновай гэтай школы стала эстэтыка Ф. Шэлінга і братоў А.В. і Ф. Шлегеляў. Асабліва многа на этапе станаўлення міфалагічнай школы зрабіў Ф. Шлегель, кніга якога «Філасофія мастацтва» атрымала даволі шырокі грамадскі рэзананс. Канчаткова міфалагічную школу тэарэтычна аформілі браты Я. і В. Грым у працы «Нямецкая міфалогія» (1835). Для міфалагічнай школы з’яўляецца характэрным уяўленне аб міфах як аб «неабходнай умове і першасным матэрыяле для ўсякага мастацтва» (Ф. Шэлінг), як аб «ядры, цэнтры паэзіі» (Ф. Шлегель). Згодна з тэорыяй братоў Грым, з міфа ў працэсе эвалюцыі ўзніклі казка, эпічная песня, легенда і іншыя жанры літаратуры. Практыкуючы метад параўнальнага вывучэння (што, дарэчы, па тых часах было істотнай навацыяй), браты Грым тлумачылі многія падобныя з’явы ў літаратуры і фальклоры розных народаў наяўнасцю агульнай старажытнай міфалогіі. На думку прадстаўнікоў міфалагічнай школы, самым важным для літаратуразнаўцаў з’яўляецца адшукванне ў сусветнай літаратуры «праміфа», «першаміфа», да якога, як да першаснай біялагічнай клеткі, зводзіцца ўся творчасць. Міфалагічная метадалогія атрымала шырокае распаўсюджанне ў літаратуразнаўстве. У Заходняй Еўропе яе прадстаўлялі А. Кун, В. Шварц (Германія), М. Мюлер (Англія), М. Брэаль (Францыя), А. дэ Губернаціс (Італія). Расійскімі міфолагамі з’яўляюцца такія вядомыя вучоныя, як Ф. Буслаеў і А. Афанасьеў (найбольш значная праца апошняга «Паэтычныя погляды славян на прыроду», 1865–1869). Акрамя іх міфалагічны падыход да твораў літаратуры распрацоўвалі ў Расіі А. Мілер, А. Катлярэўскі, І. Худзякоў, І. Прыжоў, П. Рыбнікаў. Ідэі міфалагічнай школы ў розныя перыяды навуковай дзейнасці падзялялі і прымянялі ў сваіх даследаваннях такія буйнешыя рускія вучоныя другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стст., як А. Патэбня і А. Весялоўскі. Метадалогія і шэраг тэарэтычных вывадаў міфалагічнай школы былі з цягам часу адхілены наступнымі літаратуразнаўчымі школамі і накірункамі. Разам з тым міфалагічная школа адыграла важную ролю ў развіцці навукі, а менавіта: пашырыла ўяўленні аб міфалогіі ў выніку звароту не толькі да міфаў еўрапейскага паходжання, але і да міфаў старажытных індыйцаў, іранцаў, іншых усходніх народаў; садзейнічала актыўнаму збору міфалогіі і фальклору розных народаў; паставіла шэраг важных тэарэтычных пытанняў (у тым ліку і пытанне народнасці мастацтва); заклала асновы параўнальнага вывучэння міфалогіі, фальклору і літаратуры. Хоць і з надзвычай моцным крытычным адштурхоўваннем ад метадалогіі міфолагаў, але ж усё-такі ў цэлым на глебе дадзенага навуковага накірунку ўзнікла ў другой палове ХІХ ст. у літаратуразнаўстве, фалькларыстыцы і этнаграфіі антрапалагічная школа, якую прадстаўлялі Э. Тайлар, Э. Лэнг, Дж. Фрэйзер і некат. інш. вучоныя, пераважна англічане. Традыцыі і здабыткі міфалагічнай школы пэўным чынам развіла і ўзбагаціла ў ХХ ст. г. зв. рытуальна-міфалагічная крытыка. Гэта адзін з накірункаў у замежным літаратуразнаўстве, які прадстаўляюць у Заходняй Еўропе пераважна вучоныя-выкладчыкі з Кембрыджа Дж. Уэстан, Э. Чэмберс, Дж. Харысан, Ф. Корнфард, М. Бодкін, Г. Мэрэй. На паўночнаамерыканскім кантыненце самымі значнымі «неаміфолагамі» лічацца У. Трой («Міф, метад і будучае», 1946) і Н. Фрай («Міф і літаратура», 1961). Тэарэтычныя палажэнні міфалагічнай школы аказалі значны ўплыў на дзейнасць такіх вядомых збіральнікаў беларускага фальклору, як П. Бяссонаў, Р. Зямкевіч, П. Шэйн і некат. інш.
|