Псіхааналітычная школа
Псіхааналіз у літаратуразнаўстве — гэта спосаб трактоўкі літаратурных твораў у адпаведнасці з вучэннем псіхалогіі аб падсвядомым. Псіхааналіз разглядае літаратурную творчасць як сублімаванае сімвалічнае выражэнне першапачатковых псіхалагічных імпульсаў і памкненняў асобы (інфантыльна-сексуальных у сваёй аснове), якія не прыняты рэальнасцю, адвергнуты ёю, але разам з тым знаходзяць сваю пэўную кампенсацыю ў галіне мастацкай фантазіі. Псіхааналіз выяўляе ў гісторыі літаратуры шэраг устойлівых сюжэтных схем, у якіх аўтар, на думку прадстаўнікоў гэтай школы, ідэнтыфікуе сябе з героем і малюе альбо здзяйсненне сваіх падсвядомых жаданняў, альбо, наадварот, паказвае іх трагічнае сутыкненне з сіламі сацыяльнай і маральнай забароны. Першыя ўзоры прымянення псіхааналізу да літаратуры і мастацтва даў аўстрыйскі ўрач і псіхолаг Зыгмунд Фрэйд (1856–1939) у працах «Паэт і фантазія», «Дастаеўскі і бацьказабойства» і некат. інш. Дарэчы, той жа Фрэйд папярэджваў супраць змешвання задач псіхааналізу і літаратуразнаўства: псіхааналіз падыходзіць да літаратуры толькі як да сюжэтна-ілюстрацыйнага матэрыялу і сам па сабе не ў стане растлумачыць розніцу паміж шэдэўрам і яго пераказам альбо рэпрадукцыяй, паміж вялікім пісьменнікам і радавым неўротыкам ці снаведам. Найбольш адэкватна псіхааналіз дапасуецца да прадуктаў міфалогіі і г. зв. «масавай» літаратуры, дзе свядомае «я» яшчэ не выдзелена ці ўжо растворана ў бессвядомым «яно» і дзе амаль што адсутнічаюць эстэтычныя крытэрыі. Наогул фрэйдысцкі псіхааналіз накіраваны не столькі на сам твор, колькі на творчы працэс, спрабуючы выявіць біяграфічную «падкладку» мастацкай дзейнасці і яе выніковых прадуктаў. Дзейнасць Фрэйда праходзіла ва ўмовах, калі псіхалагічны падыход да вырашэння праблем грамадскага і асабістага жыцця меў вялікае распаўсюджанне. Папярэднікам Фрэйда быў нямецкі псіхолаг Э. Гартман, які абгрунтаваў у сваёй даволі аб’ёмістай працы «Філасофія падсвядомага» (1869) палажэнне аб важнасці гэтага самага падсвядомага. Фрэйд жа развіў вучэнне Гартмана і галоўны ўхіл у ім зрабіў на сексуальныя памкненні і інстынкт самазахавання. Мастацтва для Фрэйда — гэта свет ілюзій, галіна фантастычнага жыцця, вельмі блізкая да сноў. Акрамя таго, надзвычай вялікая роля ў ім адводзіцца сімвалам. У сувязі з гэтым Фрэйдам ствараецца і абгрунтоўваецца тэорыя «сімвалізацыі», якая павінна, на думку вучонага, складаць аснову мастацтва. У шматстайнасці сімвалічнага зместу, атрыманага ў выніку выяўлення праз фантазію адвергнутых рэальнасцю жаданняў і памкненняў, ды яшчэ з сексуальным адценнем, Фрэйдам якраз і бачыцца сутнасць мастацтва. Пры ўсіх недахопах і адмоўных момантах канцэпцыя З. Фрэйда была пэўным крокам наперад у паступальным развіцці навукі. Ёсць у вучэнні Фрэйда рысы, якія прымушаюць імпанаваць дадзенай канцэпцыі. Фрэйд быў перакананы ў тым, што неабходнай якасцю мастака павінна быць здольнасць лепш за іншых разумець свае ўласныя супярэчнасці і недахопы і думаць аб творчасці як аб сродку вылечвання недахопаў і хвароб нашага недасканалага свету, сродку барацьбы за сапраўдную чалавечнасць. Мастак характарызуецца ім як чалавек, здольны да захавання свайго псіхічнага здароўя ў «хворым свеце» і, да ўсяго яшчэ, жадаючы «лячыць» сродкамі мастацтва іншых. Прыняцце гэтага палажэння прывяло ў шэраг прыхільнікаў фрэйдызму такіх вядомых мастакоў слова, як С. Цвейг, А. Цвейг, І. Бергман і інш. Фрэйдысцкі псіхааналіз у дачыненні да літаратуры і мастацтва ў цэлым спарадзіў даволі прадстаўнічую школу. Найбольшае распаўсюджанне ён атрымаў у Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, ЗША. Некаторыя яго прыхільнікі ёсць у Англіі і Францыі. Асаблівая роля ў распрацоўцы вучэння Фрэйда належыць яго паслядоўнікам О. Ранку, Л. Вальдштэйну, І. Нейфельду, К.Г. Юнгу, Э. Фрому, Э. Джоўнзу. Найбольш вядомае ў гэтым радзе прозвішча Юнга, які, дарэчы, не слепа ішоў услед за З. Фрэйдам, а істотна перагледзеў яго вучэнне, асабліва ў плане ўздзеяння сексуальных фактараў на творчы працэс. Роля апошніх, на думку К.Г. Юнга, была істотна перабольшана З. Фрэйдам. К.Г. Юнг — аўтар тэрміна-паняцця «архетып» і заснаванай на яго грунце адпаведнай тэорыі ў мастацтве. Так як дадзены тэрмін будзе і далей сустракацца на старонках дапаможніка, дадзім яму азначэнне і пэўную характарыстыку. Пад архетыпам (ад ст.-грэч. arhé typos — першавобраз, мадэль) падразумяваецца «універсальны сімвалічны матыў, які існуе ў чалавечай падсвядомасці і выяўляецца адначасова ў культуры многіх народаў» [6]. Дадзены тэрмін з’яўляецца ключавым для разумення вучэння К.Г. Юнга пра «калектыўнае падсвядомае» (першабытную памяць чалавецтва), што ўспрымаецца ў якасці своеасаблівага вытоку архаічных рытуалаў, міфаў, сноў, вераванняў, а таксама мастацтва. Архетыпы валодаюць магчымасцю бессвядомага самаўзнаўлення. «У літаратуры архетып канкрэтызуецца ў шэрагу арыгінальных вобразаў, паўтараючыся ў розных нацыянальных пісьменствах і ў розныя перыяды. Так, архетып самаахвярнасці чалавека дзеля іншых людзей увасобіўся і ў класічным вобразе Праметэя, і ў вобразе Сотнікава (з аднайменнай аповесці В. Быкава). Архетып вясны, адраджэння знайшоў увасабленне і ў славутых казаннях Кірылы Тураўскага (ХII cт.), і ў паэзіі Я. Купалы (ХХ ст.). Часам тэрмін архетып звужаюць да разумення найбольш распаўсюджанага ў пэўнай нацыянальнай літаратуры вобраза-матыва (архетып лесу, балота, кургана і г. д.)» [7].
|