На беларусі
У шэрагу пытанняў, прысвечаных разгляду літаратуразнаўчых метадаў і школ, гаварылася аб тым, як яны стасаваліся да беларускай літаратурнай навукі. Разам з тым ёсць неабходнасць прасачыць гісторыю развіцця тэарэтыка-літаратурнай думкі на Беларусі. Самымі першымі спробамі тэарэтычнага асэнсавання прыгожага пісьменства на Беларусі можна лічыць развагі Ф. Скарыны наконт прытчы, яе жанравай спецыфікі. Наступнымі працамі, у якіх фігуравалі тэарэтыка-літаратурныя пытанні, былі «Грамматика словенска…» (1593) Л. Зізанія, «Грамматики словенския правилная синтагма» (1618) М. Сматрыцкага і «Курс паэтыкі» (1618–1627) М. Сарбеўскага. У іх робяцца спробы сістэмнай падачы тэарэтычных ведаў па літаратуры, і ў першую чаргу ў дачыненні да вершаскладання. У сувязі з перапыненасцю літаратурнага працэсу ў ХVІІІ–ХІХ стст. новы этап у распрацоўцы тэарэтыка-літаратурных пытанняў бярэ свой адлік з пачатку ХХ ст. Разам з тым зазначым, што і ў ХІХ ст. тэарэтычная думка на Беларусі пэўным чынам давала аб сабе знаць: у прыватнасці, некаторыя тэарэтыка-літаратурныя моманты ўтрымлівае ў сабе прадмова Ф. Багушэвіча да яго славутай «Дудкі беларускай», дзе выказаны «шэраг глыбокіх думак аб значэнні народнай мовы для развіцця духоўнай культуры нацыі, для стварэння прагрэсіўнай нацыянальнай літаратуры» [12]; асобныя тэарэтычныя аспекты літаратуры распрацоўваліся г. зв. польска-беларускімі пісьменнікамі. Сярод першых беларускіх тэарэтыкаў літаратуры на новым этапе развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства — у пачатку ХХ ст. — быў М. Багдановіч. «Яго меркаванні пра суадносіны метра і рытму, метра і рыфмы, пра г. зв. «навуковую паэзію», тэарэтычны нарыс пра санет і інш. мелі прынцыповае значэнне для развіцця беларускай тэорыі вершаванага слова» [13]. Праграмнымі для развіцця беларускага прыгожага пісьменства і беларускага тэатра пачатку ХХ ст. сталі артыкулы М. Гарэцкага «Наш тэатр» (1913) і «Развагі і думкі» (1914). Некаторыя пытанні тэорыі закраналіся ў выступленнях аднаго з самых актыўных крытыкаў нашаніўскага перыяду В. Ластоўскага. У 1920-я гг. быў нададзены новы імпульс развіццю тэарэтыка-літаратурнай думкі на Беларусі. Яе дасягненні ў гэты час былі найперш звязаны з дзейнасцю Я. Купалы, М. Гарэцкага, І. Замоціна, Я. Барычэўскага, А. Вазнясенскага. Янка Купала ў час працы старшынёй гуманітарнай секцыі Інстытута беларускай культуры «слоўнікавы матэрыял для тэрміналогіі ў ліку 2500 слоў сабраў, паводле альфабэту ўпарадкаваў, ператлумачыў па-беларуску і прынятую тэрміналогію зрэдагаваў» [14]. Праца Я. Купалы выйшла ў 1923 г. пад назвай «Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва» ў серыі «Беларуская навуковая тэрміналогія» (выпуск другі). Як вядома, Максімам Гарэцкім напісана першая сістэматызаваная навуковая праца па гісторыі развіцця беларускай літаратуры, якая стала адначасова і першым грунтоўным падручнікам па беларускаму прыгожаму пісьменству. Як буйны вучоны-літаратуразнаўца М. Гарэцкі не мог не выпрацаваць уласную тэарэтыка-метадалагічную сістэму. Асноўнае, самае сутнаснае з яе адлюстравалася ў «Назваслоўі», якое ўвайшло ў склад «Гісторыі беларускае літаратуры» выдання 1924-га года. Прычым М. Гарэцкі, як зазначае В. Рагойша, у многім адштурхоўваўся ад купалаўскай тэрміналогіі як афіцыйна прынятай [15]. «Назваслоўе» М. Гарэцкага можна лічыць першым нацыянальным беларускім літаратуразнаўчым слоўнікам. Нямала зрабіў для развіцця беларускага літаратуразнаўства, у тым ліку і для тэарэтыка-літаратурнай галіны ў ім, прафесар Іван Замоцін. Прыкметнай з’явай у беларускім літаратуразнаўстве сталі спробы І. Замоціна стварыць самастойны кірунак даследавання на аснове г. зв. тэорыі «чатырох сінтэзаў» (спалучэнне пры аналізе генетычнага, фармальна-мастацкага, сацыялагічнага і ідэалагічнага падыходаў). І. Замоцін слушна крытыкаваў многае ў тагачасных модных фрэйдысцкіх і інтуітывісцкіх канцэпцыях, фармалістычных трактоўках мастацтва і суб’ектыўна-ідэалістычных прынцыпах яго вывучэння. Шмат цікавых назіранняў над творчасцю М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа зрабіў Аляксандр Вазнясенскі. Асабліва патрэбна вылучыць яго працу «Паэтыка М. Багдановіча» (1926), якая была адной з этапных з’яў у распрацоўцы пытанняў тэорыі літаратуры і метадалогіі даследавання прыгожага пісьменства. На жаль, А. Вазнясенскі даволі доўгі час знаходзіўся ў палоне фармальнага метаду, што перашкодзіла яму сапраўды аб’ектыўна ацаніць многія з’явы ў беларускім прыгожым пісьменстве. Этапнымі ў распрацоўцы шэрагу пытанняў тэорыі літаратуры і метадалогіі літаратуразнаўства сталі таксама працы Яўгена Барычэўскага «Паэтыка літаратурных жанраў» (1927) і «Тэорыя санету» (1927). Даследчык арганічна спалучаў у літаратуразнаўчым аналізе гісторыю развіцця і тэорыю жанравых форм лірыкі, эпасу, драмы. Гэтым вучоны замацоўваў плённую традыцыю адзінства гістарычнага і тэарэтычнага падыходаў да мастацтва. На станаўленне і далейшае развіццё маладой беларускай літаратурнай навукі ў 1920-я — пачатку 1930-х гг. аказвала плённае ўздзеянне пісьменніцкая крытыка. У распрацоўцы тэарэтычных асноў беларускай крытыкі, павышэнні яе прафесійнага ўзроўню вялікая заслуга належыць А. Бабарэку, У. Дубоўку, К. Чорнаму, Я. Пушчу, Ф. Купцэвічу. Развіццё беларускага літаратуразнаўства ў 1930-я гг. адбывалася ў надзвычай складаных умовах: грубейшыя парушэнні законнасці, што мелі месца ў гэты час, істотна запаволілі далейшы рост літаратурнай навукі і крытычнай думкі; акрамя таго, палітычныя абставіны ўнутры краіны паўплывалі на ўзмацненне вульгарнага сацыялагізму і дагматызму ў крытычных ацэнках. Адпаведна, што і тэорыі літаратуры ў такіх абставінах развівацца было вельмі-вельмі цяжка, амаль што немагчыма. Пэўнае адраджэнне беларускага літаратуразнаўства, у тым ліку і тэарэтыка-літаратурнай галіны ў ім, адбылося толькі ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гг., калі быў зроблены своеасаблівы прарыў у стварэнні цэласнай карціны развіцця нашай літаратуры ад яе зараджэння і да пачатку 60-х гг. ХХ ст. Найперш гэта звязана з напісаннем і выданнем фундаментальнай чатырохтомнай гісторыі беларускай літаратуры («Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т. 1–2.— Мн., 1965–1966»; «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1–2.— Мн., 1968–1969»). З’яўленне дадзенага даследавання, якое, калі меркаваць з пазіцый сённяшняга дня, не пазбаўлена недахопаў, стала ў тыя часы вельмі важнай падзеяй у беларускай літаратурнай навуцы. Упершыню нацыянальны гісторыка-літаратурны працэс быў раскрыты даволі поўна і ўсебакова, у самых галоўных і вызначальных праявах разгледжана творчасць буйнейшых беларускіх пісьменнікаў. Адпаведна, што гэта было зроблена на аснове грунтоўна распрацаваных тэарэтычных і метадалагічных падыходаў. Канкрэтныя ж тэарэтыка-літаратурныя даследаванні (як правіла, у суаднясенні з праблемамі развіцця нацыянальнай літаратуры) таксама пачалі з’яўляцца досыць рэгулярна, і асабліва з другой паловы 1960-х гг. Аб гэтым сведчаць кнігі «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965) М. Мушынскага, «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967) І. Навуменкі, «Традыцыі і наватарства» (1972) У. Гніламёдава, «Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане» (1972) А. Матрунёнка, «Шляхі беларускага вершаскладання» (1973) М. Грынчыка, «Праблемы стылю ў сучаснай беларускай прозе» (1973) П. Дзюбайлы, «Пытанні паэтыкі» (1974) В. Жураўлёва, І. Шпакоўскага і А. Яскевіча, «Сучасная беларуская драматургія» (1977) С. Лаўшука, «Мастацкая дэталь у літаратурным творы» (1977) Э. Мартынавай, «У свеце мастацкага твора» (1977) А. Яскевіча, «Вершаскладанне» (1977) І. Ралько, «Структура твора: рух сюжэтна-кампазіцыйных форм» (1978) В. Жураўлёва, «Паэтычны слоўнік» (1979) В. Рагойшы, «Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры» (1981) В. Каваленкі, «Сюжэт, кампазіцыя, характар: аб прозе Кузьмы Чорнага» (1981) А. Пяткевіча, «Магчымасці рэалізму» (1982) В. Жураўлёва і М. Тычыны, «Беларускі свабодны верш» (1984) А. Кабаковіч, «На драматургічных скрыжаваннях» (1990) С. Лаўшука, «Карані і крона: Фальклор і нацыянальная спецыфіка літаратуры» (1991) М. Тычыны і цэлы шэраг іншых. У апошняе дзесяцігоддзе ў дадзеным накірунку з’явіліся такія працы, як «Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана» (1995) В. Жураўлёва, «Беларуская проза ХХ стагоддзя: Дынаміка жанравых структур» (1996) Л. Сіньковай, «Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе ХІХ — пачатку ХХ стст.» (1999) А. Макарэвіча, «Лірычная мініяцюра як жанр беларускай літаратуры» (2000) Г. Кісліцынай, «Моўна-стылёвыя праблемы эпічнага жанра: Партрэт. Пейзаж» (2001) З. Драздовай і цэлы шэраг інш. Наогул, тая альбо іншая тэарэтычная праблема (а то і цэлы спектр іх) так ці інакш «засвечваецца» ў працах кожнага больш-менш значнага беларускага літаратуразнаўцы. Шэраг цікавых разваг і назіранняў тэарэтыка-літаратурнага характару зроблена беларускімі пісьменнікамі другой паловы ХХ ст. Асабліва ў гэтым плане вызначаюцца Я. Брыль, В. Быкаў, Н. Гілевіч, К. Крапіва, І. Мележ, І. Шамякін [16]. Мэтанакіраваным вывучэннем як агульных, так і прыватных тэарэтычных праблем займаюцца супрацоўнікі аддзела тэорыі літаратуры Інстытута літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі (некаторыя з прац гэтых вучоных ужо ўпаміналіся крыху вышэй), выкладчыкі кафедры тэорыі літаратуры БДУ, іншых кафедр літаратуразнаўчага профілю ВНУ Беларусі. Беларускімі вучонымі і выкладчыкамі падрыхтаваны шэраг дапаможнікаў па тэорыі літаратуры для студэнтаў-філолагаў ВНУ. Аднымі з першых у савецкім літаратуразнаўстве вучэбных дапаможнікаў па ўводзінах у літаратуразнаўства з’яўляюцца кнігі І. Гутарава «Введение в литературоведение» (1954), «Вопросы литературоведения» (1958), «Основы советского литературоведения» (1967). Першым беларускім пасляваенным літаратуразнаўчым даведачным выданнем стаў «Кароткі літаратуразнаўчы слоўнік» А.А. Макарэвіча (1963). Ужо не адно пакаленне філолагаў-беларусазнаўцаў займаецца па падручніку «Уводзіны ў літаратуразнаўства» М. Лазарука і А. Ленсу, а таксама звяртаецца да іх жа «Слоўніка літаратуразнаўчых тэрмінаў» (1983). У. Карабан і Л. Кароткая склалі «Хрестоматию по введению в литературоведение» (1968). У 1978 г. убачыла свет кніга «Уводзіны ў літаратуразнаўства: Хрэстаматыя» М. Мішчанчука і М. Шаўлоўскай. Вялікія тэарэтычныя набыткі ў В. Рагойшы, аўтара ўжо ўпамянутага намі вышэй «Паэтычнага слоўніка» — адной з самых папулярных і даступных кніг па вершазнаўству, якая, дарэчы, вытрымала ўжо тры выданні. Працягам і развіццём усяго лепшага, што было ўвасоблена ў «Паэтычным слоўніку», стала кніга В. Рагойшы «Тэорыя літаратуры ў тэрмінах» (2001). У прынцыпе гэта самы грунтоўны на сённяшні дзень у Беларусі даведнік па тэорыі літаратуры. Значны ўклад у развіццё, папулярызацыю і данясенне да студэнтаў тэарэтыка-літаратурных ведаў ўнеслі і ўносяць А. Андрэеў, Ю. Бароўка, Т. Грамадчанка, А. Майсейчык, М. Палкін, Л. Прашковіч, Т. Шамякіна, В. Шынкарэнка і шэраг іншых вучоных і выкладчыкаў.
|