Азначэнне мастацтва
Слова «мастацтва» шматзначнае. У асноўным ім імянуюцца вынікі і прадукты спецыфічнай дзейнасці, накіраванай на стварэнне каштоўнасцей, якія ўздзейнічаюць спачатку на пачуцці чалавека, а затым асэнсоўваюцца разумова. Часам сюды ўключаюць і сам працэс стварэння мастацкіх каштоўнасцей. Асэнсаванне мастацтва як з’явы (яго прыроды, сутнасці, спецыфічных уласцівасцей) пачалося даўно. Першыя дайшоўшыя да нас канцэпцыі мастацтва зарадзіліся ў старажытнай Грэцыі (тэорыя мімезісу, г. зн. пераймання, наследавання мастацтва прыродзе). У афіцыйнай эстэтыцы хрысціянскага сярэднявечча мастацтва ўспрымалася як «боскае адкрыццё», а ў эпоху Адраджэння — як віртуозная імітацыя натуры чалавека. Тэарэтыкі класіцызму трактавалі сутнасць мастацтва як увасабленне «зграбнага» ў мастацкіх вобразах. Мастацтвам, паводле І. Канта, з’яўляецца «мэтазгодная дзейнасць без мэты». Гегель глядзеў на мастацтва як на з’яву, у якой увасабляецца ў адэкватнай пачуццёвай форме яго славутая «абсалютная ідэя» («абсалютны дух»). Л. Талстой разумеў мастацтва як «заражэнне» маральнымі ідэямі і думкамі, якое ажыццяўляецца праз пачуцці. Сутнасць мастацтва па-рознаму трактуецца шматлікімі плынямі замежнай эстэтыкі ХХ ст. Суб’ектывісцкія школы інтуітывісцка-ірацыянальнага накірунку (заснавальнікі Б. Крочэ, А. Бергсан і інш.) пад мастацтвам разумеюць «стыхійнае, неўсвядомленае самавыяўленне мастака»; у эстэтыцы неатамізму (Марытэн) мастацтва лічыцца ўвасабленнем боскай «духоўнай субстанцыі»; экзістэнцыялізм (Ж.П. Сартр) інтэрпрэтуе мастацтва як выяўленне мастацкімі сродкамі сутнасці індывіда ў «пагранічнай сітуацыі» паміж «быццём і небыццём»; фрэйдысцкая эстэтыка разглядае мастацтва як своеасаблівае выяўленне (альбо хаванне) у мастацка-пачуццёвай форме сексуальных памкненняў асобы; фенаменалогія трактуе мастацтва як феномен, які раскрываецца ў працэсе суб’ектыўнага перажывання; і г. д. Як бачна з прыведзеных вышэй звестак, погляды на мастацтва вызначаюцца шматстайнасцю, наяўнасцю самых розных падыходаў і меркаванняў. Адзінай жа і агульнапрынятай канцэпцыі мастацтва на сённяшні дзень пакуль што не выпрацавана. Пераважная большасць айчынных эстэтыкаў, мастацтвазнаўцаў, літаратуразнаўцаў разумее пад мастацтвам спецыфічную грамадскую з’яву, складаную сістэму якасцей і каштоўнасцей, у якой арганічна ўзаемазвязаны наступныя моманты: адлюстраванне і стварэнне рэчаіснасці (ці, дакладней, яе перастварэнне), а таксама пазнанне і ацэнка. Дадзенай дэфініцыяй акрэслена самае сутнаснае і вызначальнае ў мастацтве, а менавіта: яно, па-першае, не проста адлюстроўвае рэчаіснасць, а перарабляе, перастварае яе, надаючы ёй нейкія новыя якасці і рысы; па-другое, і адначасова, па-трэцяе, побач з пазнаннем рэчаіснасці ў працэсе яе новага ўзнаўлення абавязкова мае месца аўтарская ацэнка гэтай рэчаіснасці.
|