Пазнавальны аспект мастацтва
Пазнанне праз творы мастацтва пазамастацкай рэальнасці (прыроды, акаляючага асяроддзя, унутранага свету чалавека, грамадскіх адносін) — адна з немалаважных функцый мастацтва. Пазнавальны аспект мастацтва выяўляецца непасрэдна ў тэматыцы [21], якая складае неад’емны і пры гэтым фундаментальны пачатак мастацкіх твораў. Мастацкая тэматыка надзвычай складаная і шматпланавая. Ідучы ўслед за В. Халізевым, мы будзем разглядаць яе «як сукупнасць трох пачаткаў. Гэта, па-першае, анталагічныя і антрапалагічныя універсаліі, па-другое — лакальныя (часам даволі маштабныя) культурна-гістарычныя з’явы, па-трэцяе — феномены індывідуальнага жыцця (перш за ўсё — аўтарскага) у іх самакаштоўнасці» [22]. У мастацкіх творах увесь час адлюстроўваюцца (хоча таго аўтар ці не) г. зв. канстанты быцця, яго фундаментальныя ўласцівасці. Гэта перш за ўсё такія важнейшыя быційныя і прыродныя пачаткі (універсаліі), як хаос і космас, рух і нерухомасць, жыццё і смерць, свет і цемень, агонь і вада. Усё пералічанае складае комплекс г. зв. анталагічных тэм мастацтва. Шматстайны таксама і антрапалагічны аспект мастацкай тэматыкі. Ён уключае ў сябе, па-першае, уласна духоўныя пачаткі чалавечага быцця з іх антыноміямі (адчужанасць і прыналежнасць, гордасць і пакорлівасць, грахоўнасць і праведнасць, жаданне ствараць ці разбураць, і г. д.); па-другое, сферу інстынктаў, звязаных з душэўна-цялеснымі памкненнямі чалавека, куды адносяць лібіда, імкненне да ўлады, матэрыяльных благ, прэстыжных рэчаў, камфорту і г. д.; па-трэцяе, тое ў людзях, што вызначаецца іх палавой прыналежнасцю (мужчынскасць, жаноцкасць) і ўзростам (дзяцінства, юнацтва, сталасць, старасць); і, нарэшце, па-чацвёртае, гэта надэпахальныя сітуацыі чалавечага жыцця, гістарычна ўстойлівыя формы існавання людзей (праца і адпачынак, будні і святы, канфліктныя і гарманічныя пачаткі рэальнасці, мірнае жыццё і войны ці рэвалюцыі, жыццё ў сваёй краіне ці на чужыне і г. д.). Пералічаныя, а таксама некат. інш. быційныя пачаткі, прыходзячы ў мастацтва, складаюць багаты і шматпланавы комплекс г. зв. «вечных» тэм, многія з якіх архетыпічныя і бяруць свае вытокі ў міфалагічнай архаіцы. Гэтая грань мастацкай творчасці з’яўляецца здабыткам усіх краін і эпох. Яна выступае альбо ў якасці цэнтру, ядра твора, альбо прысутнічае ў ім падспудна. А можа нават і не ўсведамляцца аўтарам (г. зв. «міфалагічны падтэкст»). Побач з універсаліямі ўсяленскага, прыроднага і чалавечага быцця (і ў непарыўнай сувязі з імі) мастацтва ўвасабляе таксама культурна-гістарычную рэальнасць у яе шматпланавасці і багацці. Так, мастацтвам спасцігаюцца і перадаюцца рысы плямёнаў, народаў, нацый, рэлігійных канфесій, уласцівасці дзяржаўных утварэнняў і буйных геаграфічных рэгіёнаў, якія маюць пэўную культурна-гістарычную спецыфіку (напрыклад, Заходняя і Усходняя Еўропа, Далёкі і Блізкі Усход, Лацінская Амерыка і г. д.). Рэцыпіенты мастацтва даведваюцца пры гэтым аб асаблівасцях свядомасці (менталітэту) таго альбо іншага народа, нацыі, іх культурных традыцыях, формах зносін, бытавым укладзе, рытуальна-абрадавых дзействах, этыкеце і г. д. Істотным звяном мастацкай тэматыкі становяцца таксама з’явы гістарычнага часу. Мастацтва ўсё больш і больш засвойвае жыццё народаў, рэгіёнаў і ўсяго чалавецтва ў яго дынаміцы. Яно праяўляе цікавасць да мінулага, часам вельмі далёкага. Сюды можна аднесці быліны, эпічныя песні, балады, гістарычную драматургію і раманістыку. Прадметам мастацкага пазнання становіцца таксама і будучае (жанры утопіі і антыутопіі). Але найбольш важнай для мастацтва з’яўляецца сучаснасць. Яна павінна выступаць для творцы ў якасці першачарговай тэмы, нават, можна сказаць, своеасаблівай «звыштэмы». Без сучаснасці няма сапраўднага і паўнацэннага мастацтва. Побач з тэмамі «вечнымі» (універсальнымі) і нацыянальна-гістарычнымі (лакальнымі, але ў той жа час надасабовымі) ў мастацтве адлюстроўваецца таксама і непаўторны, надзвычай індывідуальны духоўна-біяграфічны вопыт саміх аўтараў. Пры гэтым мастацкая творчасць выступае як самапазнанне. Дадзены бок тэматыкі мастацтва В. Халізеў прапануе імянаваць «экзістэнцыяльным» [23]. Асабліва моцна экзістэнцыяльны пачатак выяўляецца ў творах спавядальна-аўтабіяграфічнага характару. Мастацкае самапазнанне і адлюстраванне аўтарскіх экзістэнцый, безумоўна, дамінуе ў лірыцы, якая з’яўляецца пераважна аўтапсіхалагічнай. Асабісты і аўтабіяграфічны пласты мастацкай тэматыкі з’яўляліся аб’ектам асаблівай увагі прадстаўнікоў біяграфічнага метаду (Ш. Сент-Бёў і інш.). На іх таксама рабілі пэўную стаўку прадстаўнікі імпрэсіяністычнай крытыкі ў асобах Р. дэ Гурмона, І. Аненскага, Ю. Айхенвальда і інш. Ёсць у складзе мастацкай тэматыкі яшчэ адзін бок. Мастацтва часам засяроджваецца на самім сабе. Аб гэтым сведчаць, па-першае, літаратурныя творы аб мастаках і іх тварэннях, такія, напрыклад, як «Пакуты маладога Вертэра» І.В. Гётэ, «Егіпецкія ночы» А. Пушкіна, «Партрэт» М. Гогаля, «Майстар і Маргарыта» М. Булгакава, «Доктар Фаустус» Т. Мана і інш. Па-другое, у шэрагу твораў стылізацыйнага і парадыйнага характару ўвага аўтараў засяроджваецца на папярэдніх славесна-мастацкіх формах. Абазначаныя намі аспекты мастацкай тэматыкі не ізаляваны адзін ад аднаго. Яны актыўна ўзаемадзейнічаюць і здольныя складаць цэлыя тэматычныя «сплавы». Тэматыка з яе шматлікімі гранямі можа ўвасабляцца ў творы адкрыта, напрамую, праграмна, экспліцытна альбо апасродкавана, ускосна, падтэкстава, імпліцытна (абодва тэрміны — «экспліцытна» і «імпліцытна» — належаць В. Халізеву [24]). Другі, імпліцытны від увасаблення тэматыкі, даволі часта выкарыстоўваецца паэтамі. Як бы падсумоўваючы, зазначым, што важнейшую тэму, нават, можна сказаць, «звыштэму» мастацтва складае чалавек у самых розных праявах яго быцця. Тут і універсальныя (антрапалагічныя) уласцівасці і якасці чалавека; і рысы, сфарміраваныя культурнай традыцыяй і акаляючым асяроддзем; і непаўторныя індывідуальныя пачаткі. Спасцігаючы «чалавечую рэальнасць» і ўвасабляючы эстэтычную сутнасць быцця, мастацтва настойліва імкнецца пазбегчы абстракцый, якімі карыстаюцца навука і філасофія. Завяршыць размову пра пазнавальны аспект мастацтва хацелася б высновай І. Волкава, які піша, што «пры ўсім аграмадным значэнні пазнавальнай функцыі мастацтва яна не вычэрпвае яго сутнасці. Больш таго, будучы ў той альбо іншай меры заўсёды характэрным для мастацкай творчасці, пазнанне не з’яўляецца разам з тым яго самамэтай. Яно падначалена ў мастацтве больш агульнай яго мэце — ажыццяўленню пашыраных канкрэтна-пачуццёвых зносін людзей са светам і яго духоўна-асабоваму засваенню» [25].
|