Літаратурнага твора
У кожнага, хто звяртаецца да разгляду літаратурна-мастацкага твора, выпрацоўваюцца нейкія свае ўласныя падыходы і ўстаноўкі. Разам з тым ніводзін сур’ёзны вучоны не можа не арыентавацца на шэраг універсальных і агульнапрынятых момантаў, выпрацаваных метадалогіяй і методыкай літаратуразнаўства. Пры разглядзе любога літаратурнага твора неабходна падыходзіць да яго як да з’явы перш за ўсё мастацкай, г. зн. вызначыць ступень эстэтычнай вартасці твора. Такім чынам, першым момантам-прынцыпам разгляду літаратурнага твора з’яўляецца эстэтычны прынцып, які патрабуе «звяртаць увагу не толькі на тое, што ў ім выяўлена (тэматыка, праблематыка, матывы, ідэйная скіраванасць, пафас), якая вобразная канцэпцыя асобы ў ім увасоблена, але і як гэта здзейснена пісьменнікам: ці адпавядае ідэйнай задуме жанр і ўся стылістыка твора, наколькі прадуманы яго сюжэт, кампазіцыя, вобразная сістэма, наколькі багатая і натуральная моўная палітра і г. д. Эстэтычныя пачуцці абуджаюцца не толькі аб’ектам і прадметам выяўлення, але і мастацкай формай. Эстэтычны ідэал, увасоблены ў літаратурным творы, і ступень мастацкай дасканаласці гэтага твора, майстэрства пісьменніка — вось два галоўныя моманты, якія вызначаюць эстэтычную вартасць літаратурнай творчасці» [186]. Наступным важным прынцыпам навуковага даследавання мастацкага твора з’яўляецца прынцып гістарызму, што «патрабуе разглядаць літаратурныя з’явы ў сувязі з канкрэтнымі сацыякультурнымі і гістарычнымі ўмовамі, якія іх нарадзілі, ва ўзаемадачыненні з такімі ж іншымі з’явамі, а таксама ў іх развіцці» [187]. Прынцып гістарызму нацэльвае на кантэкстуальнае вывучэнне мастацкай творчасці. Кантэксты творчасці пісьменніка, будучы даволі шматпланавымі, «заслугоўваюць самай пільнай увагі літаратуразнаўцаў. <...> Вывучэнне кантэкстаў літаратурнай творчасці — гэта неабходная ўмова пранікнення ў сэнсавыя глыбіні твораў, адна з істотных перадумоў спасціжэння як аўтарскіх канцэпцый, так і першасных інтуіцый пісьменнікаў» [188]. Наступны прынцып — гэта прынцып сістэмнасці, які нацэльвае «бачыць у літаратурным творы сістэму — комплекс узаемападпарадкавальных кампанентаў, што характарызуюцца іх узаемазвязанасцю, узаемадзеяннем, асаблівым адзінствам сістэмы з асяроддзем (грамадскім, мастацкім), уключэннем гэтай сістэмы ў сістэмы больш высокага парадку (творчасць пісьменніка, нацыянальная літаратура, грамадская свядомасць і інш.), праяўленнем кожнага кампанента як самастойнай сістэмы ніжэйшага ўзроўню» [189]. Прынцып усебаковасці патрабуе ад даследчыка пры аналізе літаратурнага твора арыентавацца на вывучэнне ўсіх яго кампанентаў-складнікаў (і змястоўных, і фармальных, а таксама змястоўна-фармальных альбо «двайнога падпарадкавання»), прычым з абавязковым улікам іх непарыўнага адзінства і ўзаемаабумоўленасці. Як вельмі слушна зазначае В. Рагойша, «прынцып усебаковасці засцерагае нас ад аднабаковасці ацэнак, патрабуе ўлічваць пры аналізе твора як яго пазітыўныя якасці, так і негатыўныя. Нарэшце, гэты прынцып сведчыць пра неабходнасць арганічна паядноўваць пры аналізе літаратуры ўсе ранейшыя прынцыпы: эстэтычны, гістарычны, сістэмнасці» [190]. І, нарэшце, апошні важны прынцып аналізу мастацкага твора, на які павінен абавязкова арыентавацца даследчык літаратуры ў сваёй працы, — гэта прынцып спалучэння аналізу з сінтэзам. Атрыманыя ў канчатковым выніку заключэнні, вывады і абагульненні адносна твора (ці групы твораў) імянуюцца ў літаратуразнаўстве інтэрпрэтацыямі. Як вядома, яны могуць быць самымі рознымі, што з’яўляецца ў прынцыпе зразумелым і наогул нармальным. Разам з тым В. Халізеў лічыць неабходным сфармуляваць тры агульнатэарэтычныя палажэнні адносна літаратуразнаўчых інтэрпрэтацый. «Па-першае: мастацкі змест не можа быць вычарпаны якой-небудзь адзінкавай трактоўкай твора. Літаратуразнаўчыя інтэрпрэтацыі (як і ўсе іншыя формы навуковых ведаў) здольныя ўбіраць у сябе толькі адносныя ісціны. Ніякаму акту асэнсавання твора мастацтва (нават самаму пранікнёнаму і глыбокаму) не дадзена стаць адзінкава і вычарпальна правільным. Працэс спасціжэння сэнсу вялікіх мастацкіх тварэнняў бясконцы. <...> Па-другое: нельга не лічыцца з неаднаразова выказанымі меркаваннямі <...> аб тым, што літаратуразнаўчыя трактоўкі славесна-мастацкіх тварэнняў павінны быць перш за ўсё аргументаванымі і дакладнымі, улічваць складаныя і шматпланавыя сувязі з цэлым кожнага тэкставага элемента. Такое абавязковае патрабаванне, што прад’яўляецца да інтэрпрэтацый, калі яны хоць у якойсьці ступені прэтэндуюць на навуковасць. Літаратуразнаўчым прачытанням супрацьпаказаны як бясконцы паўтор відавочных ісцін, так і адвольнае фантазіраванне па слядах мастацкіх тэкстаў, якое адводзіць ад сутнасці выражанага пісьменнікам і ідзе з ім уразрэз. <...> І, нарэшце, па-трэцяе: літаратуразнаўчыя інтэрпрэтацыі набываюць ёмістасць і глыбіню, калі іманентнае вывучэнне <...> суправаджаецца кантэкстуальным разглядам» [191].
|