Літаратурны род
Здаўна (яшчэ з часоў еўрапейскай антычнасці) літаратурна-мастацкія творы прынята аб’ядноўваць у тры вялікія групы, якія імянуюцца літаратурнымі родамі. Гэта эпас, драма і лірыка. «Хоць і не ўсё, — зазначае В. Халізеў, — створанае пісьменнікамі (асабліва ў ХХ ст.), укладваецца ў гэтую трыяду, яна і па сённяшні дзень захоўвае сваю значнасць і аўтарытэтнасць у складзе літаратуразнаўства» [192]. Традыцыя родавага падзелу літаратуры была закладзена Арыстоцелем у трактаце «Аб мастацтве паэзіі», дзе вялася гаворка аб трох спосабах пераймання ў паэзіі (слоўным мастацтве): «Пераймаць у адным і тым жа і адно і тое ж можна, расказваючы пра падзею як пра штосьці адлучанае ад сябе, як гэта робіць Гамер, ці так, што пераймальнік застаецца сам сабою, не мяняючы свайго твару, ці прадстаўляючы ўсіх паказаных асоб дзейнымі і дзейснымі» [193]. Затым гэтую традыцыю ўзнавілі і працягнулі класіцысты. На рубяжы ХVІІІ–ХІХ стст. да пытання падзелу літаратуры на роды з яскрава выражаным філасофскім падыходам неаднаразова звярталіся прадстаўнікі нямецкай класічнай эстэтыкі, і ў першую чаргу Г. Гегель [194]. Плённа распрацоўваў тэорыю літаратурных родаў і жанраў В. Бялінскі («Падзел паэзіі на роды і віды») [195]. Вельмі вялікі ўклад у разгляд пытання паходжання літаратурных родаў унёс акадэмік А. Весялоўскі («Гістарычная паэтыка»). У ХХ ст. у замежнай эстэтыцы і літаратуразнаўстве побач з традыцыйным, а таксама экзістэнцыяльна-псіхалагічным, фармальна-структурным і інш. тлумачэннямі катэгорыі літаратурнага роду (Р. Уэлек, О. Уорэн, В. Кайзер, Э. Штайгер, К. Бёрк і інш.) мае месца і момант поўнага адмаўлення яе (Б. Крочэ) [196]. У савецкім літаратуразнаўстве цікавыя і арыгінальныя меркаванні аб літаратурных родах, прынцыпах падзелу славеснага мастацтва на іх былі выказаны Г. Паспелавым, В. Кожынавым, Г. Гачавым, Ю. Боравым, Я. Эльсбергам і некат. інш. вучонымі. Дарэчы, ёсць ва ўсходнеславянскай літаратурнай навуцы і праціўнікі родавага члянення літаратуры: у прыватнасці, такая пазіцыя характарызавала вядомага вучонага А. Бялецкага. Літаратурны род складае сукупнасць твораў, якія з’яўляюцца блізкімі па сваёй моўнай арганізацыі і пазнаваўчай накіраванасці на аб’ект ці суб’ект альбо на сам акт мастацкага выказвання: слова альбо паказвае, малюе прадметны свет, альбо выражае стан таго, хто гаворыць, альбо, урэшце, узнаўляе працэс моўных зносін. Кожны з трох літаратурных родаў адпавядае пэўнай функцыі слова (рэпрэзентатыўнай, эматыўнай, камунікатыўнай) і распрацоўвае яе эстэтычную афарбоўку. Эпічны род (эпас) ахоплівае быццё ў яго пластычнай аб’ёмнасці, прасторава-часавай працягласці і падзейнай насычанасці. Сюжэтнасць — адна з яго галоўных прыкмет. Эпас паведамляе аб прадмеце маўлення, прадстаўляе яго. Лірыка адлюстроўвае ўнутраны свет асобы ў яго імпульсіўнасці і спантаннасці, у станаўленні і змене ўражанняў, мар, летуценняў, настрояў, асацыяцый, медытацый, рэфлексій. Асноўная прыкмета лірыкі — экспрэсіўнасць, выяўленне эмоцый таго, хто гаворыць. Драма фіксуе маўленчыя акты ў іх эмацыянальна-валявой накіраванасці і сацыяльна-псіхалагічнай характэрнасці, у іх унутранай свабодзе і знешняй абумоўленасці, г. зн. у дваістай экспрэсіўна-сюжэтнай суаднесенасці, што дазваляе некаторым вучоным бачыць у гэтым родзе зліццё рыс эпасу і лірыкі. Драма акцэнтуе ўвагу на апелятыўным, дзейсным аспекце маўлення; слова паўстае ў творах гэтага роду ў якасці ўчынку, што здзяйсняецца ў пэўны момант разгортвання падзей. З пералічанымі вышэй уласцівасцямі моўнай тканіны эпасу, лірыкі і драмы арганічна звязаны (і менавіта імі ў многім прадвызначаны) іншыя ўласцівасці літаратурных родаў. Гэта: па-першае, спосабы прасторава-часавай арганізацыі твораў; па-другое, своеасаблівасць выяўлення ў іх чалавека; па-трэцяе, форма прысутнасці аўтара; па-чацвёртае, характар звернутасці тэксту да чытача. Наогул, у кожнага з літаратурных родаў маецца свой, толькі для яго характэрны, комплекс уласцівасцей. Падзел літаратуры на роды не супадае з яе чляненнем на паэзію і прозу. Нярэдка ў паўсядзённым ужытку лірычныя творы атаясамліваюцца з паэзіяй, а эпічныя з прозай, што не зусім дакладна. Кожны з літаратурных родаў уключае ў сябе як творы паэтычныя (вершаваныя), так і празаічныя (невершаваныя). Так, эпас на ранніх этапах развіцця прыгожага пісьменства быў часцей за ўсё вершаваным (антычныя эпапеі, заходнееўрапейскія песні аб рыцарах-героях, усходнеславянскія быліны, гістарычныя песні і г. д.). У драматычным родзе літаратуры таксама прымяняюцца як вершы, так і проза. Ды і лірыка, пераважна вершаваная, часам бывае празаічнай («Вершы ў прозе» І. Тургенева, «Думкі ў дарозе» Я. Коласа і інш.). Як зазначае В. Халізеў, «у тэорыі літаратурных родаў узнікаюць і больш сур’ёзныя тэрміналагічныя праблемы» [197]. Так, словы «эпічнае» («эпічнасць»), «драматычнае» («драматызм»), «лірычнае» («лірызм») абазначаюць не толькі родавыя асаблівасці твораў, але і іншыя іх уласцівасці. Эпічнасцю звычайна называюць велічна-спакойнае, нетаропкае сузіранне жыцця ў яго складанасці і шматпланавасці, шырыню погляду на свет. У сувязі з гэтым нярэдка вядуць гаворку аб г. зв. эпічным светасузіранні, што характарызуе, напрыклад, гамераўскія паэмы, а таксама шэраг твораў новай літаратуры («Ругон-Макары» Э. Заля, «Вайна і мір» Л. Талстога і некат. інш.). Эпічнасць як ідэйна-эмацыянальная настраёвасць твора можа мець месца не толькі ў эпасе, але і ў іншых літаратурных родах. Драматызмам імянуюць унутраны стан персанажа, звязаны з напружаным перажываннем, усхваляванасцю і трывогай. І, нарэшце, лірызм — гэта ўзвышаная эмацыянальнасць, якая дае аб сабе знаць у мове аўтара, апавядальніка, персанажаў. І драматызм, і лірызм, і эпічнасць могуць прысутнічаць ва ўсіх літаратурных родах. Такім чынам, эпас, лірыка і драма свабодныя ад адназначнай і жорсткай прывязанасці да эпічнасці, лірызму і драматызму. Літаратурныя роды не аддзелены адзін ад аднаго нейкай непераадольнай сцяной. Побач з творамі, якія бясспрэчна і поўнасцю належаць аднаму з літаратурных родаў, існуюць і такія, што спалучаюць у сабе ўласцівасці і прыкметы двух літаратурных родаў. Гэта двухродавыя ці міжродавыя, ці інтэрродавыя, ці, нарэшце, змешаныя ўтварэнні, куды адносяць ліра-эпас (прадстаўлены цэлым шэрагам відаў і жанраў, надзвычай шырока распаўсюджаных у сусветнай літаратуры), ліра-драматургію (большасць п’ес М. Метэрлінка, А. Блока), эпічную драму (Б. Брэхт сам ахарактарызоўваў свае п’есы як эпічныя; «Антон» М. Гарэцкага таксама можна лічыць эпічнай драмай). Акрамя таго, у прыгожым пісьменстве сустракаюцца творы, «якія не ў поўнай меры валодаюць уласцівасцямі эпасу, лірыкі і драмы, а то і пазбаўлены іх зусім. Іх правамоцна назваць пазародавымі формамі» [198]. Да пазародавых форм В. Халізеў адносіць нарысы (як зазначае вучоны, у іх увага аўтара скіравана на знешнюю рэальнасць, што дае падставы літаратуразнаўцам адносіць нарысы да эпасу; разам з тым падзейнасць і ўласна апавядальнасць тут не адыгрываюць арганізоўваючай ролі, бо дамінуюць апісанні, падмацаваныя развагамі), літаратуру «плыні свядомасці» (у ёй пераважае не апавядальная падача падзей, а бясконцыя ланцужкі ўражанняў, успамінаў, душэўных зрухаў носьбіта мовы; прычым усё гэта паўстае хаатычным, неўпарадкаваным, і ў выніку свядомасць як бы прысвойвае і паглынае рэальны свет) і, урэшце, эсэістыку (яна ўяўляе сабой «нязмушана-свабоднае спалучэнне суміруючых паведамленняў аб адзінкавых фактах, апісанняў рэальнасці і (што асабліва важна) разважанняў аб ёй. Думкі, выказаныя ў эсэісцкай форме, як правіла, не прэтэндуюць на вычарпальную трактоўку прадмета, яны дапускаюць магчымасць зусім іншых меркаванняў. Эсэістыка мае прыцягненне да сінкрэтызму: уласна мастацкія пачаткі тут лёгка спалучаюцца з публіцыстычнымі і філасофскімі» [199]).
|