Абумоўленасць форм існавання бібліяграфічнай інфармацыі культурным, навуковым, тэхналагічным узроўнямі развіцця грамадства.
Элементы бібліяграфічнай інфармацыі зарадзіліся разам з дакументам, з'яўляюцца сродкам яго наймення, распазнавання ў сукупнасці іншых, сродкам уліку і ўпарадкавання дакументных патокаў, папулярызацыі навуковых ведаў і інш. Бібліяграфічная інфармацыя прайшла вялікі шлях у сваім развіцці. Разам з навукай, культурай і тэхнікай удасканальваліся яе формы, тыпы, віды, афармлялася жанравая разнастайнасць, змяняліся матэрыяльныя носьбіты яе фіксавання. Іншымі словамі, ствараліся і накопліваліся бібліяграфічныя рэсурсы. Пад бібліяграфічнымі рэсурсамі ў шырокім сэнсе разумеецца патэнцыял бібліятэк і іншых устаноў, якія здзяйсняюць бібліяграфічную дзейнасць: сістэма інфармацыйна-бібліяграфічных выданняў, даведачна-бібліяграфічны аппарат, бібліяграфічныя кадры, матэрыяльна-тэхнічная база, грашовыя сродкі і інш. У вузкім – сукупнасць бібліяграфічнай прадукцыі, бібліяграфічных дакументаў. Бібліяграфічным дакументам можна лічыць любы матэрыяльны носьбіт, на якім зафіксавана БІ. Бібліяграфічны дакумент з’яўляецца асноўнай структурнай адзінкай бібліяграфічных рэсурсаў грамадства. Бібліяграфічныя рэсурсы ўваходзяць ў больш шырокія метасістэмы – дакументныя і інфармацыйныя рэсурсы. Іх склад мае канкрэтна-гістарычны характар, вельмі дынамічны і разнастайны. Аднак ва ўсёй гэтай разнастайнасці і непаўторнасці ёсць агульнае – бібліяграфічнае паведамленне, якое з’яўляецца элементарнай адзінкай любой БІ. Бібліяграфічнае паведамленне фарміруецца з бібліяграфічных звестак (імя аўтара, назва, месца выдання, выдавецтва, год выхаду дакумента ў свет, колькасць старонак і інш.). Яны існуюць у дакуменце як сродак іх найменне і разнастайнай характарыстыкі. Аднак адасоблена ўзятыя бібліяграфічныя звесткі не даюць магчымасць знайсці пэўны дакумент, выдзяліць яго з масіву створанай дакументаванай інфармацыі і адпаведна не з’яўляюцца бібліяграфічным паведамленнем. Бібліяграфічнае паведамленне ўяўляе сабой сукупнасць бібліяграфічных звестак, цэласнае структурнае ўтварэнне (мінімальнае і недзялімае), якое забяспечвае ідэнтыфікацыю і пошук дакумента. Бібліяграфічнае паведамленне можа перадавацца як у вуснай, так і фіксаванай форме. У слоўніку “Библиотечное дело: Терминологический словарь” (М., 1997) прыводзіцца два значэнні тэрміна “бібліяграфічнае паведамленне” – 1) элемент БІ, які ўтрымлівае арганізаваныя па пэўных правілах (стандартныя) звесткі аб дакуменце (яго частцы) ці групе дакументаў; 2) перадача БІ[12]. У першым робяцца прыцыповыя памылкі: бібліяграфічнае паведамленне не абавязкова стандартызаванае, яно можа давацца і ў адвольнай форме; недакладна называецца самая галоўная ўмова адрознення бібліяграфічнага паведамлення і адпаведна БІ ад іншых разнавіднасцей паведамленняў (інфармацыі) – звесткі аб дакуменце (яго частцы) ці групе дакументаў, якія ў сукупнасці сваёй ідэнтыфікуюць іх. Апошняе надзвычай важна, таму што далёка не ўсякі набор бібліяграфічных звестак гэта здольны зрабіць і адпаведна ўяўляць сабой бібліяграфічнае паведамленне. Больш дакладна яно даецца ў “Тлумачальным слоўніку бібліятэчных і бібліяграфічных тэрмінаў” В.Е.Лявончыкава, Л.А.Дзямешкі, Р.І.Саматыя (Мн., 2000). Бібліяграфічнае паведамленне – “элемент БІ, які ўтрымлівае арганізаваныя па вызначаных правілах (стандартныя) звесткі аб дакуменце (яго частцы ці групе дакументаў), неабходныя і дастатковыя для рэалізацыі асноўных функцыі БІ. Б.п. можа перадавацца ў дакументальна фіксаванай і вуснай формах”[13]. Але пад гэта азначэнне не падпадае шырокі спектр нестандартызаваных вусных і пісьмовых бібліяграфічных паведамленняў. У рэчаіснасці ж мы іх перадаем пастаянна, напрыклад, пад час бібліятэчна-бібліяграфічнага абслугоўвання, у фіксаванай форме. У ніжэй прыведзеным фрагменце пісьма даюцца неатандартызаваныя бібліяграфічныя паведамленні, якія дазвалялі ідэнтыфікаваць запрошаныя выданні. Андрэй Курбскі (1528-1583) – военачальнік, палітычны дзеяч, публіцыст. Баючыся рэпрэсій Івана Жахлівага, у 1564 г. збег у ВКЛ. Імкнуўся забраць сваю бібліятэку з Юр’ева. У пісьме да баярскіх сыноў Якаву Шаблікіну і Ігнацію Агібалаву пісаў: “Здесь у нас, Яков, твой человек взят, а Игнатьева жена, да сын, да сноха; и будет тебе, Яков, человек надобен, и ты бы допытался книг княжь Андреевых Курбского, которые остались в Юрьеве. Книга одна в полдесьть, писана скорописью, а кожа наней не на всей, лишь на пяте (корешке), кожа клеена, а тетрадей в ней есть с шестьдесят и семьдесят… ”. Далей прыводзіцца змест зборніка “Слово Иосифа Евреенина о Макковеях да Слово о Аврааме и о Милхиседеке и Оригене, да и иные многие словеса Максима Философа да и иных святых. А другая книга – мучение князя Михаила Черниговского да боярина его Фёдора, житие Августия Ипаниского, да и иные словеса, а переведено из латинского языка, а переплетено ново, а кожи на ней ещё не положено. Да книга Апостол, а писан в десть, а письмо доброе, а переплетён по-немецки. А будет тебе, Яков, человек твой надобен, и ты бы книги приготовил да срок учинил, как книги будут готовы; а человека твоего приготовим, приведем из Вильны в Вольмар. А будет книг не допытаешься и не приготовишь их и мы человека твоего обесим (повесим)”. Бібліяграфічнае паведамленне можа існаваць у вуснай і фіксаванай формах. Фіксаванае называецца бібліяграфічным запісам. Яно можа мець простую і складаную структуру.
Бібліяграфічны запіс (просты ці складаны) з’яўляецца асноўнай уліковай адзінкай любога бібліяграфічнага дакумента (бібліяграфічнага дапаможніка).
|