Культурна-гістарычная школа
Дадзены накірунак у літаратуразнаўстве склаўся к сярэдзіне ХІХ ст. Галоўныя імпульсы культурна-гістарычная школа атрымала ад культуралогіі позніх нямецкіх асветнікаў і рамантыкаў, ад французскай рамантычнай гістарыяграфіі (Ф. Гізо, О. Цьеры, Ж. Мішле), ад пазітывісцкай філасофіі А. Конта, а таксама часткова ад біяграфічнага метаду. У аснову ідэй культурна-гістарычнай школы быў пакладзены філасофскі пазітывізм, які ставіў сваёй мэтай сінтэз навуковых ведаў розных галін і перабудову ўсіх навук на асновах сацыялогіі. Важнейшымі перадумовамі ўзнікнення гэтай літаратуразнаўчай школы былі агульны ўздым навукі, поспехі прыродазнаўства і тэхнікі, развіццё філасофіі, і асабліва дыялектычнага метаду ў ёй. Лічылася, што прычынна-выніковыя сувязі павінны быць выяўлены не толькі паміж з’явамі прыроды, але і паміж грамадскімі працэсамі, паміж з’явамі і асяроддзем; філалогія, як і іншыя «сур’ёзныя» навукі, патрабуе доказнасці і дакладнасці. Ля вытокаў культурна-гістарычнай школы стаяў вядомы французскі філосаф, эстэтык, тэарэтык літаратуры і мастацтва Іпаліт Тэн (1828–1893). Ён і сфармуляваў ва «Уводзінах да «Гісторыі англійскай літаратуры» (1863) важнейшы прынцып метадалогіі культурна-гістарычнай школы — трыяду «раса» – «асяроддзе» – «момант». Пад «расай» Тэн разумеў «прыроджаныя і спадчынныя схільнасці, якія чалавек прыносіць з сабой у свет і якія звычайна суправаджаюцца розніцай у тэмпераменце і пабудове цела»[3]. На гэтай падставе вучоны выдзяляе германскія, раманскія і іншыя народы альбо «плямёны» з характэрнымі для кожнага з іх асаблівасцямі нораваў, псіхалогіі, побыту, сацыяльнай арганізацыі жыцця. Розніцу нацыянальнага жыцця пры агульных уласцівасцях, што былі выпрацаваны некалі адзіным племенем, Тэн тлумачыў з дапамогай паняцця «асяроддзе». Прычым сюды ён уключае і палітычныя абставіны, і стан розумаў з акаляючым асяроддзем, і г. зв. «маральную тэмпературу». Усё гэта вызначана мірным альбо ваенным часам, дэспатычнай манархіяй альбо дэмакратычнай рэспублікай, і г. д. І, урэшце, нацыянальны характар і акаляючыя абставіны ўздзейнічаюць, па Тэну, не на чыстую «дошку» (tabula rasa) мастацкай творчасці, а на «дошку», дзе ўжо штосьці ёсць. «Адзін мастак з’яўляецца папярэднікам, другі — пераемнікам, першы не мае ўзору, а другі мае ўзор, першы бачыць прадметы тварам да твару, а другі праз пасрэдніцтва першага»[4]. Менавіта так І. Тэнам удакладняецца паняцце «моманту», у якім у шырокім сэнсе прадстаўлена пэўная гістарычная эпоха, а таксама наяўнасць альбо адсутнасць традыцый. З пазіцый трыяды «раса» – «асяроддзе» – «момант» павінны, на думку І. Тэна, ацэньвацца не толькі з’явы літаратуры і мастацтва мінулага, але і сучаснасці. Прынцыповая рыса і важная навуковая заваёва культурна-гістарычнай школы — гэта яе гістарызм, свядома ўзведзены ў ранг метаду. У супрацьлегласць нарматыўным тэорыям ХVІІ–ХVІІІ стст., якія засноўваліся на пазачасавым супрацьпастаўленні мастацтва «правільнага», якое належыць цывілізаваным народам, і «няправільнага», «дзікага», «няспелага», культурна-гістарычная школа стала разглядаць мастацкі твор як арганічны адбітак «духу» народа ў розныя гістарычныя моманты яго жыцця. Як адзначаў І. Тэн, «мастацтвы з’яўляюцца і знікаюць адчасова з пэўнымі плынямі ў галіне думкі і нораваў, з якімі яны звязаны»[5]. Адсюль — сцвярджэнне раўнапраўя мастацтва любога народа, эпохі, стылю, а таксама пераарыентацыя літаратуразнаўства на вывучэнне заканамернасцей, якія кіруюць развіццём культурна-гістарычнага свету. Прадстаўнікі культурна-гістарычнай школы лічылі асноўнымі прынцыпамі даследавання матэрыяльнай і духоўнай культуры «нейтральнасць», «аб’ектывізм» і «беспартыйнасць», а асноўнай задачай навукі — не столькі тлумачэнне фактаў, колькі збіранне і назапашванне іх. Вучонымі гэтай школы ўпершыню была зроблена спроба на аснове прынцыпаў пазітывізму гістарычна вытлумачыць з’явы грамадскага жыцця, літаратуры і мастацтва, а таксама сфармуляваць задачы новай метадалогіі вывучэння літаратуры. Некаторыя з прадстаўнікоў культурна-гістарычнай школы (напрыклад, французскі вучоны Ф. Брунэцьер) спрабавалі нават, абапіраючыся на пазітывісцкую філасофію часу, праводзіць аналогію паміж мастацкім творам і біялагічным арганізмам. Акрамя ўжо ўпамянутых вышэй французскіх вучоных І. Тэна і Ф. Брунэцьера, у традыцыях культурна-гістарычнай школы напісаў свае даследаванні (манаграфіі аб Буало, Карнэлі, Вальтэры; сінтэтычная праца «Гісторыя французскай літаратуры»; даследаванні па тэорыі літаратуры «Метад у гісторыі літаратуры», «Прынцыпы кампазіцыі і стылю» і інш.) іх суайчыннік, буйны вучоны-літаратуразнаўца Гюстаў Лансон (1857–1934). Галоўным прадстаўніком культурна-гістарычнай школы ў Германіі стаў гісторык і мастацтвазнаўца Герман Гетнер (1821–1882). Асноўнай працай Гетнера з’яўляецца шасцітомная «Гісторыя ўсеагульнай літаратуры ХVІІІ стагоддзя» (1856–1870). На аснове метадалогіі культурна-гістарычнай школы напісаны і найбольш значныя працы — «Гісторыя нямецкай літаратуры» (1880–1883) і «Паэтыка» (1888) — яшчэ аднаго нямецкага філолага Вільгельма Шэрэра (1841–1886). Будучы прыхільнікам пазітывізму, Шэрэр абгрунтоўваў прымяненне ў філалогіі метадаў прыродазнаўчых навук. Аб’яднаў і сінтэзаваў у даследаваннях літаратурных з’яў культурна-гістарычную метадалогію і прынцыпы біяграфічнай школы знакаміты дацкі крытык і гісторык літаратуры Георг Брандэс (1842–1927). Ён удзяляў таксама ўвагу і параўнальнаму даследаванню еўрапейскіх літаратур. Крыху вышэй мы ўжо гаварылі аб біяграфістыцы дацкага вучонагга і крытыка. Брандэс з’яўляецца таксама аўтарам грунтоўнай тэарэтычнай працы «Галоўнейшыя плыні ў еўрапейскай літаратуры ХІХ стагоддзя». Даволі моцна выявілася культурна-гістарычная школа і ў рускай літаратурнай навуцы. Самым значным прадстаўніком культурна-гістарычнай школы ў Расіі быў акадэмік Аляксандр Пыпін — аўтар такіх грунтоўных прац, як «Характарыстыкі літаратурных меркаванняў ад дваццатых да пяцідзесятых гадоў» (1873), «Бялінскі. Яго жыццё і перапіска» (1876), чатырохтомная «Гісторыя рускай літаратуры» (1890–1892), «Гісторыя славянскіх літаратур» (1879) і інш. На культурна-гістарычную метадалогію арыентаваўся ў асноўным і акадэмік Мікалай Ціханраваў (1832–1893). Асабліва многа М. Ціханраваў зрабіў для збору, сістэматызацыі і выдання старажытнай рускай летапіснай спадчыны, а таксама твораў рускага драматычнага пісьменства. М. Ціханраваў заснаваў цэлую школу даследчыкаў па вывучэнні старажытнай рускай літаратуры і гісторыі. Акрамя А. Пыпіна і М. Ціханравава ідэі культурна-гістарычнай школы развівалі ў Расіі А. Шахаў, П. Коган, А. Кірпічнікаў і шэраг іншых вучоных. З культурна-гістарычных даследаванняў пачаў працу буйнейшы рускі літаратуразнаўца ХІХ ст. Аляксандр Весялоўскі (1838–1906), пра дзейнасць якога будзе сказана крыху ніжэй, пры разглядзе параўнальна-гістарычнага метаду. Да заслуг культурна-гістарычнай школы адносяцца: па-першае, уклад у распрацоўку гісторыка-генетычнай метадалогіі; па-другое, спроба стварэння гісторый нацыянальных літаратур; па-трэцяе, падрыхтоўка прынцыпаў параўнальна-гістарычнага літаратуразнаўства і псіхалагічнай школы; па-чацвёртае, назапашванне вялізнага гісторыка-культурнага матэрыялу, вопыту тэксталагічнага аналізу твораў і навуковага крыніцазнаўства. Наогул жа (і гэта, відаць, самае галоўнае) прадстаўнікі культурна-гістарычнай школы ўслед за міфолагамі ўнеслі метадалогію ў гісторыю літаратуры і тым самым развілі і падмацавалі навуковы характар гэтай галіны літаратуразнаўства. У пачатку ХХ ст. культурна-гістарычная школа распалася, аднак яе метадалагічныя ўстаноўкі працягвалі аказваць сур’ёзны ўплыў на многіх буйных вучоных-літаратуразнаўцаў усяго свету. Ідэі культурна-гістарычнай школы істотна паўплывалі на літаратурна-мастацкую крытыку і публіцыстыку Беларусі канца ХІХ — пачатку ХХ стст. (літаратурна-крытычныя матэрыялы на старонках газет «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Минский курьер» і інш.), на канцэпцыю нацыянальнай літаратуры ў газетах «Наша ніва» і «Гоман», на тагачасную беларускую фалькларыстыку і этнаграфію (А. Багдановіч, У. Дабравольскі, М. Доўнар-Запольскі). Многае ад культурна-гістарычнай школы ўзялі М. Багдановіч і М. Гарэцкі. Паслядоўнікам культурна-гістарычнай школы з’яўляўся таксама прафесар І. Замоцін.
|