Студопедия — Культура Беларусі ХІV– пачатку ХVІІ ст. Асаблівасці Адраджэння на Беларусі
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Культура Беларусі ХІV– пачатку ХVІІ ст. Асаблівасці Адраджэння на Беларусі






Беларускаякультура ў другой палове ХІІІ – XV ст. мела сярэдневяковы характар, развівалася пад вялікім уплывам з боку царквы. Праваслаўная царква была носьбітам старажытнарускіх традыцый, а каталіцтва ўносіла элементы еўрапейскай культуры. Пісьменнасць была распаўсюджана ў асноўным толькі сярод класа феадалаў, школы існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах і былі мала даступныя народу. У ХІІІ – XV стст. на Беларусі па-ранейшаму распаўсюджвалася царкоўна-рэлігійная літаратура з яе асноўнымі жанрамі. Гэта – кнігі Бібліі, жыціі святых. Выдатнымі ўзорамі кніжнай справы з’яўляюцца рукапісныя Лаўрышаўскае і Друцкае Евангеллі XIV ст., Жыровіцкае Евангелле XV ст., якія змяшчаюць мініяцюры. Вокладкі рукапісных кніг рабіліся з дошак, абцягваліся скурамі і ўпрыгожваліся металічнымі пласцінкамі, каштоўнымі камянямі.

Выдатнымі прыкладамі ўрачыстага красамоўства з’яўляюцца творы Рыгора Цамблака: шматлікія пропаведзі, пахвальныя “словы” і жыціі. Сярод свецкіх літаратурных твораў асаблівай папулярнасцю карысталіся такія перакладныя творы, як “ Александрыя ”, “ Троя ”, “ Трыстан і Ізольда ” (больш вядомая на нашых землях пад назвай “ Аповесць пра Трышчана ”). З арыгінальных твораў вылучаецца “ Хаджэнне ў Царград ” Ігнація Смаляніна (канец XIV ст.). Яго апісанне падарожжа мела пазнавальны характар. У XV ст. з умацаваннем ВКЛ узнікла агульнадзяржаўнае летапісанне (беларуска-літоўскія летапісы “ Летапісец вялікіх князёў літоўскіх ”, “ Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. ”).

У замкавым будаўніцтве XIV – XV стст. пераважаў раманскі стыль. Збудаванні мелі масіўны і суровы выгляд. Падобныя замкі маюць назву “кастэлі”. У раманскім стылі былі пабудаваны каменныя замкі ў Крэве, Лідзе, Віцебску. У царкоўным будаўніцтве ў гэты час распаўсюджваецца готыка. Для гэтага стылю характэрны вастраканечныя вежы, вузкія вокны, стральчатыя аркі. Яркім прыкладам з’яўляецца Троіцкі касцёл XV ст. у вёсцы Ішкальдзь (Баранавіцкі раён). Гэты касцёл уяўляе сабой храм абарончага тыпу. У канцы XV ст. быў перабудаваны ў храм-крэпасць Сафійскі сабор у Полацку. Царква-крэпасць была ўзведзена ў 1407 г. таксама у в. Сынковічы (Зэльвенскі раён).

Прыкладам жывапісу XIV – XV стст. з’яўляюцца фрэскі і абразы. У фрэсках капліцы святой Тройцы ў Люблінскім замку, якія былі напісаны майстрамі з Беларусі і захаваліся да нашага часу, адлюстравана выява Ягайлы – адна з першых партрэтных выяў у беларускім мастацтве. З помнікаў партрэтнага мастацтва таксама трэба назваць партрэт Ульяны і Альгерда на сцяне царквы на Верхнім замку ў Віцебску. Найбольш славутым творам жывапісу гэтага часу з’яўляецца ікона “Маці Божая Замілаванне” з Маларыты (Брэсцкая вобласць). У XIV – XV стст. у касцёлах з’яўляюцца драўляныя скульптуры. Найбольш ранні помнік – “Распяцце” XIV ст. з в. Галубічы (Віцебская вобласць). Пачынаючы з XІV ст. шырокае распаўсюджанне атрымоўвае кафля – керамічныя пліткі. Ёю абкладвалі сцены печаў, выкарыстоўвалі для абліцоўкі сцен будынкаў.

Беларускую культуру не абмінула і такая агульнаеўрапейская з’ява як Адраджэнне або Рэнесанс. Адраджэнне (рэнесанс) – умоўная назва гісторыка-культурных працэсаў, звязаных з памкненнем адрадзіць антычную спадчыну. Але гэта было не простай рэстаўрацыяй, а спосабам фарміравання новай культуры, буржуазнай па сваёй сутнасці. Адраджэнне было абумоўлена якаснымі зменамі ў эканамічным і палітычным жыцці краін Еўропы: зараджэннем капіталістычных адносін, фарміраваннем нацыянальных дзяржаў і узмацненнем антыфеадальнай і рэлігійнай барацьбы. Вялікія геаграфчныя адкрыцці, з’яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі прывялі да ўзнікнення новай, пераважна свецкай, культуры. Філасофска-светапогляднай пазіцыяй Адраджэння з’яўляўся гуманізмідэалогія, якая абвяшчала высокую годнасць чалавека, прызнавала яго правы на свабоднае равіццё здольнасцей.

У канцы XV – пачатку XVІ стст. склаліся перадумовы для Рэнесансу на Беларусі: рост гарадоў, фарміраванне беларускай народнасці, ажыўленне грамадска-палітычнай дзейнасці, пашырэнне міжнародных кантактаў. З’яўляючыся часткай еўрапейскага Рэнесансу, Адраджэнне на Беларусі мела свае асаблівасці. Па-першае, агульнае эканамічнае адставанне ад перадавых краін Еўропы і панаванне феадалізму стрымлівалі ўсебаковае развіццё свецкай культуры. З гэтай прычыны развіццё рэнесансавай культуры засталося незавершаным. Па-другое, для Рэнесансу ў ВКЛ характэрна большая залежнасць ад рэлігійных традыцый, пэўная сувязь з Рэфармацыяй. Па-трэцяе, дзеячы эпохі Адраджэння на Беларусі абапіраліся на старажытнарускую культуру. У гэтым плане беларуская культура некалькі аддалялася ад еўрапейскай.

Для першага этапа Адраджэння ў ВКЛ (канец XV – першая палова XVI ст.) характэрна: узнікненне кнігадрукавання, станаўленне агульнадзяржаўнага заканадаўства (Статут ВКЛ), зараджэнне новалацінскай паэзіі, пранікненне рэнесансавых матываў у палацава-замкавае будаўніцтва і мастацтва. Другі этап эпохі Адраджэння (другая палова XVI ст. – пачатак XVII ст.) характарызуецца ўзнікненнем новага творчага асяроддзя (навукоўцы і пісьменнікі), паскарэннем культурнага развіцця шляхты і часткі мяшчан, агульным пашырэннем свецкай культуры, пранікненнем рэнесансавай педагогікі ў школьную справу, пашырэннем культурных сувязей ВКЛ з замежжам.

Прадстаўніком рэнесансавай культуры на Беларусі быў першадрукар, гуманіст і асветнік Францішак Скарына (каля 1490 – каля 1551). Ён нарадзіўся ў купецкай сям’і ў Полацку. Мяркуюць, што першапачатковую адукацыю Ф. Скарына атрымаў у родным горадзе, а таксама ў Вільні. У 1504 г. ён паступіў у Кракаўскі універсітэт, дзе праз два гады атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі. У 1512 г. у італьянскім горадзе Падуя, універсітэт якога славіўся на ўсю Еўропу медыцынскім факультэтам, Ф. Скарына вытрымаў экзамен на атрыманне вучонай ступені доктара медыцыны. Яго таксама цікавілі грамадскія праблемы і гуманітарныя навукі. Зарадзілася думка выдаць кнігі Бібліі на роднай мове, зрабіць іх даступнымі для сваіх землякоў. Апынуўшыся ў Празе, Ф. Скарына пры дапамозе заможных віленекіх і полацкіх мяшчан Багдана Онкава, Якуба Бабіча, Юрыя Адверніка, магчыма і брата Івана Скарыны заснаваў друкарню.

6 жніўня 1517 г. выйшла з друку першая беларуская кніга – “ Псалтыр ”. Ф. Скарына меў намер выдаць усю Біблію, пра што сведчаць агульны тытульны ліст, прадмова да ўсяго выдання. Аднак гэта задумка засталася незавершанай. За няпоўныя тры гады Францішак Скарына пераклаў, пракаменціраваў і падрыхтаваў да друку 23 кнігі Бібліі, прычым выбраў найбольш важныя на яго думку кнігі «Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению».

У 1520 г. Ф. Скарына пакінуў Прагу і пераехаў у Вільню, дзе адкрыў першую на сваёй Радзіме друкарню. У 1522 г. выйшла ў свет “ Малая падарожная кніжка ” – зборнік рэлігійных і свецкіх твораў невялікага фармату. Кніга прызначалася людзям, якія па характару сваіх заняткаў павінны былі часта вандраваць. Яна ўтрымлівала канфесійную і астранамічную інфармацыю. Як і апошняе выданне Ф. Скарыны “ Апостал ” (1525 г.), “Малая падарожная кніжка” была невялікім зручным выданнем, надрукаваным на таннай паперы. Гэтыя якасці рабілі кнігі першадрукара больш даступнымі для шырокіх колаў насельніцтва. Ф. Скарына выступіў у якасці стваральніка новага літаратурнага жанру – прадмоў, у якіх адлюстроўваліся яго грамадска-палітычныя, філасофскія, прававыя, эстэтычныя, мовазнаўчыя і педагагічныя погляды. Коратка і лаканічна пераказваючы змест твораў, прадмовы Ф. Скарыны сталі класічнымі ўзорамі ў гэтым жанры беларускай літаратуры, паслужылі прыкладам для беларускіх пісьменнікаў XVI – XVII стст.

Першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарня працавала ў Берасці ў 1550 – 1570-я гг. пад апекай Мікалая Радзівіла Чорнага. Яна выпусціла 40 выданняў на польскай і лацінскай мовах. Тут выйшаў поўны варыянт “Бібліі” на польскай мове. Паслядоўнікамі асветніцкіх спраў Ф. Скарыны з’яўляліся С. Будны і В. Цяпінскі. Сымон Будны ў 1562 г. разам з Мацеем Кавячынскім і Лаўрэнціем Крышкоўскім выдаў у Нясвіжскай друкарні “ Катэхізіс ” на старабеларускай мове (першае кірылічнае выданне на Беларусі). Катэхізіс – рэлігійная кніга, якая утрымлівае кроткі выклад асноў хрысціянскага веравучэння ў форме пытанняў і адказаў. У Нясвіжы, акрамя “Катэхізіса”, С. Будны выдаў кнігу “ Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам ”. Найбольш значным творам С. Буднага з’яўляецца кніга “ Аб найгалоўнейшых палажэннях хрысціянскай веры ” (Лоск, 1576 г.). У гэтым творы С. Будны адстойваў чалавечую прыроду Хрыста, выступаў супраць незямнога свету і замагільнага жыцця, Боскай Троіцы. С. Будны лічыў, што маральнай дасканаласці чалавек можа дасягнуць і без дапамогі царквы.

У маёнтку Цяпіна, што на Полаччыне, здзяйсняў сваю выдавецкую дзейнасць Васіль Цяпінскі. Каля 1570 г. ён выдаў першае ў Еўропе Евангелле на дзвюх мовах (паралельна былі змешчаны царкоўнаславянскі і беларускі тэксты). У прадмове да “Евангелля” аўтар выступаў за развіццё беларускай мовы, набліжэнне асветы да простых людзей.

У Заблудаве (каля Беластока, сучасная Польшча) ў 1569 г. расійскія першадрукары Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец выдалі “ Евангелле вучыцельнае ”. Таксама друкарні існавалі ў Лоску, Любчы, Куцейне, Бялынічах, Ашмянах. Некалькі друкарняў дзейнічала ў Вільні: Васіля Гарабурды, Пятра Мсціслаўца і братоў Мамонічаў. У 1588 г. на сродкі Льва Сапегі ў друкарні братоў Мамонічаў быў выдадзены Статут ВКЛ на старабеларускай мове. Друкарню пры Віленскай езуіцкай Акадэміі заснаваў Мікалай Радзівіл Сіротка.

Дзеячам эпохі Адраджэння, заснавальнікам новалацінскай паэзіі з’яўляўся Мікола Гусоўскі. Нарадзіўся будучы паэт у сям’і велікакняжацкага лоўчага, таму меў магчымасць пайсці па шляху свайго бацькі. Разам з тым М. Гусоўскі аддаў перавагу набыццю ведаў і атрымаў адукацыю ў Вільні, Польшчы і Італіі. У 1518 г. М. Гусоўскі трапіў у Рым у складзе дыпламатычнай місіі, якую ўзначаліў Эразм Вітэлій – полацкі біскуп. Па замове папы рымскага Льва Х у 1522 г. М. Гусоўскі стварыў свой лепшы твор “ Песня пра зубра ”. Напісаная на класічнай латыні, паэма не засталася толькі аповедам пра паляванне на зубра, яна аказалася творам, дзе адлюстраваны жыццё народа і лёс краіны ў пераломны момант гісторыі. Адну з галоўных прычын няшчасцяў і пакут Радзімы М. Гусоўскі бачыў у войнах. Паэт-гуманіст заклікаў пакончыць з міжусобіцамі, прапаноўваў ідэю яднання еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсцяў. Ідэалам мудрага правіцеля для аўтара з’яўляўся вялікі князь Вітаўт.

Вельмі блізкай да творчасці М. Гусоўскага была літаратурная дзейнасць другога буйнога паэта-лацініста Яна Вісліцкага (каля 1485/90 – 1420). Ён з’яўляецца аўтарам паэмы “Пруская вайна”, якая прысвечана Грунвальдскай бітве.

Паэтычная творчасць на Беларусі атрымала развіццё ў другой палове XVI ст. У асноўным пісаліся творы героіка-эпічнага характару, аўтарамі якіх з’яўляліся Андрэй Рымша (“Дэкатэрас”), Ян Радван (“Радзівіліяда”), Гальяш Пельгрымоўскі (“Пасольства да вялікага князя Маскоўскага”). У сваіх творах аўтары апісвалі рэальныя гістарычныя падзеі, усхвалялі ваенныя справы князёў, простых вайскоўцаў. Шырокае распаўсюджанне ў XVI-XVIІ стст. набылі вершаваныя эпіграмы, прысвечаныя дзяржаўным дзеячам – Радзівілам, Сапегам, Валовічам. Усе эпіграмы мелі панегірычны, хвалебны характар. Узорам грамадзянскай, патрыятычнай паэзіі з’яўляецца верш Яна Казіміра Пашкевіча “ Польска квітнет лаціною, Літва квітнет русчызною ”. У гэтым творы падкрэсліваецца важная роля беларускай мовы ў жыцці дзяржавы.

У XVI – XVIІ стст. атрымала росквіт публіцыстычная літаратура, якая выявілася, галоўным чынам, у палемічных творах. У палемічнай літаратуры вяліся спрэчкі праваслаўных з прыхільнікамі царкоўнай уніі. У абарону праваслаўнай царквы і супраць гвалтоўнага навязвання уніяцтва ў сваіх творах выступалі браты Стэфан і Лаўрэнцій Зізаніі, Мялецій Сматрыцкі, Лявонцій Карповіч. З боку каталіцкай і уніяцкай цэркваў выступалі Пётр Скарга, Іпацій Пацей, Леў Крэўза. Вяршыняй у мастацкіх адносінах лічыцца твор Мялеція Сматрыцкага “ Трэнас ” (плач Маці – Праваслаўнай царквы па пакінуўшых яе дзецях (пач. XVII ст.).

На развіццё гістарычных ведаў, акрамя агульнадзяржаўных летапісаў (у XVI ст. былі створаны “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага” і “Хроніка Быхаўца”) вялікі ўплыў аказвалі творы, аўтарамі якіх былі замежныя даследчыкі. Так, першым гісторыкам ВКЛ можна лічыць Мацея Стрыйкоўскага (“Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі”). Вядомай была ў XVI ст. і “Хроніка Еўрапейскай Сарматыі” Аляксандра Гваньіні.

Вялікую ролю ў захаванні і распаўсюджанні кніг адыгрывалі бібліятэкі. Найбольш старажытнай была бібліятэка Полацкага Сафійскага Сабора, якая дзейнічала з ХІ ст. па 1579 г., калі падчас Лівонскай вайны была разрабавана. Вельмі багатай была бібліятэка Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра. Тут было шмат выданняў Ф. Скарыны, унікальны экзэмпляр “Евангелля” В. Цяпінскага, выданні І. Фёдарава і П. Мсціслаўца. У ВКЛ існавала шмат прыватных бібліятэк, найбольш буйнымі з якіх былі бібліятэкі Радзівілаў, Сапегаў, Храптовічаў, Солтанаў.

Падмуркам рэнесансавай культуры на Беларусі з’яўлялася адукацыя. На Беларусі існавала цэлая сетка навучальных устаноў, стваральнікамі якіх былі праваслаўныя, каталіцкія, пратэстанцкія, а потым і уніяцкія царкоўныя арганізацыі. Праваслаўныя школы з’явіліся на Беларусі яшчэ з пачаткам распаўсюджвання хрысціянства, а ў XVI ст. узніклі брацкія школы. Першая брацкая школа пачала працаваць у Вільні каля 1584 г. Таксама школы былі арганізаваны ў Брэсце, Пінску, Слуцку, Магілёве. У брацкіх школах вучылі “ сем вольных навук ” (“трывіум” – граматыка, рыторыка, дыялектыка, а таксама “квадрыум” – арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка). У цэлым брацкія школы былі бессаслоўнымі ўстановамі. Некаторыя з праваслаўных школ па ўзроўню падрыхтоўкі вучняў набліжаліся да вышэйшых навучальных устаноў (грэка-лаціна-руская школа пры Свята-Троіцкім манастыры ў Вільні).

Асабліва моцны адбітак на адукацыю ВКЛ аказалі езуіты. Першы езуіцкі калегіум пачаў працаваць у Вільні ў 1570 г., а ўжо ў 1579 г. ён быў ператвораны ў акадэмію – вышэйшую навучальную ўстанову. Дарэчы, Віленская езуіцкая акадэмія – гэта першая ВНУ на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Акадэмія мела некалькі факультэтаў: тэалагічны, філасофскі, прававы, медыцынскі. Сярод выкладчыкаў вызначаліся Марцін Сміглецкі (яго “Логіка” вывучалася студэнтамі Оксфардскага універсітэта), О. Крыгер (першым пазнаёміў студэнтаў з геліяцэнтрычнай сістэмай Каперніка). Таленавітыя педагогі працавалі і ў езуіцкіх калегіумах. У Полацку Мацей Казімір Сарбеўскі выкладаў паэтыку і рыторыку, а ў Гродна працавала сем педагогаў са званнем прафесара. Безумоўна, каталіцкая царква пры арганізацыі навучальных устаноў ставіла перш за ўсё місіянерскія мэты. І тым не менш гэтыя ўстановы давалі вучням добрую падрыхтоўку.

Свае школы арганізоўвалі і пратэстанцкія абшчыны. Арыянскія школы працавалі ў Іўі, Наваградку, Нясвіжы, Клецку, Лоску. Рэктарам арыянскай школы ў Іўі быў Ян Ліцыній Намыслоўскі, аўтар шэрагу падручнікаў. З 1617 па 1918 гг. у Слуцку працавала кальвінісцкая гімназія (“Слуцкія Афіны”).

Для школ друкавалася вучэбная літаратура. Лаўрэнцій Зізаній выдаў “Азбуку” і “Граматыку славенскую”. У 1619 г. у Еўі (тэрыторыя Літвы) была выдадзена “Граматыка”, якую склаў Мялецій Сматрыцкі. На працягу двух стагоддзяў яна служыла асноўным падручнікам па царкоўнаславянскай мове. У 30-я гг. XVII ст. з’явіўся яшчэ адзін дапаможнік – “Буквар”, выдадзены Спірыдонам Собалем ( 1631 г. – Куцейна, 1636 г. – Магілёў).

Тым самым, у часы Адраджэння культура Беларусі перажывала сапраўдны ўздым, які садзейнічаў яе імкліваму і плённаму развіццю у далейшым.

 







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 752. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Роль органов чувств в ориентировке слепых Процесс ориентации протекает на основе совместной, интегративной деятельности сохранных анализаторов, каждый из которых при определенных объективных условиях может выступать как ведущий...

Лечебно-охранительный режим, его элементы и значение.   Терапевтическое воздействие на пациента подразумевает не только использование всех видов лечения, но и применение лечебно-охранительного режима – соблюдение условий поведения, способствующих выздоровлению...

Тема: Кинематика поступательного и вращательного движения. 1. Твердое тело начинает вращаться вокруг оси Z с угловой скоростью, проекция которой изменяется со временем 1. Твердое тело начинает вращаться вокруг оси Z с угловой скоростью...

Методы анализа финансово-хозяйственной деятельности предприятия   Содержанием анализа финансово-хозяйственной деятельности предприятия является глубокое и всестороннее изучение экономической информации о функционировании анализируемого субъекта хозяйствования с целью принятия оптимальных управленческих...

Образование соседних чисел Фрагмент: Программная задача: показать образование числа 4 и числа 3 друг из друга...

Шрифт зодчего Шрифт зодчего состоит из прописных (заглавных), строчных букв и цифр...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.009 сек.) русская версия | украинская версия