Віды бібліяграфіі па арганізацыйна-ведамаснай прымеце.
У сістэме функцыянавання фіксаванай інфармацыі ў грамадстве існуюць сацыяльныя інстытуты, у межах якіх ствараюцца, кумулююцца, распаўсюджваюцца дакументы. Гэта рэдакцыйна-выдавецкая справа, кніжны гандаль, бібліятэчная справа, архіўная справа, навукова-інфармацыйная справа, бібліяграфічная дзейнасць. Бібліяграфічная дзейнасць займае асобнае становішча, яна не мае арганізацыйнай цэласнасці, існуе ў межах іншых вышэйпералічаных інстытутаў і прадстаўляе карыстальніку не самі дакументы як крыніцы інфармацыі, а звесткі пра іх, бібліяграфічную інфармацыю. У названых інстытутах можна выдзеліць два асноўных узроўні ці контуры: непасрэдна-дакументны і дапаможны ці другасны (бібліяграфічны). Гэты дапаможны контур (уключаючы формы арганізацыі, суб'екты, мэты, аб'екты, працэсы, сродкі і вынікі) утварае частку грамадскай практыкі, якую называюць бібліяграфічная дзейнасць і якая па арганізацыйна-ведамаснай прымеце падзяляецца на наступныя інстытуцыянальныя віды бібліяграфіі: бібліятэчная бібліяграфія, выдавецкая бібліяграфія, кнігагандлёвая бібліяграфія, кніжнапалацкая бібліяграфія, навукова-інфармацыйная бібліяграфія, архіўная бібліяграфія, музейная бібліяграфія і магчыма іншыя, якія з'явяцца ў адпаведнасці са з'яўленнем новых сацыяльных інстытутаў СДК.
Заўвага. Можна разглядзець віды бібліяграфіі і наступным чынам: – бібліятэчна-бібліяграфічная дзейнасць, яе сутнасць, аб’ект, традыцыі, узаемасувязь бібліятэчных і бібліяграфічных працэсаў, – кнігагандлёва-бібліяграфічная дзейнасць, яе сутнасць, аб’ект, традыцыі, абумоўленасць працэсаў, сродкаў і вынікаў задачамі кніжнага гандлю як спецыфічнага інстытута сістэмы дакументных камунікацый, – выдавецка-бібліяграфічная дзейнасць, яе сутнасць, аб’ект, традыцыі, узаемасувязь рэдакцыйна-выдавецкіх і бібліяграфічных працэсаў, – бібліяграфічная дзейнасць кніжных палат (нацыянальных бібліятэк, іншых інфармацыйных устаноў некаторых краін) па дзяржаўным (нацыянальным) уліку дакументаванай прадукцыі, – архіўна-бібліяграфічная дзейнасць, яе сутнасць, аб’ект, традыцыі, адрозненне ад іншых інстытуцыянальных відаў бібліяграфіі, – бібліяграфічная дзейнасць органаў навуковай інфармацыі: спецыфіка, аб’ект, задачы, адрозненне ад іншых інстытуцыянальных відаў бібліяграфіі. – бібліяграфічная дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі: асаблівасці стварэння і распаўсюджвання бібліяграфічнай інфармацыі ў друку, на радыё, тэлебачанні, сродкамі тэлекамунікацый і інш. 3. Віды бібліяграфіі па аднароднасці ствараемай і распаўсюджваемай бібліяграфічнай прадукцыі. Бібліяграфічная прадукцыя з’яўляецца асноўным вынікам працэса бібліяграфавання, асноўным сродкам існавання і каналам распаўсюджвання бібліяграфічнай інфармацыі і таму заканамерна трэба выдзяляць віды бібліяграфіі па аднароднасці ствараемай і распаўсюджваемай бібліяграфічнай прадукцыі і ў межах гэтай падставы выдзеліць: грамадскае прызначэнне, функцыянальна-мэтавае прызначэнне, змест бібліяграфіруемых дакументаў. Віды бібліяграфіі па грамадскім прызначэнні ствараемай і распаўсюджваемай бібліяграфічнай прадукцыі. Стварэнне бібліяграфічнай прадукцыі заўсёды сацыяльна абумоўлена і накіравана на задавальненне інфармацыйных патрэбнасцей грамадства ў цэлым, пэўных сацыяльных груп, асобных карыстальнікаў. Грамадскае прызначэнне БІ абумоўлівае яе фунцыянальную структуру – пералік і паслядоўнасць выканання асноўных грамадскіх функцый: пошукавая, камунікатыўная, ацэначная. У адпаведнасці з імі мэтазгодна выдзяляць віды бібліяграфіі па грамадскаму прызначэнню: бібліяграфія камунікатыўна-пошукавага і ацэначнага прызначэння ці адпаведна агульная і спецыяльная бібліяграфія. Асноўнае адрозненне гэтых відаў бібліяграфіі – канкрэтнае мэтавае і чытацкае прызначэнне. Агульная бібліяграфія яго не мае, яна разлічана на грамадства ў цэлым, у межах яе ствараюцца крыніцы БІ для ўліку дакументаваную прадукцыю пэўнага фонда (фондаў), выдадзеную на пэўнай тэрыторыі, мове, за пэўны перыяд часу, апавясціць грамадства аб існаванні дакументаў пэўнай формы і зместу. Спецыяльная бібліяграфія заўсёды мае канкрэтнае мэтавае і чытацкае (спажывецкае) прызначэнне, у межах яе ствараюцца крыніцы ў разліку на пэўную сферу абслугоўвання.
Схема 1 Віды бібліяграфіі па грамадскім прызначэнні
Агульная бібліяграфія – гэта галіна дзейнасці па стварэнні бібліяграфічнай прадукцыі, якая забяспечвае пошук дакументаў і інфармаванне аб іх ў незалежнасці ад іх наступнага спецыяльнага выкарыстання. Да агульнай бібліяграфіі адносіцца каталожная, дзяржаўная, рэпертуарная, масавая бібліяграфія. Каталожная бібліяграфія – від бібліяграфіі, які здзясняе адлюстраванне і давядзенне інфармацыі аб дакументах пэўнага фонда (фондаў) без уліку якасных характарыстык дакументаў і забяспечвае канчатковую рэалізацыю пошукавай функцыі бібліяграфічнай інфармацыі. Дзяржаўная бібліяграфія – дзейнасць устаноў (нацыянальных бібліятэк, фірм, на тэрыторыі былога СССР – кніжных палат) па дзяржаўнай рэгістрацыі дакументаў, падрыхтоўцы на гэтай базе сістэмы універсальнай бягучай бібліяграфічнай прадукцыі (“летапісаў”, “штогоднікаў”, “бюлетэней”) і давядзенні яе да карыстальнікаў. Крыніцы дзяржаўнай бібліяграфіі ствараюцца на аснове ўліку фармальных прымет дакументаў (від дакумента: кніга, часопіс, ноты, рэцэнзіі, часопісныя артыкулы і т.д., мова, тэрыторыя, храналагічны перыяд). Рэпертуарная бібліяграфія (агульная рэтраспектыўная бібліяграфія) – від бібліяграфіі, у межах якой здзяйсняецца поўны ўлік дакументнай прадукцыі, створанай на тэрыторыі дзяржавы за ўвесь перыяд яе існавання, а таксама давядзенне атрыманай інфармацыі да курыстальнікаў. У межах рэпертуарнай бібліяграфіі здзяйсняецца ўлік дакументаў па фармальных прыметах (від выдання, мова, тэрыторыя, храналагічны перыяд) і ў гэтым сэнсе яна цесна звязана з дзяржаўнай бібліяграфіяй, якая (пры ўмове існавання ў пэўны гістарычны перыяд) стварае аснову для яе фарміравання.
Віды бібліяграфіі па сукупнасці ствараемай і распаўсюджваемай прадукцыі Схема 2 (функцыянальна-мэтавым прызначэнні і змесце і форме аб’ектаў бібліяграфавання)
Масавая бібліяграфія – гэта від бібліяграфіі ў межах якога ствараецца і даводзіцца да карыстальніка БІ таксама па фармальных прыметах, але абмежаванні фармальныя і/ці змястоўныя больш жорсткія, ставіцца мэта азнаямлення шырокага кола карыстальнікаў з найбольш грамадска значымай часткай новастворанай дакументнай прадукцыяй. Асноўным каналам распаўсюджвання масавай інфармацыі з’яўляецца перыядычны друк. У межах масавай бібліяграфіі ствараюцца разнастайныя спісы новай літаратуры, новых паступленняў, сігнальныя экзэмпляры друкаванай прадукцыі, планы-праспекты выдавецтваў і інш. Спецыяльная бібліяграфія – дзейнасць па ўсебаковаму бібліяграфічнаму забеспячэнню пэўнай сферы грамадскай практыкі, уключаючы стварэнне і выкарыстанне спецыяльнай бібліяграфічнай прадукцыі, а таксама выкарыстанне любых крыніц (у тым ліку крыніц агульнай бібліяграфіі ў мэтах бібліяграфічнага забеспячэння патрэбнасцей і карыстальнікаў пэўнай сферы абслугоўвання. Сукупнасць крыніцы спецыяльнай бібліяграфіі значна разнастайней чым сукупнасць крыніц агульнай бібліяграфія, т. ш. яны ствараюцца не для грамадства ў цэлым, г.з. аднаго аб’екта ўздзеяння, а для шэрагу сфер грамадства, а іх столькі, колькі існуе сацыяльных груп карыстальнікаў і мэтаў спажывання фіксаванай інфармацыі. Можна выдзеліць 6 найбольш буйных сфер абслугоўвання: навука, кіраванне, вытворчасць, адукацыя, самаадукацыя, выхаванне і, калі мець на ўвазе, што для кожнай з названых сфер можна ствараць бібліяграфічную прадукцыю, то разнавіднасцямі крыніц спецыяльнай бібліяграфіі будуць – навукова-дапаможная, прафесійна-вытворчая, вучэбна-дапаможная, самаадукацыйная. Найчасцей гэтую сукупнасць падзяляюць на дзве асноўныя групы: навукова-дапаможная і рэкамендацыйная (гл. схему). Для навукова-дапаможнай бібліяграфічнай прадукцыі характэрна: максімальна поўнае адлюстраванне дакументальнага патока пэўнай тэматыкі, групоўка матэрыялу набліжаная да структуры пэўных навуковых ведаў, ужыванне навуковай тэрміналогіі, наяўнасць дапаможных паказальнікаў, якія шматаспектна адлюстроўваюць структуру і змест уключаных дакументаў; у структуру бібліяграфічных запісаў уключаецца, як првіла, толькі бібліяграфічнае апісанне ці бібліяграфічнае апісанне, даведачная анатацыя; пры вызначэнні мэтавага і чытацкага прызначэння складальнікі на першае месца ставяць навукова-даследчай дзейнасць і навукоўцаў. Рэкамендацыйныя бібліяграфічныя дапаможнікі – гэта дапаможнікі, якія адлюстроўваюць дакументы па пэўных змястоўных і якасных крытэрыях ў разліку на пэўную катэгорыю (катэрыгорыі) карыстальнікаў. Для гэтай бібліяграфічнай прадукцыі характэрна: абмежаванне адлюстроўваемага дакументальнага патока не толькі пэўнай тэматыкай, моўнымі і храналагічнымі межамі, а і якаснымі (ацэначнымі) характарыстыкамі дакументаў (напрыклад, навукова-папулярная і вучэбная літаратура); групоўка матэрыялу, як правіла, тэматычная, яна таксама не выходзіць за межы пэўных навуковых ведаў, але фармулёўка асобных раздзелаў эмацыянальная; ужыванне навуковай тэрміналогіі таксама магчыма, але абмежаваны паняційным апаратам зразумелым шырокім колам карыстальнікаў; у структуру бібліяграфічных запісаў уключаецца, часцей за ўсё, бібліяграфічнае апісанне і рэкамендацыйная анатацыя, мэта якой зацікавіць у прачытанні таго ці іншага дакумента; пры вызначэнні мэтавага і чытацкага прызначэння складальнікі ўказваюць шэраг відаў дзейнасці і груп карыстальнікаў (за выключэннем навукова-даследчай дзейнасць і навукоўцаў) навукоўцаў. Віды бібліяграфіі па функцыянальна-мэтавай (храналагічнай) прымеце ствараемай і распаўсюджваемай бібліяграфічнай прадукцыі. Па функцыянальна-мэтавай (храналагічнай) прымеце ствараемай і распаўсюджваемай бібліяграфічнай прадукцыі выдзяляюцца бягучая, рэтраспектыўная і перспектыўная бібліяграфія. Бягучая бібліяграфія выконвае функцыю рэгулярнага інфарміравання аб новых дакументах і забяспечвае карыстальнікам магчымасць сачыць за бягучым дакументным патокам наогул ці па сваёй галіне ведаў, тэме, сферы дзейнасці, праблеме. Асноўныя патрабаванні да бягучай бібліяграфіі: – паўната (у зададзеных параметрах), – рэгулярнасць (перыядычнасць), – аператыўнасць (імкненне да максімальнага скарачэння інфармацыйнага інтэрвала паміж выхадам дакумента ў свет і яго бібліяграфічным адлюстраванні). Рэтраспектыўная бібліяграфія – від бібліяграфіі, у межах якога падагульняецца развіццё дакументных патокаў за пэўныя адрэзкі часу і забяспечваецца рэтраспектыўны пошук у накопленых дакументных масівах пад час бібліяграфічнага абслугоўвання і самаабслугоўвання. Асноўныя патрабаванні да рэтраспектыўнай бібліяграфічнай прадукцыі: – матываванасць выбара ўліковага перыяда; – навуковы падыход і дакладнасць упарадкавання дакументнага масіву, – адпаведнасць мэтавым і карыстальніцкім прызначэнням, – абгрунтаванасць абмежаванняў адлюстравання матэрыялу Асноўныя патрабаванні да рэтраспектыўнага бібліяграфічнага абслугоўвання: – паўната, – дакладнасць бібліяграфічнага апісання, – развітая сістэма інфармацыйна-пошукавых сродкаў. Перспектыўная бібліяграфія – від бібліяграфічнай дзейнасці, у межах якога ствараецца і даводзіцца да карыстальніка бібліяграфічная інфармацыя аб дакументах пакуль яшчэ не выдадзеных, а толькі падрыхтаваных да друку. Гэта разнастайныя тэматычныя планы выдавецтваў, у якіх даецца пералік той друкаванай прадукцыі, якая будзе выпушчана ў наступным годзе. Бібліяграфічная інфармацыя змешчаная ў такіх паказальніках і спісах не гарантуе дакладнасці звестак (некаторыя з іх могуць мяняцца пры рэдакцыйна-выдавецкай апрацоўцы і ўдакладняцца пасля выхаду дакумента ў светае). Да таго ж некаторыя запланаваныя выданні могуць наогул не выйсці па эканамічных, часовых ці іншых прычынах.
|