Студопедия — Беларусь у час Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Беларусь у час Кастрычніцкай рэвалюцыі.






Успомніце. 1. Калі і як была ўстаноўлена Савецкая ўлада ў Мінску і іншых гарадах Беларусі? 2. Якімі былі мэты і палітычны склад Камітэта выратавання рэвалюцыі? 3. Калі і як была ліквідавана Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага ў Магілёве?

Асаблівасці ўстанаўлення Савецкай улады ў Беларусі. 24 кастрычніка 1917 г. у Петраградзе пад кіраўніцтвам бальшавікоў пачалося ўзброенае паўстанне. У ноч на 25 кастрычніка (7 лістапада) атрады чырвонагвардзейцаў, салдат і матросаў занялі найважнейшыя аб’екты сталіцы (вакзалы, тэлефон, тэлеграф, банк, масты), а ўвечары 25 кастрычніка 1917 г. — Зімні палац. Часовы ўрад быў арыштаваны, а яго міністры адпраўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Уся ўлада перайшла да Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта (ВРК) — органа Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

У кастрычніку 1917 г. тэрыторыя Беларусі па-ранейшаму падзялялася на дзве часткі лініяй фронту, якая праходзіла праз Дзвінск — Смаргонь — Баранавічы — Пінск. На захад ад лініі фронту гаспадарылі германскія акупанты. Цэнтральная і Усходняя Беларусь была прыфрантавой тэрыторыяй рускіх войскаў.

Савецкая ўлада, па-першае, устанаўлівалася толькі на неакупіраванай германскімі войскамі частцы тэрыторыі Беларусі.

Па-другое, вялікую ролю ва ўстанаўленні Савецкай улады ў Беларусі адыгралі салдаты Заходняга фронту. Іх партыйныя і грамадскія арганізацыі цесна ўзаемадзейнічалі з мясцовымі бальшавіцкімі арганізацыямі і Саветамі рабочых і салдацкіх дэпутатаў, з іх перш за ўсё фарміраваліся цэнтральныя і мясцовыя органы ўлады і кіравання.

Па-трэцяе, барацьба за ўстанаўленне Савецкай улады ў Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага, якая знаходзілася ў Магілёве.

Па-чацвёртае, на ўладу ў краі прэтэндавалі таксама беларускія нацыянальныя арганізацыі. Яны аб’ядналіся вакол Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, створанай у ліпені 1917 г. замест скасаванага Беларускага нацыянальнага камітэта. У кастрычніку 1917 г. Цэнтральная рада стала называцца Вялікай беларускай радай. Кіруючай палітычнай сілай беларускага нацыянальнага руху з’яўлялася Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Прызнаючы Савецкую ўладу ў Расіі, беларускія нацыянальныя партыі і арганізацыі не прызнавалі яе на тэрыторыі Беларусі. Яны выступалі за стварэнне дэмакратычнай краёвай улады.

У лістападзе 1917 г. з дэлегатаў ад беларускіх губерняў на І Усерасійскім з’ездзе сялянскіх дэпутатаў быў створаны Беларускі абласны камітэт (БАК). Ён выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай Федэрацыі. І хаця пазіцыя БАК, які арыентаваўся на Расію, была процілеглай пазіцыі Вялікай беларускай рады, іх аб’ядноўвала агульная мэта — атрымаць палітычнае кіраўніцтва ў Беларусі.

На працягу кастрычніка — лістапада 1917 г. Савецкая ўлада была ўстаноўлена на ўсёй неакупіраванай тэрыторыі Беларусі. У лістападзе 1917 г. у Мінску быў створаны Абласны Выканаўчы Камітэт Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах ) на чале з бальшавіком М. Рагазінскім як вышэйшы орган Савецкай улады. Выканаўчым органам улады стаў Савет Народных Камісараў (СНК) Заходняй вобласці і фронту, які ўзначаліў К. Ландар. Бальшавіцкія арганізацыі, што дзейнічалі як арганізаваная сіла, узначальваў Паўночна-Заходні абласны камітэт РСДРП(б), старшынёй якога быў А. Мяснікоў.

Пад кіраўніцтвам савецкіх і партыйных арганізацый ажыццяўляліся рэвалюцыйныя пераўтварэнні: праводзілася нацыяналізацыя банкаў і прамысловасці, устанаўліваўся рабочы кантроль над вытворчасцю і спажываннем прадуктаў, уводзіўся 8-гадзінны рабочы дзень, канфіскоўваліся памешчыцкія землі і ствараліся першыя калектыўныя гаспадаркі сялян, пашыралася сетка школьных устаноў, уводзілася бясплатная адукацыя, разгортвалася праца па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва.

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. у савецкай навуковай і вучэбнай літаратуры называлася Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыяй. Вялікай — таму што гэтак жа, як Вялікая французская буржуазная рэвалюцыя канца ХVІІІ ст. паклала пачатак пераходу ад феадалізму да капіталізму ў сусветным маштабе, так Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала пачатак пераходу ад капіталізму да сацыялізму ў свеце. Сацыялістычнай — бо па сваіх мэтах і задачах яна мела сацыялістычны характар, імкнучыся да пабудовы сацыялістычнага грамадства. Аднак з пачатку 1990‑х гг. словы «вялікая» і «сацыялістычная» без навуковых абмеркаванняў па палітыка-ідэалагічных матывах з назвы рэвалюцыі былі выключаны. Цяпер дадзеная гістарычная падзея называецца Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 г.

І Усебеларускі з’езд і яго вынікі. Кіраўніцтва найбольш уплывовых беларускіх нацыянальных партый і арганізацый не падтрымала Кастрычніцкую рэвалюцыю, лічыла яе анархіяй, стратай свабод, заваяваных у лютым 1917 г. Калі да рэвалюцыі беларускія нацыянальныя дзеячы дамагаліся для Беларусі краёвай аўтаноміі ў складзе Расіі, то цяпер яны патрабавалі стварэння незалежнай беларускай дзяржавы на буржуазнай аснове.

У гэтым кірунку вялікія надзеі ўскладваліся імі на І Усебеларускі з’езд, які прайшоў у Мінску 15—18 снежня 1917 г. Галоўным на з’ездзе было пытанне аб уладзе. Дэлегаты з’езда прынялі рашэнне стварыць са свайго складу Усебеларускі Савет сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў і перадаць яму ўсю ўладу ў краі. Тым самым не прызнаваліся органы Савецкай улады на тэрыторыі Беларусі.

СНК Заходняй вобласці і фронту ноччу 18 снежня 1917 г. распусціў з’езд, а члены прэзідыума і шэраг дэлегатаў былі арыштаваны і праз некалькі дзён выпушчаны на волю. Частка дэлегатаў, што не былі арыштаваны, на нелегальным пасяджэнні 18 снежня 1917 г. перадалі краёвую ўладу Радзе Усебеларускага з’езда. 21 снежня 1917 г. са складу Рады быў выбраны Выканаўчы камітэт з 10 чалавек як цэнтр кансалідацыі антыбальшавіцкіх сіл у Беларусі.

Чаму так жорстка аднесліся органы Савецкай улады да І Усебеларускага з’езда? Ці была забарона далейшай працы з’езда памылкай бальшавікоў, як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі?

Па-першае, Усебеларускі з’езд быў распушчаны не за спробу рэалізаваць права беларускага народа на самавызначэнне, як пішуць некаторыя гісторыкі, а за спробу ліквідаваць Савецкую ўладу і адхіліць бальшавікоў ад кіраўніцтва краем. Кожная ўлада павінна ўмець сябе абараняць. У снежні 1917 г. у бальшавікоў Беларусі былі сілы і магчымасці, каб абараніць Савецкую ўладу ад контррэвалюцыйных спроб яе ліквідацыі.

Па-другое, прысутныя на з’ездзе 1872 дэлегаты не прадстаўлялі ўвесь беларускі народ. Ён не толькі іх не выбіраў, але і мала ведаў пра гэты з’езд. На з’ездзе былі прадстаўнікі палітычных партый і арганізацый, прафсаюзаў, органаў улады і кіравання. Таму нельга сцвярджаць пра «небывала прадстаўнічы Усебеларускі з’езд», што сустракаецца на старонках некаторых публікацый.

Па-трэцяе, улада бальшавікоў у Расіі і ўрад У. І. Леніна ў Петраградзе ўдзельнікамі Усебеларускага з’езда прызнаваліся, а на тэрыторыі Беларусі павінна была існаваць буржуазная ўлада, незалежная ад СНК РСФСР і ад Савецкай Расіі. З гэтым не маглі пагадзіцца бальшавікі Беларусі.

Па-чацвёртае, падзеі на з’ездзе і пасля яго сведчаць пра тое, што магчымасцей для супрацоўніцтва розных партый і арганізацый на савецкай аснове не існавала. Ішла барацьба паміж прыхільнікамі буржуазна-рэфармісцкага і рэвалюцыйна-сацыялістычнага кірункаў развіцця Беларусі. У такой сітуацыі ў розных палітычных плыняў не было іншага выбару ў барацьбе за ўладу, акрамя канфрантацыі.

Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Ва ўмовах новага нямецкага наступлення, якое пачалося 18 лютага 1918 г., Выканкам Рады Усебеларускага з’езда выдаў загад № 1, у якім заявіў аб пераходзе да яго ўсёй улады ў краі. У дзень захопу Мінска немцамі 21 лютага 1918 г. Выканкам Рады Усебеларускага з’езда звярнуўся да народа Беларусі з 1-й Устаўной граматай, у якой аб’явіў сябе ўладай у краі. Выканаўчым органам, урадам стаў Народны сакратарыят на чале з Я. Варонкам.

9 сакавіка 1918 г. Выканкам Рады прыняў 2-ю Устаўную грамату, у якой Беларусь была аб’яўлена Народнай Рэспублікай і вызначаны асноўныя прынцыпы дзяржаўнага ладу, тэрыторыя, правы і свабоды грамадзян, формы ўласнасці і інш. 18 сакавіка 1918 г. Выканкам Рады Усебеларускага з’езда быў рэарганізаваны ў Раду БНР як вышэйшы заканадаўчы орган. Прэзідыум Рады ўзначаліў І. Серада.

25 сакавіка 1918 г. Рада БНР прыняла 3-ю Устаўную грамату, якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнаграфічных межах пражывання беларусаў. Нацыянальнымі дзеячамі ў якасці дзяржаўнага сцяга быў прыняты бела-чырвона-белы сцяг. Разам з гербам «Пагоня» — гербам Вялікага княства Літоўскага — ён стаў дзяржаўным сімвалам БНР. Як лічаць некаторыя даследчыкі, напісаны М. Тэраўскім на словы М. Краўцова марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» стаў гімнам самаабвешчанай дзяржавы.

Рада БНР спрабавала рэалізаваць незалежнасць дзяржавы пры дапамозе знешніх сіл, што было яе памылкай. 25 красавіка 1918 г. яна накіравала тэлеграму германскаму кайзеру Вільгельму ІІ, у якой выказвалася падзяка «за вызваленне Беларусі нямецкімі войскамі з цяжкага ўціску чужога пануючага здзеку і анархіі». «Толькі пад абаронай Германскай імперыі бачыць край сваю добрую долю ў будучыні», — адзначалася ў тэлеграме. Але кіраўніцтва Германіі афіцыйна БНР не прызнала.

Перамога ў Радзе БНР кансерватыўных элементаў, іх прагерманская арыентацыя, партыйныя рознагалоссі прывялі да вострага палітычнага крызісу. Раду пакінулі эсэры, меншавікі, яўрэйскія сацыялісты. Беларуская сацыялістычная грамада як палітычнае ядро Рады БНР раскалолася. На яе базе ўтварыліся тры новыя партыі — Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП) і Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф). Неўзабаве быў сфарміраваны новы склад Народнага сакратарыяту, які выказаўся за супрацоўніцтва з акупантамі. Былі прызнаны несапраўднымі дэкрэты Савецкай улады.

Такія дзеянні ўсё больш адштурхоўвалі кіраўніцтва БНР ад беларускага народа, пазбаўлялі Раду і ўрад самаабвешчанай дзяржавы яго падтрымкі. Тым не менш яны лічылі сябе прадстаўнікамі гэтага народа, дамагаючыся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—1920 гг.

Краіны Антанты не выказвалі выразна сваіх адносін да беларускага нацыянальнага руху і не стрымлівалі намераў польскага ўрада аднавіць Польшчу ў межах 1772 г. Для краін Антанты тады было больш важным выкарыстаць ваенныя сілы гэтай дзяржавы супраць Савецкай Расіі. Таму дамаганні Рады і ўрада БНР удзельнічаць у Парыжскай мірнай канферэнцыі не мелі поспеху, а краіны Антанты афіцыйна не прызналі БНР.

У поўным сэнсе слова Беларуская Народная Рэспубліка дзяржавай не з’яўлялася. Утварэнне самастойнай дзяржавы прадугледжвае не толькі яе абвяшчэнне, але і функцыянаванне рэальнай сістэмы органаў улады на пэўнай тэрыторыі, прыняцце законаў, ажыццяўленне канкрэтных знешніх і ўнутрыпалітычных функцый. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі асноўныя пытанні дзяржаўнага ўзроўню фактычна вырашаліся не Радай і Народным сакратарыятам БНР, а германскай ваеннай адміністрацыяй. БНР не здзяйсняла сваіх паўнамоцтваў на ўсёй тэрыторыі пражывання беларусаў, не мела ўласнай арміі, органаў улады на месцах, фінансавай і судовай сістэмы. Яна не атрымала належнага міжнароднага прызнання. Функцыі ўрада БНР абмяжоўваліся палавінчатымі паўнамоцтвамі нацыянальнага прадстаўніцтва пры германскай акупацыйнай адміністрацыі і рашэннем пад кантролем немцаў задач у галіне культуры і адукацыі.

Такім чынам, аб БНР можна гаварыць як аб спробе стварэння беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на несавецкай аснове. Не варта ні перабольшваць значэнне абвяшчэння БНР, як гэта робіцца ў некаторых сучасных публікацыях, ні замоўчваць факт абвяшчэння БНР, як гэта рабілася ў савецкай навуковай і вучэбнай літаратуры.

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Ахарактарызуйце асаблівасці ўстанаўлення Савецкай улады ў Беларусі.

2. Калі адбыўся І Усебеларускі з’езд? Чаму СНК Заходняй вобласці і фронту распусціў яго?

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Прааналізуйце дыяграму «Вынікі выбараў ва Устаноўчы сход у Беларусі і на Заходнім фронце ў лістападзе 1917 г.». Зрабіце вывады.

2. На думку гісторыкаў, пасля Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1917 г. перад Расіяй адкрываліся тры магчымыя шляхі развіцця: а) контррэвалюцыйны пераварот і аднаўленне манархіі; б) буржуазна-рэфармісцкі шлях да капіталізму; в) рэвалюцыйна-пралетарскі шлях да сацыялізму. Чым, на ваш погляд, быў абумоўлены выбар сацыялістычнага шляху развіцця? Ці можна лічыць Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 г. непазбежнай, заканамернай з’явай сусветна-гістарычнага значэння?

3. З дапамогай дадатковай літаратуры, краязнаўчых матэрыялаў падрыхтуйце паведамленне пра ўстанаўленне Савецкай улады ў вашым раёне.

4. Якія іншыя ацэнкі І Усебеларускага з’езда вы сустракалі ў вучэбнай гістарычнай літаратуры? Якая ацэнка ўяўляецца вам больш пераканаўчай? Чаму?

5. Прадоўжыце запаўненне табліцы.

Беларускі нацыянальны рух у 1914—1939 гг.

Перыяды Гістарычныя ўмовы Дзеячы Мэты Сродкі дасягнення Вынікі
Кастрычнік — снежань 1917 г.          
Студзень-снежань 1918 г.          






Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 1972. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Шрифт зодчего Шрифт зодчего состоит из прописных (заглавных), строчных букв и цифр...

Картограммы и картодиаграммы Картограммы и картодиаграммы применяются для изображения географической характеристики изучаемых явлений...

Практические расчеты на срез и смятие При изучении темы обратите внимание на основные расчетные предпосылки и условности расчета...

Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Классификация и основные элементы конструкций теплового оборудования Многообразие способов тепловой обработки продуктов предопределяет широкую номенклатуру тепловых аппаратов...

Именные части речи, их общие и отличительные признаки Именные части речи в русском языке — это имя существительное, имя прилагательное, имя числительное, местоимение...

Интуитивное мышление Мышление — это пси­хический процесс, обеспечивающий познание сущности предме­тов и явлений и самого субъекта...

Трамадол (Маброн, Плазадол, Трамал, Трамалин) Групповая принадлежность · Наркотический анальгетик со смешанным механизмом действия, агонист опиоидных рецепторов...

Мелоксикам (Мовалис) Групповая принадлежность · Нестероидное противовоспалительное средство, преимущественно селективный обратимый ингибитор циклооксигеназы (ЦОГ-2)...

Менадиона натрия бисульфит (Викасол) Групповая принадлежность •Синтетический аналог витамина K, жирорастворимый, коагулянт...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.014 сек.) русская версия | украинская версия