Ілюстрацыі. Успомніце. 1. Якімі былі мэты, формы і вынікі грамадска-палітычнага руху ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст.?
1. П.А. Сталыпін, с. 125
§§ 11-12. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНЫ РУХ У БЕЛАРУСІ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХІХ—ПАЧАТКУ ХХ ст. Успомніце. 1. Якімі былі мэты, формы і вынікі грамадска-палітычнага руху ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст.? 2. Хто такія народнікі? Якімі былі іх мэты? 3. Што такое марксізм, сацыял-дэмакратыя? Паўстанне 1863 — 1864 гг. У шматнацыянальных заходніх губернях Расійскай імперыі амаль што самым вострым было «польскае пытанне». Польскі патрыятычны лагер падзяляўся на дэмакратаў, якія выступалі за паўстанне, і лібералаў — прыхільнікаў мірных сродкаў барацьбы. Тыя, хто быў за паўстанне, атрымалі назву «чырвоныя». Сярод «чырвоных» не было адзінства наконт метадаў дасягнення сваіх мэтаў. Яны падзяляліся на правых — памяркоўных і левых — прадстаўнікоў рэвалюцыйна-дэмакратычных колаў. Першыя рабілі стаўку на шляхту і асцерагаліся шырокага сялянскага руху. Яны прызнавалі роўнасць нацыянальных правоў беларусаў, літоўцаў, украінцаў з палякамі, але выступалі за адзіную незалежную Польшчу ў межах 1772 г. Правыя прадугледжвалі надзяленне сялян зямлёй за кошт яе частковай канфіскацыі ў памешчыкаў пры абавязковай грашовай кампенсацыі. Левыя разлічвалі на сялянскую рэвалюцыю. Поспех паўстання, на іх думку, быў гарантаваны толькі ў саюзе і адзінстве дзеянняў з расійскімі рэвалюцыянерамі. Яны прызнавалі права на нацыянальнае самавызначэнне літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Аграрнае пытанне планавалася вырашыць шляхам ліквідацыі памешчыцкага землеўладання. Праціўнікаў паўстання называлі “ белымі ”. Гэта былі пераважна памешчыкі, сярэдняя буржуазія, частка інтэлігенцыі. “Белыя” не жадалі ніякіх сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, катэгарычна адмаўлялі права на нацыянальна-палітычнае самавызначэнне літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Дабіцца аднаўлення Польшчы ў межах 1772 г. яны хацелі, выкарыстоўваючы націск заходнееўрапейскіх краін на расійскія ўлады. Падобныя палітычныя плыні сфарміраваліся і існавалі не толькі ў Польшчы, але і на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Паўстанне рыхтавалася пад кіраўніцтвам варшаўскага Цэнтральнага нацыянальнага камітэта (ЦНК). З мэтай падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве ўлетку 1862 г. у Вільні быў створаны Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК), які падначальваўся ЦНК. Левых у Беларусі ўзначальваў Канстанцін Каліноўскі (1838—1864). У 1861 г. К. Каліноўскі разам з В. Урублеўскім стварыў у Гродне нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю з разначыннай інтэлігенцыі, якая мела сувязі з арганізацыямі Вільні, Масквы, Пецярбурга. У 1862—1863 гг. ён разам з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім выдаваў падпольную рэвалюцыйную газету на беларускай мове «Мужыцкая праўда» (друкавалася лацінкай). Газета прапагандавала рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі, выкрывала прыгонніцкі характар рэформы 1861 г., заклікала беларускі народ да ўзброенай барацьбы супраць самадзяржаўя і паноў, ідэалізавала мінулае беларускага народа, паказвала агульнае ў жыцці і марах беларускага і польскага сялянства, звала беларускіх сялян падтрымаць польскі нацыянальна-вызваленчы рух. К. Каліноўскі лічыў уніяцтва нацыянальнай царквой беларускага народа ў процівагу “рускай вере” – праваслаўю. Таму «Мужыцкая праўда» брала пад абарону уніяцкую царкву і заклікала беларусаў да процістаяння праваслаўю. 22 студзеня 1863 г. ЦНК абвясціў сябе Часовым нацыянальным урадам і заклікаў паўстанцкія атрады да нападу на рускія войскі ў правінцыяльных гарнізонах. У маніфесце і двух аграрных дэкрэтах Часовага нацыянальнага ўрада была выкладзена праграма паўстання: Польшча абвяшчалася незалежнай краінай з роўнымі правамі ўсіх яе грамадзян перад законам; дазвалялася уніяцкае веравызнанне; планавалася перадаць сялянам іх зямельныя надзелы ў поўнае ўладанне, а памешчыкам выплаціць кампенсацыю з дзяржаўнай казны; пасля перамогі было паабяцана надзяліць зямлёй беззямельных удзельнікаў паўстання. Спецыяльны зварот да насельніцтва Беларусі і Літвы заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы, але не ўздымаў пытання аб нацыянальна-палітычным самавызначэнні гэтых тэрыторый. ЛПК, перайменаваны ў Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з К. Каліноўскім, 1 лютага 1863 г. звярнуўся да насельніцтва Беларусі і Літвы з маніфестам, у якім заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы. Каб не парушаць адзінства дзеянняў, ЛПК вымушаны быў ухваліць у сваім маніфесце і праграму паўстання, прынятую ў Варшаве. У студзені — лютым 1863 г. у Беларусі з’явіліся першыя паўстанцкія атрады, якія прыйшлі з Польшчы. Мясцовыя атрады пачалі дзейнічаць у сакавіку — красавіку і былі падначалены Вільні. Яны складаліся з дробнай шляхты, афіцэраў, рамеснікаў, студэнтаў, гімназістаў старэйшых класаў, сялян. Адзінага плана баявых дзеянняў у паўстанцаў не было. Ім не ўдалося авалодаць якімі-небудзь значнымі стратэгічнымі пунктамі. Толькі атрад Л. Звяждоўскага пры падтрымцы студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута ў красавіку 1863 г. на кароткі тэрмін здолеў захапіць павятовы горад Горкі (Магілёўская губерня). Паўстанне 1863—1864 гг. адбывалася ва ўмовах правядзення аграрнай рэформы ў Расіі, таму К. Каліноўскі і яго сябры імкнуліся прыцягнуць да ўдзелу ў паўстанні як мага больш сялян. Але планы рэвалюцыянераў не ажыццявіліся. Сялян сярод паўстанцаў было няшмат, асабліва ва ўсходніх губернях Беларусі: у Віцебскай — 7 %, Магілёўскай — 13 %, Мінскай — 20 %. Толькі ў Віленскай і Гродзенскай губернях сяляне складалі больш за чвэрць паўстанцаў — адпаведна 27 % і 33 %. Для сялян Беларусі былі непрывабныя лозунгі Варшаўскага ЦНК аб адраджэнні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Не магла іх задаволіць і вельмі абмежаваная аграрная праграма паўстанцаў. Значнай перашкодай пашырэнню паўстання з’явілася далучэнне да паўстанцаў «белых». Паступова яны нават узначалілі паўстанне. «Белыя» жадалі толькі пратрымацца некаторы час і ўсяляк перашкаджалі перарастанню баявых дзеянняў асобных паўстанцкіх атрадаў у народную сялянскую вайну. Але спадзяванні «белых» на падтрымку Англіі і Францыі не спраўдзіліся. Гэтыя дзяржавы не жадалі і не мелі неабходных сіл, каб ваяваць з Расіяй з‑за Польшчы, а іх дыпламатычныя захады Пецярбург рашуча адхіліў. Ужо ў маі 1863 г. паўстанне ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях было падаўлена, а летам рускае камандаванне накіравала буйныя вайсковыя сілы ў Польшчу. Поспеху ў барацьбе з паўстаннем расійскія ўлады дасягнулі не толькі вайсковай сілай. У маі 1863 г. віленскім генерал-губернатарам быў прызначаны М. М. Мураўёў. Генерал-губернатар паставіў мэтай знайсці тыя мясцовыя слаі грамадства, на якія рускія ўлады маглі б абаперціся. Перш за ўсё гэта было беларускае сялянства. М. Мураўёў дамогся не толькі выканання ў краі нормаў «Палажэнняў» 1861 г., але і значнага іх паслаблення: было ліквідавана часоваабавязанае становішча сялян і ўведзены абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў, цалкам вярталася зямля, адабраная з 1857 г. («адрэзкі»), на 20 % зменшаны выкупныя плацяжы, беззямельныя сяляне надзяляліся трыма дзесяцінамі зямлі. Да таго ж сялянам перадавалася зямля ўдзельнікаў паўстання. М. Мураўёў абавязаў сельскія таварыствы наглядаць за мясцовай шляхтай, арганізаваў спецыяльныя сялянскія каравулы, якія павінны былі весці барацьбу з паўстанцамі, разгарнуў шырокую антыпаўстанцкую і антыпольскую агітацыю. М. Мураўёў таксама зрабіў захады для замены польскіх чыноўнікаў рускімі (праваслаўнымі), зачыняў каталіцкія кляштары і касцёлы, спрабаваў узмацніць значэнне праваслаўнага духавенства і падняць яго матэрыяльны дабрабыт. У навучальных і грамадскіх установах была ўведзена руская мова як абавязковая, забаронена выкладанне польскай мовы ў сельскіх школах, зачыняліся польскія бібліятэкі. 28 жніўня 1863 г. Польскі нацыянальны ўрад загадаў спыніць ваенныя дзеянні. У верасні 1863 г. узброеныя паўстанцкія атрады ў заходніх губернях Беларусі і Літве былі разбіты, а летам 1864 г. ліквідавана апошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце. У Польшчы некаторыя паўстанцкія атрады дзейнічалі аж да восені 1864 г. К. Каліноўскі быў арыштаваны ў студзені 1864 г. і 22 сакавіка таго ж года павешаны ў Вільні. За ўдзел у паўстанні былі пакараны смерцю 128 чалавек, сасланы на катаргу 853, выселены каля 12,5 тыс., у тым ліку 504 — у Сібір. Паўстанне 1863—1864 гг. насіла нацыянальна-вызваленчы характар. Яго галоўнай мэтай было нацыянальна-дзяржаўнае адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Скіраванасць шляхецкага кіраўніцтва паўстання на рэалізацыю пераважна польскіх дзяржаўных і сацыяльна-культурных інтарэсаў не спрыяла далучэнню да паўстання шырокіх колаў беларускага і літоўскага насельніцтва. Аднак пад ціскам паўстання расійскія ўлады былі вымушаны пайсці на значнае змякчэнне ўмоў сялянскай рэформы 1861 г. у беларускіх і літоўскіх губернях. Сяляне Беларусі апынуліся ў больш выгадным эканамічным і прававым становішчы, чым сяляне іншых губерняў Расіі. Паўстанне дало штуршок развіццю беларускага нацыянальнага руху. Разам з тым паўстанне мела і адмоўныя вынікі. Так, у 1860—1870-х гг. у Беларусі не была праведзена земская рэформа, ажыццяўляліся са значным спазненнем і істотнымі адступленнямі ад агульнарасійскіх прынцыпаў судовая і гарадская рэформы. Да канца 1860-х гг. у краі захоўвалася ваеннае становішча. Сялянскі рух і народніцкія арганізацыі ў Беларусі. Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гг. у Беларусі адзначаўся рэзкі спад сялянскіх выступленняў. На працягу наступных 40 гадоў сялянскі рух не дасягаў узроўню, які назіраўся ў час падрыхтоўкі і правядзення рэформы 1861 г. Калі ў 1861 г. было зарэгістравана 379 сялянскіх хваляванняў, то ў 1864—1880 гг. іх рэгістравалася ў сярэднім толькі 8—10 штогод. Выступленні сялян былі паасобныя і неарганізаваныя. Арганізаваны рэвалюцыйны рух у Беларусі пачаў адраджацца толькі ў сярэдзіне 1870-х гг. У той час самым радыкальным кірункам апазіцыйнай грамадскай думкі ў Расіі было народніцтва. Ідэалагічна яно грунтавалася на тэорыі сялянскага сацыялізму, заснавальнікамі якой былі А. Герцэн і М. Чарнышэўскі. Сваіх прыхільнікаў народніцтва знайшло перш за ўсё сярод разначыннай інтэлігенцыі. Народніцкі рух у Беларусі быў ідэйна і арганізацыйна звязаны з агульнарасійскім. Сярод вядомых расійскіх народнікаў 1870-х гг. былі ўраджэнцы Беларусі М. Судзілоўскі, С. Кавалік, І. Грынявіцкі, Р. Ісаеў, К. Брэшка-Брэшкоўская, А. Бонч-Асмалоўскі. У другой палове 1870-х — пачатку 1880-х гг. у многіх гарадах Беларусі дзейнічалі народніцкія гурткі. Іх наведвалі ў першую чаргу навучэнцы, якія пад выглядам самаадукацыі вывучалі забароненую літаратуру; меліся спробы весці агітацыю сярод сялян. Магчымасці гэтых гурткоў былі вельмі абмежаваныя. Іх удзельнікі не бачылі асаблівасцей гістарычнага, сацыяльна-эканамічнага і нацыянальнага развіцця краю. Калі летам 1879 г. пецярбургская арганізацыя «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» і «Чорны перадзел», большасць народнікаў у Беларусі падтрымала «Чорны перадзел», які кіраваўся старой прапагандысцкай тактыкай. У 1879 і 1880 гг. у Беларусь двойчы прыязджаў лідэр «Чорнага перадзелу» Г. В. Пляханаў. У Мінску была арганізавана падпольная друкарня «Чорнага перадзелу», якая ў пачатку 1881 г. выпусціла тры нумары цэнтральнага органа арганізацыі — газеты «Чёрный передел», столькі ж нумароў газеты для рабочых «Зерно» і дзве пракламацыі. У 1882 г. «Чорны перадзел» распаўся. Былыя прыхільнікі «Чорнага перадзелу», якія засталіся ў Расіі, пачалі пераходзіць на пазіцыі «Народнай волі». У сваёй дзейнасці нарадавольцы рабілі стаўку на індывідуальны палітычны тэрор супраць прадстаўнікоў улады. 1 сакавіка 1881 г., пасля некалькіх няўдалых спроб, яны забілі Аляксандра ІІ. Бомбу ў цара кінуў ураджэнец Мінскай губерні І. Грынявіцкі. Кіраўнікі «Народнай волі» спадзяваліся, што забойства цара з’явіцца сігналам да народнага паўстання ў Расіі. Аднак паўстання не адбылося, а рэпрэсіі супраць рэвалюцыянераў у хуткім часе прывялі да знішчэння цэнтральных і многіх правінцыйных арганізацый «Народнай волі». Народнікі ў Беларусі спрабавалі аб’яднацца ў адзіную арганізацыю. У пачатку 1882 г. у Вільні была створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі». Але ў канцы года паліцыі ўдалося раскрыць і арыштаваць членаў яе цэнтральнай групы. У Беларусі працягвалі дзейнічаць толькі асобныя гурткі. У першай палове 1880-х гг. у Пецярбургу існавалі студэнцкія гурткі нарадавольніцкага і ліберальна-асветніцкага кірункаў, удзельнікамі якіх былі выхадцы з Беларусі. У 1884 г. члены групы «Гоман» (А. Марчанка, Х. Ратнер і інш.) выступілі з ініцыятывай аб’яднання ўсіх народніцкіх гурткоў Беларусі. Яны выдалі два нумары гектаграфічнага часопіса «Гомон» (на рускай мове). Гоманаўцы аб’явілі сябе «Беларускай сацыяльна-рэвалюцыйнай групай». Іх ідэалам была вольная ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту Расія, пабудаваная на аснове федэрацыі самакіроўных абласцей. Яны мелі сувязі з народніцкімі гурткамі Мінска, Віцебска, Магілёва, але аб’яднаць усіх рэвалюцыйных народнікаў Беларусі ў той час не здолелі. У другой палове 1880-х — 1890-я гг. пануючым кірункам у народніцтве з’яўляўся ліберальны. Ліберальныя народнікі адмовіліся ад рэвалюцыйных метадаў барацьбы і галоўную ўвагу звярнулі на рэфармаванне зямельнага заканадаўства з мэтай павялічыць сялянскае землеўладанне і захаваць абшчыну ў вёсцы. Разам з тым беларускія ліберальныя народнікі цікавіліся гісторыяй і культурай свайго краю, спрыялі развіццю нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Рабочы рух і стварэнне сацыял-дэмакратычных арганізацый у Беларусі. У першыя два дзесяцігоддзі пасля адмены прыгонніцтва выступленняў рабочых у Беларусі было няшмат. У 1870-я гг. іх было зарэгістравана 7, у 1880-я — 10. Толькі ў 1890-я гг. пачаўся ўздым стачачнай барацьбы (адбылося 59 выступленняў, прычым 53 з іх — у другой палове дзесяцігоддзя). Паступова рабочы рух стаў больш арганізаваным і ў канцы ХІХ ст. вылучыўся ў самастойную плынь. У гэты ж час ідэалогія народніцтва пачала саступаць месца марксізму. Першае знаёмства з марксісцкай літаратурай адбылося яшчэ ў гуртках народнікаў. Узнікненне самастойнага сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусі звязана з дзейнасцю польскай партыі «Пралетарыят» (утварылася ў 1882 г.) і пляханаўскай групы «Вызваленне працы» (утворана ў 1883 г. у Швейцарыі). У другой палове 1880-х — пачатку 1890-х гг. у некаторых гарадах Беларусі былі арганізаваны гурткі, у якіх вывучалі працы К. Маркса, Ф. Энгельса і іх паслядоўнікаў. Першыя марксісцкія гурткі ў Беларусі былі нешматлікія і амаль не звязаныя з масавым рабочым рухам. Аднак ужо з сярэдзіны 1890-х гг. пачаўся пераход ад вузкай гуртковай прапаганды марксізму да масавай эканамічнай і палітычнай агітацыі. Так, у Беларусі распаўсюджвалася рукапісная брашура А. Крэмера «Аб агітацыі» (1893). Прыблізна з сярэдзіны 1890-х гг. сацыял-дэмакраты пачалі наладжваць прапаганду ідэй сацыялізму ў рабочым асяроддзі. У другой палове 1890-х гг. сярод сацыял-дэмакратаў шматнацыянальных заходніх губерняў пераважала тэндэнцыя да стварэння рабочых арганізацый па нацыянальнай прыкмеце. Такую пазіцыю заняла Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП). Узаемадзеянне з расійскім пралетарыятам адмаўляла Польская сацыялістычная партыя (ППС). У верасні 1897 г. на з’ездзе яўрэйскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый у Вільні ўтварыўся Бунд — Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Яго лідэрам стаў А. Крэмер. Бунд лічыў, што абараніць інтарэсы яўрэйскіх рабочых можа толькі іх нацыянальная арганізацыя. Але з пазіцыяй Бунда пагадзіліся не ўсе рабочыя яўрэйскія арганізацыі. Праціўнікі Бунда стварылі ў Мінску Рабочую партыю палітычнага вызвалення Расіі (РППВР). Яе кіраўнікамі сталі Л. Радзівонава-Клячко, Р. Гершуні, К. Брэшка-Брэшкоўская, А. Бонч-Асмалоўскі. Гэтая група стаяла на інтэрнацыянальных пазіцыях і схілялася да тэрарыстычных метадаў барацьбы з самадзяржаўем. На аснове масавай сацыялістычнай агітацыі ў другой палове 1890-х гг. назіраўся значны ўздым стачачнай барацьбы рабочых, у Расіі ўзніклі буйныя гарадскія і рэгіянальныя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі. Усё гэта выклікала неабходнасць аб’яднання сацыял-дэмакратаў у адзіную партыю. Ініцыятарам аб’яднаўчага працэсу стаў створаны У. І. Леніным у 1895 г. пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». 1—3 сакавіка 1898 г. у Мінску прайшоў з’езд прадстаўнікоў пецярбургскага, маскоўскага, кіеўскага і екацярынаслаўскага «Саюзаў барацьбы», кіеўскай «Рабочай газеты» і Бунда. З’езд прыняў рашэнне аб аб’яднанні прадстаўленых на ім арганізацый у Расійскую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю (РСДРП) і выбраў ЦК партыі. Бунд увайшоў у РСДРП на правах аўтаноміі ў вырашэнні мясцовых спраў. Хутка пасля першага з’езда РСДРП яе ЦК быў арыштаваны. Сярод сацыял-дэмакратаў абвастрылася барацьба паміж прыхільнікамі рэвалюцыйнага і рэфармісцкага кірункаў. Цэнтрам згуртавання рэвалюцыйных сацыял-дэмакратаў стала газета «Искра». На тэрыторыі Беларусі ў пачатку ХХ ст. дзейнічалі невялікія групы Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), створанай у 1900 г. на з’ездзе прадстаўнікоў РСЛ і сацыял-дэмакратаў Польшчы. Яе кіраўнікамі былі Ф. Дзяржынскі і С. Трусевіч. СДКПіЛ падзяляла ідэі рэвалюцыйнай палітычнай барацьбы пралетарыяту і імкнулася да аб’яднання з РСДРП. У 1902 г. была ўтворана ППС у Літве. Яна склалася з груп ППС, якія дзейнічалі на тэрыторыі Літвы і Заходняй Беларусі. Гэтая партыя грунтавалася на леванародніцкіх ідэалах сацыялізму, выступала за незалежнасць Беларусі і Літвы. Летам 1903 г. у Бруселі (потым у Лондане) адбыўся ІІ з’езд РСДРП(Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі). Ён прыняў праграму РСДРП, распрацаваную прыхільнікамі газеты «Искра». Бліжэйшай палітычнай задачай партыя ставіла звяржэнне самадзяржаўя і ўстанаўленне дэмакратычнай рэспублікі, а сваёй канчатковай мэтай — пралетарскую рэвалюцыю, дыктатуру пралетарыяту і пабудову сацыялізму. Пры абмеркаванні статута РСДРП і выбарах у кіруючыя органы партыі адбыўся раскол. З гэтага часу рэвалюцыйна настроеных расійскіх сацыял-дэмакратаў пачалі называць бальшавікамі (лідэр — У. І. Ленін), а прыхільнікаў рэфармісцкага кірунку — меншавікамі (лідэр — Л. Мартаў). У 1902 г. прыхільнікі ідэй народніцтва стварылі Партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Эсэры выступалі за пабудову сацыялізму, заснаванага на аснове сацыялізацыі зямлі, ураўняльнага землекарыстання і кааперацыі. Яны мелі на мэце звяржэнне самадзяржаўя, знішчэнне памешчыцкага землеўладання і ўстанаўленне ў Расіі федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. Галоўным сродкам барацьбы эсэры лічылі індывідуальны палітычны тэрор. Лідэрам эсэраў быў Р. А. Гершуні. На рубяжы ХІХ—ХХ стст. з агульнадэмакратычнага руху вылучылася беларуская нацыянальная плынь. У канцы 1902 — пачатку 1903 г. з нацыянальна-культурных гурткоў Мінска, Вільні і Пецярбурга аформілася Беларуская рэвалюцыйная грамада (БРГ). Сярод яе стваральнікаў і кіраўнікоў былі браты Іван і Антон Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка), К. Кастравіцкі, А. Бурбіс, В. Іваноўскі, Ф. Умястоўскі. Усе яны паходзілі з дробнамаянтковай апалячанай беларускай шляхты. На І з’ездзе БРГ у 1903 г. была прынята праграма, у якой Грамада называла сябе сацыяльна-палітычнай арганізацыяй беларускага працоўнага народа. Партыя выступала за звяржэнне самадзяржаўя, знішчэнне капіталізму і ўсталяванне дэмакратычнага ладу, прызнавала правы народаў Расіі на аўтаномію. Аграрная праграма БРГ прадугледжвала знішчэнне прыватнай зямельнай уласнасці і ўвядзенне ўраўняльнага землекарыстання без эксплуатацыі чужой працы. Шлях да сацыялізму яна бачыла праз усебаковую кааперацыю працоўных. Пазней БРГ была перайменавана ў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). Сваю агітацыю БСГ праводзіла ў асноўным сярод сялянства, у рабочым асяроддзі яе ўплыў быў нязначны. Беларусь у гады буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1905 — 1907 гг. 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу было расстраляна мірнае шэсце рабочых, якія накіроўваліся да цара з просьбай палепшыць становішча народа. Гэта падзея («Крывавая нядзеля») выклікала магутную хвалю пратэсту. Стачкі, дэманстрацыі і мітынгі рабочых пракаціліся па ўсёй краіне. Іх размах сведчыў аб тым, што ў Расіі пачалася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. У студзеньскія дні 1905 г. у 30 гарадах і мястэчках Беларусі адбыліся забастоўкі салідарнасці, у якіх удзельнічала 34 тыс. чалавек. Ініцыятарамі і кіраўнікамі рэвалюцыйных выступленняў рабочых былі найперш Бунд і РСДРП, у некаторых месцах — эсэры і БСГ. У студзені забастоўкі рабочых мелі выразна палітычны характар. У лютым — сакавіку агульная колькасць палітычных выступленняў рэзка зменшылася, але адбылося значнае павелічэнне эканамічных забастовак. Новая хваля палітычных выступленняў узнялася ў сувязі са святкаваннем 1 Мая. У чэрвені ў Беларусі адбыліся мітынгі салідарнасці з рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, з рэвалюцыйнымі матросамі Чарнаморскага флоту, якія ішлі ў авангардзе рэвалюцыйнага руху. Увогуле ў красавіку — чэрвені 1905 г. палітычныя выступленні ахапілі 56 гарадоў і мястэчак Беларусі, у іх удзельнічала каля 100 тыс. чалавек. У гэты ж час узмацнілася і эканамічная барацьба рабочых. Вясною 1905 г., як вынік уздзеяння рабочага руху, у Беларусі разгарнуўся масавы рух сялянства. Колькасць сялянскіх выступленняў у красавіку — чэрвені ўзрасла да 237 супраць 53 у студзені — сакавіку. Галоўным патрабаваннем сялян было знішчэнне памешчыцкага землеўладання. Найбольшым уплывам сярод сялян карысталіся эсэры і Беларуская сацыялістычная грамада. Восенню 1905 г. рэвалюцыйны рух працягваў нарастаць і ахапіў усю краіну. Шматлікія агульнагарадскія стачкі зліліся ва ўсерасійскую палітычную стачку. Ва ўсёй Расіі баставала звыш 2 млн чалавек. У Беларусі палітычная стачка ахапіла 32 населеныя пункты, а колькасць стачачнікаў толькі ў прамысловасці дасягнула 66 тыс. чалавек. У ходзе ўсерасійскай палітычнай стачкі ў многіх гарадах Расіі ўзнікалі агульнагарадскія выбарныя стачачныя камітэты і камісіі, якія атрымалі назву Саветаў рабочых дэпутатаў. У снежні 1905 г. палітычная барацьба пралетарыяту Расіі працягвалася. У Маскве яна перарасла ва ўзброенае паўстанне. У снежаньскія дні палітычныя забастоўкі адбыліся ў Мінску, Гомелі, Мазыры, Пінску і іншых гарадах. Забастоўкі ахапілі большасць чыгуначных вузлоў Беларусі. У апошнія месяцы 1905 г. зноў адбыўся ўздым сялянскага руху. У Беларусі ў кастрычніку было 54 выступленні сялян, у лістападзе — 154, а ў снежні — 286. Усерасійская палітычная стачка выклікала больш моцныя, чым раней, выступленні ў арміі. У лістападзе хваляванні салдат адбыліся ў Гродне, у Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцях. Іх удзельнікі выказвалі салідарнасць з паўстаннямі матросаў Кранштата і Севастопаля. Аднак самадзяржаўе здолела збіць рэвалюцыйную хвалю. Гэтаму спрыяў царскі Маніфест 17 кастрычніка 1905 г., які абвяшчаў скліканне заканадаўчай Дзяржаўнай думы, іншыя дэмакратычныя правы і свабоды. Пасля снежаньскіх падзей 1905 г. рэвалюцыйны рух паступова пайшоў на спад. Усплёскі палітычных выступленняў у 1906 г. назіраліся ў студзені — у сувязі з гадавінай «Крывавай нядзелі» і ў красавіку, калі адзначалася свята 1 Мая. Адначасова ўзмацнялася эканамічная барацьба. Рабочых актыўна падтрымлівалі сяляне і вайскоўцы. У ліпені — снежні 1906 г. даволі актыўна працягвалася толькі эканамічная барацьба. Вясной 1907 г. рэвалюцыйны ўздым быў найслабейшым за ўвесь перыяд рэвалюцыі. 3 чэрвеня 1907 г. цар Мікалай ІІ выдаў загад аб роспуску ІІ Дзяржаўнай думы і змяненні выбарчага закону. Паколькі паводле Маніфеста 17 кастрычніка 1905 г. новы закон не мог дзейнічаць без ухвалення яго Дзяржаўнай думай, гэты крок урада з’яўляўся, па сутнасці, дзяржаўным пераваротам. Падзеі 3 чэрвеня 1907 г. сведчылі аб заканчэнні першай расійскай рэвалюцыі. Паражэнне рэвалюцыі 1905—1907 гг. не азначала вяртання да мінулага. У Расіі, хоць і ва ўрэзаным выглядзе, існавалі палітычныя свабоды, былі створаны і атрымалі магчымасць легальнай дзейнасці розныя палітычныя партыі, засталася Дзяржаўная дума, працоўныя дамагліся значнага паляпшэння эканамічных умоў свайго жыцця. Рэвалюцыя аказала моцны ўплыў на рабочы і нацыянальна-вызваленчы рух не толькі ў Расіі, але і ў свеце. Аднак галоўная мэта рэвалюцыі — звяржэнне самадзяржаўя і знішчэнне памешчыцкага землеўладання — не была дасягнута.
|